Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Калядны харал

Дыкенс Чарлз

Шрифт:

— Застаўся яшчэ адзін цень! — ускрыкнуў Дух.

— Не трэба! — узмаліўся Скрудж. — Не трэба! Не хачу яго бачыць! Не паказвай!

Але няўмольны Дух, нібы кайданамі скаваўшы рукі Скруджа, прымусіў яго глядзець на тое, што адбылося потым.

Цяпер яны былі ў іншым месцы і ў іншай абстаноўцы — у не надта вялікім і багатым, але досыць утульным пакоі. Пры гарачым каміне сядзела дзяўчына, маладая і прыгожая. Скрудж падумаў, што гэта яго нядаўняя суразмоўніца — падабенства было бясспрэчнае, — але потым убачыў і саму суразмоўніцу, цяпер ужо прывабную сталую жанчыну. Галас у пакоі стаяў неверагодны, бо дзяцей у ім было нават больш, чым Скрудж у сваім узбуджаным стане змог бы палічыць. І ў адрозненне ад чарады ў адным добра вядомым вершы, дзе сорак кароваў паводзяцца як адна [7] , кожны з гэтых дзетак паводзіўся як сорак. Шум ад гэтага стаяў такі, што паверыць немагчыма, але нікога ён, здаецца, не хваляваў. Наадварот, маці з дачкой ад душы смяяліся і радаваліся, а апошняя ў дадатак хутка далучылася да мітусні, і маленькія бандыты тут жа пачалі з ёй бязлітасна валтузіцца. Ад чаго б я не адмовіўся, дык гэта ад магчымасці апынуцца на іх месцы! Але нізашто на свеце я не быў бы такім грубым, не, нізашто. Ніколі не раскудлаціў бы я яе заплеценых косаў, не ўзлахмаціў бы іх і, Божа барані і ратуй маю душу, ніколі не сцягнуў бы з яе ножкі каштоўны пантофлік. Што да спробы памераць яе талію абдымкамі, то гэтыя бадзёрыя разбойнікі таксама на гэта наважыліся, чаго я зноў жа ніколі б не зрабіў, а іначай быў бы пакараны: мая рука абвілася б вакол яе стану і назад бы ўжо ніколі не вярнулася. Але прызнаюся, што я ахвотна дакрануўся б да яе вуснаў, задаў бы ёй пытанне, каб яна мусіла растуліць іх у адказе, паназіраў бы за апушчанымі вейкамі, не прымушаючы яе пры гэтым чырванець, хвалямі распусціў бы яе валасы, кожная цаля якіх магла б зрабіцца бясцэнным падарункам, — карацей, мушу прызнацца, што хацеў бы карыстацца ўсімі прывілеямі дзяцінства, застаючыся пры гэтым дастаткова дарослым, каб ацаніць іх.

7

“І ў адрозненне ад чарады ў адным добра вядомым вершы, дзе сорак кароваў паводзяцца як адна…” — адсылка да верша Ўільяма Ўордсварта “Напісанае ў сакавіку” (Written in March, 1802):

Крычаць нясушкі, Спяваюць птушкі, Цурчыць крыніца, Ставок ільсніцца, У зялёных палетках блукае вясна, І малы, і стары Устаюць да зары, Пасуцца каровы, Апусціўшы галовы, І ўсе сорак жуюць як адна. Як вайсковец благі, Адступаюць снягі, Утрымацца не ў сілах На аголеных схілах, Чуе рэха араты між гор, А ў гарах — любадаць, Ручаіны бруяць, І плывуць аблачынкі, І з нябёс — ні дажджынкі, Над галовамі — ясны прастор!

(пераклад Ганны Янкута)

Але вось пачуўся грукат у дзверы, і дзяўчына, са смехам папраўляючы сур’ёзна пацярпелую сукенку, тут жа трапіла ў імклівую і неўтаймоўную плынь дзяцей, якія кінуліся павітаць бацьку: ён разам з памочнікам, нагружаным каляднымі цацкамі і падарункамі, толькі што ўвайшоў у дом. На безабароннага кур’ера адразу ж пайшлі штурмам, шумным і адчайным. Аблога вялася з дапамогай крэслаў, якія выкарыстоўваліся замест лесвіц, каб залезці проста ў кішэню госця, пазбавіць яго ўсіх пакункаў, загорнутых у карычневую паперу, абняўшы за шыю, павіснуць на гальштуку, пабарабаніць па спіне і з самымі цёплымі пачуццямі пакалашмаціць па нагах. З якімі крыкамі здзіўлення і захаплення распакоўваўся кожны скрутак! З якім жахам абвяшчалася, што самы маленькі карапуз злоўлены на месцы злачынства — ён акурат запіхваў у рот цацачную патэльню, і многія былі гатовыя засведчыць, што перад гэтым ён зрабіў тое самае з цацачным індыком, прылепленым да драўлянай талеркі! З якой бязмежнай палёгкай высвятлялася, што трывога дарэмная! Якая радасць, якая ўдзячнасць, якое захапленне! Апісаць усё гэта проста немагчыма! Скажу толькі, што паступова ўсіх дзетак разам з іх радаснымі пачуццямі прыбралі з гасцёўні і перамясцілі паверхам вышэй, дзе яны леглі спаць і ўрэшце супакоіліся.

Цяпер, калі гаспадар разам з жонкай і дачкой, што пяшчотна да яго прытулілася, занялі свае месцы ля каміна, Скрудж больш уважліва прыгледзеўся да жыхароў дома і, глыбока ўздыхнуўшы, падумаў, што такое ж мілае і поўнае надзеі стварэнне магло б называць яго бацькам і прынесці вясну ў пакутлівую зіму яго жыцця.

— Бэл, — сказаў муж, з усмешкай паварочваючыся да жонкі, — сёння я бачыў аднаго твайго старога сябра.

— Якога сябра?

— А ты адгадай!

— Як я адгадаю? А-а-а-а, мабыць, ведаю! — выгукнула яна на адным дыханні, рассмяяўшыся ўслед за мужам. — Містэра Скруджа?

— Яго самога! Я праходзіў ля расчыненага акна яго канторы, а ён працаваў там пры свечках. Ледзь разгледзеў яго! Я чуў, што яго кампаньён ляжыць пры смерці, а таму ён сядзеў адзін. Зусім адзін на ўсёй зямлі.

— Дух! — надламаным голасам ускрыкнуў Скрудж. — Забяры мяне адсюль!

— Я казаў табе: усё гэта — толькі цені былога, — сказаў Дух. — Яны такія, якімі былі калісьці, я тут ні пры чым.

— Забяры мяне адсюль! — маліў Скрудж. — Гэтага я не вытрымаю!

Ён павярнуўся да Духа і, убачыўшы, што ў яго абліччы фантастычна з’ядналіся рысы ўсіх бачаных сёння твараў, паспрабаваў вызваліцца.

— Адпусці мяне! Забяры мяне назад! Хопіць мяне катаваць!

У гэтай барацьбе — калі толькі можна так яе назваць, бо выглядала на тое, што Дух не спрабуе супраціўляцца і не надта звяртае ўвагу на высілкі праціўніка, — Скрудж заўважыў, што святло на макаўцы прывіда разгараецца ярчэй і зырчэй. Цьмяна здагадваючыся пра сувязь паміж гэтым святлом і ўплывам Духа на самога Скруджа, ён схапіў каўпак-гасілку і рэзкім рухам насунуў яго прывіду на галаву.

Дух тут жа сціснуўся — каўпак схаваў яго цалкам. Але як Скрудж ні намагаўся, затушыць святло, што суцэльнай плынню струменіла з-пад гасілкі па зямлі, ён не мог.

Скрудж зразумеў, што страшна стаміўся і вось-вось засне, а праз імгненне — што ён зноў у сваёй спальні. Ён апошні раз націснуў на каўпак, пасля чаго рука яго аслабла, і ён, ледзь дабраўшыся да ложка, праваліўся ў трывожны сон.

Страфа трэцяя. Другі дух

Прачнуўшыся пасярод аднае пачварнае насавое рулады, Скрудж сеў на ложку, каб сабрацца з думкамі. Не варта было і казаць, што вось-вось праб’е гадзіна ночы. Ён зразумеў, што абудзіўся ад сну акурат каб спаткацца з другім вестуном, адпраўленым пры пасярэдніцтве Джэйкаба Марлі. Але зразумеўшы, што ад думак пра тое, з якога боку новы тагасветны госць расхіне полаг, яго прабірае трывожны халадок, Скрудж рассунуў яго сам і зноў лёг, пільна назіраючы за ўсім пакоем. Яму хацелася кінуць Духу выклік і ўбачыць яго ў самы момант яго з’яўлення і не хацелася, каб яго знянацку захапілі і напужалі.

Джэнтльмены без забабонаў, што хваляцца дасведчанасцю ў самых розных пытаннях і ідуць у нагу з часам, нярэдка выказваюць гатоўнасць да любых авантураў, гаворачы, нібыта здольныя на ўсё, ад гульні ў арлянку да забойства, але паміж гэтымі скрайнасцямі, трэба прызнаць, ляжыць нямала ўсяго астатняга. Нават не робячы за Скруджа такіх смелых заяваў, я не пабаюся вас запэўніць, што ён быў гатовы да дзівоснага з’яўлення духаў многіх гатункаў і памераў — ніякая істота, ад немаўляткі да насарога, не змагла б сур’ёзна яго ўразіць.

Падрыхтаваўшыся гэткім чынам амаль да ўсяго, ён быў зусім не падрыхтаваны да таго, што не з’явіцца зусім нічога, а таму калі на вежы прабіла гадзіну, а госць так і не матэрыялізаваўся, па целе Скруджа тут жа пабеглі вельмі адчувальныя дрыжыкі. Пяць хвілін, дзесяць, чвэрць на другую — і нікога! Увесь гэты час ён ляжаў у ложку, вакол якога расцякалася чырванаватае ззянне, якое з боем гадзінніка заструменіла невядома адкуль, і гэтае святло палохала Скруджа больш, чым тузін любых відзежаў: ён не мог зразумець, скуль яно ўзялося і што значыць. Часам ён з жахам пачынаў думаць, што нейкім цікавым чынам адвольна самазагарэўся, але не меў нават палёгкі быць у гэтым упэўненым. Урэшце ён падумаў — як вы альбо я, безумоўна, падумалі б з самага пачатку, бо найлепшае выйсце са складанай сітуацыі заўсёды ведае менавіта той, хто ў ёй ніколі не быў, — урэшце, паўтаруся, ён падумаў, што выток і таямніца прывіднага ззяння схаваныя ў суседнім пакоі, адкуль яно, як выявілася пасля далейшых назіранняў, і струменіла. Думка гэтая так захапіла Скруджа, што ён бясшумна падняўся і рушыў да дзвярэй, слізгаючы дамашнімі пантофлямі.

Як толькі ён паклаў руку на клямку, невядомы голас паклікаў яго па імені і запрасіў увайсці. Скрудж падпарадкаваўся.

Гэта, без сумневаў, быў яго пакой, але ён зусім нечакана змяніўся. Сцены і столь былі ўбраныя жывой зелянінай — ну чысты гай! На кожнай галінцы паблісквалі зіхоткія ягадкі. Свежыя лісцікі вастралісту, амялы і плюшчу адбівалі святло, нібыта раскіданыя па ўсім пакоі маленькія люстэркі, а ў каміне раўло такое магутнае полымя, якога гэтая дагістарычная скамянеласць не памятала ўжо многія і многія зімы — ні за часамі Скруджа, ні за часамі Марлі. На падлозе грувасціліся ў нейкім падабенстве трона смажаныя індычкі, гускі, дзічына, куры, саланіна, вялізныя кавалкі мяса, малочныя парасяткі, даўжэзныя гірлянды сасісак, салодкія піражкі з начынкай, калядныя пудынгі, бачуркі з вустрыцамі, гарачыя каштаны, чырванашчокія яблыкі, сакавітыя апельсіны, пахкія грушы, неверагодных памераў святочная пірагі, а таксама кубкі з вогненным пуншам, духмяная пара якога вісела ў пакоі, бы туман. І на гэтым троне нязмушана сядзеў, радуючы вока, вясёлы Волат, які трымаў у руцэ яркую паходню, формай падобную да рога дастатку. Калі Скрудж зазірнуў у пакой, Волат падняў паходню вышэй, яшчэ вышэй, каб асвятліць усё навокал.

— Заходзь! — усклікнуў Дух. — Заходзь, чалавеча, і будзем знаёмыя.

Скрудж нясмела зайшоў і апусціў перад Духам галаву. Дзе падзеўся знаёмы нам раней упарты дзед? Вочы ў Духа былі ясныя і добрыя, але сустрэцца з імі позіркам Скрудж не хацеў.

— Я — Дух Сёлетніх Калядаў, — сказаў Волат. — Зірні ж на мяне!

Скрудж пачціва паслухаўся. Дух быў апрануты ў просты зялёны строй, падобны да мантыі, абшытай белым мехам. Убранне гэтае свабодна вісела на ім, агаляючы шырачэзныя грудзі, якія нібыта пагарджалі жаданнем абараніцца ці схавацца з дапамогай нейкіх хітрыкаў. Ступакі, бачныя з-пад шырокіх складак мантыі, былі босыя, а на галаве Духа не было ніякага ўбора, апроч вянку з вастралісту, на якім дзе-нідзе блішчэлі ледзяшы. Цёмна-каштанавыя пасмы Волата былі доўгія і свабодна падалі на плечы, гэтак жа свабодна глядзеў яго добры твар і іскрыстыя вочы, свабода была ў яго рухах, вясёлым голасе, нязмушаных манерах і ва ўсім яго радасным абліччы. Дух быў падперазаны пасам са старадаўнімі ножнамі, праедзенымі іржой і без мяча.

— Ты ніколі не бачыў кагосьці такога, як я! — усклікнуў Дух.

— Не бачыў, — пагадзіўся Скрудж.

— І ніколі не сустракаў іншых маіх родзічаў, то бок маіх старэйшых братоў (бо я ў сям’і наймалодшы), што нарадзіліся ў апошнія гады? — працягваў прывід.

— Думаю, не, — адказаў Скрудж. — Баюся, што не. А ў цябе шмат братоў, Дух?

— Больш за тысячу восемсот! — усклікнуў Дух.

— Ого, пракармі такую вялізную сямейку!.. — прамармытаў Скрудж.

Дух Сёлетніх Калядаў падняўся.

Поделиться с друзьями: