Казкi (на белорусском языке)
Шрифт:
Нiводзiн садоўнiк, акрамя Ларсена, не адважыўся б пасадзiць у панскiм садзе такiя раслiны. А Ларсен адвёў кожнай прыдатны для яе ўчастак - на сонцы або ў ценi, - як каму было патрэбна. Зямлю ён апрацоўваў сумленна, i яна шчодра аддзячыла яму.
Тут вырас ураджэнец шатландскiх пустынь - ядловец, якi колерам i абрысамi падобны на iталiйскi кiпарыс. Расцвiў блiскучы калючы цярноўнiк, якi зелянеў i зiмой i летам. А навокал шчодра разросся папаратнiк розных гатункаў, якi нагадваў то мiнiяцюрныя пальмы, то здаваўся продкам кволай цудоўнай раслiны, якую мы называем "венерыны валасы". Цвiў тут i дзядоўнiк, якi людзi звычайна ненавiдзяць, але дарма, бо яго свежыя кветкi могуць упрыгожыць любы букет. Дзядоўнiк рос на сухой глебе, а нiжэй, на вiльготным месцы, зелянеў усiмi зняважаны лопух, хоць яго буйное, магутнае лiсце надае яму своеасаблiвую прыгажосць. Каралеўская свечка - палявая раслiна з высокiм сцяблом i яркiмi кветкамi - цягнулася ўгару, нагадваючы вялiзны шматсвечны кандэлябр. Цвiлi тут таксама ячменнiк, першацвет, лясны ландыш, белакрыльнiк i пяшчотная трохлiставая кiслiца. Люба-дорага было пазiраць на ўсю гэтую прыгажосць!
А перад усiмi, ля самай драцяной агароджы, выстраiлiся шарэнгай карлiкавыя грушавыя дрэвы, прывезеныя з Францыi. Надвор'е было сонечнае, догляд iх быў клапатлiвы, i хутка яны сталi даваць буйныя сакавiтыя плады - гэткiя ж, як i на сваёй радзiме.
На месцы двух старых засохлых дрэў садоўнiк уваткнуў дзве доўгiя жэрдкi; адну з iх увенчваў Данеброг - дацкi сцяг, а другая жэрдка летам i восенню была абвiта духмянымi парасткамi хмелю; зiмой да яе падвешвалi кармушку, каб птушкам нябесным было чым паласавацца на каляды.
– Наш Ларсен становiцца сентыментальным пад старасць, - пацiскалi плячыма гаспадары, - але ён служыць нам аддана i сумленна.
У навагоднiм нумары аднаго сталiчнага iлюстраванага часопiса з'явiлася гравюра з адлюстраваннем старога маёнтка. На ёй быў вiдаць i Данеброг, i кармушка з калядным пачастункам для птушак, а подпiс абвяшчаў: "Якая гэта выдатная мэта - адрадзiць даўнi звычай, уласцiвы падобнай старадаўняй сядзiбе!"
– Што нi прыдумаў бы наш Ларсен, пра гэта адразу ж раззвоняць па ўсiм свеце!
– здзiўлялiся гаспадары.
– Проста шчаслiўчык нейкi! Глядзiш, нам, чаго добрага, давядзецца ганарыцца тым, што ён служыць у нас.
Ды яны, вядома, i не думалi гэтым ганарыцца, бо нiколi не забывалiся, што яны гаспадары са знакамiтага роду, а значыць - у любы момант могуць звольнiць Ларсена, калi iм гэтага захочацца. Але яны яго не праганялi, - гэта былi добрыя людзi, а такiх добрых людзей на шчасце розных там Ларсенаў на свеце вельмi многа.
Вось i ўся гiсторыя пра садоўнiка i гаспадароў.
Падумай над ёю, паразважай.
МАЛЕНЬКI КЛАЎС I ВЯЛIКI КЛАЎС
У адной вёсцы жылi два мужыкi; абодвух звалi Клаўсамi, але ў аднаго было чацвера коней, а ў другога толькi адзiн; дык вось, каб адрознiваць iх, i пачалi называць таго, у каго было чацвера коней, Вялiкi Клаўс, а таго, у якога адзiн, - Маленькi Клаўс. Давайце паслухаем зараз, што з iмi адбылося; гэта ж цэлая гiсторыя.
Увесь тыдзень, як ёсць, павiнен быў Маленькi Клаўс араць на сваiм канi поле Вялiкага Клаўса. Затое той даваў яму ўсiх сваiх чатырох коней, але толькi адзiн раз у тыдзень, у нядзелю. Ах, як звонка ляскаў пугай Маленькi Клаўс над усёй пяцёркай, - сёння ж усе конi былi як бы яго ўласныя. Сонца свяцiла, званы званiлi на абедню, людзi ўсе былi так прыгожа апранутыя i iшлi з малiтоўнiкамi ў руках у царкву паслухаць пропаведзь святара. Усе яны бачылi, што Маленькi Клаўс арэ на пяцi конях, i ён быў вельмi задаволены, паляскваў пугай i выкрыкваў:
– Гэй вы, мае конiкi!
– Не гавары так!
– заўважыў яму аднойчы Вялiкi Клаўс.
– У цябе ўсяго адзiн конь!
Але вось зноў хто-небудзь праходзiў побач, i Маленькi Клаўс забываўся, што не трэба было так гаварыць, i зноў выкрыкваў:
– Гэй вы, мае конiкi!
– Сцiхнi зараз жа!
– сказаў яму нарэшце Вялiкi Клаўс.
– Калi ты скажаш гэта яшчэ хоць раз, я стукну твайму каню па галаве. Яму тады адразу канец будзе!
– Не буду больш!
– сказаў Маленькi Клаўс.
– Праўда, не буду.
Але раптам зноў нехта прайшоў побач i павiтаўся з iм, а ён ад радасцi, што арэ на пяцi конях, зноў ляснуў пугай i закрычаў:
– Гэй вы, мае конiкi!
– Вось я табе нападганяю тваiх конiкаў!
– сказаў Вялiкi Клаўс.
Узяў ён молат, якiм заганяюць у зямлю слупы, каб прывязваць коней, i так стукнуў каню па галаве, што забiў яго.
– Эх, няма цяпер у мяне нiводнага каня!
– прамовiў Маленькi Клаўс i заплакаў.
Потым ён зняў з каня скуру, добра высушыў яе на ветры, паклаў у мех, ускiнуў мех на спiну i пайшоў у горад прадаваць скуру.
Iсцi давялося вельмi далёка, праз вялiкi цёмны лес, а тут яшчэ непагода разгулялася, i Маленькi Клаўс заблудзiўся. Толькi выбраўся ён на дарогу, як зусiм сцямнела, а да горада было яшчэ далёка, ды i дамоў назад няблiзка; да ночы нiяк не дайсцi яму нi туды, нi сюды.
Пры дарозе быў вялiкi сялянскi двор; аканiцы ў доме былi ўжо зачынены, але скрозь шчылiны свяцiўся агонь.
"Вось тут я, напэўна, знайду сабе прытулак на ноч", - падумаў Маленькi Клаўс i пастукаўся.
Гаспадыня адчынiла дзверы, даведалася, што яму трэба, i загадала iсцi сваёй дарогай: мужа яе не было дома, а без яго яна не магла прымаць гасцей.
– Ну, тады я пераначую на двары!
– сказаў Маленькi Клаўс, i гаспадыня зачынiла дзверы.
Каля дома стаяў вялiкi стог сена, а памiж стогам i домам - хляўчук з роўнай саламянай страхой.
– Вунь там я i лягу!
– сказаў Маленькi Клаўс, убачыўшы гэтую страху. Цудоўная пасцель! Спадзяюся, бусел не заляцiць i не схопiць мяне за нагу!
Гэта ён сказаў таму, што на страсе дома ў сваiм гняздзе стаяў жывы бусел.
Маленькi Клаўс узлез на страху хлява, лёг на саломе i пачаў варочацца з боку на бок, шукаючы больш зручнае становiшча. Аканiцы закрывалi толькi нiжнюю частку вокнаў, i яму была вiдаць уся святлiца.
А ў святлiцы стаяў вялiкi стол, чаго-чаго толькi на iм не было: i вiно, i мяса, i смачнейшая рыба; за сталом сядзелi гаспадыня i дзяк, - больш нiкога.
Гаспадыня налiвала госцю вiна, а ён уплётваў рыбу, - ён быў вялiкi да яе ахвотнiк.
"Вось бы мне далучыцца!" - падумаў Маленькi Клаўс i, выцягнуўшы шыю, заглянуў у акно. Божа, якi цудоўны пiрог ён убачыў! Вось дык банкет!
Але тут ён пачуў, што нехта пад'язджае да дома, - гэта вярнуўся дамоў муж гаспадынi. Ён быў вельмi добры чалавек, але яго непакоiла дзiўная хвароба: ён цярпець не мог дзякаў. Варта яму было сустрэць дзяка - як ён вар'яцеў. Таму дзяк i прыйшоў у госцi да яго жонкi ў той час, калi мужа не было дома, а добрая жанчына iмкнулася пачаставаць яго на славу. Абодва яны вельмi напалохалiся, пачуўшы, што гаспадар вярнуўся, i гаспадыня папрасiла госця хутчэй залезцi ў вялiкi пусты куфар, якi стаяў у куце. Дзяк паслухаўся, - бо ведаў, што гаспадар цярпець не мог дзякаў, - а гаспадыня хутка прыхавала ўсе пачастункi ў печы; калi б муж бачыў усё гэта, ён, вядома, спытаў бы, каго яна збiралася частаваць.
– Ах, - цяжка ўздыхнуў Маленькi Клаўс на страсе, гледзячы, як яна хавала ежу i вiно.
– Хто там?
– спытаў селянiн i глянуў на Маленькага Клаўса.
– Чаго ж ты ляжыш тут? Хадзем лепей у святлiцу!
Маленькi Клаўс. растлумачыў, што ён заблудзiўся i папрасiўся начаваць.
– Добра, - сказаў селянiн, - начуй. Толькi найперш трэба нам з табой падмацавацца з дарогi.
Жонка прыняла iх абодвух вельмi ласкава, падрыхтавала стол i дастала з печы вялiкi чыгун кашы.
Селянiн прагаладаўся i еў з апетытам, а ў Маленькага Клаўса з галавы не выходзiла рыба, смажанае мяса i пiрог, якiя былi прыхаваны ў печы.