Лісце забытых алеяў
Шрифт:
Выпадкова я натрапіў у бібліятэцы і на след самога Кахачына. У кнізе «З філарэцкага свету». У прадмове да змешчаных там успамінаў былога студэнта Віленскага універсітэта Міхала Чарноцкага, брата славутага славяназнаўца Адама Чарноцкага (Зарыяна Даленгі-Хадакоўскага), я прачытаў, што ў 1848 годзе ён набыў у Магілёўскай губерні ў князёў Сангушкаў маёнтак Леднявічы, які «знаходзіўся за пяць вёрст ад Кахачына, уладання Тамаша Зана» (дарэчы, сам аўтар успамінаў таксама пахаваны на тых жа могілках у Смалянах; шкада, што я пазнавата пра гэта даведаўся — варта б было наведаць там і магілу гэтага малавядомага публіцыста). Леднявічы я вельмі лёгка знайшоў на карце. Гэта — вёска ў Какоўчынскім сельсавеце Сенненскага раёна. Усё правільна: частка сённяшняга Сенненскага раёна ўваходзіла некалі ў Аршанскі павет.
У Сенненскі раён мне з'ездзіць не ўдалося. Думаю, гісторыяй вёскі Каханыя, яе доляй зацікавяцца Сенненскія краязнаўцы. І, пэўне ж, знойдуць дакладнае яе месца. А на ім, хочацца верыць, паставяць нейкі памятны знак. Каб нават далёкія нашчадкі ведалі, што была на Беларусі такая вёска і што жыў там чалавек, з імем якога звязана адна з цікавых старонак нашай гісторыі. Дарэчы, такія знакі-помнікі трэба б было, думаецца, паставіць усім вёскам, усім паселішчам, якія існавалі на Беларусі і цяпер беззваротна зніклі з яе абшару. Кожная ж вёска ці іншае якое паселішча — гэта частачка нас саміх, наша гісторыя. І мы не павінны гэтак безадказна выкідаць іх са сваёй калектыўнай памяці, гэтак лёгка абкрадваць саміх сябе. Пара вяртаць нам страчаную гісторыю. Разам з забытымі паселішчамі нам трэба ўспомніць і ўсіх людзей, якія рабілі гісторыю, якія пакінулі ў ёй свой след. Хай некаторыя з іх і блудзілі недзе ў дарозе, ішлі ў цемнаце не на тыя, што трэба, маякі і таму займелі імя «блудных сыноў Беларусі», але ўсё ж такі яны — яе сыны, і так, як маці не можа адцурацца ад сваіх дзяцей, што зрабілі нейкія памылкі, так і мы не павінны адварочвацца ад іх. Яны ж — факт нашай няпростай гісторыі. Галоўнае, што яны шчыра жадалі дабра свайму народу, шукалі для яго лепшую долю, аддавалі яму ўсе сілы і здольнасці, а то і жыццё. Як у адносінах да нашых запнутых вёсак, так і да лепшых сыноў Беларусі я вярнуў бы сёння крылаты лозунг следапытаў: нішто не забыта, ніхто не забыты.
На алеі і на ўзбочнай зялёнай траве вялікага напаўздзічэлага парку — свежаапалае жоўтае лісце. Яго шмат яшчэ і на дрэвах — яркай святлянай лістотай аж палыхаюць раскідзістыя старасвецкія клёны, гэтакія ж старыя, там-сям з падсохлымі галінамі нязвыкла высокія ясені, стаўбунаватыя каштаны... Быццам у нейкія залатыя харомы, уваходжу я ў гэты старадаўні парк. Крашынскі парк...
Сюды, у Крашын, прывяла мяне загадка Паўлюка Багрыма, пошукі слядоў, мусіць, беззваротна страчанай намі Атлантыды беларускай літаратуры мінулага стагоддзя.
Ад яе, гэтай Атлантыды, збераглася, дайшла да нас, па-мойму, толькі маленькая частачка. І болей за ўсё гэта — альбо асобныя творы без імён аўтараў, альбо, наадварот, імёны без твораў. Нібы ўцалелыя пасля вялікага патопу выпадковыя шчэпкі пабудоў, нейкім чынам выкінутыя на бераг абыякавымі да ўсяго хвалямі.
Адна такая хваля вынесла на свет Божы і гэта журботнае імя ў беларускай літаратуры — Паўлюк Багрым. Разам з адным-адзіным ягоным вершам. Нібы адшліфаваны кавалачак бурштыну, падняў знаходку і, па-сапраўднаму яе ацаніўшы, не даў ёй згубіцца ў бяздоннай Леце разумны беларускі інтэлігент, юрыст, ўдзельнік паўстання 1831 года на Беларусі, ураджэнец Наваградчыны Ігнат Яцкоўскі, які на чужыне, у далёкай эміграцыі, шчасліва збярог у памяці той шчымлівы Багрымаў верш і праз чвэрць стагоддзя пасля першага знаёмства з ім, у 1854 годзе, апублікаваў у Лондане ў сваёй кнізе ўспамінаў пад назвай «Аповесць з майго часу, альбо Літоўскія прыгоды», дзе ўпершыню расказаў людзям пра трагічную долю ў самым зародку загубленага вялікадзяржаўем бясспрэчнага генія нашай літаратуры.
З кнігі Ігната Янкоўскага ўведалі мы і пра тыя драматычныя падзеі ў Крашыне ў 1828 годзе.
Увесь сыр-бор узгарэўся тут з дамаганняў гаспадара маёнтка ў Крашыне Станіслава Юрагі перавесці крашынцаў, былых панцырных баяраў, з вольнага стану ў прыгонных, у сваіх падданых. Паколькі дакументы на валоданне зямлёй у крашынцаў не зберагліся, суд і права былі на баку Юрагі. Але крашынцы не хацелі мірыцца са стратай вольнасці, з несправядлівасцю ўлад. Яны адмовіліся падначальвацца свайму «ўзаконенаму» гаспадару.
Уціхамірваць бунт улады накіравалі ў Крашын дзве роты салдат. «Пры гэтай экзекуцыі, — піша Ігнат Янкоўскі, — некалькі сялян былі збіты да смерці, звыш дзесятка сасланы ў Сібір або ў вайсковую службу, а двор і вёска моцна пацярпелі, бо тая каманда з афіцэрамі на працягу некалькіх месяцаў утрымлівалася за мясцовы кошт».
У падбухторванні крашынцаў да бунту ўлады абвінавачвалі тутэйшага ксяндза Войцэха Магнушэўскага. Адну з прычын гэтага падбухторвання бачылі ў незадаволенасці ксяндза жаніцьбай Юрагі з Антанінай Радзівіл і пераходам да яго Крашына. Крашын быў адным з маёнткаў князёў Радзівілаў. Каб завалодаць ім, паручнік польскіх войск Станіслаў Юрага і папрасіў быццам у князя Мацея Радзівіла рукі ягонай дачкі Антаніны. Вядома, збяднелы шляхціц быў не раўня магутнаму радзівілаўскаму роду. Але старэйшая за яго Антаніна, мусіць, моцна пакахала бравага афіцэра і вельмі хацела выйсці за яго замуж. Бацькам жа такі «няроўны шлюб», вядома, не мог быць даспадобы. Ды жаніху і нявесце пасадзейнічаў тут брат Антаніны Канстанцін Радзівіл, які пасябраваў са Станіславам Юрагам яшчэ ў 1813 годзе ў крэпасці Мадлін над ракой Віслай. Пасля жаніцьбы Крашын як пасаг за Антанінай перайшоў да Юрагі. Ксёндз, відаць, убачыў у гэтым шлюбе нешта нядобрае. Але галоўнай прычынай непрыязнасці справядлівага і добрага Войцэха Магнушэўскага да Юрагі і падбухторвання супроць яго прыхаджан-крашынцаў было іх гвалтоўнае заняволенне ўладаром Крашына.
Ігнат Янкоўскі расказвае, што ў час расследавання сялянскага бунту ў Крапівін прыехалі тагачасны папячыцель Віленскай навучальнай акругі сенатар Мікалай Навасільцаў (той, што чатыры гады назад расправіўся з філаматамі і філарэтамі) і рэктар Віленскага універсітэта Венцаслаў Пелікан, якія дачуліся, што быццам бы ксёндз Магнушэўскі самачынна, без дазволу універсітэта адкрыў у Крашыне парафіяльную школу і «прывівае там непакорнасць духу». Каб пераканацца ў гэтым, яны намерыліся «злавіць яго ў путы ліслівасці» і выпытаць усё пра настроі школьнікаў. Паверыўшы ў добразычлівасць самага высокага начальства на ніве асветы, Войцэх Магнушэўскі пачаў «траціць патрэбную цвярдыню асцярожнасці» і выказвацца ў абарону ўзбунтаваных крашынцаў. Тут Навасільцаў папракнуў ксяндза, што ён кепска выхоўвае сваіх прыхаджан, не дае ім асвету. Не зразумеўшы «хітрыкаў» сенатара, Магнушэўскі расказаў, што ён якраз многа робіць у гэтым напрамку, што мае нават парафіяльную школу. Атрымаўшы такое прызнанне ксяндза, сенатар Навасільцаў захацеў азнаёміцца са школай. Для гэтага ксёндз загадаў паклікаць з вёскі лепшых вучняў, якіх і ўзяліся экзаменаваць прыезджыя. Сенатар з рэктарам пачалі хваліць ксяндза за добрыя веды вучняў, за тое, што сваім навучаннем ён «робіць паслугу краю». Паверыўшы ў шчырасць «экзаменатараў», Магнушэўскі пахваліўся яшчэ, што сярод ягоных вучняў ёсць сапраўдныя таленты. Тут ён папрасіў аднаго з іх пачытаць «уласныя вершы на беларускай гаворцы, напісаныя без чыйго-небудзь натхнення і ўзору». Хлопчык, якога аўтар называе Пётракам (як мяркуюць, памылкова альбо дзеля перасцярогі), дастаў сшытак і «пачаў чытаць свае журботныя элегіі, з якіх толькі некалькі строф засталося ў аўтара ў памяці — іх тут і прыводзім».
І Янкоўскі падае тэкст вядомага цяпер усім верша Паўлюка Багрыма «Заграй, заграй, хлопча малы...».
Паўлюк Багрым, як сведчыць Янкоўскі, прачытаў тады прыезджым «шэсць ці сем элегій».
Сшытак Багрымавых вершаў сенатар забраў з сабой і, ад'язджаючы, паабяцаў падумаць «пра лёс такога незвычайнага паэта». Падумаць-то ён падумаў, але зусім не так, як чакалі ксёндз і яго выхаванец: за «крамольныя» вершы хлопец быў аддадзены ў рэкруты, а ксяндза Магнушэўскага ўзялі пад варту. Усё гэта канчаткова дабіла старога і хворага ксяндза. Асабліва шкадаваў ён, што сваёй неасцярожнасцю стаў прычынай жорсткага пакарання таленавітага паэта. Свае разважанні пра Паўлюка Багрыма Ігнат Янкоўскі заканчвае такімі словамі: «Бёрнс, парабак з Англіі, пры менш цяжкіх акалічнасцях, уласным талентам, не падтрыманым ніякай навукай, забяспечыў сабе неўміручае імя, а сваёй сям'і — пашану і дастатак; Пётрак з Крашына за талент, дадзены яму Богам, зазнаў самае жорсткае няшчасце!»
Пра Крашынскі бунт і Паўлюка Багрыма цікавыя звесткі дадалі следчыя справы, што апублікавалі літаратуразнавец Ісідар Бас у сваёй кнізе «Літаратурныя пошукі, знаходкі, даследаванні» (Мінск, 1969) і Генадзь Кісялёў у «Пачынальніках» (1977).
З гэтых дакументаў відаць, што для расследавання бунту крашынскіх сялян прыязджаў сам гродзенскі губернатар Бабяцінскі з чыноўнікам па асобых даручэннях Нечвалодавым і што якраз Нечвалодаву, а не Навасільцаву з Пеліканам чытаў Паўлюк Багрым па просьбе ксяндза Магнушэўскага вершы. Вось як піша пра гэта ў сваіх паказаннях сам Паўлюк Багрым: «Ад роду мне 15 гадоў, рэлігіі рымска-каталіцкай, вучыўся ў плябаніі чытаць, пісаць і пачаткам арыфметыкі ў кс. пробашча Войцэха Магнушэўскага і ў былога вікарыя нябожчыка кс. Піуса Гарбацэвіча. Пасля таго, прыслугоўваючы кс. пробашчу Магнушэўскаму, вывучаў розныя вершы, якія я перапісаў у арганістага пры плябаніі Георгія Арлоўскага, у іх ліку перапісаў і вывучыў вершы на простай польскай мове (г. зн. на беларускай мове. — К. Ц.) пад назвай «Размова хлопаў». Вершы гэтыя мною вывучаны ўжо каля пяці гадоў, але ніколі кс. плябан ні перад кім не прымушаў мяне ў сваёй прысутнасці расказваць іх, і я сам не помню, каб калі-небудзь і перад кім-небудзь расказваў гэтыя вершы. Але ў бытнасць п. гродзенскага цывільнага губернатара з чыноўнікам сваім п. Нечвалодавым у апошніх чыслах мая месяца гэтага года ў кс. пробашча Магнушэўскага ён, Магнушэўскі, у сваёй прысутнасці і бытнасці п. Нечвалодава загадаў мне памянёныя вершы прагаварыць на памяць, што я і выканаў, а потым па просьбе п. Нечвалодава і па загаду кс. Магнушэўскага перапісаў іх і, яшчэ раз прачытаўшы перад п. Нечвалодавым, аддаў яму асабіста...»
Як бачым, тут шмат што не стыкуецца з успамінамі Ігната Янкоўскага.
Галоўнае — з паказанняў самога Паўлюка Багрыма вынікае, што ён чытаў не свае вершы, а толькі перапісаны ім верш «Размова хлопаў» — варыянт вядомага беларускага верша Яна Баршчэўскага «Рабункі мужыкоў». Але тады ўстае пытанне: адкуль жа ўзяўся ў Ігната Янкоўскага верш «Заграй, заграй, хлопча малы...»? Тут магчыма такая версія: услед за вершам Яна Баршчэўскага Паўлюк Багрым, падахвочаны Магнушэўскім, чытаў і свае, але запісаў іх пад адзіным загалоўкам — «Размова хлопаў». А хутчэй за ўсё ён напісаў свае вершы пазней і паказаў іх разам з іншымі Ігнату Янкоўскаму як адвакату.
Што ж да наведвання Крашына самім сенатарам Навасільцавым і рэктарам Віленскага універсітэта Пеліканам, то гэта дакументальна, здаецца, не пацвярджаецца. Але пра падзеі ў Крашыне яны дасканала ведалі з данясенняў службовых асоб і на іх аснове прымалі «неабходныя меры».
Самае галоўнае, мы не ведаем, дзе дзеліся вершы Паўлюка Багрыма. Няўжо не была «падшыта» гэтая «крамола» ў якіх-небудзь справах? А можа, Багрымавы вершы згубіліся ў паперах каго-небудзь з удзельнікаў тых далёкіх падзей і, некранутыя, пыляцца недзе на архіўных паліцах, чакаюць не дачакаюцца свайго Шэрлока Холмса?