Лісце забытых алеяў
Шрифт:
Пакінуўшы каля былой паэтавай хаты машыну, мы вырашылі прайсці па вуліцы Жукавага Барка. У праваднікі ўзялі Сыракомлю, разгарнуўшы яго «Вандроўкі»:
«Праз пясчысты насып уязджаем у вёску Жукаў Барок, — працавіты люд урабіў праз вякі бясплодныя пяскі — збажына тут буйней кусціцца, чым у аколіцы; люд сярэдняга росту, лагодных славянскіх рысаў твару, у чорных з дамашняй воўны сярмягах, заклапочана снуе на сваіх шнурах. Вітаем яго па даўняму звычаю словамі: «Бог у помач» i ад сэрца зычым яму поспеху ў яго мазалю. Веска балоцістая, бо ў нізіне, i хоць малая — складаецца з якіх дзесяці хат — усё ж, дзякуючы таму, што побач Неман, — можа пахваліцца кузняй, млынам, царквой, плябаняй, лясніцтвам, вялікай новай карчмой i паромам».
Канешне, ні «чорных сярмяг», ні «шнуроў», ні балота не было тут цяпер i ў паміне. Але што ж, цікава, засталося са старых пабудоў? Каля берага Немана мы знайшлі стары каменны млын. Пануры, з бародкамі імху, зарослы быльнягом — колькі праз яго ўцякло вады!
Але мяне больш за ўсё цікавіла уніяцкая царква, якую, як піша на той жа старонцы Сыракомля, «каля 1720 году залажыу» тут «Кароль Станіслаў Радзівіл, літоўскі канцлер». Аказваецца, яна прастаяла тут усе свае 250 гадоў i толькі нядаўна была знесена. На яе месцы мы знайшлі кучы бітай цэглы i друзу. Мікола Кавальчук шчыра шкадаваў («Гэта было не пры мне, я б такога не дапусціў»). Ён пры гэтым расказаў мне, што ў царкве было шмат кніг, у тым ліку старажытных, а таксама рукапісных, дзе рэгістраваліся ўсе падзеі вёскі, асабліва нараджэнне, шлюб, смерць прыхаджан. Усе гэтыя кнігі, як яму сказалі, перавезлі ў Стоўбцы, пра ix павінны ведаць у раённым аддзеле культуры.
Я адразу ўзгарэўся паехаць зноў у Стоўбцы: гэтыя кнігі, асабліва рукапісныя, былі б для мяне выдатнай знаходкай. Яны, канешне ж, шмат чаго расказваюць пра ўсё «паэтычнае гняздо» — i пра Саламона Маймана, i пра Вінцэся Каратынскага, i пра Адама Плуга, i пра Уладзіслава Сыракомлю! У ix, пэўна ж, хаваецца нямала тайнаў, якія памогуць даследчыкам вельмі многае растлумачыць з гісторыі нашай культуры i літаратуры. Мне ж, у прыватнасці, яны б дапамаглі разгадаць «загадку Сыракомлі». У паэта, як вядома, ёсць нямала твораў, напісаных на матэрыяле жыцця мясцовых сялян. Маючы пад рукамі запісы вясковых падзей, можна б было дакладна даведацца, наколькі праўдзівы быў паэт у сваіх творах, што было асновай яго творчасці, як ён выкарыстоўваў у ёй мясцовыя факты. Мне ўспомніўся, у прыватнасці, пранікнёны верш Сыракомлі «Араты да жаваранка», у якім паэт расказвае пра вельмі звычайную, а таму яшчэ больш жахлівую з'яву ў жыцці тагачаснага беларускага селяніна вясновы голад.
Ты ўжо звоніш, жаўраночку, я ару таксама. Табе легка — заляці, брат, да нябеснай брамы, Раскажы там аб ратаях, долi невясёлай: Люд вясне не рад, бо ходзіць голад зноў па сёлах. Чалавек прачнецца рана — рук крануць не ў сіле, Песню сноў бы, толькі грудзі з голаду застылі. Што нам кліч вясны-красуні, ранак той чароўны, Калі зноў i зноў па мёртвых звоніць звон царкоўны.У канцы верша стаіць дата: «10 красавіка 1851 г.». I месца напісання твора — «Залуча». Відаць, паэт гэты страшны голад бачыў якраз тут, у Жукавым Барку. Каб упэўніцца ў гэтым, дастаткова перагартаць тыя рукапісныя кнігі з рэгістрацыяй смерці сялян за час, якім памечаны верш. Можна на падставе тых запісаў, дакументальна дамаляваць карціну той сялянскай бяды. I гэтым самым упэўніцца, якія жыццёвыя крыніцы жывілі творчасць паэта.
Гэтак жа сама можна, мусіць, даведацца i пра жыццёвую аснову верша «Пахаванне маладога аратага», напісанага ў тым жа, 1851 годзе, толькі 10 жніўня. У ім паэт з вялікім спачуваннем («Чую, як кроў мая стыне ля сэрца») расказвае, як вязуць на могілкі i хаваюць зусім яшчэ маладога селяніна, загубленага цяжкім паднявольным жыццём. Ёсць пра верш сведчанне Вінцэся Каратынскага, які быў сакратаром Сыракомлі: «Штуршок да напісання гэтага верша даў Кандратовічу сапраўдны выпадак у вёсцы Жукаў Барок, якую арандаваў паэт». Наколькі дакладныя гэтыя словы? Хто быў той «малады араты»? Адказ на гэтыя пытанні, напэўна ж, хаваецца ў царкоўных запісах — такая падзея не магла прайсці міма царквы.
Такім вось чынам можна б было «праверыць» шмат якія вершы Сыракомлі.
Але мае надзеі лопнулі, як той мыльны пузыр, калi я, вярнуўшыся ў Стоўбцы, зайшоў у аддзел культуры райвыканкома: там мне сказалі, што кнігі з жукаборскай царквы... спалілі. Убачыўшы мае здзіўленне i расчараванне, Таіса Сцяпанаўна Дзіянава, супрацоўнік аддзела культуры, нараіла мне схадзіць да качагара, які паліў кнігі — магчыма, у яго што-небудзь ды засталося. Жыве ён недзе на вуліцы Гагарына. Зваць — Міхаіл Кандратавіч Пляскач. Што ж, на ўсякі выпадак трэба схадзіць. Вясёлы гаваркі дзядзька, у якога я папытаў, дзе жыве Пляскач, з ахвотай узяўся правесці мяне.
— Па носе пазнаю: вы — яго радня, — сказаў дзядзька.
Я толькі ўсміхнуўся, не спяшаючыся яго расчароўваць: у дзядзькі, мне здалося, засвярбеў ужо нос, нешта прадчуваючы.
Высокі, светлы дом Плескача хаваўся ў зеляніне дрэў i кустоў. Сад быў зайздросны, добра дагледжаны. Дзядзька, не гледзячы, адшчапіў прывычным рухам рукі дашчаныя зялёныя варотцы i ўпэўнена пашыбаваў на дывановай дарожцы на верандзе ў дом. Там нікога не аказалася, i дзядзька павёў мяне ў сад.
— Дзе ты там, старая развалюха? — гукнуў ён i, пачуўшы голас Плескача, дадаў:— Ідзі скарэй — госця табе прывёў. З тваёй, з Плескачовай, хеўры.
Пляскач, не надта стары, моцны чалавек, паволі расхінаючы галіны яблынь, падышоў да нас.
— Ну, пазнаёш? — пытаў дзядзька. — Пазнавай, пазнавай — нос у яго твой.
Пляскач акінуў мяне ўважлівым поглядам i паціснуў плячыма.
Каб не рабіць з сябе загадкі, я адразу растлумачыў, хто я i чаго сюды прыйшоў. Дзядзька, які мяне прывёў, пачуўшы пра нейкія кнігі, прыкметна расчараваўся i, даўшы «бывайце здаровы», хуценька паціснуў за вароты.
— Што праўда — то праўда, кнігі мы спалілі, — расказваў Пляскач. — Звалілі к нам, у качагарку — прайсці не было як. Яны там доўга ляжалі. Усе Стоўбцы хадзілі туды — што хто хацеў, тое i браў. Кніг гэтых было, можа, дзвесце — цэлая гара. Усякія там былі — i друкаваныя, i так, ад рукі пісаныя. Якім было мо па тысячы год — тоўстыя, счарнелыя, крыж залачоны пасярэдзіне. У другіх было запісана, калі хто радзіўся, вянчаўся, прычашчаўся. Я дажа сябе там быў зпайшоў... Чакалі мы, чакалі, калі ix забяруць, асвабадзяць нам праход i — па кнізе, па кнізе — пачалі падпальваць імі ў печы. Нас тады чатырох было, качагараў. На змену палілі. Больш як на месяц хапіла ix для распалу...
— А хто прывёз ix да вас, гэтыя кнігі?
— Распараджаўся імі былы намеснік старшыні райвыканкома Ліцко, — адказаў Пляскач. — Не ведаю, можа, ён не ўсе нам скінуў...
Разам з інструктарам райкома партыі Сашам Турко, вельмі цікаўным i дапытлівым хлопцам, які нядаўна закончыў універсітэт у Мінску i зараз піша кнігу па гісторыі Стаўбцоўшчыны, мы адшукалі шыкоўны, у зеляніне дом Ліцко. Жанчына, якая выйшла нам насустрач, сказала, што гаспадара дома няма — пайшоў купляць муку. Падышлі к магазіну. Саша адразу знайшоў у чарзе Ліцко.
— Кнігі? — павярнуўся да мяне сярэдпіх гадоў мужчына з поўным, старанна выгаленым тварам. — У мяне нічога не засталося — усё спалілі качагары,- і ён зноў адвярнуўся, даючы мне зразумець, што размова скончапа.
Выпадкова я даведаўся, што ў гаражы райвыканкома частка кніг, праўда, з другой, Вялікасульскай царквы, усё ж захавалася. «Я збіраўся паведаміць куды-небудзь у Мінск, — сказаў мне цяперашні намеснік старшыні райвыканкома таварыш Юнцэвіч, — i так не сабраўся дасюль».
Антон Уладзіміравіч дазволіў мне паглядзець гэтыя кпігі. Сярод ix я знайшоў камплекты «Мінскіх епархіяльных ведамасцей», кнігі царкоўных запісаў дзевятнаццатага i нават васемнаццатага стагоддзяў, дарэвалюцыйныя брашуры, кпігі на лацінскай мове. Канешне, некаму гэтыя матэрыялы будуць выдатнай крыніцай для даследаванняў. Таму, прыехаўшы ў Мінск, я пазваніў дырэктару Цэнтральнага дзяржаўнага гістарычнага архіва БССР Мікалаю Іванавічу Сціхараву. Мікалай Іванавіч падзякаваў мне за паведамленне i сказаў, што адразу ж камандзіруе ў Стоўбцы каго-небудзь з работнікаў, каб забраць тыя матэрыялы ў архіў.
Мне падумалася, што, магчыма, i яшчэ дзе-небудзь вось так валяюцца ў скляпеннях i гаражах каштоўныя старыя кнігі, якія многае могуць расказаць пра гісторыю нашай зямлі. Дык чаму б не зацікавіцца імі мясцовай інтэлігенцыі, камсамолу i не паведаміць у адпаведныя арганізацыі. Давайце ж, дарагія таварышы, — захацелася мне звярнуцца да гэтай інтэлігенцыі, — пакончым, нарэшце, з такой нашай абыякавасцю да культурнай спадчыны народа. Мы ж — гаспадары сваёй зямлі!
Быў ужо мяккі празрысты надвячорак. Сонца яшчэ свяціла, але дзённая гарачыня патроху спадала. Далёкая паласа лесу, паплавы i палеткі збажыны i бульбы, нічым не затуманеныя (марыва ўжо знікла), праглядваліся прарэзліва ва ўсіх сваіх фарбах — як намаляваныя. I мне раптам уздумалася, не чакаючы заўтрашняга дня, цяпер вось i пачаць сваю далейшую вандроўку ў новую мясціну, звязаную з Сыракомлем — вёску Мархачоўшчына. Балазе яна зусім недалёка ад Стоўбцаў. У Мархачоўшчыне, куды пераехалі з Кудзінавіч бацькі Сыракомлі на новую арэнду, паэт правёў частку сваіх дзіцячых i юнацкіх гадоў: сюды прыязджаў ён з Нясвіжа на канікулы, тут пасля заканчэння вучобы памагаў бацьку па гаспадарцы. Мне трэба было хоць адным вокам глянуць на тыя мясціны.