Казкi (на белорусском языке)
Шрифт:
Герда вельмi спалохалася, заплакала i пачала крычаць, але нiхто, акрамя вераб'ёў, не чуў яе. Вераб'i ж не маглi перанесцi яе на сушу i толькi ляцелi за ёю ўздоўж берага i шчабяталi, нiбы жадаючы яе суцешыць:
– Мы тут! Мы тут!
Лодку зносiла ўсё далей. Герда сядзела цiха, у адных панчохах: чырвоныя чаравiчкi яе плылi за лодкай, але не маглi дагнаць яе.
"Можа, рака нясе мяне да Кая?" - падумала Герда, павесялела, устала i доўга-доўга любавалася прыгожымi зялёнымi берагамi.
Ды вось яна прыплыла да вялiкага вiшнёвага саду, у якiм тулiлася хатка пад саламяным дахам, з чырвонымi i сiнiмi шыбамi ў вокнах. Каля дзвярэй стаялi два драўляныя салдаты i аддавалi чэсць усiм, хто праплываў мiма. Герда закрычала iм - яна палiчыла iх жывымi, - але яны, зразумела, не адказалi ёй. Яна падплыла да iх яшчэ блiжэй, лодка наблiзiлася ледзь не да самага берага, i дзяўчынка закрычала яшчэ гучней. З хаткi выйшла вельмi старая бабулька з кульбай, у вялiкiм саламяным капелюшы, размаляваным дзiвоснымi кветкамi.
– Ах ты беднае дзiцятка!
– сказала бабуля.
– I як гэта ты трапiла на такую вялiкую бурную раку ды заплыла так далёка?
З гэтымi словамi бабуля ўвайшла ў раку, зачапiла лодку кульбай, прыцягнула да берага i высадзiла Герду.
Герда была вельмi рада, што апынулася нарэшце на сушы, хоць i пабойвалася незнаёмай бабулi.
– Ну, хадзем, ды раскажы мне, хто ты i як сюды патрапiла, - сказала бабуля.
Герда пачала расказваць ёй пра ўсё, а бабуля кiвала галавой i паўтарала: "Гм! Гм!" Калi дзяўчынка закончыла, то запыталася ў бабулi, цi не бачыла яна Кая. Тая адказала, што ён яшчэ не праходзiў тут, але, пэўна, пройдзе, таму бедаваць пакуль няма прычыны, няхай Герда лепш пакаштуе вiшань, ды палюбуецца кветкамi, што растуць у садзе: яны прыгажэйшыя, чым у любой кнiжцы з малюнкамi, i ўсе ўмеюць расказваць казкi. Тут бабуля ўзяла Герду за руку, павяла да сябе ў хатку i замкнула дзверы.
Вокны былi высока ад падлогi i ўсе з рознакаляровых - чырвоных, сiнiх i жоўтых - шкельцаў; таму i сам пакой быў асветлены нейкiм дзiвосным вясёлкавым святлом. На стале стаяў кошык з цудоўнымi вiшнямi, i Герда магла есцi iх колькi хацела. А пакуль яна ела, бабуля расчэсвала ёй валасы залатым грабянцом. Валасы вiлiся кучарамi i залатым ззяннем атачалi пекны, ветлiвы, круглы, быццам ружа, тварык дзяўчынкi.
– Даўно мне хацелася мець такую мiленькую дзяўчынку, - сказала бабуля. Вось пабачыш, як добра мы з табою зажывём!
I яна працягвала расчэсваць кучары дзяўчынкi, i чым далей часала, тым больш забывала Герда свайго пабрацiма Кая - бабуля ўмела чараваць.
Ды яна была не злою чараўнiцай i чаравала толькi зрэдку, для свайго здавальнення; цяпер жа ёй вельмi захацелася пакiнуць у сябе Герду. I вось яна пайшла ў сад, дакранулася кульбай да ўсiх ружавых кустоў, i тыя як стаялi ў пышнай квеценi, так усе i пайшлi глыбока-глыбока ў зямлю, i следу ад iх не засталося. Бабуля баялася, што Герда, убачыўшы гэтыя ружы, успомнiць пра свае, а там i пра Кая ды i ўцячэ ад яе.
Потым бабуля павяла Герду ў кветнiк. Ах, якi водар тут быў, якая прыгажосць: самыя розныя кветкi, i на кожную часiну года! На ўсiм свеце не знайшлося б кнiжкi з малюнкамi больш стракатымi i больш прыгожымi за гэты кветнiк. Герда скакала ад радасцi i гуляла сярод кветак, пакуль сонца не села за высокiмi вiшнёвымi дрэвамi. Тады яе паклалi ў дзiвосную пасцель з чырвонымi шаўковымi пярынкамi, набiтымi блакiтнымi фiялкамi. Дзяўчынка заснула, i ёй снiлiся сны, якiя бачыць хiба толькi каралева ў дзень свайго вяселля.
Назаўтра Гердзе зноў дазволiлi гуляць у дзiвосным кветнiку на сонцы. Так прайшло шмат дзён. Герда ведала цяпер кожную кветку ў садзе, але як нi многа iх было, ёй усё ж здавалася, што якогасьцi не хапае, толькi якога? I вось аднойчы яна сядзела i разглядвала бабульчын саламяны капялюш, размаляваны кветкамi, i самай прыгожай з iх была ружа - бабуля забылася яе сцерцi, калi схавала жывыя ружы пад зямлю. Вось што значыць няўважлiвасць!
– Як! Тут няма руж?
– сказала Герда i адразу ж пабегла ў сад, шукала iх, шукала, ды так i не знайшла.
Тады дзяўчынка прысела на зямлю i заплакала. Цёплыя слёзы падалi якраз на тое месца, дзе стаяў раней адзiн з ружавых кустоў, i як толькi яны змачылi зямлю, куст iмгненна вырас з яе, такi ж квiтнеючы, як i быў.
Абвiла яго ручкамi Герда, пачала цалаваць кветкi i ўспомнiла тыя цудоўныя ружы, што квiтнелi ў яе дома, а разам з iмi i Кая.
– Як жа я затрымалася!
– сказала дзяўчынка.
– Мне ж трэба шукаць Кая!.. Вы не ведаеце, дзе ён?
– запыталася яна ў руж.
– Цi праўда, што ён памёр i не вернецца больш?
– Ён не памёр!
– адказалi ружы.
– Мы ж былi пад зямлёй, дзе ляжаць усе памёршыя, але Кая мiж iх не было.
– Дзякуй вам!
– сказала Герда i пайшла да iншых кветак, заглядвала ў iх чашачкi i пыталася:
– Вы не бачылi, дзе Кай?
Але кожная кветка грэлася на сонейку i думала толькi пра сваю ўласную казку цi гiсторыю. Шмат iх наслухалася Герда, але нiводная не сказала нi слова пра Кая.
Тады Герда пайшла да дзьмухаўца, якi ззяў у зiхоткай зялёнай траве.
– Ты, маленькае яснае сонейка!
– сказала яму Герда.
– Скажы, цi не ведаеш, дзе мне шукаць майго пабрацiмку?
Дзьмухавец заззяў яшчэ ярчэй i паглядзеў на дзяўчынку. Якую ж песеньку праспяваў ён ёй? На жаль, ў гэтай песеньцы нi слова не гаварылася пра Кая!
– Быў першы вясновы дзень, сонца грэла i так прыветна свяцiла на маленькi дварок. Промнi яго слiзгацелi па белай сцяне суседняй хаты, i каля самай сцяны паказалася першая жоўценькая кветачка, яна ззяла на сонцы, нiбы залатая. На двор выйшла пасядзець старая бабуля. Вось вярнулася з гасцей яе ўнучка, бедная служанка, i пацалавала бабулю. Пацалунак дзяўчыны даражэйшы за золата - ён iдзе проста ад сэрца. Золата на яе вуснах, золата ў сэрцы, золата i на небе ў ранiшнi час! Вось i ўсё!
– сказаў дзьмухавец.
– Няшчасная мая бабуля!
– уздыхнула Герда.
– Напэўна, яна сумуе па мне i бядуе, як бедавала па Каю. Але я хутка вярнуся i яго прывяду з сабой. Няма чаго больш i распытваць кветкi - толку ад iх не даб'ешся, яны толькi i расказваюць сваё!
– I яна пабегла ў канец саду.
Дзверы былi зачынены, але Герда так доўга хiстала iржавую засаўку, што яна паддалася, дзверы адчынiлiся, i дзяўчынка так, басаножкай, пабегла па дарозе. Разы тры азiрнулася назад, але нiхто не гнаўся за ёю.