Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Лісце забытых алеяў

Цвірка Кастусь

Шрифт:

Магілу Тамаша Зана знайшлі адразу: пра яе ў Смаляках ужо ведалі, вучні Смалянскай школы нават узялі былі яе пад сваю апеку — добрая прыкмета часу, нашага духоўнага выздараўлення.

Перада мною сярод кустоўя былі два роўныя, аднолькавай прамавугольнай формы гранітныя помнікі з уманціраванымі жалезнымі рэйкамі, пры дапамозе якіх, відаць, мацавалася верхняя частка помнікаў.

На першым з іх было выбіта: «С. П. Брыгіда Зан», на другім, справа — «С. П. Тамаш Зан» (усё на польскай мове). А перад абодвума помнікамі, якраз пасярэдзіне ляжаў вялікі пляскаты валун з вычасанай на ім і добра адшліфаванай плітой. На гэтай пліце быў акуратна высечаны чыімсьці вельмі старанным долатам надпіс: «Мілы Богу і людзям Тамаш Зан, памяць якога ў блаславенстве... Жыў шэсцьдзесят гадоў. Памёр 7 ліпеня 1855 г. у Кахачыне». А трошкі ніжэй: «Брыгіда Зан з Свентажэцкіх пахавана побач з сваім мужам 23 жніўня 1900 г. ва ўзросце 81 г.» А яшчэ ніжэй ішлі больш дробныя літары, якія цяжка было разабраць. Укленчыўшы перад каменем, мы доўга прачышчалі літары ад даўнейшага моху. Іван Сымонавіч дастаў з кішэні сцізорык і, асцярожна адскрабаючы мох, вадзіў ім па жалабках літар. І ўсё ж цалкам прачытаць надпіс мы не змаглі. Нам удалося толькі разабраць пачатак і канец фразы: «Сын іх... памёр у 1854 г.» Прычым лічба «5» была не зусім выразная, і я ў блакноце, куды заносіў усе надпісы, паставіў пасля яе пытальнік. Ніяк не прачытвалася сярэдзіна фразы — нейкае доўгае слова (ці мо і не адно), якое пачыналася быццам бы на «С». Я толькі запісаў прыкладную канфігурацыю літар. У іх, відаць, хавалася імя Занавага сына, а магчыма, яшчэ нейкая інфармацыя.

Калі я агледзеў з усіх бакоў помнікі, замаляваў іх і занатаваў усе надпісы, мне захацелася паглядзець іншыя помнікі. І вось зусім неспадзявана недалёка ад месца пахавання Занаў я ўбачыў за кустом, здаецца, бузіны яшчэ адзін падобны помнік, толькі ўжо з жалезным, таксама чатырохвугольным верхам і такім жа жалезным, прыгожа аздобленым крыжам і прачытаў на ім вельмі выразны надпіс: «С. П. Абдон Зан. Памёр у 1903 г. дня 9 кастрычніка. Гадоў 54» і ніжэй: «Адпусці нам грахі нашы». Ды гэта ж сын Тамаша Зана!

Агледзець помнік Абдону Зану было не проста: перашкаджала кустоўе ды высокае бадыллё. Да таго ж перад самым помнікам, на месцы магілы зеўрала... глыбокая яма. Гэта, як мне растлумачылі, «папрацавалі» рабаўнікі — нашы, савецкія вандалы. Што яны хацелі знайсці сярод касцей? Золата, каштоўнасці?..

Параўноўваючы помнік Абдону з помнікамі яго бацькам, якія былі выкананы ў адным стылі, я зразумеў, што і тут былі гэтакія ж жалезныя надбудоўкі над гранітам і гэтакія ж, з густам выкаваныя крыжы. Нехта, як бачым, паквапіўся і на жалеза святых крыжоў, надмагільных памятак...

Пасля наведання могілак у мяне быў яшчэ час знаёміцца «ў натуры» з самімі Смалянамі, у якіх, вядома ж, не раз бываў Тамаш Зан.

Першае, што кідаецца ў Смалянах у вочы, — гэта багацце помнікаў гісторыі і культуры і... наша варварства.

Калі я глянуў на мястэчка з ускраіны, перада мною адкрыўся велічны малюнак: злева ішоў у неба высозны гмах дамініканскага касцёла, правей вылучаліся сярод простых местачковых дамоў мураваная Аляксееўская царква, драўляная Спаса-Праабражэнская царква і на ўзгорку ўцалелая вежа даўняга замка.

Але калі я пачаў бліжэй знаёміцца з гэтымі архітэктурнымі помнікамі мінулага, мой энтузіязм змяніўся нечым адваротным.

Вось рэшткі старажытнага замка, які называюць — Белы Ковель. Пабудаваў яго ў XVII стагоддзі князь Сымон Сангушка. Як паказваюць гісторыкі, Сангушкі атрымалі Смаляны ад Андрэя Курбскага ў абмен на іх уладанне на Валыні — Ковель: непакорнаму ўцекачу-палкаводцу, пэўне ж, не зусім спакойна сядзелася паблізу пакінутай ім Масковіі на чале з грозным царом, і таму ён наважыў падацца далей ад яе межаў. Сангушкам жа Смаляны прыйшліся даспадобы, і яны, згадзіўшыся на абмен, замацаваліся тут на вякі. У памяць аб першапачатковым уладанні свой замак яны назвалі Белы Ковель — «белы» таму, што ён быў светлы, відаць, пабелены. Гэта было велічнае і прыгожае збудаванне, акружанае ровам з вадою. З багатым аздабленнем усярэдзіне.

У час Паўночнай вайны ў Смалянскім замку засеў атрад шведаў на чале з генералам Капіферам, каб абараніцца ад войска Пятра І. Тады ж, у 1708 годзе, ад ядраў рускай артылерыі, якая выбівала адтуль шведаў, замкавыя вежы былі разбіты, а сцены атрымалі першыя прабоіны. Дарэчы, ад шведаў, якія разам з іх военачальнікам былі там захоплены ў палон, рускія даведаліся аб шведскім корпусе генерала Левенгаупта, што рухаўся на дапамогу Карлу XII пад Палтаву, і дзякуючы гэтаму разбілі яго каля вёскі Лясной, што мела ці не рашаючае значэнне для перамогі ў Палтаўскай бітве.

Нягледзячы на вялікія разбурэнні, Смалянскі замак у Паўночную вайну яшчэ не поўнасцю страціў свой першапачатковы выгляд. Далейшы заняпад замка, як сцвярджаюць гісторыкі, пачаўся з далучэннем Беларусі да Расіі ў канцы XVIII стагоддзя і асабліва тады, калі новы гаспадар Смалян царскі чыноўнік Сямёнаў прадаў замак нейкім гандлярам на цэглу. Цэглы гэтай хапіла і ім, і, відаць, пазнейшым ахвотнікам пажывіцца дармовым матэрыялам, бо руіны замка засталіся без прыгляду. Як мне расказалі смалянцы, з замкавай цэглы будаваліся кароўнікі.

У выніку ад велічнага замка Белы Ковель засталася толькі не да канца разбураная пяціпавярховая галоўная вежа, якая ўзвышаецца над мястэчкам як жывы сведка адшумелых стагоддзяў.

Я не адразу змог падысці да замка: і цяпер роў, што агінай ўзгорак з замкавымі руінамі, напоўнены вадой, мутнай, забруджанай зялёнай раскай. Толькі калі мне паказалі кладкі ў густым кустоўі, я падняўся па іх на той вельмі вабны зялёны ўзгорак, падышоў да магутных сцен з прахонам! акон і дзвярэй. Руіны замка зусім не дагледжаны, усярэдзіне і знадворку — поўнае запусценне, сляды чыіхсьці рыдлёвак, якія невядома што тут шукалі. І ўсё ж нават гэтая абабітая, абдзёртая, зруйнаваная вежа дае Добрае ўяўленне пра веліч Белага Ковеля.

Цікава, што з замкам народ і тут звязвае свае легенды. Набожная бабулька, з якой я разгаварыўся, на поўным сур'ёзе расказала мне, што аднаго разу вечарам да замка падымаўся, перайшоўшы кладку, мясцовы дырэктар школы і што быццам бы насустрач яму выйшла ўся ў белым княгіня. Наблізіўшыся, яна хацела падаць яму руку, але ён, спалохаўшыся здані, пусціўся адтуль наўцёкі.

— Гэта была заклятая княгіня, — закончыла свой расказ бабулька. — Кажуць, усе людзі, якія памерлі, некалі выйдуць з зямлі...

Што ж да касцёла, які так добра глядзеўся здалёку, дык ён быў сапраўдным шкілетам — адны голыя сцены, ды і тыя забруджаныя, абляпаныя нейкім мазутам, усярэдзіне і каля ўвахода рэшткі смецця, бітай цэглы, усялякага лому — праўда, нехта сабраў гэта ў кучкі. Бабулька, якая расказвала мне пра заклятую княгіню, паведала, что купал касцёла абваліўся зусім нядаўна: нішто ўжо яго не трымала — як жа, тут быў машынны двор калгаса, усю сярэдзіну касцёла выкінулі, выдралі, пераўтварыўшы ў смецце ўсе перагародкі, скульптуры, карціны, багатае аздабленне.

— А некалі ж усё тут аж блішчала, — расказвала бабулька. — Я не каталічка, але любіла сюды прыходзіць.

Побач з касцёлам я ўбачыў даўгі і невысокі мураваны будынак, на фасадзе якога прачытаў: «БССР. 1937. МТМ». Літары выбіты — не сатрэш. Таму я і паверыў быў надпісу. Але, падышоўшы бліжэй, я ўбачыў там зусім новую шыльду, з якой вынікала, што гэта была «Келейная», помнік архітэктуры XVIII стагоддзя. Калі я ўвайшоў усярэдзіну, на мяне патыхнула машынным маслам, саляркай і яшчэ невядома чым, нейкім смуродам. На зямлі (падлогі і следу не было) валяліся рэшткі аўтамабільных шын, жалезны лом, усялякі друз. Як і ў касцёле — голыя, толькі чымсьці заляпаныя, запаскуджаныя сцены.

Поделиться с друзьями: