Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Казкi (на белорусском языке)
Шрифт:

– Ты будзеш спаць разам са мной вось тут, каля майго маленькага звярынца, - сказала Гердзе маленькая разбойнiца.

Дзяўчынак накармiлi, напаiлi, i яны пайшлi ў свой куток, дзе была паслана салома, накрытая дыванамi. Вышэй сядзела на жэрдках больш за сотню галубоў. Усе яны, здавалася, спалi, але калi дзяўчынкi падышлi, злёгку заварушылiся.

– Усе мае!
– сказала маленькая разбойнiца, схапiла аднаго голуба за ногi i так страсянула яго, што той залопаў крыламi.
– На, пацалуй яго!
– крыкнула яна i сунула голуба Гердзе проста ў твар.
– А вось тут сядзяць лясныя ашуканчыкi, - працягвала яна, паказваючы на двух галубоў, якiя сядзелi ў невялiкiм заглыбленнi ў сцяне, за драўлянымi кратамi.
– Гэтыя абодва - лясныя ашуканчыкi. Iх трэба трымаць пад замком, бо хутка знiкнуць! А вось i мой мiлы старыкан!
– I дзяўчынка тузанула за рогi прывязанага да сцяны паўночнага аленя з блiскучым медным ашыйнiкам.
– Яго таксама патрэбна трымаць на прывязi, iнакш уцячэ! Кожны вечар я казычу яго пад шыяй сваiм вострым нажом - ён да смерцi гэтага баiцца.

Затым маленькая разбойнiца выцягнула з расколiны ў сцяне доўгi нож i правяла iм па шыi аленя. Няшчасная жывёлiна пачала брыкацца, а дзяўчынка зарагатала i пацягнула Герду да пасцелi.

– Няўжо ты i спiш з нажом?
– запыталася ў яе Герда.

– Заўсёды!
– адказала маленькая разбойнiца.
– Мала што можа здарыцца! Ну, раскажы мне яшчэ раз пра Кая i пра тое, як ты адправiлася падарожнiчаць па белым свеце.

Герда расказала. Лясныя галубы ў клетцы цiха буркавалi; iншыя галубы ўжо спалi. Маленькая разбойнiца абвiла адной рукой шыю Герды - у другой у яе быў нож - i захрапла, але Герда не магла заплюшчыць вачэй, не ведаючы, заб'юць яе цi пакiнуць жывой.

Раптам лясныя галубы прабуркавалi:

– Курр! Курр! Мы бачылi Кая! Белая курыца несла на спiне яго санкi, а ён сядзеў на санях Снежнай каралевы. Яны ляцелi над лесам, калi мы, птушаняты, яшчэ ляжалi ў гняздзе. Яна дыхнула на нас, i ўсе памерлi, акрамя нас дваiх. Курр! Курр!

– Што вы кажаце!
– усклiкнула Герда.
– Куды ж паляцела Снежная каралева? Ведаеце?

– Напэўна, у Лапландыю - там жа вечны снег i лёд. Запытайся ў паўночнага аленя, якi прывязаны тут.

– Так, там вечны снег i лёд. Дзiва як добра!
– сказаў паўночны алень. Там скачаш сабе на волi па вялiзных зiхатлiвых раўнiнах. Там стаiць летнi шацёр Снежнай каралевы, а сталае яе прыстанiшча - палац каля Паўночнага полюса, на выспе Шпiцберген.

– О Кай, мой мiлы Кай!
– уздыхнула Герда.

– Ляжы цiха, - сказала маленькая разбойнiца, - бо пырну цябе нажом!

Ранiцай Герда расказала ёй, што чула ад лясных галубоў. Маленькая разбойнiца сур'ёзна паглядзела на Герду, кiўнула галавой i сказала:

– Ну, няхай будзе так!.. А ты ведаеш, дзе Лапландыя?
– запыталася яна пасля ў паўночнага аленя.

– Каму ж i ведаць, калi не мне!
– адказаў алень, i вочы яго заззялi.
– Там я нарадзiўся i вырас, там скакаў па снежных раўнiнах.

– Дык слухай, - сказала Гердзе маленькая разбойнiца.
– Бачыш, усе нашы пайшлi, дома засталася адна мацi; трохi счакаўшы яна глыне са сваёй вялiкай бутэлькi i задрэмле, тады я штосьцi зраблю для цябе.

I вось старая глынула са сваёй бутэлькi i захрапла, а маленькая разбойнiца падышла да паўночнага аленя i сказала:

– Яшчэ доўга можна было б здзеквацца з цябе! Занадта ж ты пацешны, калi цябе казычыш вострым нажом. Ну, ды няхай будзе так! Я адвяжу цябе i адпушчу на волю. Можаш бегчы ў сваю Лапландыю, але за гэта ты павiнен адвезцi да палаца Снежнай каралевы гэту дзяўчынку - там яе пабрацiм. Ты ж, канешне, чуў, што яна расказвала? Яна гаварыла гучна, а ў цябе заўжды слых на семярых.

Паўночны алень так i падскочыў ад радасцi. А маленькая разбойнiца пасадзiла на яго Герду, моцна прывязала для пэўнасцi i нават падсунула пад яе мяккую падушку, каб ёй зручней было сядзець.

– Няхай будзе так, - сказала яна затым, - вазьмi назад свае футровыя боцiкi - холадна ж будзе! А муфту ўжо я пакiну сабе, вельмi ж яна прыгожая. Але мерзнуць я табе не дам: вось вялiкiя рукавiцы маёй мацi, яны дойдуць табе да самых локцяў. Засунь у iх рукi! Ну вось, цяпер рукi ў цябе, як у маёй пачварнай мацi.

Герда плакала ад радасцi.

– Цярпець не магу, калi хныкаюць!
– сказала маленькая разбойнiца.
– Ты павiнна радавацца. Вось табе яшчэ два боханы i кумпяк, каб не давялося галадаць.

I тое i другое было прывязана да аленя.

Потым маленькая разбойнiца адчынiла дзверы, заманiла сабак у дом, перарэзала сваiм вострым нажом вяроўку, якою быў прывязаны алень, i сказала яму:

– Ну, хутчэй! Ды беражы мне дзяўчынку.

Герда працягнула маленькай разбойнiцы абедзве рукi ў вялiкiх рукавiцах i развiталася з ёю. Паўночны алень пабег што меў сiлы праз пнi i купiны па лесе, па балотах i стэпах. Вылi ваўкi, каркалi вароны.

– Ух! Ух!
– пачулася раптам з неба, i яно быццам пачало чхаць агнём.

– Вось маё роднае паўночнае ззянне!
– сказаў алень.
– Глядзi, як гарыць.

I ён пабег далей, не спыняючыся нi ўдзень, нi ўночы. Хлеб быў з'едзены, вяндлiна таксама, i нарэшце яны апынулiся ў Лапландыi.

Гiсторыя шостая

Лапландка i фiнка

Алень спынiўся каля ўбогай хацiны. Дах спускаўся да самай зямлi, а дзверы былi такiя нiзенькiя, што людзям даводзiлася прапаўзаць у iх на карачках.

Дома была адна старая лапландка, якая смажыла рыбу пры святле тлушчавай лямпы. Паўночны алень расказаў лапландцы ўсю гiсторыю Герды, але спачатку паведаў сваю ўласную - яна здавалася яму больш важнай.

Герда ж так скалела на холадзе, што i гаварыць не магла.

– Ах вы небаракi!
– сказала лапландка.
– Доўгi ж у вас яшчэ наперадзе шлях! Давядзецца пераадолець сто з лiшнiм мiль, пакуль дабярэцеся да Фiнляндыi, дзе Снежная каралева жывё на дачы i кожны вечар запальвае блакiтныя бенгальскiя агнi. Я напiшу некалькi слоў на сушанай трасцэ - паперы ў мяне няма, - i вы аднясеце пасланне фiнцы, якая жыве ў тых мясцiнах i лепш за мяне здолее навучыць вас, што патрэбна рабiць.

Калi Герда сагрэлася, паела i напiлася, лапландка напiсала некалькi слоў на сушанай трасцэ, наказала Гердзе вельмi берагчы яе, потым прывязала дзяўчынку да спiны аленя, i той зноў памчаўся.

– Ух! Ух!
– пачулася зноўку з неба, i яно пачало выкiдваць слупы дзiвоснага блакiтнага полымя. Так дабег алень з Гердай i да Фiнляндыi i пастукаўся да фiнкi ў комiн - у яе хацiне i дзвярэй нават не было.

Ды затое, якая цеплыня ў жыллi! Сама фiнка, нiзенькая тоўстая жанчына, хадзiла напаўголая. Жвава сцягнула яна з Герды вопратку, рукавiцы i боты, iнакш дзяўчынцы было б горача, паклала аленю на галаву кавалак лёду i затым пачала чытаць тое, што было напiсана на сушанай трасцэ.

Яна прачытала ўсё ад слова да слова тры разы, пакуль не вывучыла напамяць, а потым сунула траску ў кацёл - рыба ж была прыдатная для ежы, а ў фiнкi нiчога дарэмна не прападала.

Тут алень расказаў спачатку сваю гiсторыю, а потым гiсторыю Герды. Фiнка мiргала сваiмi разумнымi вачыма, але не гаварыла нi слова.

– Ты такая мудрая жанчына...
– сказаў алень.
– Цi не прыгатуеш для дзяўчынкi такое пiтво, якое б дало ёй моц дванаццацi асiлкаў? Тады б яна адолела Снежную каралеву!

Поделиться с друзьями: