Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Ленін і Сталін думаюць пра Беларусь

Трофимчик Анатолий Викторович

Шрифт:

Заангажаваныя ў справах Беларусі бальшавікі мелі выразна антынацыянальныя намеры, аб чым можна аб'ектыўна меркаваць па словах галоўнага бальшавіцкага ідэолага «Заходняй вобласці» В. Кнорына, якія недвухсэнсоўна характарызуюць палітычную лінію бальшавікоў: «Мы лічылі, што беларусы не з'яўляюцца нацыяй і што тыя этнаграфічныя асаблівасці, якія іх аддзяляюць ад астатніх рускіх, павінны быць зжыты. Нашаю задачаю з'яўляецца не стварэнне новых нацыяў, а знішчэнне старых нацыянальных рагаткаў. Беларускі ж рух з'яўляецца такім узвядзеннем новых нацыянальных рагаткаў, якіх не было да гэтых пор, а таму камуністы не могуць у якім бы то ні было выглядзе прымаць удзел у гэтым руху. …Мы, камуністы, у тым краі, што вы называеце Беларуссю, працуем, не лічачыся з тым, якога мы роду і племені. <…> Беларускі рух — гэта адраджэнне ў пачварных формах сацыял-шавінізму, з якім мы так доўга вядзем барацьбу» (восень 1918 г.). У. Ленін яшчэ 29 красавіка 1917 г. адкрыта заяўляў: «Конечно, теперь насилие царит над Польшей, но чтобы польские националисты рассчитывали на освобождение ее Россией — это измена Интернационалу». А 22 верасня 1920 г., г. зн. пасля правалу наступлення на Варшаву, у палітычнай справаздачы ЦК ІХ Усерасійскай канферэнцыі РКП(б) У. Ленін прызнаўся не для друку, што тым наступам яны імкнуліся дапамагчы «саветызацыі Літвы і Польшчы». І калі з дзейнасцю БНР, якая імкліва слабела, бальшавікі маглі спраўляцца адной прапагандай, амаль не хаваючы сваіх намераў, то з моманту адраджэння Версальска-Вашынгтонскай сістэмы Польшчы, якая адразу выявіла імперскія амбіцыі, беларуская праблема запатрабавала ад Крамля аператыўнага і прагматычнага вырашэння.

Лакалізацыя новай Польшчы ў межах яе этнічных тэрыторый, на думку аднаго з польскіх лідэраў Р. Дмоўскага, прывяло б у будучыні да знікнення польскай дзяржавы, хоць сам гэты палітык лічыў, што нацыянальная польская дзяржава можа адмовіцца ад «крэсаў». Што было цалкам верагодна, бо ў адрозненне ад Савецкай Расіі, якая прэтэндавала на ўсю Польшчу, апошняя імкнулася толькі пашырыць сваю тэрыторыю за кошт «красаў», на якіх меўся пэўны працэнт палякаў. У сучаснай польскай гістарыяграфіі існуе наступнае меркаванне: «Спачатку прадстаўніцтва Польшчы настойвала на аднаўленні межаў 1772 г., каб пазней — з улікам сітуацыі ў асобных рэгіёнах былой Рэчы Паспалітай — часткова адмовіцца ад разлеглых абшараў на ўсходзе і дамагацца на захадзе тых зямель, на якіх пражывалі палякі».

Пазіцыя Польшчы (у далейшым будзем называць яе і паўзабытым у гістарыяграфіі сапраўдным найменнем — Польская Рэспубліка, а не выдуманым роst factum [14] «ІІ Рэч Паспалітая») у дачыненні да Беларусі была ў нейкім сэнсе вымушанай (што, аднак, яе не апраўдвае, але тлумачыць дэтэрмінізм): каб не стаць другой Украінай, якая ўрэшце пасля ўпартай барацьбы трапіла назад пад уладу «Маскалёў», палякі выяўлялі большыя прэтэнзіі — «ад мора да мора», што дазволіла б (і ўрэшце дазволіла) захаваць ядро дзяржавы. Больш таго, ваенна-стратэгічныя пралікі М. Тухачэўскага і савецкай дыпламатыі далі магчымасць Польшчы устанавіць сваю мяжу далёка на ўсход ад лініі Керзана, якая спачатку расцэньвалася як дзяржаўная. Да таго ж, каб краіны суседзі, у тым ліку і перш за ўсё Польшча, не здолелі замацаваць сваю незалежнасць, наўрад ці бальшавікоў турбавала б пытанне пра беларускую дзяржаўнасць. Як лічыць у сваім публіцыстычным эсэ беларуска-польскі літаратар Сакрат Яновіч, «перамога Тухачэўскага з Дзяржынскім пад Варшаваю ў 1920 г. працягнула б польскае бездзяржаўе (з канца XVIII ст.), нягледзячы на ўтварэнне Польскай ССР ад Шлёнску да Бярэзіны, з Беларускай АССР на прасцягу Менскай губерні. Быў такі план, выраблены ў Беластоку».

14

Роst factum (лац.) — «пасля факта», г. зн. пасля таго, як падзея здзейснілася — Polochanin72

Такім чынам, адпачатку было бачна, што «вышэйшыя інтарэсы рэвалюцыі ўжо на стадыі юрыдычнага афармлення БССР прадвызначылі яе незайздросны лёс, і яна павінна была спыніць сваё існаванне». Гэтую выснову зрабілі сучасныя беларускія гісторыкі, дактары навук Р. Платонаў і М. Сташкевіч на аснове аналізу матэрыялаў аб стварэнні савецкай дзяржаўнасці Беларусі.

Відавочна, без тэрытарыяльных прэтэнзій версальскай Польскай Рэспублікі на беларускія землі аўтэнтычнасць [15] беларускае нацыі і яе права на геапалітычную хаця б намінальнасць былі б праігнараваны бальшавіцкай Расіяй. Яшчэ ў снежні 1918 г. савецкае кіраўніцтва займала пазіцыю непрымання беларускага сепаратызму ў якім бы там ні было выглядзе. «У газеце «Западная Коммуна» (орган Аблвыкамзаху) 21.12.1918 г. (г. зн. за 6 дзён перад адкрыццём 6-ай абласной партыйнай канферэнцыі) публікуецца рэдакцыйны артыкул «Национальные республики Советов». У артыкуле даводзіцца патрэба захаваць вобласці й немэтазгоднасьць тварыць нацыянальныя рэспублікі, якія, калі й творацца, то вылучна дзеля тактычных меркаваньняў. «Спрашивается, зачем эта игра в советские республики?.. Ведь для нас ясно, что Советская власть ставит своей задачей… не создание национальной обособленности в рамках маленьких национальных государств, а снесение всяких национальных рогаток. Провозглашение Советской республики Белоруссии не только не служило бы интересам борьбы с националистическими тенденциями мелкой буржуазии, но как раз развивало бы простор этим тенденциям. А это не в интересе социалистической революции. То, что мы признаем допустимым в одном месте в силу тактических соображений, не должно быть перенесено в другие места, где таковых практических соображений нет и быть не может»»…

15

Аўтэнтычнасць (ст. грэцк. — сапраўдны) сапраўдны, адпаведны сапраўднаму — Polochanin72

Аднак ужо 25 снежня 1918 г. па ініцыятыве І. Сталіна адбылася нарада з удзелам кіраўнікоў Беларускага нацыянальнага камісарыята дзеля абмеркавання пытання «аб дзяржаўным уладкаванні Беларусі», якое завяршылася высновай, што «з прычыны сучасных міжнародных адносін, якія склаліся, у мэтах умацавання і пашырэння заваёў сацыялістычнае рэвалюцыі ў сусветным маштабе ў цяперашні момант поўнасцю наспела неабходнасць абвяшчэння Беларусі, як самастойнай ва ўсіх адносінах нацыі, незалежнай Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікай». Хаця яшчэ зусім нядаўна адміністрацыйная камісія пры Усерасійскім ЦВК «прапанавала захаваць Заходнюю вобласць у складзе Смаленскай, Віцебскай, Магілёўскай, Менскай і Гродзенскай губерняў» у складзе РСФСР, што афіцыйна замацаваў Усерасійскі ЦВК 23 снежня 1918 г. У абставінах, калі Захад рэальна пагражаў Савецкай Расіі, урад бальшавікоў выпрацоўваў «палітыку абароны рэвалюцыі», якая прадугледжвала ўтварэнне уздоўж заходняй мяжы ланцуга савецкіх рэспублік — тут найперш меліся на ўвазе Украінская, Эстонская, Латвійская і Літоўская рэспублікі. Польшча павінна была замкнуць гэты ланцуг, стаўшы апошнім яго звяном. Аднак надзеі на рэвалюцыю ў Польшчы не спраўдзіліся. Таму яе ролю ўсклалі на Беларусь.

На пачатку 1919 г., г. зн. адразу пасля абвяшчэння Савецкай Беларусі, У. Ленін адзначаў, што рэспубліка буферная і патрэбная толькі таму, што мяжуе з варожымі краінамі, а што тычыцца ўсходніх яе губерняў (Смаленскай, Віцебскай і Магілёўскай), то іх можна выключыць са складу рэспублікі, бо яны злучаныя з Расіяй. Дарэчы, адразу пасля абвяшчэння Савецкай Беларусі 1 студзеня 1919 г. пэўны час (літаральна некалькі тыдняў) яна ахоплівала амаль усю беларускую этнічную тэрыторыю — пяць губерняў (адпаведная пастанова была прынята 30 снежня 1918 г. беларускімі бальшавікамі). «Тэрыторыя БССР у такіх памерах нават па самых прыблізных падліках складала больш за 300 000 кв. км з насельніцтвам блізу 10 млн. чалавек». Але з аглядкай на пагрозу, што ў пэўнай сітуацыі Беларусь можа быць адарванай ад Савецкай Расіі з пяццю губернямі, пакінулі толькі дзве з іх. Устаноўку У. Леніна ажыццявілі на пасяджэнні Цэнтральнага Бюро КП(б) Беларусі 22 студзеня 1919 г., у пратаколе якога А. Іофе падкрэсліваў, што бальшавіцкае кіраўніцтва вырашыла стварыць паміж Савецкай Расіяй і імперыялістычным акружэннем, у першую чаргу мелася на ўвазе Польшча, шэраг рэспублік-буфераў, чым быў бы пастаўлены бар'ер націску імперыялістаў.

Была і другая прычына абмежавання памераў БССР — «жаданне ЦК РКП(б) аслабіць у рэспубліцы нацыянальныя тэндэнцыі». Гэтага фактара таксама не хавалі бальшавіцкія кіраўнікі тагачаснай Беларусі. «С целью защитить соседей от большевистской заразы нужно было разжечь пагубные националистические чувства и заглушить классовые противоречия. <…> Но когда на тот же путь вступило правительство (на чале з 3. Жылуновічам — А. Т.), декретировавшее выделение Белорусской республики, на сцене снова появился белорусский язык. Целесообразность этого акта мы никак понять не можем ни экономически, ни политически, ни этнографически. Положение пяти губерний, вошедших в состав Белорусской Республики, ничем существенным не отличается от остальных губерний Советской России. Нам нужно классовое самоопределение, но не искусственное национальное…» — такія тэлеграмы слалі бальшавіцкія прадстаўнікі ледзь не з самага пачатку стварэння Савецкай Беларусі. Пры гэтым яны нават прызнавалі канструктыўныя моманты ў існаванні БНР — але толькі для пэўнага гістарычнага моманту. Польскі даследчык В. Матэрскі лічыць, што да таго ж падзел Беларусі ствараў Маскве камфортныя ўмовы для саветызацыі рэспублікі і знішчэння яе нацыянальнай інтэлігенцыі.

Цікава, што, нягледзячы на гэта, знешнепалітычны кантэкст вымусіў Маскву нават прызнаць немэтазгодным хуткае ўключэнне Беларускай рэспублікі ў склад Савецкай Расіі на правах федэрацыі, бо апошняе «ліквідуе ўсю выгаду існавання буфераў-рэспублік», і прапанаваў метад працяглых перамоў пра федэрацыю. 5.02.1919 г. газета «Звезда» ў рэдакцыйным артыкуле «К итогам съезда Советов Белоруссии» тлумачыць: «Почему съезд ограничился только пожеланием о вступлении в Российскую Советскую федерацию, почему он сразу не претворил в дело свое пожелание о полном объединении с Россией? Для этого были очень и очень важные причины международно-политического характера. Перед Белоруссией был поставлен вопрос, как она принесет больше пользы… существуя как самостоятельная республика… политическая мудрость говорит нам, что мы должны пока существовать самостоятельно». Разам з тым, працягвае артыкул, «съезд подтвердил, что потуги белорусской националистической интеллигенции к созданию «своего» белорукого языка, «своей» национальной культуры напрасны… Пусть примут это к сведению белорусские писатели».

У адной са сваіх публікацый беларускі гісторык У. Ладысеў насуперак і гістарычным дакументам, і сваім ранейшым перакананням у якасці лейтматыву адлучэння трох губерняў ад БССР вызначае гаспадарчы фактар: маўляў, тыя рэгіёны былі эканамічна знітаваныя з Цэнтральнай Расіяй. Але, па-першае, тут аўтар спасылаецца на дакументы (дагэтуль нібыта малавядомыя), сфармуляваныя за год да тых падзей, а сітуацыя тады мянялася ледзь ні штодзённа.

Па-другое, падобную думку знаходзім у манаграфіі Н. В. Каменскай «Первые социалистические преобразования в Белоруссии», выдадзенай у 1957 г. І, па-трэцяе, так і карціць запытацца: а хіба пакінутыя БССР Менская і Гродзенская губерні былі меней інтэграваныя ў агульнарасійскую эканоміку, хіба іх гаспадарка арыентавалася на Захад? Больш таго (гэта ўжо па-чацвёртае), беларускія нацыянал-камуністы ў пачатку 1920-х пераканаўча даводзілі, што якраз эканамічна адарваныя губерні складаюць з Менскай адзін вытворча-гаспадарчы і этнаграфічны беларускі кантэкст (прычым гэты аргумент публікуецца самім жа У. Ладысевым!). (У дадзеным выпадку У. Ладысеў змяняе сваю пазіцыю яўна пад уздзеяннем палітычнай кан'юнктуры, бо казаць адмоўна пра «расійскі фактар» для гісторыі Беларусі тым часам было крамольна.) Між іншым, нават У. Ленін (у сувязі са стварэннем гаспадарчай базы Савецкай Расіі) на Беларусь не звяртае нават мінімальнай увагі — у адрозненне, напрыклад, ад стратэгічна важнай у гэтым сэнсе (сваімі запасамі хлеба і вугалю) Украіны. Аўтары апошняй шматтомнай сінтэзы па гісторыі Беларусі (у прыватнасці гэта І. Ігнаценка і С. Хоміч) аддаюць перавагу менавіта знешнепалітычнаму фактару пры абвяшчэнні БССР, а, як яны зазначаюць, «этнічныя, эканамічныя, культурныя і іншыя аспекты да ўвагі не прымаліся». Да таго ж, як заўважае беларускі гісторык А. Дзядзінкін, рашэнне VI Паўночна-Заходняй канферэнцыі РКП(б) аб утварэнні Беларускай Рэспублікі супала з падачай афіцыйнай заявы Польскага міністэрства замежных спраў ураду РСФСР аб тэрытарыяльных прэтэнзіях, што з'яўляецца важным аргументам на карысць знешнепалітычнага фактару ўтварэння БССР. Дый самі бальшавікі афіцыйна шматкроць у 1919 г. казалі пра знешнепалітычныя фактары стварэння Беларускай Рэспублікі. Вось як апісваецца сітуацыя беларускім дзеячам-эмігрантам Аўгенам Калубовічам: «Ужо на самой 6-ай абласной канферэнцыі дакладчык у пытаньні абвешчаньня БССР А. Мясьнікоў (ён толькі што вярнуўся з Масквы, куды яго ў гэтым пытаньні выклікалі), каб «местные товарищи согласились с доводами центра… в целесообразности создания нового положения», хоць і разглядаў абвешчаньне БССР як якуюсь уступку Беларускім секцыям РКП(б), за галоўны матыў абвешчаньня выстаўляў міжнародны фактар. Заходнія дзяржавы даюць народам «буржуазнае самавызначэньне» (у раёне Заходняй камуны — гэта БНР і Летувіская манархія), яму трэба супрацьпаставіць самавызначэньне на базе савецкай улады. «Нужно противоядие «союзным начинаниям»», каторае-б із большым шансам магло «замкнуть» «проход», праз які «силы черного интернационала» «устремляются на Советскую Россию». Іншымі словамі: калі-б ня было БНР, не тварылася-б і БССР; БССР — гэта супрацьвага («противоядие») БНР, клін супраць БНР і прытым напачатку вылучна прапагандовы, без запраўднага жаданьня тварыць яе. Тымі-ж матывамі палітычнай каньюктуры моманту тлумачыў абвешчаньне БССР на згадванай Віцебскай губэрнскай канферэнцыі КП(б)Б сябра ЦБ (і ўраду БССР ад групы Заходняй камуны) Р. Пікель; а таксама й другі сябра ЦБ (і ўраду БССР ад тэй-жа групы) С. Іваноў на Смаленскай губэрнскай канферэнцыі КП(б)Б, заявіўшы, што абвешчаньне БССР — гэта тактычны манеўр партыі з мэтаю паралізаваць палітыку вільсонаўскага лёзунгу самавызначэньня народаў, ужываную Заходнімі дзяржавамі. 24.9.1919 г. сакратар ЦК КП(б) Летувы й Беларусі В. Кнорын у газэце «Звезда» ў гэтай справе пісаў, што «Коммунистическая партия… мотивировала свой шаг исключительно причинами международного характера». Ні А. Мяснікоў, ні іншыя кіраўнікі КП(б)Б не паклікаліся пры гэтым на самае галоўнае: на права беларускага народу на нацыянальнае самавызначэньне». Праўда, нават тыя былыя праціўнікі стварэння дзяржаўнасці Беларусі, пераследуючы свае інтарэсы, якія па ўсёй верагоднасці заключаліся ў маштабе іхняй улады, выступілі супраць аддзялення ад Беларускай Рэспублікі ўсходніх губерняў, абгрунтоўваючы сваю пазіцыю эканамічнымі фактарамі.

Фактычна той жа комплекс чыннікаў (пагроза з боку Польшчы і дзейнасць нацыянальных сіл) дэтэрмінаваў абвяшчэнне ЛітБел, якой мы тут не надаём лішняй увагі, бо гэтая рэспубліка, неўзабаве паглынутая польскімі агрэсарамі, у развіцці падзей сыграла значна меншую ролю, чым спробы стварэння беларускай савецкай дзяржаўнай адзінкі. Тым больш што і ў сучаснай гістарыяграфіі няма прынцыповых разыходжанняў у інтэрпрэтацыях гэтага палітычнага акту. Хіба што варта адзначыць яшчэ большую брутальнасць, з якой гэтым разам вырашалася доля Беларусі. Стварэнне ЛітБел, паводле меркавання У. Ладысева, да ўсяго яшчэ і здымала «пытанне аб правамернасці далучэння ўсходніх этнічных тэрыторый да РСФСР». Гэтае аб'яднанне сталася ліквідацыяй хай сабе і намінальнай Беларускай Рэспублікі і выклікала крызіс у яе ўрадзе, які пакінулі тры наркамы — Ф. Шантыр, У. Фальскі і Я. Дыла. Такім чынам паслабляўся не толькі нацыянальны беларускі руху цэлым, але і пазіцыі пракамуністычных беларускіх дзеячаў.

У гэткіх варунках правядзенне І Усебеларускага з'езда Саветаў на пачатку лютага 1919 г. было больш падобна да нонсенсу. Таму ён і не стаў пачаткам рэальнай дзейнасці ў рамках беларускай савецкай дзяржаўнасці, што было б лагічным для такога форума, тым больш што ім можна было б паспрабаваць зацьміць аналагічную снежаньскую падзею пад тоеснай назвай, калі ў 1917 г. беларускія дэпутаты былі разагнаныя, хоць і не ішлі папярок савецкай уладзе. Тая падзея выявіла ўсю шырыню і глыбіню разгортвання беларускага нацыянальнага руху, які стаўся пад канец 1917 г. сапраўды народным, хоць і дэклараваў, што незалежніцкія тэндэнцыі беларусаў не імкнуцца да радыкальнай аўтаноміі ў складзе Расіі. Аднак і гэтага, як палічылі бальшавікі, было ўжо занадта — і, напіўшыся, разагналі дэмакратычны сход. Яго савецкі аналаг у лютым 1919 г. праводзіўся па сцэнары, складзеным у Маскве (што затым стала рэгулярна практыкавацца), быў скліканы ў адміністратыўным парадку з неабходным для бальшавікоў падборам кандыдатаў без уліку тэрытарыяльных прапорцый — дэмакратызмам там і не пахла. З'езд прадубліраваў рашэнне крамлёўскіх кіраўнікоў аб утварэнні Літоўска-Беларускай ССР і — як ні парадаксальна — прыняў першую Канстытуцыю БССР ды дзяржаўную сімволіку. Натуральна, рэальнай улады ў аб'яднанай рэспубліцы беларусы не мелі. Але і гэтае ўтварэнне з наступленнем войска польскага неўзабаве спыніла існаванне.

Поделиться с друзьями: