Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Ленін і Сталін думаюць пра Беларусь

Трофимчик Анатолий Викторович

Шрифт:

Аналітыкамі найноўшай гісторыі прызнаецца, што нацыі без дзяржавы, якая спрабуе набыць незалежнасць, складана за яе змагацца — тут нельга абысціся без спрыяльнага збегу акалічнасцей. З такой тэзай прынамсі ў нашым выпадку неабходна пагадзіцца. У сітуацыі з Беларуссю сам па сабе фактар БНР не быў вырашальным у справе надання Заходняй вобласці хоць нейкіх прыкмет дзяржаўнасці. Савецкую Беларусь стварылі перадусім пад ціскам абставін міжнароднай палітыкі. Чыннік БНР тыя абставіны запачаткаваў і ўзмацняў, але бальшавікі не надавалі яму аператыўнай увагі: ні першае, ні другое абвяшчэнне Савецкай Беларусі не былі непасрэднай рэакцыяй на прэтэнзіі беларускіх нацыянальных сепаратыстаў. Роля буфера, якая адводзілася Савецкай Беларусі, магла быць ускладзена на Літву і Украіну, межы якіх можна было зрабіць агульнымі па беларускай тэрыторыі (тым больш, што тэарэтычны досвед ужо быў у 1918 г. — vide supra). Але і прыніжаць значэнне БНР нельга, бо бальшавікі сваім стварэннем Савецкай Беларусі ставілі на мэце ў тым ліку нівеляваць фактар беларускіх нацыянальных сіл з іх памкненнем да самастойнасці, якая да таго ж магла атрымаць іншую пратэкцыю, найверагодна — з Захаду.

У той жа час ніводзін з бакоў не атрымаў і сакрушальнага паражэння ў барацьбе, якая пасля Рыгі не скончылася, а толькі прыпыніла сваю актыўную фазу, што сведчыла аб эвентуальным вырашэнні праблемы ў бліжэйшай будучыні.

Да таго ж у тым, што Беларусь не толькі не знікла з геаграфічнай мапы, але ў 1920-х гг. павялічыла свае адміністрацыйныя межы як Савецкая Рэспубліка, немалаважную ролю адыграў менавіта Рыжскі дагавор. Не было б яго, наўрад ці Крэмль пайшоў бы на так званае ўзбуйненне. Не было б яго, беларуская эліта была б знішчана ў 1930-я гг. дашчэнту; дзякуючы ж падзелу краіны па заходні бок мяжы заставаўся значны палітычны і культурны асяродак беларускіх нацыянальных сіл. Не было б яго, ці атрымала б summa summarum [18] сённяшняя Беларусь суверэннасць? Ці не была б яна паглынута Імперыяй, як Карэла-Фінская ССР, якая не выканала сваю гістарычную місію ў распаўсюджванні сусветнай рэвалюцыі? Умоўны лад (якога, вядома ж, гісторыя не мае) у гэтых пытаннях — не метадалагічная памылка аўтара, але рытарычны сродак дзеля стварэння больш выразнага ўялення пра неадназначнасць сітуацыі (альбо адной з верагодных версій накшталт «матылька Брэдберы» [19] ). Пра што казалася яшчэ ў 1921 г. Нехта інжынер Зябіцкі, згаданы Б. Тарашкевічам у curriculum vitae [20] , спачуваючы беларускаму руху казаў: «Рыскі трактат робіць палажэньне трагічным. Але ня трэба маркоціцца, таму што магчыма, што якраз падзел Беларусі стане паваротным пунктам яе адраджэньня: наступіць спадужаньне паміж абодвума бакамі граніцы, урады будуць старацца беларускае пытаньне выкарыстаць адзін супраць другога. Ён (Зябіцкі. — А. Т.) і яго палітычныя прыяцелі належаць да тых, якія хацелі б судзеяць стварэньню беларускага П'емонту на занятай Польшчаю тэрыторыі». Што праўда, перавага так званых інтэгрыстаў (на чале з Р. Дмоўскім) над федэралістамі (ачольваў Ю. Пілсудскі) мінімізавала шанцы на стварэнне нейкага «беларускага П'емонта», які б даў магчымасць у будучым вярнуцца да праблемы незалежнай беларускай дзяржаўнасці. 1939 г. зверыфікаваў памылковасць дзеянняў польскай дэлегацыі, якая фармальна дабілася ад Расіі і Украіны згоды не выкарыстоўваць назваў накшталт «Заходняя Беларусь» ці «Заходняя Украіна», бо на практыцы сталася ўсё наадварот, што было, канечне, на шкоду Польскай Рэспубліцы.

18

Summa summarum (лац.) — «вынік вынікаў», г. зн. у канчатковым выніку — Polochanin72

19

Як бачым з гісторыі, нацыянальная ці — карэктнай будзе казаць — этнічная свядомасць насельніцтва ВКЛ у XVIII ст., падчас адзінаўладнага дамінавання і панавання пальшчызны сярод актыўнай часткі грамадства, рэзка прытупілася, прычым настолькі, што ў XIX ст., калі расійскі імператар захацеў «вярнуць» «адзінакроўных» братоў у лона «велікарускай» культуры, распачаўшы працэсы арганічнага інтэгравання нашага краю ў Расію пры элімінацыі іншых уплываў, будучыя беларусы не прабудзіліся як аўтэнтычная нацыя, нягледзячы на агульнаеўрапейскую «вясну народаў». І наадварот, калі ў перыяд Першай сусветнай вайны на Беларусь сталі прэтэндаваць і з захаду, і з усходу (у значна меншай ступені з поўначы і поўдня — адпаведна Літва і Украіна), мы назіраем рэзкую каталізацыю эвалюцыі нацыянальнай свядомасці і — як вынік — актывізацыю беларускага нацыянальнага руху. Адсюль выснова: аднабаковы татальны ўплыў, а не біпалярнае ўздзеянне, вядзе да субтылізацыі этнатоеснасці насельніцтва Беларусі з перспектывай поўнай асіміляцыі нацыі. Дарэчы, думка ў прынцыпе не новая для гістарыяграфіі: польскі гісторык Рышард Радзік заўважае неспрыяльнае для фарміравання беларускай нацыі знаходжанне ўсёй тэрыторыі Беларусі ў расійскай дзяржаве, бо — у адрозненне ад украінцаў (частка якіх знаходзілася ў Галіцыі) ды літоўцаў (частка якіх знаходзілася ва Усходняй Прусіі) — яны не мелі свайго П'емонту і «не маглі выкарыстаць сутыкненне аднаго захопніка з другім».

20

Curriculum vitae (лац.) — жыццёвы шлях; жыццяпіс — Polochanin72

Развіваючы такім чынам думку глыбей, можна наогул дайсці да дастаткова абгрунтаваных меркаванняў, што падзел Беларусі ў 1921 г. стаў у пэўным сэнсе карысным для будучыні краіны, а мо й наогул Рыжскі дагавор апынуўся выратаваннем для яе [21] (па вялікім рахунку Беларусь у Новай і Найноўшай гісторыі паўстала як такая менавіта паміж дзвюх варожых сіл і нават у многім дзякуючы ім, а калі б адна з іх счэзла, дык верагоднасць знікнення — праз паглынанне-асіміляцыю — цэлай аўтэнтычнай краіны, відавочна, рэзка ўзрасла б, — такая ўжо, відаць, яе доля ці, як адцеміў беларускі мысляр Ігнат Абдзіраловіч, «адвечны шлях») [22] .

21

Хоць, канечне, сітуацыя магла павярнуцца і ў бок непапраўнай трагедыі: нацыянальныя дзеячы Беларусі, пачынаючы яшчэ з 1919 г., калі ўзнікла пагроза падзелу краіны паміж Польшчай і Расіяй, справядліва баяліся асіміляцыі абедзвюх частак, бо ніводная з іх не магла стаць суб'ектам федэрацыі з тымі дзяржавамі.

22

Гэтую сітуацыю ў падобным жа ключы па-філасофску асэнсоўвае і сучасны беларускі мысляр І. Бабкоў, што дае нам падставы чарговы раз пераканацца ў слушнасці такой думкі. А яшчэ трохі пазней (напісання гэтых радкоў) аналагічныя рэфлексіі знайшліся і ў Ю. Туронка: «Трэба ж было нешта рабіць з шасьціпавятовай Меншчынай, якая, дзякуючы палякам, засталася на савецкім баку».

Да таго ж, як заўважае выбітны знаўца гісторыі і культуры міжваеннай Заходняй Беларусі Арсень Ліс, падзел зусім не азначаў спынення кансалідацыі беларускага народа, нацыянальная ідэя эвалюцынавала. І ў гэтым істотнае значэнне адыграў менавіта падзел Беларусі. Лагічна будзе меркаваць, што ён рухаў менавіта да ўз'яднання нацыі.

Ад мірнага дагавора да мірнага дагавора (міжваенны перыяд)

…Лучше пересолить в сторону уступчивости и мягкости к национальным меньшинствам, чем недосолить

В. Ленин

Игра в независимость

И. Сталин

Гістарыяграфія гэтай тэмы не такая стракатая, як стасоўна падзей 1917–1921 гг., хоць у многім наследуе тэндэнцыі папярэдняга перыяду. Савецкія гісторыкі стваралі вобраз клапатлівай Масквы, якая не толькі абараніла беларускую дзяржаўнасць, на што пасягала капіталістычнае суседства, але і праводзіла беларусізацыю ды каранізацыю паралельна з павелічэннем («узбуйненнем») тэрыторыі Савецкай Беларусі. Зразумела, абгрунтаванне дэтэрмінізму тых дзеянняў таксама кшталтавалася ў парадыгме савецкай ідэалогіі. А вось сапраўдныя прычыны не агалошваліся. Замоўчваліся і многія дзеянні, якія характарызавалі маскоўскае кіраўніцтва не з лепшага для беларускай дзяржаўнасці боку. Усё канцавалася высновай, што дзеянні Саветаў прагрэсіўныя для Беларусі, а шавіністычныя палітыкі Польскай Рэспублікі і нацыяналістычна-буржуазныя дзеячы БНР адно і думаюць, як іх спляжыць. Контрверсійныя меркаванні прадстаўлялі беларускія эмігранты, аднак іх пазіцыі характарызаваліся

1) запалітызаванасцю (як правіла, яны былі палітычна заангажаванымі),

2) ярка выражанай палярнасцю, антынамічнасцю адносна пазіцый савецкіх даследчыкаў, што часта прыводзіла да прынцыпова супрацьлеглых высноў без дастатковых абгрунтаванняў,

3) малалікасцю даследчыкаў і слабай трансляцыяй веды: вынікі іх працы не сягалі за межы эмігранцкага асяродка (палітыкаў і навукоўцаў капіталістычнага свету беларускія праблемы амаль не цікавілі).

Рэальная фактычнасць міжваеннага перыяду пачала праясняцца толькі ў канцы 1980-х гг. Гэта датычыцца і параўнаўча больш плюралістычнай гістарычнай навукі ПНР, якой былі навязаныя выгадныя Крамлю інтэрпрэтацыі. Тым не менш і сёння гэтая праблема пакуль што знаходзіцца на ўзроўні фрагментарнай рэпрэзентацыі, хоць у навуковы зварот уведзена ўжо даволі матэрыялаў. Таму варта вярнуцца да гэтай праблемы, па магчымасці пераадолеўшы аднабокасць некаторых ранейшых гістарычных даследаванняў.

Рыжскі дагавор фармальна прадугледжваў не такія ўжо і малыя правы для беларусаў Польскай Рэспублікі. Зрэшты, de iure і ССРБ мела суверэннасць — яе юрыдычны статус, безумоўна, павышаўся з утварэннем СССР, у чым Савецкая Беларусь прымала непасрэдны ўдзел як юрыдычна самастойны суб'ект права. Верагодна, тым самым Масква распачала палітыку задабрэння беларускіх нацыянальных сіл па абодва бакі мяжы з мэтай выклікаць сімпатыю да сябе, якая да таго часу была страчана нават у асяродку пракамуністычнага беларускага руху, з боку якога трохі раней гучалі прапановы стварыць узорную Савецкую Беларусь, у тым ліку і як аргумент супраць папрокаў Польшчы ды інтрыг «белорусских националистов і социал-патриотов». Беларускі філосаф І. Бабкоў не беспадстаўна выказвае думку, што «БССР найбольш адэкватна можа быць зразумета не як поўны правал нацыянальнага беларускага руху, а як посткаляніяльны кампраміс», выкліканы збегам шэрагу фактараў, да таго ж, нагадвае мысляр, «беларуская савецкая дзяржаўнасьць выклікала напачатку дастаткова аптымістычныя пачуцьці». Больш таго, А. Луцкевіч у сваёй кнізе «За 25 гадоў», выдадзенай у Вільні ў 1928 г., разглядае Савецкую Беларусь як часткова здзейснены «наш (дзеячаў БНР. — А. Т.) дзяржаўны ідэал, абвешчаны перад гэтым актам рады Рэспублікі 25 сакавіка 1918 г.». Між іншым, самі дзеячы БНР пры адступленні немцаў лічылі магчымым ступіць на шлях перагавораў з урадам РСФСР напярэдадні стварэння Савецкай Беларусі з мэтай арганізацыі кааліцыйнага ўрада апошняй. Гэта дало падставы яшчэ аднаму беларускаму філосафу Валянціну Акудовічу назваць БНР і БССР ледзь не блізнюкамі, ва ўсялякім разе да 1929 г. Сапраўды, прынамсі юрыдычна Беларусь перастала быць безаблічным «Северо-Западным краем» і набыла пэўную кадыфікацыю на міжнародна-прававым полі — і гэта ўжо, безумоўна, прагрэс, які ў гісторыі з гледзішча нацыянальнага развіцця мог бы застацца, бадай, неаспрэчным, калі б не далейшы брутальны разгром дасягенняў у справе беларушчыны.

Пры рэалізацыі правоў паводле Рыжскага дагавора беларусы як нацыя па абодва бакі меліся адбыцца. Але планы метраполій былі інакшыя.

Крэмль спачатку не меў тут агульнай пазіцыі. 22 верасня 1922 г. І. Сталін у пасланні У. Леніну называе ўтварэнне БССР ды іншых рэспублік «игрой в независимость»: «За четыре года гражданской войны, когда мы ввиду интервенции вынуждены были демонстрировать либерализм Москвы в национальном вопросе, мы успели воспитать среди коммунистов, помимо своей воли, настоящих и последовательных социал-независимцев, требующих настоящей независимости во всех смыслах. <…> Мы переживаем такую полосу развития… когда молодое поколение коммунистов на окраинах игру в независимость отказывается понимать как игру, упорно признавая слова о независимости за чистую монету и также упорно требуя от нас проведения в жизнь буквы конституции независимых республик». Але У. Ленін вырашэнне праблемы бачыў інакш (прынамсі на паперы, бо практычная рэалізацыя, што закраналася намі вышэй, у яго магла адрознівацца ад тэарэтызавання). У сувязі з утварэннем СССР і з нагоды канфлікту ў Грузіі ўжо хворы лідэр бальшавікоў у апошнія дні 1922 г. піша пісьмо «К вопросу о национальностях или об «автономизации»», у якім абвінавачвае І. Сталіна ў велікарасійскім нацыяналізме і змест якога агульным сваім палажэннем наўпрост датычыцца беларускага народа. Аб'ём цытаты варты таго.

«Я, кажется, сильно виноват перед рабочими России за то, что не вмешался достаточно энергично и достаточно резко в пресловутый вопрос об автономизации, официально называемый, кажется, вопросом о Союзе Советских Социалистических Республик. <…>

…«Свобода выхода из Союза», которой мы оправдываем себя, окажется пустою бумажкой, неспособной защитить российских инородцев от нашествия того истинно русского человека, великоросса-шовиниста, в сущности, подлеца и насильника, каким является типичный русский бюрократ. <…>

Я уже писал в своих произведениях по национальному вопросу, что никуда не годится абстрактная постановка вопроса о национализме вообще. Необходимо отличать национализм у нации угнетающей и национализм нации угнетенной, национализм большой нации и национализм нации маленькой.

По отношению ко второму национализму почти всегда в исторической практике мы, националы большой нации, оказываемся виноватыми в бесконечном количестве насилия, и даже больше того — незаметно для себя совершаем бесконечное количество насилий и оскорблений…<…>

Поэтому интернационализм со стороны угнетающей или так называемой «великой» нации (хотя великой только своими насилиями, великой только так, как велик Держиморда) должен состоять не только в соблюдении формального равенства наций, но и в таком неравенстве, которое возмещало бы со стороны нации угнетающей, нации большой, то неравенство, которое складывается в жизни фактически. <…>

…Лучше пересолить в сторону уступчивости и мягкости к национальным меньшинствам, чем недосолить».

Поделиться с друзьями: