ЖАНРЫ

Казкi (на белорусском языке)
Шрифт:

– Рапунцэль, Рапунцэль, прачнiся,

Спусцi свае косачкi данiзу!

дык i спусцiла вядзьмарка валасы ўнiз.

I ўзабраўся каралевiч наверх, але не знайшоў там сваёй любай Рапунцэль, а пабачыў вядзьмарку. Яна зiрнула на яго сваiм злосным, з'едлiвым позiркам.

– Ага!
– крыкнула яна насмешлiва.
– Ты хочаш звезцi сваю каханую, але прыгажунi-птушачкi няма болей у гняздзечку, i яна ўжо не пяе. Яе знесла кошка, а табе да таго ж яна выдзярэ вочы. Ты страцiў Рапунцэль навек, не бачыць яе табе больш нiколi!

Каралевiч быў не ў сабе ад гора i ў роспачы выскачыў з вежы; яму ўдалося захаваць жыццё, але калючыя шыпы кустоўя, на якiя ён упаў, выкалалi яму вочы. I ён блукаў сляпы па лесе, харчуючыся толькi адным карэннем ды ягадамi, i ўвесь час сумаваў i плакаў па страчанай iм любай жонцы.

Гэтак блукаў ён некалькi гадоў у горы i роспачы i зайшоў нарэшце ў густы гушчар, дзе жыла ў бядоце Рапунцэль разам з дзецьмi-блiзнятамi, з хлопчыкам i дзяўчынкаю.

Раптам пачуў каралевiч чыйсцi голас; ён здаўся яму такiм знаёмым, i ён пайшоў насустрач яму; i калi падышоў ён блiжэй, дык Рапунцэль яго пазнала, кiнулася да яго на шыю i горка заплакала. Але ўпалi дзве слязiнкi яму на вочы, i ён зноў стаў бачыць, як раней. I ён прывёў яе ў сваё каралеўства, дзе сустрэлi яго з радасцю, i яны жылi доўгiя-доўгiя гады ў шчасцi i заможнасцi.

РАЗУМНАЯ ЭЛЬЗА

Жыў-быў чалавек, i была ў яго дачка, звалi яе Разумнай Эльзай. Вось вырасла яна, а бацька i кажа:

– Пара б аддаць яе замуж.

– Так, - сказала мацi, - калi толькi знойдзецца такi чалавек, якi захоча яе ўзяць.

I вось прыйшоў нарэшце з далёкiх мясцiн чалавек, звалi яго Ганс; пачаў ён да яе сватацца, але паставiў умову, каб Разумная Эльза была да таго ж i вельмi разважлiвай.

– О, - сказаў бацька, - яна кемлiвая.

А мацi дадала:

– Ах, ну што i казаць: яна ўсё разумее, бачыць нават, як вецер на вулiцы гуляе, i чуе, як мухi кашляюць.

– Ну, - сказаў Ганс, - а калi яна будзе не вельмi кемлiвай, то я з ёю не ажанюся.

Вось сядзяць яны за сталом, абедаюць, а мацi i кажа:

– Эльза, схадзi ў склеп ды прынясi нам пiва.

Узяла Разумная Эльза з палiцы збан i спусцiлася ў склеп, весела пазвоньваючы накрыўкай, каб час iшоў хутчэй. Прыйшла яна ў склеп, паставiла перад пiўной бочкай зэдлiк, каб не трэба было нагiнацца, i спiна каб не забалела i каб не занадта стамiцца. Паставiла перад сабой збан, адкруцiла кран i, каб вочы не заставалiся без справы, пакуль пiва нальецца, пачала сцяну разглядваць; вось глядзiць яна ды разглядвае i заўважыла раптам над сабой кiрку на сцяне, якую забылiся там памылкова муляры. I вось пачала Разумная Эльза плакаць i галасiць: "Калi выйду замуж за Ганса, i народзiцца ў нас дзiця, i вырасце яно, i пашлем мы яго ў склеп пiва нацадзiць, раптам звалiцца яму на галаву кiрка i заб'е яго насмерць". Сядзiць яна i плача, што ёсць сiлы галосiць з-за будучага няшчасця. А ў хаце наверсе чакаюць у гэты час пiва, а Разумная Эльза ўсё не вяртаецца. Гаспадыня i кажа работнiцы:

– Схадзi ты ў склеп ды паглядзi, што там з Эльзай здарылася.

Пайшла работнiца, бачыць - сядзiць Эльза перад бочкай i плача-залiваецца.

– Эльза, чаго ты плачаш?
– пытаецца работнiца.

– Ох, - адказвае яна, - ды як жа мне не плакаць? Калi выйду я замуж за Ганса, i народзiцца ў нас дзiця, вырасце яно вялiкае, i давядзецца яму пайсцi ў склеп пiва нацадзiць, то раптам незнарок можа звалiцца яму на галаву кiрка i забiць яго насмерць...

I сказала работнiца:

– Вось якая ў нас Эльза разумная!

Падсела яна да яе i пачала таксама гора аплакваць. А ў хаце ўсё пiва чакаюць не дачакаюцца, а работнiца не вяртаецца. Тады бацька i кажа работнiку:

– Схадзi ты ў склеп ды паглядзi, што там Эльза з работнiцай робяць.

Спусцiўся работнiк у склеп, бачыць - сядзiць Разумная Эльза з работнiцай, i абедзве плачуць. Пытаецца ён у iх:

– Чаго вы плачаце?

– Ой, - адказвае Эльза, - ды як жа мне не плакаць? Калi выйду я замуж за Ганса, i народзiцца ў нас дзiця, вырасце яно вялiкае, i давядзецца яму пайсцi ў склеп пiва нацадзiць, то раптам звалiцца яму на галаву кiрка i заб'е яго насмерць...

Работнiк i кажа:

– Вунь якая ў нас Эльза разумная!
– падсеў да яе i таксама заплакаў. А ў хаце чакаюць работнiка, а ён не вяртаецца. Тады бацька кажа мацi:

– Схадзi ты сама ў склеп ды паглядзi, што там з Эльзай здарылася.

Спусцiлася мацi ў склеп, бачыць - усе трое плачуць. Пытаецца яна ў iх, чаго гэта яны плачуць; расказала ёй Эльза, што яе будучае дзiця, калi яно падрасце, можа забiць кiрка, - будзе яно налiваць пiва, а кiрка раптам i звалiцца яму на галаву. I сказала мацi:

– Ох, якая ж у нас разумная Эльза!
– i падсела да iх i таксама заплакала.

Пачакаў бацька крыху, бачыць - мацi таксама не вяртаецца, а выпiць пiва ўсё болей i болей хочацца. Вось i кажа ён:

– Трэба будзе мне самому ў склеп схадзiць ды паглядзець, што гэта там з Эльзай здарылася.

Спусцiўся ён у склеп, бачыць - сядзяць усе поруч i горка плачуць; даведаўся ён, што прычынай таму Эльзiна дзiця, якое яна, магчыма, калi-небудзь народзiць, i што можа яго забiць кiрка, калi, нацэджваючы пiва, яно будзе сядзець якраз пад кiркай, а ў гэты час яна можа звалiцца, i ён усклiкнуў:

– Якая ж у нас, аднак, разумная Эльза!
– сеў i таксама разам з iмi заплакаў.

Доўга чакаў жанiх у хаце адзiн, але нiхто не вяртаўся, i падумаў ён: "Вiдаць, яны мяне ўнiзе чакаюць, трэба будзе i мне таксама туды схадзiць ды паглядзець, што яны там робяць". Спусцiўся ён унiз, бачыць - сядзяць яны ўсе ўпяцярых i плачуць-галосяць, ды так жаласна - адно мацней за другога.

– Што ў вас за бяда здарылася?
– пытаецца ён.

– Ах, мiлы Ганс, - адказала Эльза, - калi мы з табой пажэнiмся i будзе ў нас дзiця, вырасце яно вялiкае, то можа здарыцца, што пашлем мы яго ў склеп пiва нацадзiць, а кiрка, якая тырчыць на сцяне, можа, чаго добрага, звалiцца i разбiць яго галаву i забiць яго насмерць. Ну, як жа нам не плакаць з-за гэтага.

– Ну, - сказаў Ганс, - большага розуму для маёй гаспадаркi i не трэба. Эльза, ты такая разумная, што я з табою ажанюся, - i ўзяў яе за руку, павёў наверх i адсвяткаваў з ёю вяселле.

Пажыла яна з Гансам трохi, а ён i кажа:

– Жонка, я паеду на заробкi. Патрэбна нам на грошы разжыцца, а ты iдзi ў поле жаць пшанiцу, каб быў у нас у хаце хлеб.

– Добра, мiлы Ганс, я так i зраблю.

Пайшоў Ганс, наварыла яна сабе смачнае кашы i ўзяла з сабой у поле. Прыйшла туды i сама сябе пытае:

– Што мне рабiць? Цi жаць спачатку, цi перш паесцi? Э, мабыць, паем я спачатку.

З'ела яна гаршчок кашы, наелася i зноў пытае:

– Што мне рабiць? Цi жаць спачатку, цi, можа, перш паспаць? Вiдаць, пасплю я спярша.
– Легла яна ў пшанiцу i заснула.

А Ганс у гэты час даўно ўжо дадому вярнуўся, а Эльзы ўсё няма i няма. Вось ён i кажа:

– Якая ў мяне разумная Эльза, яна такая руплiвая - i дамоў не вяртаецца i нiчога не есць.

А яе ўсё няма i няма. Ужо i вечар настаў, выйшаў Ганс у поле паглядзець, колькi яна пшанiцы нажала; бачыць, што нiколькi не зжата i ляжыць Эльза ў пшанiцы i спiць. Пабег Ганс хутчэй дамоў, прынёс з сабой птушкалоўную сетку з бразготкамi i накiнуў яе на Эльзу; а яна ўсё працягвае спаць. Пабег ён дамоў, зашчапiў дзверы, усеўся на лаву i ўзяўся за работу.

Поделиться с друзьями: