Маці Ветру
Шрифт:
Змоўк, чакаў адказу. Вецер сядзеў, апусціўшы галаву, потым узвёў яе:
— Ты кажаш пра Хмеля. Пры ім паўстала ўся Белая Русь, усё Палессе. Міншчына, падняпроўскія гарады. Нам дапамагалі казакі. І ўсё ж нас разбілі. Сярод казакоў знайшліся здраднікі накшталт Івана Нячая, шпегі лазілі і тут і там. І мы гінулі без дапамогі. Самі казакі ледзь адбіліся з дапамогаю Масквы, а іхнія браты за Дняпром і зараз гінуць у пакутах. А тут адзін маленькі Крычаў і сяляне з іхнімі косамі. Нас немінуча разаб’юць, браце.
Вочы Вашчылы заліла ціхая туга.
— Ты думаеш, я сам гэтага не ведаю, браце? Добра ведаю. Справа толькі ў часе. Магчыма, мы не пражывём гадзіны, магчыма, што пратрымаемся гады з тры... Але змагацца трэба. Трываць немагчыма. Людзі пакутуюць, а гэтыя панічы адчуваюць сябе гаспадарамі і мучаюць нас, як жадаюць, бо лічаць нас за цялят, якія не здолеюць супраціўляцца. Іхняя памяць вельмі кароткая, як у ката, якога хоць і наторкаюць носам, я ён тое самае. Вельмі хутка забылі, як ад жаху скавыталі перад намі. Калі б мы ім паказалі, што мы — волаты, яны б сцерагліся катаваць нас. Трэба ім напомніць. Магчыма, крывёю Крычава трэба купіць адносны спакой усім. А можа, і перамога. Мы ж бачым, што яны прагнілі, як бурак. Трэба пашкадаваць сваю радзіму, Вецер.
Вецер рашуча скалануў галавою:
Не, Васіль. Я не думаў, што гэта так хутка. Ты бачыш, сёння...
Вашчыла няўмольна перарваў яго:
— Ты абяцаў. І, да таго ж, я не думаю, што праз год ці два, калі будуць дзеці, будзе лягчэй. Мы не ведаем дня ані гадзіны, калі трэба аддаць жыццё. А трываць нельга. Глянь на вёску Ліпічна. Яны вывелі людзей ва ўрочышча Філазопаўскі Грунт і загналі ў балота. Маткі працягвалі ім дзяцей, патапаючы, а яны смяяліся. А вёску знішчылі і месца зааралі. Разумееш, браце?
Вецер вагаўся нядоўга:
— Так, гэта жахліва. Але... я не магу кінуць Агату. Васіль, браце! Бачыш, будзе сонца... усё зелянее... зараз зоры над зямлёю... песні і раптам магіла, робакі. Бр-р!
Рыскі між брывей Вашчылы сталі рэзкімі.
— Ты, здаецца, забыўся, Вецер, што ў гэтым жыцці за ўсё трэба плаціць і часам нават крывёю. Жыццё — гэта жорсткая штука. Сёння ты прапіў лашт жыта і ў ім 24 чвэрці, а колькі трэба пацець, каб яго ўзрасціць. Акрамя таго, цябе абралі людзі — і ты падвядзеш іх.
— Ведаю. Я не баязлівец, але я проста не магу. Жыццё, радасць — і не пабачыць, не зведаць той, што стала сёння маёй нявестай. Пакінуць гэту прытульную зямлю, лагчыны, сытыя бугры, такія ласкавыя, цёплыя. Бо я ж ведаю: хоць трываць і немагчыма — але ж мы загінем, загінем немінуча. Іхняя моц, іхняя жорсткасць яшчэ не былі дасюль перможаны... І вочы Агаты.
— Ажаніся зараз, — быстра кінуў Вашчыла.
— І пакінуць маладую жонку?
— Не жаніся.
Маўчанне. Потым Вашчыла сказаў:
— Сынок, будзь сумленным і не чапай яе. Не трэба. Хадзем. Корд [15] як маланка ў тваіх руках. Няхай Агата застанецца дзяўчынай. Светлую памяць зберажэ яна пра цябе, пра твой голас, агністыя вочы, моцнае цела. Ведаеш, мы часам павінны ахвяраваць сабой той маці, якая прыняла ў сябе твой пупок і з часам прыме цябе. Можна жыць без жонкі і дзяцей, нават без бацькоў, хоць і цяжка, але немагчыма жыць без Радзімы; яна ў цябе адзіная, сынок. Калі бачыш, што ёй плююць у святыя вочы, — паступіся жонкаю, не заўдавай нявесце залішніх пакут.
15
Гэта кароткі меч.
Вецер адказаў цвёрда і змрочна:
— Не, не магу. Я шмат думаў і... уяўляў. Я не баюся бойкі, але як падумаеш, што схопяць... Як смяяцца, калі пераб’юць ногі, якімі табе яшчэ шмат год хадзіць па цёплай зямлі, калі кладуць жар у рот, які спяваў, піў віно і цалаваўся. А гэтая ноч перад стратай, калі думаеш, што ёсць ружовыя змярканні і марозныя ранкі, калі срэбная трава і кроў бурліць у жылах і ёсць легенды ў кнігах — і ўсяго гэтага ты не перажыў, не перебачыў. А-а-хх!
Вашчыла павольна ўстаў. Галава яго амаль даставала да столі. Вялікі сум адбіваўся ў яго вачах, калі ён сказаў Ветру:
— Я ведаю, што ты не баязлівец, але я не думаў, што можа быць на свеце чалавек, які можа сціскаць у абдоймах жонку, калі народ ягоны сціснулі ў ланцугах і калодках; які раскінуўся на траве і глядзіць у глыбокае неба, калі ягоны народ раскрыжавалі і ён глядзіць у вочы к'aтам і думае апошнімі думкамі, хто яшчэ тыцне яму дзідаю ў бок. Трасца з табою, жывацей тут...
Нешта спалахнула ў вачах Ветру, але хутка згасла, і ён толькі спытаў з адчаем:
— Ну скажы ж ты мне, як перамагчы жаданне жыць?
Вашчыла не адказаў. Ён запіхнуў пулгакі за пояс і толькі ля самых дзвярэй суха кінуў:
— Бывай. Я рызакаваў жыццём, едучы да цябе, і, як бачу, дарэмна. Памятай, загінем праз цябе. Калі надумаеш — прыходзь у Крычаў праз тыдзень, апоўнач. А пакуль што, прабач... я не магу аддаць табе развітальны пацалунак. Я шкадую таксама, што я еў і піў тут... у доме здрадніка.
І срэбная манета з яго рукі ўпала на стол і заракатала ля чарніліцы.
Вецер кінуўся быў за ім, але раптам спыніўся: маці ўваходзіла ў пакоік. Твар яе быў белы, губы дрыжэлі:
— Сынок, што гэта ён крыкнуў, гэты вар’ят?
Вецер павольна павярнуўся:
— Пакінь, матулька. Гэты чалавек... яго праўда.
Маці сціснула ў руцэ шляк рантуха. Села.
Знадворку пачуўся часты ляск конскіх капытоў, і, пакуль не стала ціха, маці з сынам сядзелі нерухома.
— Ну што ж, распавядай тады, як ты зганьбіў сваю хату, сыне.
Вецер памаўчаў крыху, а потым пачаў гаварыць горача і нястрымна пра тое, як гэта адбылося, пра Вашчылу, пра свой уплыў на збраяроў, пра гэту размову.
Калі ён скончыў, маці маўчала. Бязмерная ўтома была ў яе руках, бляклых вуснах, постаці, што адразу сагнулася, быццам пад вагою.
— Ну што ж, ты не павінен быў лезці туды, калі думаеш, што гэта дарэмная справа...
— Вось і я кажу...
— Але ты пайшоў і, значыцца, павінен быў крочыць да апошняга. Ты даў слова, а словы наш род ніколі не кідаў дурна. Для жанчыны галоўнае — муж, але галоўнае для мужа — сябры па справе і самая справа жыцця. Я гэта калісьці добра разумела. Мне зараз нядобра, вельмі нядобра (Вецер бачыў, як на твары маткі нясцерпны сорам запаліў свой агонь, выгнаў на вочы дзве скупыя слязы). Думаеш, мне лёгка казаць гэта табе... Я ж памятаю твае рукі яшчэ вось гэткімі цёплымі лапэткамі... Зараз ты ведаеш такі верх зямной прамудрасці, як лаціну, а тады казаў, што вецер таму, што калоцяцца дрэвы... Цябе, маленькага, укусіла змяя — я выссала атруту, а ў мяне быў хворы зуб, і я ледзь не памерла... А потым была чума. Мала дзяцей засталося ў жывых, але цябе я выхаяла нейкім цудам... І зараз чужы чалавек, якога я ненавіджу ўсім сэрцам, бо ён забірае цябе, хоць не насіў і не гадаваў, кідае нам, Ветрам, такі дакор. Каб ён здох з голаду пры жывых дарослых дзецях.