Лісце забытых алеяў
Шрифт:
Гаварылася шмат пра што. I, канешне, пра тое, што трывожыць хлебароба: як пратрымаць карову, нарабіць сена, што трэба б было зрабіць калгасу, каб маладыя гэтак не ўцякалі ў горад, чаго тут ім не хапае.
У час нашай гаворкі на лаўку падсеў дзядзька гадоў пяцідзесяці пяці. Гэта быў, як мне сказалі цёткі, — «стражнік», калгасны вартаўнік. Ён сядзеў моўчкі, слухаў — i расказы цётак, i мае роспыты. А потым, падазрона аглядаючы мяне, пальнуў:
— А вам нашто гэта ведаць? Хто вы такі?
Я пачаў як можна прасцей растлумачваць дзядзьку прычыну майго з'яўлення ў Кудзінавічах. Але па яго вачах я бачыў, што маім словам ён не надта дае веры.
Цёткі таксама прыкусілі языкі, началі кідаць на мяне цікаўныя позіркі, як быццам толькі цяпер убачылі. Гаворка, як я ні стараўся яе працягваць, ужо не клеілася.
— Можа б, лепей правялі мяне, дзядзька, да брыгадзіра? — я зразумеў, што без афіцыёза тут не абысціся.
— А вы i самі знойдзеце, яго хата унь за выганам, — адказаў дзядзька тым жа — з цвёрдымі ноткамi — голасам.
Мне нічога не заставалася, як развітацца. Я ішоў з такім адчуваннем, быццам у чымсьці быў вінаваты.
Брыгадзіра (правільней, выконваючага абавязкі брыгадзіра, бо пастаянны брыгадзір хварэў) дома не было. Бабка, відаць, яго маці, сказала, што ён паехаў з жонкай у дровы. Прыйшлося яшчэ пагуляць па вёсцы — памазоліць людзям вочы.
Калі зноў вярнуўся да брыгадзіравай хаты, на двары — убачыў — стаялі калёсы з дрыўмі, пры аглаблі ляжалі хамут i сядзёлка. Каля гайка тупаў i сам гаспадар.
Паздароўкаўшыся, я назваў сябе, дастаў сваё камандзіровачнае пасведчанне. Брыгадзір — пажылы, павольны ў рухах чалавек — узяў паперку, запрасіў мяне на веранду, пасадзіў на лаве, сам таксама сеў побач са мной i пачаў — доўга, шавелячы губамі — чытаць. У час гэтага зацяжнога чытання ўвайшла яго жонка. Яна нахілілася да яго вуха i начала нешта шаптаць.
— Ды не, вось жа дакумант, — сказаў уголас брыгадзір, паказваючы ёй мае пасведчанне.
— Хто ж яго ведае, — сказала цётка — у яе быў агрубелы ад вятроў i сонца твар, патрэсканыя прыпухлыя рукі; павярнуўшыся да мяне, яна «датлумачыла»: — Гэта ж, кажуць, амерыканцаў з неба спускаюць. Каб нашу савецкую ўласць забраць... Хаця ж бы i вы не былі які шпіён...
Я не памыліўся, яна так i сказала: «шпіён». Мне гэта пачало ўжо надакучаць, i я не ўтрымаўся:
— Кіньце вы малоць глупства! Няўжо вы думаеце, што патрэбны нейкаму шпіёну?
Мае вельмі шчырае абурэнне, здаецца, заспакоіла жанчыну. Хаця не зусім, бо яна ўсё яшчэ паглядвала на мяне з падазронасцю — відаць, чутка пра мяне ужо разнеслася па вёсцы. Усё гэта толькі раздражняла, псавала настрой.
Між іншым, з такімі недарэчнымі падазрэннямі я сустракаўся не ўпершыню. Аднойчы, калі я яшчэ працаваў на Беларускім радыё, мы ўдваіх з супрацоўнікам літаратурнага музея Янкі Купалы літаратарам Іванам Курбекам збіралі ў вёсцы Камуна Любанскага раёна матэрыял для перадачы «Гавораць героі паэмы «Над ракой Арэсай». Мы хадзілі ад хаты да хаты, запісвалі галасы першых камунараў, па ходу здымаючы фотаапаратам тое, што здавалася нам цікавым у вёсцы купалаўскіх герояў. I раптам на вуліцы наганяе нас хлапчук i кажа, што нас просіць старшыня сельсавета. Калі мы зайшлі ў сельсавет, старшыня — помніцца, ён быў без нагі — спытаўшы, хто мы такія, патрабаваў у нас дакументы. Мы дасталі свае пасведчанні з месца работы. Хоць яны былі з фотакарткамі, усімі пячаткамі i подпісамі, старшыня аб'явіў нам, што яны не сапраўдныя i патрабаваў даць другія. Пашпарты нашы былі ў любанскай гасцініцы, i больш нічога даць старшыні мы не маглі. Тады ён загадаў нам аддаць «рэпарцёр» i фотаапарат, дакументы таксама нам не вяртаў. Дзейнічаў ён вельмі рашуча, упэўнена. У сельсавеце — каля стала i ў дзвярах — стаяла нямала дужых вясковых хлопцаў, якія з цікавасцю назіралі, як старшыпя затрымліваў «шпіёнаў», як званіў у раённую міліцыю, дакладваючы аб затрыманых, у якіх ён «изъял фотоаппарат и магнитофод». Нас, канешне, давялося потым адпусціць (трэба было бачыць, з якой незадаволенасцю аддаваў нам старшыня нашы — «магнітафоды»!), хоць мы i патрацілі на гэты спектакль нямала дарагога нам часу...
Дарогай, па якой ездзіў некалі на вазку ў нясвіжскую дамініканскую школу Уладзіслаў Сыракомля, я — спачатку пехатой, потым на аўтобусе — дабраўся пад вечар да Нясвіжа.
Гарадок якраз «абзаводзіўся» ценямі. З акна нейкай вежы, што маячыла над усімі дахамі дамоў i хат, цаляла ў вочы чырвонае вячэрняе сонца, якое расплылося па шыбе. За Слуцкай брамай нехта раскручваў — здаецца, «Запарожцам» — белы шлейф пылу, які так i вісеў над усёй паласой дарогі.
Уладкаваўшыся ў гасцініцы, я выйшаў пагуляць па горадзе. Накіраваўся да радзівілаўскага замка, дзе, шапочучы чаротам, залацела возера. Пры вуліцы, агароджаны мураванай сцяной, ішоў у неба велічны фарны касцёл. Ён якраз быў адчынены — там нешта рамантавалі. Я ўвайшоў унутр. Справа, на сцяне, у вялікай пазалочанай рамцы мне адразу кінуўся ў вочы знаёмы партрэт Уладзіслава Сыракомлі. Гэта мяне не здзівіла: тут, у Нясвіжы, паэт быў дома. Тут, пачынаючы з 1833 года, гэта значыць, з дзесяцігадовага ўзросту, жыў — спачатку вучыўся, а потым i працаваў у радзівілаўскай канцылярыі — будучы паэт, тут ён ведаў кожны камень на бруку, кожнае дрэва ў старажытным парку. Як ніхто лепей, ведаў ён i гісторыю горада, пачынаючы ад даўнейшых часоў. З яе, з гісторыі Нясвіжа, i пачаў ён па сутнасці сваю працу па даследаванні гісторыі Беларусі. Артыкул пра Нясвіж, які папісаў Ул. Сыракомля на падставе радзівілаўскіх архіваў, быў надрукаваны ў «Старажытнай Польшчы» Балінскага. Гісторыі Нясвіжа, яго быту i культуры, яго багатым гістарычным помнікам прысвечаны таксама вялікі раздзел у «Вандроўках па маіх былых аколіцах». Можна смела сказаць, што i па сённяшні дзень гэтыя працы па гісторыі Нясвіжа найбольш поўныя. Без ix наўрад ці абыдзецца i цяпер любы даследчык гісторыі нашых гарадоў i мястэчак. З прац Сыракомлі мы даведваемся, напрыклад, пра тое, што Нясвіж некалі адыгрываў вельмі значную ролю як у культурным, гаспадарчым, так i палітычным жыцці Вялікага княства Літоўскага. Яго называлі нават «другой сталіцай Літвы» пасля Вільні. У сваіх «Вандроўках» Сыракомля расказвае аб развіцці культуры, аб выдавецкай дзейнасці ў Нясвіжы выдатнага беларускага асветніка эпохі Адраджэння Сымона Буднага, чалавека энцыклапедычных ведаў, які добра валодаў многімі еўрапейскімі мовамі, у тым ліку чэшскай, італьянскай, грэчаскай, лацінскай, царкоўнаславянскай, стараяўрэйскай, але які тым не менш пісаў i друкаваў свае творы на роднай яму беларускай мове. «Глупствам з'яўляецца, — гаварыў ён, — пагарджаць мовай адной краіны i ўзносіць да неба мову другой». На беларускай мове Сымон Будны напісаў i выдаў у 1562 годзе ў Нясвіжскай друкарні адзін з найбольш значных сваіх твораў — «Катэхізіс», прызначаны для «паспалітнага люду», а таксама іншыя кнігі.
Мяне захапілі яркія, багатыя фарбамі старажытныя роспісы — карціны на біблейскія тэмы, што былі на сценах i столі касцёла, а таксама шматлікія скульптурный ўпрыгожанні i прадметы дэкаратыўнага мастацтва. Пра ix я ведаў раней з літаратуры, у тым ліку ад Сыракомлі, але бачыў упершыню. Сам касцёл таксама быў цікавы для мяне як архітэктурны помнік мінулага. Пабудаваны ён быў яшчэ ў XVI стагоддзі па праекту італьянскага архітэктара Яна Марыі Бернардоні, якога запрасіў князь Мікалай Хрыстоф Радзівіл-Сіротка. Князь задумаў зрабіць у гэтым касцёле скляпенне для пахавання членаў свайго роду. Кажуць, i цяпер там стаяць дубовыя ацынкаваныя труны з пахаванымі князямі розных пакаленняў. Пра гэтыя труны мне ўспомніўся верш Уладзіслава Сыракомлі, у якім ён вельмі ясна, з характэрнай для паэта іроніяй i выкрывальнай сілай выказаў свае адносіны да «мажнаўладцаў» — прыгнятальнікаў народа:
З трун гнілізнай вее — хоць там арыстакраты Ляжаць у бальзаміне, злажыўшы галовы. Згнілі паны i пані, адно ўбор багаты, Шкілет, герб гавораць пра ix шлях жыццёвы. Хацелі застацца ў гісторыі, у памяці люду, Золатам ды крывёю свае імёны пісалі. Так, былі i яны людзі — тут блюзніць не буду. Толькі што, каб яны раптам з труны паўставалі? Зноў бы беглі да ix на паклон, па спагаду, А яны адварочвалі б вочы з пагардай?..З касцёла завяла мяне вуліца да замка, дзе цяпер санаторый «Нясвіж». Зялёныя агромпістыя насыпы-валы, тоўстыя мураваныя сцены палаца, вузкія высокія вокны, глушыня ўнутранага двара — адусюль веяла старажытнасцю, часамі, якія даўно праляцелі над светам, але якія, здавалася, нейкім чынам затрымаліся, зачапіліся тут за гэты вось грудок зялёнае зямлі.
Свае ўражанні ад велічы нясвіжскага замка Уладзіслаў Сыракомля выказаў у санеце, які так i назваў «Замак». Наогул, у Нясвіжы няма месца, якое б ён не апеў у сваіх паэтычных радках. Напрыклад, у цыкле санетаў «Успаміны Нясвіжа» паэт расказаў i пра Радзівілаўскія муры («Канторшчык бедны, там сядзеў я днямі»), i пра агульны выгляд горада («Малы занушчаны горад стаіць у руінах»), i пра Слуцкую браму, i пра радзівілаўскі звярынец Альбу з летнім палацам, які, дарэчы, як з абурэннем піша Сыракомля ў «Вандроўках», быў, ужо ў яго час, «рукою нейкага спекулянта перароблены на простую гаспадарчую ферму», ад чаго «пазбавіўся сваёй аздобы». Шмат нясвіжскіх пейзажаў першай палавіны XIX стагоддзя рассыпана i ў выдатнай паэме Сыракомлі пра яго «школьныя часы».
Пра ўсё гэта я ведаў, прачытаўшы Сыракомлю, асобныя радкі i строфы былі ў памяці. Таму, калі блукаў па Нясвіжу, было такое ўражанне, быццам горад мне даўно знаёмы i я цяпер толькі прыпамінаў, пазнаваў вядомыя мне мясціны.
На ўскраіне горада, за старым змрачнаватым паркам, мне падалося, што я іду якраз па той дарозе, якую некалі князь Кароль Радзівіл усыпаў соллю i ездзіў па ёй летам на санях, запрэжаных мядзведзямі. Дзядзька, які скошваў па броўках густы пырнік, пацвердзіў маю здагадку: сапраўды, гэта тая «белая» дарога, пра яе ён чуў ад старых. Пра гэтую дарогу, пра дзікія свавольствы князя пісаў i Сыракомля — як у нарысах, так i ў паэтычных творах. Князь марыў аб славе, аб людской памяці, a дабіўся таго, што паэт «увекавечыў» яго як тупога i бяздушнага самадура, самахвальца, часовая «вядомасць» якога вырасла на народнай крыві. Смяротны прысуд вынес яму паэт у сваёй «Народнай гутарцы» — «Ілюмінацыя», пачутай тут, у Нясвіжы, ад старой беларускай жанчыны.
Князь нясвіжскі Кароль, дайце веры мне, дзеткі, Пэўна, мора меў грошы, Нечувана нідзе, дый не бачана гэткай I за светам раскошы. Колькі птаства на кухню ішло, колькі трункаў, Як ігралі музыкі, Калі князь на дзівосы свае i частункі Панства рознае клікаў. От, вядома, шалеюць з раскошы магнаты, Шум i смех у палацы; Плацяць плачам за гэта змарнелыя хаты, Плацяць чорнаю працай.Гэта, так сказаць, «запеў» гутаркі, дзе дадзена агульная характарыстыка Кароля Радзівіла. Далей Уладзіслаў Сыракомля — вуснамі боларускай жанчыны — расказаў пра дзікі факт свавольства i здзеку з народа ўсеўладнага князя-самадура. Задумаўшы гучна правесці свае ўгодкі, князь загадаў усім жыхарам Нясвіжа паліць паходні. Жанчына, ад імя якой вядзецца апавяданне, не магла выйсці на вуліцу, каб паліць на сваім слупу ліхтар, — у яе на руках было хворае дзіця. Тады служка з ратушы, паразбіваўшы ў хаце вокны, вырваўшы з рук дзіця, сілай выцягнуў яе на вуліцу. Дзіця, якое заходзілася ад плачу, засталося ў напоўненай холадам хаце адно.