Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Казкi (на белорусском языке)
Шрифт:

– "Скуры! Скуры!" - перадражнiвалi яны яго.
– Вось мы пакажам табе скуры! Вон з горада!

I Вялiкi Клаўс - дай, божа, ногi! Нiколi яго так не бiлi!

– Ну, - сказаў ён, дабраўшыся дамоў, - заплацiць жа мне за гэта Маленькi Клаўс! Заб'ю яго!

А ў Маленькага Клаўса якраз памерла старая бабуля; яна не вельмi ладзiла з iм, была злая i скупая, але ён усё-такi вельмi шкадаваў яе i паклаў на ноч у сваю цёплую пасцель - раптам сагрэецца i ажыве, - а сам усеўся на крэсле ў кутку: яму не ўпершыню было так начаваць.

Ноччу дзверы адчынiлiся, i ўвайшоў Вялiкi Клаўс з тапаром у руках. Ён ведаў, дзе стаiць ложак Маленькага Клаўса, падышоў да яго i стукнуў па галаве таго, хто на iм ляжаў. Думаў, што гэта Маленькi Клаўс, а там ляжала мёртвая бабуля.

– Вось табе! Не будзеш мяне абдурваць!
– сказаў Вялiкi Клаўс i пайшоў дамоў.

– Ну i лiхадзей!
– сказаў Маленькi Клаўс.
– Гэта ён мяне хацеў забiць! Добра, што бабуля была мёртвая, а то ёй бы не паздаровiлася!

Потым ён апрануў бабулю ў святочны касцюм, папрасiў у суседа каня, запрог яго ў калёсы, добра пасадзiў старую на задняе сядзенне, каб яна не звалiлася, калi паедуць, i паехаў з ёй праз лес. Калi сонейка ўзнялося, яны пад'ехалi да вялiкай карчмы. Маленькi Клаўс спынiўся i пайшоў перакусiць.

У гаспадара карчмы было шмат грошай, i сам ён быў чалавек добры, але такi гарачы, быццам быў начынены перцам i табакай.

– Дзень добры!
– сказаў ён Маленькаму Клаўсу.
– Чаго гэта ты з самага ранку так расфранцiўся?

– Ды вось, - адказваў Маленькi Клаўс, - трэба з бабуляй у горад з'ездзiць; яна там, у калёсах, засталася - нiяк не хоча злазiць. Калi ласка, занясiце ёй туды шкляначку мёду. Толькi гаварыце з ёй гучней: яна глухаватая!

– Добра, - згадзiўся гаспадар, узяў вялiкую шклянку мёду i панёс бабулi, а тая сядзела ў калёсах прамая, як палка.

– Вось унучак прыслаў вам шкляначку мёду!
– сказаў гаспадар, калi падышоў да калёсаў, але бабуля не адказала i нават не паварушылася.

– Чуеце?
– закрычаў гаспадар з усёй сiлы.
– Ваш унук пасылае вам шкляначку мёду!

Яшчэ раз пракрычаў ён тое ж самае i яшчэ раз, а яна ўсё не варушыцца; тады ён раззлаваўся i кiнуў ёй у твар шклянку, так што мёд пацёк у яе па носё, а сама яна павалiлася. Маленькi ж Клаўс не прывязваў яе, а проста прыставiў да лаўкi.

– Што ты зрабiў?
– залямантаваў Маленькi Клаўс, выбег з дзвярэй i схапiў гаспадара за варатнiк.
– Ты маю бабулю забiў! Паглядзi, якая ў яе дзiрка ў iлбе!

– Вось гэта бяда!
– завойкаў гаспадар, развёўшы рукi.
– I ўсё гэта з-за маёй гарачнасцi! Маленькi Клаўс, дружа ты мой, я табе поўную мерку грошай дам i бабулю тваю пахаваю, як сваю ўласную, толькi маўчы пра гэта, а то мне адсякуць галаву, а гэта ж вельмi непрыемна!

I вось Маленькi Клаўс атрымаў поўную мерку грошай, а гаспадар пахаваў яго старую бабулю, як сваю ўласную.

Маленькi Клаўс вярнуўся дамоў зноў з вялiкай кучай грошай i адразу ж паслаў да Вялiкага Клаўса хлопчыка папрасiць мерку.

– Як так?
– здзiвiўся Вялiкi Клаўс.
– Хiба я не забiў яго? Трэба паглядзець самому!

I ён сам панёс мерку Маленькаму Клаўсу.

– Адкуль гэта ў цябе такая куча грошай?
– спытаўся ён i аж вытрашчыў вочы ад здзiўлення.

– Ты ж забiў не мяне, а маю бабулю, - сказаў Маленькi Клаўс, - i я яе прадаў за мерку грошай!

– З барышом прадаў!
– сказаў Вялiкi Клаўс, пабег дамоў, узяў тапор i забiў сваю старую бабулю, потым паклаў яе на калёсы, прыехаў з ёй у горад да аптэкара i прапанаваў яму купiць мёртвае цела.

– Чыё яно, i дзе вы яго ўзялi?
– спытаў аптэкар.

– Гэта мая бабуля!
– адказаў Вялiкi Клаўс.
– Я забiў яе, каб прадаць за мерку грошай!

– Госпадзi, памiлуй!
– усклiкнуў аптэкар.
– Вы самi не ведаеце, што гаворыце! Глядзiце, гэта ж можа каштаваць вам галавы!

I ён растлумачыў Вялiкаму Клаўсу, што ён такое нарабiў, якi ён нядобры чалавек i як яго за гэта пакараюць. Вялiкi Клаўс перапалохаўся, мiгам вылецеў з аптэкi, сеў на калёсы, сцебануў коней i паiмчаўся дамоў. Аптэкар i ўвесь народ падумалi, што ён звар'яцеў, i таму не затрымалi яго.

– Заплацiш ты мне за гэта, заплацiш, Маленькi Клаўс!
– сказаў Вялiкi Клаўс, выехаўшы на дарогу, i як толькi дабраўся дамоў, узяў вялiкi мяшок, пайшоў да Маленькага Клаўса i сказаў:

– Ты зноў абдурыў мяне? Спярша я забiваў сваiх коней, а цяпер i бабулю! Усё гэта рабiў па тваёй мiласцi. Але ўжо больш ты мяне не абдурыш!

I ён схапiў Маленькага Клаўса i запiхнуў яго ў мяшок, а мяшок завязаў, закiнуў за плечы i крыкнуў:

– Пайду ўтаплю цябе!

Да ракi было не блiзка, i Вялiкаму Клаўсу было вельмi цяжка несцi Маленькага. Дарога iшла каля царквы, адтуль чулiся гукi аргана, ды i вернiкi прыгожа спявалi хорам. Вялiкi Клаўс паставiў мяшок з Маленькiм Клаўсам каля царкоўных дзвярэй i падумаў, што не дрэнна было б зайсцi ў царкву, паслухаць псалом, а потым ужо iсцi далей. Маленькi Клаўс не мог вылезцi з мяшка сам, а ўвесь народ быў у царкве. I вось Вялiкi Клаўс зайшоў у царкву.

– Ох, ох!
– уздыхаў Маленькi Клаўс, круцячыся ў мяшку, але, як ён нi стараўся, развязаць мяшок яму не ўдавалася. У гэты час iшоў побач стары, сiвы як голуб пастух з вялiкай кульбай у руках; ён паганяў ёю статак. Каровы i быкi наляцелi на мяшок з Маленькiм Клаўсам i павалiлi яго.

– О-ох!
– уздыхнуў Маленькi Клаўс.
– Такi я малады яшчэ, а ўжо трэба выпраўляцца ў царства нябеснае!

А я, няшчасны, такi стары, лядачы i ўсё не магу трапiць туды!
– сказаў пастух.

– Дык развяжы мяшок, - закрычаў Маленькi Клаўс.
– Лезь на маё месца хутка трапiш туды!

– З задавальненнем!
– сказаў пастух i развязаў мяшок, а Маленькi Клаўс iмгненна выскачыў на волю.

– Цяпер ты будзеш наглядаць за статкам!
– сказаў стары i залез у мяшок.

Маленькi Клаўс завязаў яго i пагнаў статак далей. Трошкi пазней выйшаў з царквы Вялiкi Клаўс, закiнуў мяшок за плечы, i яму адразу здалося, што мяшок палягчэў, - Маленькi ж Клаўс важыў амаль удвая больш, чым стары пастух.

"Бач як цяпер лёгка стала! А ўсё таму, што я праслухаў псалом!" - падумаў Вялiкi Клаўс, дайшоў да шырокай i глыбокай ракi, кiнуў туды мяшок з пастухом i, думаючы, што там сядзiць Маленькi Клаўс, закрычаў:

– Ну вось, цяпер не будзеш мяне абдурваць!

Пасля гэтага пайшоў ён дамоў, але ля самага раздарожжа сустрэў... Маленькага Клаўса з вялiкiм статкам!

– Вось табе i раз!
– закрычаў Вялiкi Клаўс.
– Хiба не ўтапiў цябе?

– Вядома, утапiў!
– сказаў Маленькi Клаўс.
– Паўгадзiны назад ты кiнуў мяне ў раку!

Поделиться с друзьями: