Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Калядны харал

Дыкенс Чарлз

Шрифт:

Дух узяў яго за руку і паказаў на зануранага ў чытанне хлопчыка, якім быў калісьці Скрудж. Раптам у акне з’явіўся чалавек з сякерай за пасам. Госць у чужаземным убранні вёў на повадзе восліка, нагружанага дровамі, і быў бачны надзіва выразна, як сапраўдны.

— Дык гэта ж Алі-Баба! — захоплена ўскрыкнуў Скрудж. — Гэта ж добры стары Алі-Баба! Так-так, я помню! Неяк на Каляды, калі маленькае самотнае дзіця пакінулі тут, ён акурат вось так і з’явіўся першы раз, напраўду з’явіўся! Беднае дзіця! І Валянцін, і яго лясны брат Арсон [5] — яны ўсе прыйшлі! І яшчэ гэты, як яго… той, каго соннага паклалі ў панталонах ля брамы ў Дамаску — хіба ты яго не бачыш? А вось і султанаў конюх, якога джыны перакулілі ўверх нагамі! Вунь ён стаіць на галаве! Так яму і трэба! Я так рады! Якое ён меў права жаніцца з прынцэсай?

5

“І Валянцін, і яго лясны брат Арсон…” — маюцца на ўвазе героі французскага сярэднявечнага рамана “Валянцін і Арсон”, у якім расказваецца пра двух братоў-блізнятаў, што нарадзіліся ў лесе каля Арлеана. Арсона выхавала мядзведзіца, і ён жыў у лесе, пакуль Валянцін, які жыў у брата сваёй маці, не зрабіў яго сваім слугой і сябрам. Браты перажылі разам шмат прыгодаў і ўратавалі сваю маці Белісанту.

Ну і здзівіліся б дзелавыя партнёры Скруджа з лонданскага Сіці, калі б пачулі, як ён нязвыклым голасам, зрываючыся то ў плач, то ў крык, сур’ёзна раздабарвае на такія тэмы, калі б пабачылі яго ажыўлены і ўсхваляваны твар!

— А вось і папугай! — крычаў Скрудж. — Увесь зялёны, толькі хвосцік жоўты, а на макаўцы — чуб накшталт пучка салаты! Так, гэта ён! “Бедны Рабінзон Круза! — казаў ён гаспадару, калі той вярнуўся дадому, праплыўшы вакол вострава. — Бедны Рабінзон Круза! Дзе ж ты быў, Рабінзон Круза?” Гаспадар думаў, што яму мроіцца, а вось і не! Гэта ўсё папугай, ну, вы ведаеце. А вось і Пятніца, бяжыць з усяе моцы да бухтачкі! Эге-гей! Гэй! Сюды!

І тут жа, нечакана хутка пераключыўшыся на сябе ранейшага, Скрудж спачувальна ўздыхнуў: “Беднае дзіця!” — і зноў заплакаў.

— Хацеў бы я… — прамармытаў ён, выцершы рукавом слёзы, а тады агледзеўся і засунуў руку ў кішэню. — Але запозна.

— Што запозна? — спытаў Дух.

— Ды нічога, — адказаў Скрудж. — Нічога. Нейкі хлопчык спяваў учора пад маімі дзвярыма калядку, і я хацеў бы даць яму што-небудзь. Вось і ўсё.

Дух задуменна ўсміхнуўся, махнуў рукой і сказаў:

— Паглядзім на іншыя Каляды!

Тут Скрудж-хлопчык пачаў расці, а пакой зрабіўся крыху бруднейшым і цямнейшым. Абшыўка рассохлася, вокны патрэскаліся, са столі абсыпаліся кавалкі тынкоўкі, агаліўшы драніцы, але як гэта атрымалася, Скрудж разумеў не лепш, чым мы з вамі. Ён ведаў толькі, што ўсё правільна, усё так, як і было, што тады ён зноў сядзеў адзін, пакінуты іншымі хлопчыкамі, якія паехалі дадому святкаваць вясёлыя Каляды.

Цяпер ён ужо не чытаў, а ў адчаі хадзіў туды-сюды. Скрудж зірнуў на Духа, скрушна пахітаў галавой і трывожна ўгледзеўся ў дзверы.

Дзверы адчыніліся, і ў пакой імкліва ўбегла маленькая, нашмат меншая за хлопчыка дзяўчынка. Абняўшы яго за шыю, яна пачала яго цалаваць, называючы сваім дарагім, дарагім брацікам.

— Дарагі брацік, я прыйшла забраць цябе дадому! — крычала дзіця, пляскаючы маленечкімі далонькамі і ледзь не падаючы ад смеху. — Дадому, забраць дадому!

— Дадому, маленькая Фэн? — здзівіўся хлопчык.

— Так, дадому! — адказала дзіця, ззяючы ад шчасця. — Дадому, назаўсёды! Дадому, зусім-зусім дадому! Цяпер бацька нашмат дабрэйшы, чым раней, і дома ў нас — як у раі. Адным цудоўным вечарам, калі я ішла спаць, ён так пяшчотна загаварыў са мной, што я не пабаялася яшчэ раз запытаць, ці можаш ты вярнуцца дадому. І ён сказаў: так, абавязкова, і адправіў мяне па цябе ў паштовай карэце! Цяпер ты будзеш сапраўдным мужчынам, — сказала дзяўчынка, шырока адкрыўшы вочы, — і больш ніколі не вернешся сюды! Але найперш — мы разам прабавім усе калядныя дні і будзем весяліцца, як яшчэ ніколі не весяліліся!

— Ты ўжо амаль дарослая, маленькая Фэн! — усклікнуў хлопчык.

Яна запляскала ў далонькі, засмяялася і паспрабавала дакрануцца да яго галавы, але не дацягнуўшыся, зноў засмяялася і паднялася на дыбачкі, каб абняць яго. Потым з усім дзіцячым запалам пацягнула яго да дзвярэй, і ён ахвотна падпарадкаваўся.

У вітальні пачуўся чыйсьці жахлівы голас: “Нясіце сюды скрыню маладога Скруджа!” — і з’явіўся сам школьны настаўнік, які злосна і адначасова паблажліва зірнуў на маладога Скруджа, а потым канчаткова яго перапалохаў, паціснуўшы яму руку. Пасля настаўнік правёў дзяцей у самую старую на свеце студню-гасцёўню, у якой заледзянелі і карты на сцяне, і зямны з нябесным глобусы на падаконні. Там ён дастаў графін надзіва лёгкага віна і кавалак надзіва цяжкога пірага і прапанаваў дзецям пакаштаваць гэтых ласункаў. Тым часам зморанага слугу адправілі пачаставаць фурмана “чымсьці гэтакім”, на што той перадаў джэнтльмену падзяку, але ўдакладніў: калі гэта тое “штосьці”, якім яго частавалі мінулым разам, то лепш не трэба. Рэчы Скруджа ўжо прымацавалі да вярхоў карэты, а таму дзеці ахвотна пажадалі настаўніку ўсяго найлепшага і, заняўшы свае месцы, весела пакацілі садам — хуткія колы выбівалі з цёмных вечназялёных раслінаў снег і шэрань, як пыл.

— Вельмі пяшчотнае стварэнне, дыхні — і зломіш, — сказаў Дух. — Але ў яе было вялікае сэрца!

— Маеш рацыю! — усклікнуў Скрудж. — Божа барані, Дух, я не збіраюся гэта адмаўляць!

— Яна памерла замужняй жанчынай, — працягнуў Дух. — Здаецца, у яе засталіся дзеці.

— Адно дзіця, — удакладніў Скрудж.

— Адно, — пагадзіўся Дух. — Твой пляменнік.

Скрудж адчуў сябе няёмка і толькі выціснуў:

— Ну.

Усяго імгненне таму пакінуўшы школу, яны апынуліся на тлумнай вуліцы, дзе ў абодва бакі рухаліся прывідныя мінакі, пракладалі сабе дарогу прывідныя карэты і брычкі і дзе панавала звычайная для горада штурханіна і мітусня. Па-святочнаму ўбраныя вітрыны сведчылі пра набліжэнне Калядаў. Быў вечар, і на вуліцах гарэлі ліхтары.

Дух спыніўся ля дзвярэй нейкае крамы і спытаў Скруджа, ці пазнае ён гэтае месца.

— Ці пазнаю я гэтае месца? — ускрыкнуў Скрудж. — Хіба не сюды аддалі мяне ў вучні?

Яны ўвайшлі. Убачыўшы старога джэнтльмена, які сядзеў за такой высокай канторкай, што калі б яна была хоць на цалю вышэйшай, стары дастаў бы сваім баваўняным каўпаком да столі, Скрудж усхвалявана ўсклікнуў:

— Гэта ж стары Фезівіг! Сам Фезівіг, жывы і здаровы, барані яго Божа!

Стары Фезівіг адклаў пяро ўбок і зірнуў на гадзіннік: прабіла роўна сем. Стары пацёр рукі, паправіў ёмістую — па таліі — камізэльку, усім целам — ад пантофляў да фрэналагічнай зоны зычлівасці на ілбе — засмяяўся і задаволеным, масленым, гучным, бадзёрым, святочным голасам паклікаў:

— Гэй жа! Эбенэйзер! Дзік!

Малады Скрудж — цяпер ужо не хлопчык, а юнак — разам з другім падмайстрам жвава ўбег у пакой.

— О, дык гэта ж Дзік Ўілкінс! — сказаў Духу Скрудж. — Дальбог ён! Бедны Дзік, ён быў так прывязаны да мяне! Дарагі, дарагі сябра!

— Гэй жа, хлопцы! — пракрычаў Фезівіг. — Годзе на сёння працы! Заўтра ж Каляды, Дзік! Чуеш, Эбенэйзер? Каляды! Давайце, зачыняйце аканіцы! — крычаў ён, гучна пляскаючы ў далоні. — Давайце-давайце, скокам!

Вы нават не ўяўляеце, як два гэтыя юнакі схапіліся за справу! Раз, два, тры — і вось яны ўжо на дварэ з аканіцамі; чатыры, пяць, шэсць — паставілі іх куды трэба; сем, восем, дзевяць — зачынілі і замацавалі, і, бач, мы яшчэ да дванаццаці не далічылі, а яны ўжо вярнуліся назад, дыхаючы, як скакавыя коні.

— Хо-хо-хо! — закрычаў стары Фезівіг, з неймаверным спрытам саскокваючы з высокага крэсла. — Давайце, хлопцы, прыбірайце ўсё! Нам трэба шмат месца! Давай, Дзік! Весялей, Эбенэйзер!

Прыбраць усё! Не было таго, што яны не захацелі б ці не змаглі б прыбраць пад пільным позіркам старога Фезівіга! Ужо праз хвіліну пакой апусцеў. Уся хаця б крыху рухомая маёмасць знікла, нібы назаўсёды пазбаўленая грамадскіх абавязкаў, падлогу вымелі і вымылі, лямпы прывялі ў парадак, у камін падкінулі яшчэ больш вугалю, і крамка ператварылася ў самую ўтульную, цёплую, чыстую і ярка асветленую бальную залу, якой толькі можна пажадаць у зімовы вечар.

Прыйшоў скрыпач з нотамі, стаў за высачэзную канторку і так урэзаў вясёлую музыку, як можа ўрэзаць хіба аркестр ці як рэжуць страўнік з паўсотні страўнікавых хваробаў. Прыйшла місіс Фезівіг — сама ўсмешка, шырокая і нязменная. Прыйшлі тры міс Фезівіг, прамяністыя і мілыя. Прыйшлі шэсць іх кавалераў з разбітымі сэрцамі. Прыйшлі ўсе маладыя мужчыны і жанчыны, што працавалі на Фезівіга. Прыйшла служанка са стрыечным братам-пекарам. Прыйшла кухарка з добрым сябрам свайго брата, малочнікам. Прыйшоў хлопчык з крамкі праз дарогу (многія падазравалі, што гаспадар не надта радуе яго ежай), які ўвесь час хаваўся за спінай дзяўчынкі-служанкі з суседняга дома (усе дакладна ведалі, што гаспадыня цягае яе за вушы). Прыйшлі ўсе, адно за адным — хтосьці сарамліва, хтосьці бадзёра, хтосьці зграбна, хтосьці няўклюдна, хтосьці ўпэўнена, хтосьці вагаючыся — адным словам, так ці іначай, тым ці іншым спосабам, але прыйшлі ўсе. І як толькі ўсе прыйшлі, то адразу ж разбіліся на дваццаць параў і затанчылі: спачатку паўкола ў адзін бок, потым столькі ж у адваротны, разам у сярэдзіну кола і зноў назад, і ўрэшце закружыліся, мяняючы сяброўскія пары і фігуры. Першая галаўная пара ўвесь час паварочвала раней, чым трэба, і адразу за ёй, зноў жа не ў час, выходзіла новая галаўная пара, пакуль усе пары не зрабіліся ўрэшце галаўнымі і не засталося нікога, хто ішоў бы ў хвасце. На гэтым шчаслівым моманце стары Фезівіг запляскаў у далоні, каб спыніць танец, і пракрычаў: “Цудоўна, цудоўна!” — пасля чаго скрыпач з галавой нырцануў у адмыслова падрыхтаваны для гэтага куфаль піва, аднак, пагарджаючы любым адпачынкам, тут жа з яго вынырнуў, і хаця танцоры яшчэ не сабраліся, зноў ударыў па струнах, прычым так, нібы гэта быў ужо зусім іншы скрыпач, які прыйшоў на замену першаму, дашчэнту знясіленаму і на насілках аднесенаму дадому, — каб пераўзысці яго альбо загінуць у няроўным баі.

Поделиться с друзьями: