Маці Ветру
Шрифт:
Вылі над ёю жанчыны, і чорны камень лёг на яе белае цела. Але Вецер амаль не плакаў, ён не паспеў яшчэ дасхочу напаіць крывёю свой корд.
І ворагі баяліся яго.
Але ўрэшце ўсё было скончана. Я калі-небудзь яшчэ паспею распавесці, як Геранім Радзівіл паслаў на маленькі мяцежны Крычаў гусараў, драгунаў, іншаземцаў, а потым з’явіўся і сам, як паставілі вакол Крычава варту, як палкоўнік Пястрыцкі (няхай давеку кіпіць у смале яго чорнае сэрца) гатаваўся душыць сваю зямлю, як Вашчыла клікнуў паспалітае рушэнне, як разагналі сялян гарматаю і дробнай куляю, як паўсюль на полі крыві ляжалі белыя фігуры абаронцаў волі.
Я раскажу калі-небудзь і пра тое, як блаславіў забойц біскуп магілёўскі Валчанскі (ганьба табе, царква Хрыстова!), як залілі крывёю няшчасны Крычаў і набатны звон папіхалі нагамі сабакі Падчашага, як на п'aлях сядзелі лепшыя людзі нашай зямлі, як вешалі на прэнг і вешалі за рэбры на гакі і на шыбеніцы, як марылі людзей у смуродных псарнях, як трэскі, намочаныя ў серку, забівалі за пазногці і падпальвалі і як ад таго счыніўся вялікі мяцеж не толькі ў Крычаўскім старастве, але паўсюль.
Але зараз я не магу. Ламаецца пяро ў руках, і кроў, якою пісана гэта, не прасушыш ніякім пяском.
І было гэта на працягу ўсяго студзеня і ўсяго тыдня сырапуснага і далей, пакуль не сплылі мы крывёю. Помсцілі крывёю. Помсцілі крычаўлянам за тое, што дзвесце год таму абламаў Жыкгімонт рогі князю Васілю Жылінскаму, і за жах свой помсцілі і за баягузства сваё перад імі. І за бязмежную мужнасць іхнюю помсцілі жорстка.
Сапраўды, нязмерная мера пакут тваіх, люд беларускі!
Схоплены быў і Вецер у той час, як ён ратаваў Вашчылу. Давяловя яму выпіць да донца кубак смяротных пакут. Допыты вяліся ўдзень і ўначы, але ён маўчаў і толькі карыстаўся кожнай нагодаю, каб дакрануцца да рукі ўсіх членаў “доказнай інквізіцыі”. Ахвотна таксама ён цалаваў рукі тром прэсвітэрам, хоць ад споведзі адмовіўся, і кранаў ката і Пястрыцкага і шмат яшчэ каго. Лоб ягоны быў яшчэ чысты.
І ён маўчаў і смяяўся ў вочы тым, што садзілі яго ў студню і ў комін, і спяваў на прэнгу здзеклівыя песні. Ніводнага стогну, ніводнай слязы.
Іншыя трымалі сябе на допытах таксама горда. Карпач грубымі жартамі даводзіў інквізітараў да істэрыкі, быццам гэта былі жанчыны. А засожскі растрыга-поп Малькевіч папрасіў размяць рукі перад смерцю і страшэнным ударам убіў нос пасланцу намесніка магілёўскай катэдры.
І душыцелі дабівалі людзей Вашчылы, і зноў было цяжка, і палалі ўначы хаты.
І ўсё ж яны трэсліся ўначы ў ложках, калі рып мужыцкіх вазоў будзіў іх, і ў агнях начлежнікаў за ракою бачылі яны агнявыя віцы. Яны баяліся занадта мучыць той люд, што заставаўся ў жывых, бо жорсткі позірк Вашчылы, бо моцныя рукі Карпача, бо адвагу Ветру бачылі яны ў кожным позірку, у кожных мазалістых руках, у тысячах твараў і тысячах рук беларускіх.
Што ж датычыцца Ветру, дык яго, разам з іншымі, зашылі жылаю ў мядзведжую шкуру і зацкавалі хартамі ў марозны ясны дзень на плошчы горада Крычава.
Калі ён, задушыўшы некалькі ваўкарэзаў, упаў і вялікі хорт упяўся ў яго глотку, што спявала песні і смяялася, калі ўжо нельга было вызначыць нічога чалавечага ў тым, што ляжала на зямлі, — сівая жанчына ў чорным рантуху раптам крыкнула і ўпала мёртвай на прымяты снег.
Сэрца яе не вытрымала.
І над корчамі страчанах, над палаючымі сёламі, над п'aлямі і шыбеніцамі, над бядою народная рагаталі прэсвітэры-інквізітары, рагатаў Пястрыцкі, рагаталі суддзі трыбуналу... Адзіны чалавек, які мог растлумачыць, што смяяцца ім няма прычыны, ляжаў мёртвы на зямлі, і яны са здзіўленнем прыгадвалі яго словы: “Мой праклён хутка з’явіцца на вашых ілбах!”
Паны, да якіх ён дакрануўся, яшчэ нічога не разумеючы, рагаталі над корчамі страчаных.
Усе яны памёрлі.
Сакавік 1956 г.
Лесавічы