Ленін і Сталін думаюць пра Беларусь
Шрифт:
Пасля выгнання палякаў з Беларусі перад другім абвяшчэннем БССР (паралельна існавала — на афіцыйным узроўні — і назва ССРБ, Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка Беларусь) летам 1920 г. прадстаўнікі апазіцыі такога абвяшчэння — кіраўнікі Заходняй вобласці Р. Пікель і І. Рэйнгольц паслалі ў ЦК КП(б) ЛіБ тэзісы «Да пытання аб стварэнні Беларускай Савецкай Рэспублікі». У гэтых тэзісах, як адзначаюць Р. Платонаў і М. Сташкевіч, беларускаму народу фактычна адмаўлялася ў праве на самавызначэнне і стварэнне сваёй нацыянальнай дзяржаўнасці з наступным падагульненнем: «Сучасныя міжнародныя абставіны і рэальная суадносіны сіл між Савецкай Расіяй і капіталістычнымі краінамі Захаду зусім іншыя, чым у перыяд акупацыі Беларусі ў канцы 1918 г. У сувязі з гэтым пастаноўка пытання аб Савецкай Беларусі павінна быць іншай. <…> У перыяд рэакупацыі 1918 г. стварэнне Беларускай Рэспублікі апраўдвалася ў першую чаргу неабходнасцю мець буферную дзяржаву між савецкай Расіяй і белагвардзейскай Польшчай, на выпадак засцярогі Савецкай Расіі ад нечаканага ўдару з боку белай Польшчы. Матывы этнаграфічнага, эканамічнага і культурнага характару выконвалі пры стварэнні Савецкай Рэспублікі пабочную ролю. <…> Цяпер барацьба Савецкай Расіі з белай Польшчай не патрабуе ніякіх скрытых форм. Разгром яе, стварэнне ў ёй Савецкай Рэспублікі — чарговая задача сусветнай рэвалюцыі. Адсюль неабходнасць стварэння Беларускай Савецкай Рэспублікі павінна быць абгрунтавана іншымі аргументамі, чым стварэнне такой у 1918 г. Імі могуць быць — этнаграфічныя, эканамічныя і культурныя перадумовы. <…> Беларусы — не асобная нацыянальнасць або народнасць. Іх мова, рэлігія, культура нічым не адрозніваюцца ад велікарускай. Беларускі нацыяналізм — чыста інтэлігенцкі мяшчанскі рух (і то нязначная частка), які не мае ніякай падтрымкі сярод працоўных мас». Калі зыходзіць з тэзісаў, неабходна было вырашыць наступныя задачы:
«1) падрыхтаваць меркаванні працоўных мас Беларусі да поўнага зліцця ва ўсіх адносінах з Савецкай Расіяй;
2) пакласці пачатак правільнаму, здароваму савецкаму будаўніцтву шляхам стварэння моцных губорганаў і паветцэнтраў на месцах;
3) савецкае будаўніцтва Белрэўкома павінна весціся выключна па лініі стварэння цвёрдага, якасна моцнага губернскага апарата Савецкай улады з адпаведнымі органамі на месцах на асновах і палажэннях, якія прыняты для ўсіх губцэнтраў у Савецкай Расіі».
Увогуле ў 1920 г. адносна беларускага пытання бальшавікі вагаліся найбольш: сваю тактыку ЦК РКП(б) будаваў тут з улікам прасоўвання на захад Чырвонай Арміі, а яе поспехі былі пераменлівымі (нават цягам аднаго летняга сезона). Як толькі наступ аказваўся няўдалым, адразу паўставалі структуры для фармальнага замацавання прасавецкай Беларусі і наадварот. Бальшавікі працягвалі гандлявацца беларускай зямлёй спярша з незалежнай Літвой, а пазней — з Польшчай. Таму абвяшчэнне ССРБ 31 ліпеня 1920 г. падчас наступлення Чырвонай Арміі з'яўлялася таксама фармальным актам (і, верагодна, з улікам сітуацыі ў Польшчы, рэкламна-прапагандысцкім). Вось чаму нацыянальныя сілы (у першую чаргу даволі папулярныя тады эсэры) пад ім не падпісаліся. У гэтай сувязі неабходна адзначыць і ўкраінскі фактар: у маі 1920 г. польска-ўкраінскія войскі адбілі ў Чырвонай Арміі Кіеў, што, у сваю чаргу, актывізавала дзеянні лідэраў беларускага нацыянальнага руху. І хаця паралельна з ССРБ рыхтаваўся праект «поўнага зліцця» Беларусі «ва ўсіх адносінах з Савецкай Расіяй» (паўтараем працытаваныя словы Р. Пікеля і І. Рэйнгольд, па якіх і можна меркаваць пра тыя планы), аднак з наступленнем войск Пілсудскага і пагрозай адрыву беларускіх зямель ад савецкае краіны планы тыя відавочна страцілі актуальнасць. Дарэчы, «фікцыйнасьць юрыдычнага статусу БССР падкрэсьліваў іншы факт: летам 1920 г. не быў створаны ўрад рэспублікі, замест якога паўстаў у Менску Ваенна-рэвалюцыйны камітэт з кампетэнцыямі губэрнскага органу ўлады. Усё гэта сьведчыла аб ваганьні і няўпэўненасьці кіруючых органаў РСФСР што да лёсу Беларусі». У канцы 1920 г. А. Чарвякоў нагадаў пра крайне ненармальнае становішча ў сувязі з неўрэгуляванасцю дзяржаўных стасункаў Беларусі і РСФСР, на што У. Ленін прапанаваў: «Червякову поручить спешно выработку проекта детального письма ЦК РКП о Белоруссии и декрета СНК о том же (тайного)». Перамовы скончыліся падпісаннем 16 студзеня 1921 г. «саюзнага рабоча-сялянскага дагавора» паміж рэспублікамі. Але і ён, з'яўляючыся хутчэй фікцыяй раўнапраўя, не вызначаў канчаткова беларуска-расійскіх адносін, пакідаючы Маскве шырокае поле для маніпулявання Беларуссю.
Пад канец лета 1920 г. (у сувязі з паспешлівым адступленнем Чырвонай Арміі на савецка-польскім фронце) ідэя буфернасці Беларусі зноў актуалізавалася. Гэтым разам планавалася аддаць пад Савецкую Беларусь 18 паветаў. Ізноў было катэгарычна адмоўлена ўлучыць сюды ўсходнюю частку этнічна беларускіх зямель уключна з Віцебскам, Смаленскам і Магілёвам на той падставе, што нібыта там няма ніякіх беларусаў, як заявіў В. Кнорын. Хоць у «Дэкларацыі пра абвяшчэнне незалежнасці ССРБ» ад 31 ліпеня 1920 г. чорным па беламу было напісана, што межы рэспублікі з Савецкай Расіяй і Украінай вызначаюцца «вольным выражэннем беларускага народа на павятовых і губернскіх з'ездах Саветаў у поўнай згодзе з урадам РСФСР і ССРУ». (Нехта ў таго народа пытаў!)
Савецка-польская вайна знясіліла абодва бакі і яны пагадзіліся на заключэнне мірнага дагавора. У той час большая частка ССРБ знаходзілася ўжо пад польскай акупацыяй. Ніводную з дзвюх беларускіх дэлегацый (ад БНР і ад ССРБ) за стол перамоў не пусцілі. Паводле мандата ад Ваенна-рэвалюцыйнага камітэта ССРБ, яе інтарэсы прадстаўляла дэлегацыя РСФСР. Пазіцыя апошняй стасоўна мяжы з Польшчай, пра што казалася вышэй, была няпэўнай. І ў Рызе бальшавіцкая беспрынцыпнасць была чарговы раз прадэманстравана. Калі яшчэ летам 1920 г. Масква дамагалася правядзення савецка-польскай мяжы па «лініі Керзана», дык праз некалькі месяцаў яна прадэманстравала, што можа ахвяраваць усёй новастворанай Савецкай Беларуссю (чым фактычна выявіла свае адносіны да яе функцыі ў міжнародна-палітычных варунках). Больш таго, 23 верасня 1920 г. Усерасійскі выканаўчы камітэт звярнуўся да кіраўніцтва Польшчы з прапановай адкінуць пытанні аб самавызначэнні народаў і абмежавацца ўстанаўленнем усходняй граніцы Польшчы. Толькі і гэта яшчэ не ўсё. Масква аддавала ССРБ Польскай Рэспубліцы фактычна на ўмовах непрызнання гэтай тэрыторыі беларускай, што станавілася перашкодай для стварэння «беларускага П'емонту» на тэрыторыі адроджанай польскай дзяржавы. Разам з тым, гэтакім чынам бальшавіцкі Крэмль манапалізоўваў прэрагатыву арганізацыі беларускай дзяржаўнасці, якую да таго ж мусіла прызнаць Варшава.
Як пракаментаваў тую сітуацыю беларуска-польскі пісьменнік Сакрат Яновіч, «палякам Ленін аддаваў пасля і Менск, але яны не захацелі, расшыфраваўшы бальшавіцкую задуму накарміць «польскага гусака» меншасцямі да такое ступені, што скончыўся б з абжорства…». Гэтым самым С. Яновіч пагаджаецца з К. Душ-Душэўскім, які ў свой час адзначыў, «што маскоўскія бальшавікі прырэзалі кавалак Беларусі для Польшчы для таго, каб «палякі падавіліся гэтымі землямі», як яны кажуць». (NВ. Душ-Душэўскі прыпісвае гэтае меркаванне самім бальшавікам. [16] ) Трэба заўважыць, што, як мяркуе польскі гісторык-беларус Ю. Туронак, бальшавікі загадзя рыхтаваліся аддаць Польшчы частку беларускіх зямель — тую, што ўваходзіла ў склад ЛітБел, каб маніпуляваць імі «як тэрыторыямі зь неакрэсленым дзяржаўным статусам, якія ў залежнасці ад канкрэтнага ваенна-палітычнага становішча маглі быць перададзеныя ў сферу ўплыву Польшчы ці Расеі або падзеленыя паміж імі». Масква была гатова саступіць Беларусь Польшчы яшчэ ў 1919 г. у якасці платы за мір, неабходны бальшавікам, каб засяродзіцца на франтах Грамадзянскай вайны. А падчас заключэння Мірнага дагавора ў Рызе ўжо ва ўступнай фазе перамоў кіраўнік савецкай дэлегацыі Адольф Іофэ быў схільны аддаць Беларусь пад уплыў Польшчы наўзамен за прызнанне ёю Савецкае Украіны, — яшчэ адзін бок разменнай манеты пад назвай «Беларусь».
16
У. Ленін 2 кастрычніка 1920 г. выказаўся на гэтую тэму наступным чынам: «Линия проходила так, что Минск оставалася у поляков, вся Белоруссия была у них. И не только Совет Народных Комиссаров, но и Президиум ВЦИК — высший орган РСФСР — торжественно, в специальном обращении заявил польскому народу, что он предлагает мир, что он отказывается от решения оружием вопроса о судьбе Белоруссии, которая никогда польской не была.<…> Но мы тем не менее заявили самым официальным, самым торжественным образом, что мы предлагаем мир на тогдашней линии.<…> Я напоминаю вам об этом, чтобы во всех речах, которые вам придется вести по этому вопросу, более энергично подчеркнули, что вначале мы предлагали мир на линии более восточной, чем теперешняя».
Палякі не прынялі падарунка, і толькі 2/3 з адведзенай пад ССРБ тэрыторыі пасля Рыгі апынуліся ў складзе Польскай Рэспублікі. Дарэчы, у аспекце тэрытарыяльнай велічыні сённяшняй Беларусі, якая вырасла з савецкай рэспублікі, можна, мусіць, пашкадаваць, што палякі ў 1921 г. адмовіліся ад усіх ім прапанаваных 18 паветаў разам з Менскам, бо пры ўмове, што бальшавікі не змянілі б выкарыстаны пасля метад, як падставу далучэння «кроўных братоў» да адпаведных рэспублік (акрамя Беларусі, маем прыклад Украіны ды Фінляндыі), дык Крамлю давялося б арганізоўваць БССР на ўсходніх этнічных землях беларусаў, у тым ліку на тых, што зараз уваходзяць у склад Расіі. Дзеля гэтага, акрамя Мінска, меліся «пра запас» яшчэ два патэнцыйныя цэнтры — Магілёў і Смаленск (не выключалася ўзбуйненне БССР і за кошт Смаленшчыны ды іншых тэрыторый на ўсход ад БССР, якая, дарэчы, упершыню была абвешчана менавіта ў Смаленску, што, тым не менш, застаўся пад Расіяй). Да падобнага меркавання схіляюцца Р. Платонаў і М. Сташкевіч, кажучы, што ўключэнне ў склад РСФСР Магілёўскай і Віцебскай губерняў, калі б іншыя тэрыторыі ССРБ захапіла Польшча, у перспектыве стала б асновай адраджэння беларускай дзяржаўнасці. У такім выпадку патрэбна было б пераўзысці плошчай БССР плошчу этнічнай беларускай тэрыторыі, што апынулася пад Польшчай. Таму сёння Рэспубліка Беларусь у выніку магла б мець нашмат больш тэрыторыі. Зразумела, гэта ўсяго толькі разважанні з вобласці альтэрнатыўнай гісторыі. Аднак у дадзеным выпадку на іх фоне больш выразна ўсведамляецца рэальнасць гістарычнага развіцця Беларусі ў міжваенны перыяд.
Такім чынам, Беларуская Рэспубліка была спляжана молатам (бальшавіцкай Расіяй) на кавадле (Польскай Рэспублікі), што яны і замацавалі 18 сакавіка 1921 г. Так атрымалася шасціпавятовая Беларусь. Як адзначае Я. Юхо, хоць яна і аб'яўлялася незалежнай, аднак фактычна і юрыдычна з'яўлялася аўтаномнай вобласцю ў складзе РСФСР, аб чым сведчыць і пастанова ІІІ з'езда Кампартыі Беларусі (лістапад 1920 г.), у якой аб прававым становішчы рэспублікі запісана: «Белоруссия, являясь Социалистической Советской Республикой, одновременно является составной частью РСФСР, и все органы в области общих мероприятий должны быть подчинены соответствующим комиссариатам РСФСР, однако они должны иметь определенную свободу в области разрешения вопросов местной жизни». Праўда, падпісаўшы прэлімінарны [17] дагавор з Польшчай, Масква пайшла на фармальныя саступкі і, як ужо было сказана, 16 студзеня 1921 г. заключыла з савецкім Менскам дагавор, у якім прызнаваўся суверэнітэт Савецкай Беларусі, што было пацверджана пры стварэнні СССР.
17
Прэлімінарны — (ад лац. prae - перш, і limen, liminis - пачатак, мяжа) папярэдні — Polochanin72
У Рызе быў скончаны першапачатковы этап станаўлення новай беларускай дзяржаўнасці. Так атрымалася, што ў гэты перыяд найбольшымі «ворагамі беларушчыны» (Янка Купала) праявілі сябе бальшавікі (напачатку зусім не хаваючы гэтага, — як бы не апраўдвалі іх пасля палітыкі і гісторыкі). Але менавіта яны былі вымушаны не толькі прызнаць нацыянальныя памкненні беларускага народа, але і арганізаваць яму хоць намінальную суверэннасць, кіруючыся, натуральна, меркантыльнымі інтарэсамі — не выпусціць гэты народ са сваёй палітычнай арбіты. Як гаркава-іранічна сказаў быў той жа Янка Купала, «далі шэсць паветаў, дзякуй й за гэта».
А варыянтаў вырашэння «беларускага пытання» на пачатак 1920-х гг. існавала шмат. Беларускі гісторык Т. Процька выдзяляе шэсць мадэлей: «Антибелорусская модель автономных областей (через Облиспокомзап), национальная автономия (через Белнацком), независимая советская социалистическая республика (БССР, первое объявление), независимая социалистическая республика-буфер (ССРБ) и образцовая коммунистическая республика БССР». Між іншым, напэўна, варта дадаць, што да гэтага часу дэактуалізаваліся такія мадэлі эвентуальнага развіцця беларускай дзяржаўнасці, як пратэктарат Германіі або Польшчы, федэрацыя з апошняй, літоўска-беларуская дзяржава (па-савецку ЛітБел), пражэкт В. Ластоўскага часоў Першай сусветнай вайны ў выглядзе адроджанага ВКЛ, а таксама задума А. Луцкевіча стварэння Чарнаморска-Балтыйскай канфедэрацыі ў складзе Літвы, Беларусі, Украіны, Польшы (як самастойнымі суб'ектамі) і — самае галоўнае — адсутнасць беларускай дзяржаўнасці ў якой бы там ні было форме. Такім чынам, добры тузін.
Сёння відавочна, што палітыка бальшавікоў была яўным фарысействам стасоўна праблемы самывызначэння беларускага народа з самага пачатку яе ўзнікнення — з часоў Першай сусветнай вайны. Як адзначае беларускі гісторык У. Снапкоўскі, «міждзяржаўныя адносіны паміж РСФСР і ССРБ складваліся на падставе «рэвалюцыйнай мэтазгоднасці» і сацыялістычнага права. Дакладнага вызначэння гэтым тэрмінам не было».
Можна канстатаваць, што вынік вырашэння беларускага пытання ў выглядзе ССРБ не адпавядаў мэтам ні бальшавікоў, прасякнутых ідэяй сусветнай рэвалюцыі, ні адроджанай Польшчы з яе ідэаламі межаў 1772 г., ні, тым больш, незалежніцкім памкненням нацыянальных беларускіх сіл, згуртаваных вакол ідэі БНР. Як слушна заўважае М. Сташкевіч, «масштаб действия классовых и социальных сил, логика политической борьбы предопределили поражение тех, кто пытался реализовать идею БНР. В этом противостоянии и родилась белорусская государственность на советской основе». Але даследчык у сваім тлумачэнні правалу нацыянальных незалежнікаў праз іх слабасць у параўнанні з класава-сацыяльнымі сіламі, не дадае, што савецкі варыянт паўстаў не з жадання тых класава-сацыяльных сіл (бальшавікоў), а з логікі палітычнай барацьбы, у якой згаданыя сілы беларускую дзяржаўнасць выкарыстоўвалі цалкам у сваіх інтарэсах, зусім не звяртаючы ўвагі на ўласна гэтую дзяржаўнасць. Праўда, М. Сташкевіч усё ж прыводзіць меркаванне, якое чытачу-аналітыку здольнае падказаць, што стварыць хаця б нібыта незалежную Савецкую Беларусь бальшавікоў падштурхнулі непадуладныя ім акалічнасці.