Маці Ветру
Шрифт:
Чалавек адчуў радасць, бо добра, што можа быці на свеце такі голас, і адразу падумаў:
“Але гэта Вецер. Вецер не падабаецца. Зашмат гуляе”.
II
Жанчына стаяла на ганку, калі прыезджы, прывязаўшы каня, накіраваўся да хаты. Агонь скупа асвятляў яе зграбную, трошкі цяжкую постаць, цёмную казнатку [7] і рантух [8] , які ляжаў на плячах і падаў стуль амаль да зямлі. А вышэй быў твар як з грэцкай іконы і вялікія сухія вочы, якія дапытліва глядзелі на невядомага.
7
Цёплы жаночы каптан.
8
Хустка, шаль, які накшталт плашча вісеў амаль да зямлі.
У акно прыезджы пабачыў вялікі пакой, сталы, моцна напітых гасцей і таго, каго шукаў. Той смяяўся, узняўшы кубак, а поруч з ім сядзела і з захапленнем глядзела на яго дзяўчына, зусім маладзенькая, з нявінным тварам і разумнымі вачыма. Рубок [9] яе быў блакітны, рука з тонкім залатым пярсцёнкам ляжала ў руцэ суседа, тонкі шлягавы вянок прыгожа падтрымліваў дзіўнай прыгажосці залатыя валасы. На вачах яе былі радасныя слёзы, і нават прыезджы збянтэжана буркнуў:
9
Тонкая жаночая вопратка.
— Вось бы й паляцела. Бач, дзяўчо. А так нічога асаблівага. Галава і два вуха... — І спытаўся ў жанчыны: — Што гэта ў вас?
— Заручыны сына, — адказала тая прыемным грудным голасам.
— Ці ўдома Вецер? Скажыце яму, што яго выклікае Васіль Вашчыла.
— Можа, пойдзеце ў пакой да іх?
— Не, я пачакаю на двары. Не трэба.
— Пачакайце тут. — Жанчына адчыніла дзверы ў бакоўку і пакінула Вашчылу аднаго.
Амаль адразу ён пачаў яе голас:
— Сыне, там цябе нейкі лёзны [10] чалавек пытае.
10
Падарожны, вандроўнік, валацуга.
— Добра, матулька, зараз выйду.
Вашчыла агледзеўся. Пакоік быў невялічкі. Печ з маляванымі кафлямі зразала адзін кут, стаяў стол, ля яго крэсла з падлакотнікамі. Ложак, засцелены самаробным пакрывам у шашачкі, гліняны рукамыйнік — вось і ўсё. На стале скураная чарніліца з “інкаўстам”, гусінае пяро і дзесятак кніг у скураных пераплётах.
Узяў адну кнігу — лацінская. Ледзь разабраў. Пра колы нейкія. Стварыў — Купернік. Узяў другую — “Трышчан і Ізота”.
“Мудрагеліць Вецер. Не да “колаў” — была б жывая душа”.
Непрыкметна з’явілася жанчына, паставіла на стол гліняную панву [11] са смажанай міронай, талерку з ласіным языком у воцаце, сотавы мёд і “ўдаву” (бутэльку ў выглядзе абаранка — налі гарэлкаю, надзень на руку і хадзі да ўдовага кума) з горкім траўнікам.
— Вы падмацуйцеся, сын хутка выйдзе. Ды ўжо выбачце нам — такі дзень. Я вельмі радуюся за сына. Агата — цудоўная дзяўчына. А вы самі, прабачце, скуль?
— Я прыяцель вашага сына па Крычаву. Разам жылі, добрыя знаёмыя...
11
Гліняная скавародка.
— А Божа ж мой! Дый чаму ж гэта вы адмаўляецеся пайсці? Гэта ж для яго будзе гэткая радасць! Ну хадзем! Ну я вас прашу!
— Не, мне туды нельга, — адрэзаў Вашчыла.
— А зараз вы скуль? — спытала маці.
— Проста з Крычава.
— Так, мой сын даўно не быў там. Прыехаў сюды — а тут яна. Ну й добра. Зараз ехаць небяспечна. К'oіцца мярзота страшэнная. Душыць людзей — гэткая поскудзь! Да нас ім цяжка дабрацца, але ад гэтага не лягчэй. Што гэта будзе? Адзін воўк здае на водкуп другому вёскі. Навезлі фактараў, рабуюць паспалітых. Гора!
— А што гэта вы са мною так адверта? — спытаў Вашчыла.
— А таго, што бачу мазалі на вашых руках. Ну добра, вы пачакайце. Сын хутка выйдзе.
Сын пачаў есці і добра зрабіў, бо толькі праз гадзіну рыпнулі дзверы бакоўкі, увайшоў Вецер і, пабачыўшы Вашчылу, пабялеў, хоць і не змяніўся ў твары.
— Гэта ты? Чаму ж мне маці не сказала?
— Я казаў, але яна, мусіць, забылася.
Мужчыны пацалаваліся тройчы, і Вецер са шчырай радасцю сказаў:
— Вось добра, што прыехаў! А ў мяне шчасце.
— Бачу, — адказаў Вашчыла суха, — няўчаснае шчасце.
Вецер прысеў на ложак. Толькі тут можна было заўважыць, якія непадобныя яны былі адзін на другога.
Вашчыла сядзеў як уліты ў крэсла. Сталая, магутная постаць, вялікія рукі селяніна, жылаватыя і мазалістыя, шырокія грудзі і плечы.
Ён, відавочна, належаў да таго гатунку людзей, якія выклікаюць да сябе любоў з першага позірку, якіх кахаюць дзяўчаты, і нават мужчыны адчуваюць да іх нейкае цёплае пачуццё, жаданне падкарацца гэтаму чалавеку, рабіць тое, што ён хоча, — магчыма, таму, што ён разумны і добры, магчыма, таму, што ён — верны сябра, а хутчэй за ўсё таму, што невыказны давер струменіцца ад гэтай істоты, ад яе павольных рухаў, ад сумленных вачэй. Яны заўжды добрыя сябры, цудоўныя бацькі і верныя, пяшчотныя мужы, з якімі жонка, як кажуць, пражывае век не за палатняны мех. Звычайна ў іх бывае пад старасць не менш як дзесяць дзяцей.
Галава Вашчылы сядзела горда на моцнай шыі, і была яна, гэтая галава, ёмістая, з добрым чэрапам. Нос прамы, губы трошкі адтапыраныя наперад, з прыемнымі коскамі ў кутках рота.
Вочы былі блакітныя, светлыя, нават занадта светлыя, і нешта добрае і нават трошкі соннае і хітраватае бачылася ў іх. Высокі белы лоб вянчала грыва залаціста-каштанавых, вельмі мяккіх валасоў, якія бесхарактарна валіліся наперад і назад, хваляй падалі на лоб. І толькі дзве ледзь прыкметныя рыскі паміж брывей казалі, што гэты чалавек можа быць іншым. Толькі і ўтрапёнасць і злосць яго былі ад дабраты.
Вецер таксама меў мяккія залацістыя валасы, але на гэтым падабенства канчалася. Быў ён худы, хоць моцны, высокі, з доўгімі нагамі.
Нешта пяшчотнае і прыродна-грацыёзнае было ў яго постаці. Лёгкія доўгія валасы, вялікія сінія вочы пад пушыстымі веямі, караткаваты нос, рот, які ўвесь час смяяўся, вельмі прыгожы голас. І ўвесь ён быў, як смык, гнуткі і пявучы. Не чалавек, а нешта накшталт салаўя, створанае дзеля таго, каб услаўляць свет і святло і жыццё.
Нягледзячы на нясхожасць, яны моцна буршавалі [12] і любілі адзін аднаго.
12
Праводзіць час, сябраваць, што завецца “сябры не разлі вада”.
І вось гэтыя два чалавекі сядзелі адзін супраць аднаго і маўчалі.
— Вецер, мы пачынаем на тым тыдні, — сказаў Вашчыла.
— Толькі Крычаў?
— Павінны дапамагчы навакольныя вёскі. Пашлём сотню коннікаў з агнявымі віцамі [13] . Калі не адашлюць войска, адкладзём, але ненадоўга. Цярпець больш няможна. Крычаў — гэта кацёл з варам. Вымагаюць, каб я аб’явіў сябе ўнукам Багдана-Хвёдара Хмеля. Ягонае імя — наша зброя. Януку Дубатолку і Балабановічу з хлопчамі ў пушчу пашлём сыкгнеты [14] з нашай пячаткаю — няхай ідуць на дапамогу. Цяпер, што будзеш рабіць ты... Ты павінен быць у Крычаве — збройнікі табе вераць і без цябе могуць адмовіцца, інакш я не ехаў бы сюды. Пашлеш лісты Раману Туру ў Прапойск і іншым. Ты абавязкова павінен быць. Ты мая правая рука, бо ты вельмі пісьменны чалавек і без цябе немагчыма. Зразумеў?
13
Знак да пачатку паўстання, паходня. Коннікі скакалі з ёю ад двара да двара, перадаючы ў кожным сяле як эстафету.
14
Пярсцёнак з пячаткаю.