Маці Ветру
Шрифт:
— Маці, не лай Вашчылу. Ён...
— А хто вінен, што я яго лаю, што гэткая ганьба звалілася на нашу хату? Ты маўчы. Што б сказаў сумленны чалавек, твой бацька, што б сказаў твой прадзед? Ён быў вольным земляробам, храбрасцю сваёй у паходзе здабыў права насіць корд сабе, і дзеду, і бацьку твайму, і... табе. І ты яго, відаць, сумленна носіш. А твой бацька!.. Ён трымаў сябе не так, не цалаваў стольніку і чэнсніку рукі, не кланяўся ў ногі каштэляну і ваяводзе. Ён быў сам па сабе. Ён казаў: “Калі мы, вольныя мужыкі, будзем так рабіць, што ж рабіць хлопам?” За гэта яго ненавідзелі паны. Калі ты забыў, як ён загінуў, — я табе нагадаю. Слухай! І не вараці твар... Балабановіч прасіў яго быць сватам да дачкі шатнага [16] ў радзівілаўскім паляўнічым доме. Ён адмаўляўся: “Шатны накраў сабе з панскіх вопратак золата і срэбра, ён ходзіць, падпяразаны поясам з персідскага шалю, а ты хоць і вольны, а галота. Дый які з мяне сват? Усе чулі, як я крычаў у вочы Радзівілу, што дзвесце тысяч злотых, гэты пот людскі, што ён выдаткаваў на паляўнічае свята, напалову паклаў у кішэнь маршал, канюшыя і іншая поскудзь. Ён тады гуляў у народалюбца і нічога мне не сказаў, толькі сказаў, што гэта не пот, а праданая за 600 000 злотых вёска Янушполе”. Дзе там, Балабановіч настойваў. Бацька паехаў на загібель сваю. Перад ганкам іх настойліва ўмаўлялі зняць шаблі і выпрагчы коней. Бацька, як сват, зняў, але Балабановіу забараніў, а коней выпрагчы адмовіўся, бо гэта была б ганьба.
16
Чалавек, які заведваў гардэробам магната ў яго маёнтку.
Потым іх пасадзілі за стол і паставілі разам гуся, парася пад чорнай падліваю і гарбуз [17] .
Балабановіч сядзеў аж белы, а бацька ўстаў і сказаў: “Ну што ж, ад гусей і парсюкоў іншага нельга было й чакаць. Пойдзем”.
Шатны (казалі, што ён быў незаконным братам Радзівілу) наказаў, каб мужыкоў, якія насмеліліся сватацца да шляхцянкі, пагналі з двара.
“Майму прадзеду сам кароль дараваў волю, — адказаў бацька, — я мужык, гэта праўда. А хто дараваў волю і зрабіў шляхціцам цябе? Усе мы ад Адама, але адны мужнасцю здабылі сабе волю, а іншыя здабылі яе сабе распустай сваіх невядомых бацькоў”.
17
Адна з гэтых страў, пастаўленая на стол, азначала адмову, а ўсе тры былі страшэннай смяротнай абразаю жаніху і свату.
Шатны выняў шаблю, але бацька выбіў яе, выцягнуў шатнага на двор і пасадзіў яго ў карыта са свінячым пойлам.
Удома мы аднеслі цябе да суседзяў. Балабановіч уцёк у пушчу, клікаў бацьку, але той сказаў: “Гэта мая зямля. Я з яе нікуды не пайду. Гэта мой дом, і няхай нехта паспрабуе тыцнуць сюды пысу”.
Балабановіч хацеў застацца, але бацька сказаў:
— А табе наказваю ўцякаць.
І прыбавіў:
Потым... патурбуешся пра сірату. Таму і ўцякай.
Усю ноч мы з бацькам гатаваліся: зараджалі зброю, забівалі дзверы. Яны з’явіліся пад ранак: шатны, маршал, гайдукі. Мы стралялі, забілі пяць чалавек, шмат каго паранілі, але яны ўдзерліся ў хату, падпалілі яе і выцягнулі мяне з агню. А хата палала, як свечка, і бацька страляў, страляў, страляў, а потым пулгакі стралялі ад агню самі, мусіць, бацька ўчадзеў. Мяне ж толькі скруцілі...
Балабановіч і зараз сядзіць у лесе. З сумленнага чалавека зрабілі адрынутага. Гэта ён адпомсціў за бацьку ягоным забойцам, гэта яго турботаю ў нас новы вялікі дом і чатыры кані. І як гэта будзе сорамна, калі ён пойдзе на бой, а ты — не.
— Я пайду.
— Калі ён нагадае той жахлівы дзень. Ты быў тады такім маленькім, як кацянё. Ты смяяўся і пускаў бурбалкі. І вось зараз... І чаму ты не памёр тады ад чумы, замест таго каб зваліць гэткую ганьбу на нашы галовы. Баязлівец! Ты прыгадай тых, на Філазопаўскім Грунце. Гэта ж былі маткі, у іх былі дзеці, ты думаеш, што яны менш за цябе жадалі жыць, немаўляткі. Яны ж не разумелі нават, за што гэта іх. Калі ты не разумееш “свой край”, дык падумай, што гэта са мною маглі б зрабіць гэткае, на Філазопаўскім... Край гіне, а ён...
Вецер сказаў з празмерным, ненатуральным спакоем:
— Я пайду! Я заб’ю іх, я не баягуз, я адпомшчу і за бацьку, і за цябе, і за тых, на Філазопаўскім. Але я аднаго толькі баюся, непатрэбнага жалю за жыццём. Вось схопяць мяне, пачнуць катаваць. Як зрабіць, каб не пахіснуцца, каб смяяцца ім у вочы, каб не задрыжэлі мае калені, калі павядуць на страту, каб забыцца пра агонь і не стагнаць ад успамінаў у апошнюю ноч, каб заўсёды, калі будзе выбар, забіць ворага або ўратавацца — я выбіраў першае.
Я не здраджу, але магчыма, у нейкі момант не знайду ў сябе сілы засмяяцца ім у вочы, там, дзе патрэбна, прыпамятаўшы жыццё, цябе, Агату. Каб не смяяліся яны над адзіным, над ніводным маім стогнам — я не хачу, не жадаю даць ім гэтае ўцехі! — дапамажы мне! Гэтага я баюся, гэтага, матуля! Збаў мяне, ратуй мяне, ратуй ад ганьбы. Зрабі, каб я, такі малады, вясёлы, здаровы, закаханы ў жыццё, не шкадаваў за ім. Зрабі!
Як маленькі, ён упаў на падлогу, абхапіў рукамі яе ногі і прыціх. Маці як быццам і не заўважыла гэтага і толькі потым горка сказала:
— Усе чамусьці думаюць, што маці ўсё сцерпіць, і таму просяць у яе такое, нібы сэрца яе з жалеза.
Доўгая трывалая ціша. Не слёзы — скамянеў твар маці, калі яна доўга глядзела некуды ў адно месца паўзверх галавы сына, і раптам сказала глухім надтрэснутым голасам:
— Добра, я дапамагу.
Вецер прыўзняў твар. Яна хутка, як быццам баючыся спыніцца, загаварыла:
— Пойдзеш у бок Ківаверцаў. Потым трымайся па лагчыне на Зорны Кол [18] ад вялікага каменя. Не даходзячы да пачынка Памярэч, з паловы шляху звяртай на Імшаны Яр. На адхоне яго пабачыш пад вялікім дубам пячору. Прыйдзі зацямна. Там... чалавек. Будзе гнаць — не йдзі. Не палі святла. (У яе перахапіла голас.) Скажы яму: “Мне гэта трэба. Я нізавошта не пайду. Я ўсё ведаю”. Павячэрай з ім у цемры, кладзіся з ім поруч, а ўранцы хадзі дадому. А зараз прэч, прэч хутчэй! Прэч!
18
Вялікая Мядзведзіца.
Вецер ні пра што не пытаўся, нацягваючы чугу.
Яна была пацягнулася да яго, але потым, быццам баючыся страціць рашучасць, адсунулася, задрыжала ўся, ухапілася пальцамі за стол так моцна, што яны пабялелі і закалаціліся, павольна апусціўшыся галавою на стол.
Вось сказаць яму, сказаць цёпламу, яшчэ зусім маленькаму. Хто сказаў, што ён жэніцца? Ён жа яшчэ зусім маленькі, куды яму на крыж і пакуты?! Сказаць? Напэўна, сказаць... Не, не, зубамі прыкусі губу да крыві, маўчы, маці, маўчы, вечная жаласніца за сваіх дзяцей! Хто зверне на цябе ўвагу? Маўчы, сцеражы гонар і добрую славу сына!
Маленькі, маленькі мой, дай табе шчасця ў гэту апошнюю, у гэту праклятую часіну!
Маўчы, маці! Плач слязьмі, якіх ніхто не бачыць і ад якіх сівеюць косы.
Маўчы, маці! Потым, як пацягнуць яго на прэнг [19] , можаш плакаць крывавымі слязьмі, гэта адно табе дазваляецца. Плакаць крывёю не забароніць нават кароль.
А пакуль маўчы, маці, маўчы!
Калі ноч кінула ў вокны бразганне падкоў, маці схапілася за вушак дзвярэй, расшыранымі вачыма ўглядалася ў цемру, быццам жадаючы пабачыць яго яшчэ раз.
19
Дыба.
Потым пахіснулася, упала.
Плач, маці! Плач!
III
А Вецер тым часам ляцеў, быццам за ім гналіся ваўкі. Па сцежцы ў бок Ківаверцаў — хутчэй, хутчэй! Вось вялікі камень у асінах. Зорны Кол стаў на хвост — хутчэй, хутчэй! Ранішні вецер пачынае штурхаць яго ў грудзі, не пускае ў Памярэч — хутчэй! І, урэшце, трасца яго бяры з гэтым чалавекам. Чым гэта ён будзе лячыць мяне, гэты чараўнік? Нават калі гэта не дапаможа, ён, Вецер, абавязкова пойдзе ў Крычаў. Ён будзе біцца, бо нельга дазволіць гэткага... на Філазопаўскім... І ён знойдзе ў сабе моц, каб годна трымацца да канца. Палятуць па зямлі агнявыя віцы, паўстане народ. Недзе далёка застанецца Агата... Гэх, дый што не знікне з сэрца мужчыны, калі імкне яго кудысь конь і вольны вецер спявае ў вушах.
Аж вось і пушча. Чарнеюць у цемры дрэвы. Звініць недзе ў Імшаным Яры крыніца. А можа, соўка спявае: “Кап-кап-кап”. Вымалёўваецца ў небе магутны дуб. Вось і пячора.
З горла яе павеяла жыллём. Вецер сагнуўся і палез у атвор. Крокаў са два давялося паўзці, потым ён разагнуўся, паклікаў. Адказу не было. Абмацаў рукамі: ля ўвахода нейкі гарлач, далей — ложак з саломы, зэдлік. Гаспадара няма.
Ён не паспеў як мае быць агледзецца, як нейкі цень засланіў уваход і пачуўся спуджаны голас: