Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Ленін і Сталін думаюць пра Беларусь

Трофимчик Анатолий Викторович

Шрифт:

У Савецкім Саюзе, а значыць і ССРБ, у 1920-х гг. закінулі падманку каранізацыі і беларусізацыі: маўляў, правы беларусаў і меншасцей у Савецкай Беларусі аберагаюцца. Аднак гэта было толькі прынадай для акумуляцыі, кансалідацыі пад адным дахам беларускіх нацыянальных сіл розных палітычных поглядаў з мэтай іх далейшай элімінацыі [23] . Як сведчаць сучасныя даследаванні, беларусізацыя была толькі спосабам для выяўлення і ліквідацыі яе перадумоў і праваднікоў, гэта быў сродак для вырашэння «шэрагу вельмі важных задач унутранай і знешняй палітыкі», выкарыстанне якога пасля выканання адпаведнай функцыі было згорнута. У прыватнасці мелася на мэце не толькі інспіраванне будучага аб'яднання з Заходняй Беларуссю шляхам стварэння лепшых (асабліва знешне, па форме) варункаў і перадумоў для нацыянальнага развіцця ў Савецкай Беларусі, але і імкненне ліквідаваць урад БНР, які і надалей праводзіў актыўную палітычную дзейнасць (што з'яўлялася адным з чыннікаў беларусізацыі і каранізацыі ў ССРБ). Дарэчы, імкненне да ліквідацыі ўрада БНР найлепшым чынам сведчыць, па-першае, пра прызнанне гэтага суб'екта міжнароднага палітычнага поля, па-другое, пра выніковую дзейснасць таго суб'екта, якая ўплывала на савецкую палітыку — як знешнюю, так і ўнутраную. Бальшавікі змаглі арганізаваць спыненне дзейнасці некаторых чальцоў урада БНР ад імя ўсёй рэспублікі (што было юрыдычна неправамоцна, але гэта іншае пытанне). У гэтай акцыі не было забыта і будучае аб'яднанне Беларусі, якое ўжо падавалася як ментальна сфарміраванае па абодва бакі краіны меркаванне: «У сьвядомасьці таго, што ўлада сялян і работнікаў, замацаваная ў Менску — сталіцы Радавай (Савецкай. — А. Т.) Беларусі, запраўдна імкнецца адрадзіць Беларускі Народ культурна, эканамічна і дзяржаўна, што Радавая Беларусь ёсьць адзіная рэальная сіла, якая можа вызваліць Заходнюю Беларусь ад польскага іга, пастанавілі: спыніць існаваньне Ураду Беларускай Народнай Рэспублікі і прызнаць Менск адзіным цэнтрам нацыянальна-дзяржаўнага адраджэньня Беларусі»

23

Элімінацыя — (ад лац. elimino — выношу за парог, выдаляю) абмежаванне, знішчэнне — Polochanin72

Пасля роспуску ўрада БНР, арганізаванага Аляксандрам Цвікевічам, нават шчыра прабальшавіцкі паэт Міхась Чарот, сустрэўшыся з ім у Германіі, рэзка папракаў яго за здзейснены акт: «Гэта памылка! Пакуль вы былі тут, за мяжой, нам лягчэй было там весці нацыянальную палітыку». І ён меў рацыю, бо напярэдадні савецкія палітыкі, распрацоўваючы праграму стаўлення да беларускага пытання, хацелі высветліць, што можна зрабіць, каб выклікаць сімпатыі беларусаў у Заходняй Беларусі да БССР. У прыватнасці ў 1923 г. А. Луцкевіч праз С. Рак-Міхайлоўскага атрымаў просьбу распрацаваць кароткі даклад пра тое, якія мерапрыемствы былі б пажаданыя ў БССР з гледзішча заходніх беларусаў, перадусім ставілася пытанне пра павелічэнне БССР, пра культурную працу, пра амністыю дзеячам БНР. Бальшавікі мелі канкрэтныя планы па ліквідацыі замежнага нацыянальнага актыву беларусаў, дзеля чаго выкарыстоўвалі ў прапагандысцкіх мэтах і выбітных прадстаўнікоў з Савецкай Беларусі. Так, пад канец 1925 г. арганізавалі замежную паездку з удзелам Цішкі Гартнага, Янкі Купалы і Міхася Чарота пад прыглядам «дыпламата» ад адпаведных органаў Аляксандра Ульянава. Мяркуючы па ўсім, беларускія літаратары разумелі ў якой якасці яны служаць таталітарнай машыне, што тады толькі набірала абароты. А А. Ульянаў жа потым засведчыў: «Когда меня послали на работу в Польшу, основной момент был раскол… За границей имелся целый ряд белорусских эмигрантских групп… Эти группы противопоставляли себя Советскому правительству, везде выставляя себя как «представителей народа». Наша задача была обезглавить, обезвредить эти группы. Надо было связаться с этими группами, поставить перед ними вопрос, что если они явятся, вернутся сюда и будут честно работать, здесь им будет дана амнистия. Это было проделано».

Заўважым, што падобныя тэндэнцыі яшчэ нейкі час працягваліся. Аб чым сведчаць, напрыклад, матэрыялы пра значэнне Акадэмічнай канферэнцыі па рэформе беларускага правапісу 1926 г., адной з галоўных мэт якой было засведчыць, як сказана ў назве публікацыі, бурнае нацыянальнае адраджэнне ў Савецкай Беларусі пад уплывам камуністаў. Таму форуму імкнуліся надаць міжнародны рэзананс.

Зрэшты, улічваючы выразаныя савецкай цэнзурай словы аднаго з герояў рамана М. Зарэцкага «Крывічы» (1929) Сьляпня, сэнс беларусізацыі як толькі тактычнага кроку савецкай ўлады, некаторымі пісьменнікамі разумелася ўжо і тады (перапрашаю за аб'ёмную цытату — яна тут да месца):

«А вы ведаеце, што такое бела-русі-зацыя? Га? Хо-хо-хо… Гэта, брат, хітрая, ой, хітрая штука… Гэта стаўка на форму… Так, так, на форму… Аўладаць формай, адлучыць яе ад зьместу, вылягчыць яе, выкруціць, высушыць… і выкінуць вон… Ха-ха-ха… Што — хітра, га? Тонка? <…> Навучыцца аўладаць беларускай мовай, каб лягчэй было згаварыцца зь сялянамі, скажам, пры зьбіранні падатку, гэта ня будзе разьвязаньне нацыянальнага пытаньня. Гэта будзе толькі ўсяго замена калёніяльнай палітыкі — «салдацкай» на калёніяльную палітыку — «езуіцкую». Гэта страшэнна шкоднае звужаньне праблемы нацыянальнай культуры. Гэта палітыка гандляроў з рынку, якія (я спэцыяльна гэта назіраў) зьвяртаюцца заўсёды да сялян у роднай іхняй мове, каб… лягчэй абдурыць іх».

А трохі раней пра манапалізацыю бальшавікамі беларускага руху як тактычны крок, знаходзячыся ў Празе, казаў паэт Уладзімір Жылка.

Такім чынам, сапраўдная стратэгічная мэта бальшавіцкага Крамля адносна лаяльнай нацыянальнай палітыкі на Савецкай Беларусі ў 1920-я гг. (прад)бачылася многімі (але не ўсімі) актывістамі беларускага руху (прычым па розныя бакі мяжы) яшчэ задоўга да дасягнення бальшавікамі канчатковага выніку.

Тым не менш, намінальная суверэннасць рэспублікі ўжо адразу дазволіла казаць пра яе уніфікацыйнае для беларускіх тэрыторый значэнне; і ў пацверджанне Масква пасля знікнення актуальнасці значэння ССРБ як буфернай зоны ад капіталістычнага атачэння правяла два так званыя ўзбуйненні рэспублікі, хоць у канцы 1920 г. бальшавікі зусім не збіраліся «ўзбуйняць» [24] Беларусь з-за адсутнасці прагматычнага для сябе сэнсу. Народны камісарыят замежных спраў РСФСР, як паведамляецца ў яго цыдулцы ад 6 лістапада 1920 г., лічыў «нежаданым далучэнне да Беларусі якіх бы там ні было частак Віцебскай або Магілёўскай губерняў». 17 лістапада 1920 г. кіраўніцтва Расійскай Кампартыі на нарадзе адзначала, што вырашэнне пытання пра тэрыторыю Савецкай Беларусі на дадзены момант з'яўляецца заўчасным, бо, як напярэдадні заявіў наркам замежных спраў Р. Чычэрын, было яшчэ невядома, «праз якія перыпетыі можа прайсці лёс Беларусі». Гэтыя словы дазваляюць меркаваць, што планы так званага ўзбуйнення Савецкай Беларусі існавалі ўжо на той час, хаця намеру іх рэалізоўваць не было. Але ўжо неўзабаве бальшавікі былі вымушаныя яго рэалізоўваць, каб зрабіць Савецкую Беларусь большай і па тэрыторыі, і па насельніцтве за заходнебеларускія землі ў складзе Польшчы [25] . (Перад так званым узбуйненнем, у 1923 г., як меркаваў агент дэфензівы, нават існаваў план хаўрусніцтва з яшчэ слабой Нямеччынай, каб выступіць супраць Польскай Рэспублікі, свае разважанні на гэты конт у Берліна меліся і ў сярэдзіне 1920-х гг., а трохі пазней, у 1932 г., М. Тухачэўскі, запрошаны на манеўры германскага войска, размаўляў пра сумесныя дзеянні Чырвонай Арміі і Райхсвера супраць Польшчы). У 1923 г. менавіта з ініцыятывы Крамля была створана Кампартыя Заходняй Беларусі і такім чынам «крэсы паўночна-ўсходнія» ўпершыню атрымалі (пра)савецкую інтэрпрэтацыю, у якой да таго ж падкрэслівалася этнічная беларускасць зямель [26] . Праз гэтую дзею савецкае кіраўніцтва пакрысе выкрышталізавала сваё разуменне гэтых зямель як тэрыторыі, якая павінна належаць Савецкай Беларусі, а значыць СССР. Сэнс стварэння КПЗБ быў у інспіраванні справядлівасці эвентуальнага аб'яднання Беларусі (першапачаткова праз узброенае паўстанне, якое, аднак, не перарасло маштабаў партызанскай барацьбы, і таму яго ідэя неўпрыкметна была згорнутая). Але разам з тым Крэмль не адкінуў назву «Заходняя Беларусь», якую нацыянальныя сілы пачалі ўжываць самае позняе з 1918 г. [27]

24

Дарэчы, чаму тыя працэсы далучэння беларускіх этнічных тэрыторый да Беларускай Рэспублікі называюцца (пра)савецкімі гісторыкамі ўзбуйненнем? Быццам далучаліся да Беларусі нейкія «левыя» тэрыторыі, а не тыя, з якіх Беларусь як краіна (не блытаць з дзяржавай) складаецца.

25

Напачатку Савецкая Беларусь займала плошчу ў 52,4 тысячы км2. Прадстаўнікі БНР ацэньвалі беларускія тэрыторыі, якія апынуліся пад акупацыяй бальшавіцкай Расіі, у больш за 206 тысяч км2. У 1939 г. напярэдадні вераснёўскіх падзей БССР ахоплівала 125, 9 тысяч км2.

26

Цікава, што геапалітычны тэрмін «Заходняя Беларусь» яшчэ трохі раней фігураваў сярод назваў (з польскага боку) адносна Віленшчыны, адарванай у 1921 г. ад суверэннай Літвы і неўзабаве далучанай да Польскай Рэспублікі, аднак насуперак незадаволеным беларускім дзеячам ён быў уласнаручна выкраслены Й. Пілсудскім; у гісторыі той рэгіён застаўся пад назвай, экспромтам прыдуманай Й. Пілсудскім у дарозе на перамовы з літоўскім бокам, — «Litwa Srodkowa» (Сярэдняя Літва).

27

Польскія гісторыкі не маюць рацыі, кажучы, што тая назва ўсталявалася пасля заснавання Кампартыі Заходняй Беларусі (і па сённяшні дзень многія думаюць, што назва «Заходняя Беларусь» узнікла ў 1923 г). Дый беларуская акадэмічная гістарыяграфія наконт гэтага пытання таксама ў гэтай праблеме далёка не ўся абазнаная, пра што сведчыць прыклад У. Ладысева, які складанне паняцця адносіць да пачатку 1920-х гг., ці І. Цітовіча з яго ж кіраўніком М. Сташкевічам. Праўда, трэба прызнаць, што менавіта з утварэннем КПЗБ гэтая назва стала выкарыстоўвацца часцей і сярод незалежнікаў, што можна прасачыць, напрыклад, па архівах БНР. На такім польска-беларускім гістарыяграфічным фоне выгадна вылучаецца адна з апошніх аддадзеных у друк самім аўтарам публікацый У. Міхнюка. Ён аргументавана ўказвае, што назоў «Заходняя Беларусь» выкарыстоўваўся ўжо ў 1918–1919 гг. Увогуле ж, відаць, было б слушным шукаць выкарыстанне гэтага геапалітоніма пачынаючы з усталявання расійска-германскай лініі фронту ў 1915 г., якая падзяліла Беларусь з поўначы на поўдзень.

Цікава нагадаць, што, паводле Антона Адамовіча, на пачатку 1920-х гг. распрацоўвалася і зусім неардынарная задума ўз'яднання Беларусі (так званы «мангольскі праект»).

«Меркавалася трансфармаваць БССР у тэарэтычна незалежную дзяржаву пад пратэктаратам Савецкага Саюзу накшталт Мангольскай Народнай Рэспублікі. Плянавалася, што пры падтрымцы Саветаў беларускі нацыянальны рух у Польшчы ўзьніме «паўстаньне» за аддзяленьне беларускай тэрыторыі. У той жа час адбудзецца «паўстаньне» і ў Савецкай Беларусі, якая рэалізуе сваё права на «аддзяленьне» і дзьве часткі Беларусі аформяць тэарэтычна незалежную дзяржаву, фактычна пад савецкім пратэктаратам, як і Мангольская Народная Рэспубліка. Сам СССР пры гэтым не выглядае агрэсарам, а наадварот, — такім самым (калі яшчэ і ня больш) «пацярпелым» як і Польшча.

Цяжка сказаць, ці меў «мангольскі праект» у сваёй аснове пэўныя рэальныя намеры, ці з самага пачатку быў задуманы як чыстая правакацыя, якой у далейшым абярнуліся і «нацыянальны НЭП», і «беларусизация», і ўся бальшавіцкая дзейнасьць у Заходняй Беларусі. Ува ўсялякім выпадку, у свой час матываваньне яго выглядала праўдападобным».

А згодна польскай крыніцы, падчас існавання Сярэдняй Літвы (1920–1922 гг.) быў яшчэ адзін варыянт паўстання. «Калі б пачалася ўзброеная барацьба Ковенскай Літвы і Беларусі з Польшчай, павінна было пачацца антыпольскае паўстанне ў той частцы Беларусі, якая, згодна з Рыскай дамовай, належала Польшчы. У гэтым выпадку на дапамогу Літве і Беларусі прыйшлі б савецкія войскі». Пасля выбараў у Сойм і Сенат Польскай Рэспублікі, адносна паспяховых для беларусаў і іншых нацыянальных меншасцей, па паведамленні той жа крыніцы, паўстанне на «крэсах усходніх» павінна было праявіць ініцыятыву ў паслабленні вайсковых сілаў польскай дзяржавы, з чаго «мелася скарыстаць Савецкая Расія, прайсьці праз Польшчу і злучыцца зь Нямеччынай. Пасьля гэтага мусіла быць утвораная незалежная Беларусь, магчыма, сфэдэраваная зь Літвой ці Савецкай Расіяй». Аднак гістарычныя варункі сталіся неспрыяльнымі для далучэння заходніх зямель Беларусі пасродкам паўстання, таму Масква вымушана была шукаць іншыя шляхі. У той жа час кіраўніцтва СССР спрабавала падрыхтаваць глебу для павелічэння тэрыторыі краіны за кошт вяртання зямель, якія ўваходзілі ў склад Расійскай імперыі. Дзеля гэтага яна шукала дыпламатычнага кансенсусу [28] стасоўна гэтага пытання з вядучымі дзяржавамі. Праўда, тут поспехі былі яшчэ меншымі. Аднак сам гэты факт казаў пра няспынную зацікаўленасць Савецкага Саюза ў аднаўленні межаў колішняй імперыі.

28

Кансенсус (лац. consensus — згода) — спосаб прыняцця развязкаў пры нябытнасці прынцыповых пярэчанняў у большасці зацікаўленых асоб — Polochanin72

Досвед гістарыяграфіі сведчыць, што і да сённяшняга часу многія не ведаюць асноўных чыннікаў павелічэння Савецкай Беларусі ў сярэдзіне 1920-х гг. Як было сказана ў пункце 3-м сакрэтнага дакумента «В комиссию политбюро ЦК ВКП(б) по вопросу о расширении границ БССР», «основной решающий аргумент за расширение границ БССР — в ближайшее время — определяется политикой Польши»: меліся звесткі, што там збіраліся правесці шэраг рэформаў адносна нацыянальных меншасцей, у тым ліку беларусаў. У сувязі з гэтым Крамлю неабходна было прэвентыўна рабіць пэўныя захады, і — як паказаў час — «вяртанне у склад БССР шэрагу ўсходнебеларускіх паветаў мела вялікі рэзананс у Польшчы і Заходняй Беларусі». А наперадзе ж была яшчэ і перспектыва вяртання самой Заходняй Беларусі.

І хаця савецкі ўрад устрымліваўся ад публічных заяў пра неабходнасць перагляду савецка-польскай мяжы (у адрозненне ад прадстаўнікоў саюзных рэспублік, да прыкладу старшыні ўрада Украінскай ССР у 1924 г.), аднак у сакрэтнай перапісцы народнага камісарыята замежных спраў дагавор з Польшчай аб ненападзе разглядаўся як не больш чым тактычны ход. Усходнія межы Польшчы і Румыніі сталі картай для маніпуляцый у дыпламатычных гульнях паміж Масквой і Захадам яшчэ з часоў У. Леніна, які рэкамендаваў камісару замежных спраў Г. Чычэрыну «всемерно использовать постановку Ллойд Джоржем вопроса о восточных границах Польши и Румынии, указывая, что эти границы — препятствуют установлению мира, но делать это осторожно, дабы не навлечь нареканий об отступлении от Рижского договора». У сваю чаргу на Генуэзскай канферэнцыі Г. Чычэрыным было заяўлена, што «уважение (территориального статус-кво. — А. Т.) не должно рассматриваться как равнозначащее признанию этого статус-кво… Малады расійскі даследчык А. Пронін заўважае, «что и советское руководство, заключив мирный договор с Польшей в 1921 году и тем формально признав восточную польскую границу, неизменно подчеркивало свое недовольство сложившейся ситуацией. Так, посол Германии в СССР в 20-х — начале 30-х годов фон Дирксен 17 октября 1931 г. писал из Москвы о своей встрече с Ворошиловым, утверждая, что границы с Польшей Ворошилов считает, как это он подчеркивал в разговоре с начальником Генерального штаба рейхсвера Адамом, «неокончательными». <…> 12 декабря 1931 года Ворошиловым в беседе с фон Дирксеном были сказаны следующие слова: «ни при каких обстоятельствах, разумеется, не может быть и речи о какой-либо гарантии польской западной границы; советское правительство — принципиальный противник Версальского договора»». Дый сам Сталін публічна праз нямецкага пісьменніка Эміля Людвіга ў гутарцы 13 снежня 1931 г. выказваўся пра непрызнанне межаў Версальска-Вашынгтонскай сістэмы, у тым ліку і ў першую чаргу Польшчы. Нягледзячы на гатоўнасць падпісаць з ёй пакт аб ненападзе, ён акцэнтаваў бы не прызнанне яе межаў, а непрымяненне «насілля, нападу для таго, каб змяніць граніцы Польшчы, СССР або парушыць іх». Напэўна, нездарма казытлівая для Масквы тэма Польшчы ўсплыла ў размовах савецкіх кіраўнікоў менавіта ў канцы 1931 г.: сёння ўжо вядома, што ў 1932 г. супраць Польшчы М. Тухачэўскі распрацоўваў планы кампаніі «глыбокіх аперацый» (цікава, што паведамляюць пра гэта менавіта расійскія гісторыкі). Урэшце ўжо 4 кастрычніка 1938 г. намеснік камісара замежных спраў Уладзімір Пацёмкін у размове з французскім паслом Рабэрам Кулёндрам выказаў меркаванне, што не бачыць для СССР іншага выйсця, акрамя чацвёртага падзелу Польшчы. У такім кантэксце праўдападобна гучаць развагі І. Сталіна (аўтэнтычнасць якіх ставіцца пад сумнеў), пра тое, што справа вайны і міру на той час (19 жніўня 1939 г.) залежыць ад кіраўніцтва СССР. Калі заключыць дагавор з Англіяй і Францыяй, немцы будуць вымушаны адступіць ад планаў агрэсіі адносна Польшчы і стануць шукаць стасункаў з заходнімі дзяржавамі, а такое разгортванне падзей Маскве не пасуе. І наадварот, падпісанне дагавора аб ненападзенні з Германіяй умажлівіць яе інтэрвенцыю Польшчы і ўцягне ў вайну Англію і Францыю, што якраз для Савецкага Саюза было б прымальна, бо тады можна было б дачакацца спрыяльнага для сябе моманту ўступлення ў канфлікт. З гэтага была зроблена выснова, што патрэбна прыняць прапанову немцаў, адмовіўшы англічанам і французам.

Дарэчы, на Украіне такой вострай праблемы падзелу, якую мела Беларусь, не існавала. «Ядро» Украіны разам з Кіевам знаходзілася ў складзе Саюза, а на распалавіненай паміж Мекаю (Вільняю) і Медынаю (Менскам) Беларуссю яшчэ трэба было ствараць «свой» беларускі («гравітацыйны» — Томаш Стрыек) цэнтр, надаваць яму кансалідуючае значэнне, якое затым нельга было б падвергнуць сумневу. Думаецца, што пасля няўдалай спробы агрэсіі прыкладна такім самым метадам планавалася ўключыць у склад СССР Фінляндыю, далучыўшы яе да Карэла-Фінскай ССР, якую заканстытуявалі ў 1940 г. адразу пасля заключэння з Фінляндыяй міра. А менавіта аб'яднаць нібыта кроўных братоў аднаго народа, палова якога ўсё яшчэ «стагнала пад капіталістычным гнётам». Таму і пасля вайны СССР лічыў фінскае пытанне нявырашаным, бо па-ранейшаму бачыў Фінляндыю ў сферы сваіх інтарэсаў. Дарэчы, германскі бок гэтаму і не пярэчыў, хоць і меў пэўныя ўмовы. Сам Гітлер казаў: «Это не затрагивает законных притязаний России <…> эта страна входит в русскую зону влияния». Праўда, ён настойваў на мірнай рэалізацыі пакта, з чаго Молатаў выявіў пэўнае нерваванне. Рэч у тым, што з восені 1940 г. з боку Савецкага Саюза рыхтавалася другая фінская вайна з планамі поўнага захопу Фінляндыі за 45 дзён. У 1956 г., пасля смерці Сталіна і асуджэння культу асобы, ідэя таго аб'яднання, відаць, канчаткова знікла — і Карэла-Фінская ССР была пераўтворана ў Карэльскую Аўтаномную ССР (NВ без Фінскай!).

У Польскай Рэспубліцы беларусы афіцыйна былі нацменшасцю, і гэта таксама паспрыяла таму, каб нават некамуністычныя нацыянальныя дзеячы на ніве беларушчыны пачалі даваць веры бальшавікам. Асабліва пасля таго, як дамаганні Б. Тарашкевіча і яго хаўруснікаў у палітыцы здабыць для беларусаў аўтаномію не рэалізаваліся. Тая аўтаномія (хаця б фармальная) у вялікай ступені пазбавіла б Маскву падстаў для інспіравання эвентуальнага аб'яднання Беларусі. Думаецца, менавіта сепаратысцкія памкненні Б. Тарашкевіча, якія (пры ўмове іх рэалізацыі) маглі б прынесці нямала шкоды Крамлю, пазней падштурхнулі бальшавікоў спярша наладзіць яму эміграцыю ў БССР, а затым рэпрасаваць яго (як і многіх іншых нацыянальных дзеячаў заходняй часткі Беларусі). У гэтай сувязі вартае ўвагі небеспадстаўнае меркаванне Р. Лазька пра разгром Беларускай Сялянска-Работніцкай Грамады (ачольваў Б. Тарашкевіч), якая стала ахвярай дзвюх дыктатур — варшаўскай ды маскоўскай. «Савецкае кіраўніцтва прыкладала актыўныя намаганні, каб не дапусціць стварэння і ўмацавання нацыянальных аб'яднанняў, гатовых да супрацоўніцтва з польскім урадам». Канечне, крамлёўскім бальшавікам было непамысна бачыць 8-тысячную Кампартыю Савецкай Беларусі на фоне больш чым 100-тысячнай (!) Грамады (дарэчы, у Кампартыі Заходняй Беларусі мелася не больш чатырох тысяч сяброў і недзе столькі ж належала да Камуністычнага Саюза моладзі). Варта заўважыць, што пасля разгрому Грамады яе сябры не пайшлі ў КПЗБ — саюзніка па антыпольскай барацьбе. Дык можа і не такое шчыльнае супрацоўніцтва ў іх было, як спрабуюць запэўніць многія, у тым ліку і сучасныя, гісторыкі? Тым больш, што радыкальныя метады барацьбы КПЗБ (бывала, праўда, іх правакавалі агенты дэфензівы), якія выклікалі рэпрэсіі польскіх уладаў, нярэдка толькі шкодзілі ўздыму беларускага нацыянальнага руху. Між іншым, сапраўдныя намеры стасоўна Грамады Крэмль выявіў адно пазней, абвінаваціўшы ўдзельнікаў руху ў спробе ўтварэння ў межах Польшчы буржуазнай беларускай дзяржавы. Тым не менш, відавочна, што бальшавікі прымалі ўдзел у стварэнні Грамады, імкнучыся праз яе ўзвесці «мосьцік да камунізму».

Поделиться с друзьями: