Меч князя Вячкі
Шрифт:
Яшчэ ён успомніў невялічкія травяністыя грудкі на могільніку лэтаў, магілы сваіх бацькоў. Якой была з твару ягоная маці? Шэрыя ці сінія вочы былі ў яе? Няўжо яна любіла спяваць лэцкія песні?
Сутарга прабегла па ягоным твары, вочы заблішчэлі. Ён раптам глуха ускрыкнуў і… укусіў сябе за руку, аж сляды зубоў засталіся на белай скуры. Манахіня Эльза, што сядзела побач у павозцы, спалохана запыталася:
— Што з табой, святы ойча?
— Прывідаў, злых духаў адганяю, — паспрабаваў усміхнуцца Генрых, але ўсмешка атрымалася разгубленая, журботная і няшчырая.
Між тым комтур загадаў зрабіць прывал і не дзеля рыцараў — яны ехалі на конях, — а дзеля палонных лэцкіх жанчын з дзецьмі, якія ішлі пешшу і некаторыя падалі ад страшэннай стомленасці. Комтур шкадаваў не іх, а шкадаваў тавар, якім яны былі.
Натрапілі на прыдатнае, зручнае месца для паходнага лагера — па шырокім зялёным лузе цёк чысты булькатлівы ручай, побач быў невялікі лясок, дзе можна было нарыхтаваць дроў для вогнішчаў. У першую чаргу абгарадзілі вяроўкамі месца для малельні, потым паставілі палатку для комтура і палатку для трапез. Калі гэта было зроблена, пачуўся кліч комтура:
— Размяшчайцеся, брацці, у імя гасподняе!
Рыцары з кнехтамі і зброяносцамі пачалі ставіць палаткі для сябе. Ніхто не меў права адыходзіць ад лагера на такую адлегласць, адкуль не чуваць ягоны голас. З двух зброяносцаў, якіх меў кожны рыцар, адзін павінен быў заўсёды знаходзіцца побач з рыцарам, у той час як другі абавязаны быў шукаць паліва і фураж для коней.
У час далёках паходаў рыцары прытрымліваліся строгай дысцыпліны. Ніхто не меў права мець пры сабе жанчын. У парушальніка адбіралі паходную амуніцыю. Жанчын жа наогул не шкадавалі — адразалі ім насы.
Зброяносцы і кнехты, здаралася, біліся між сабою за лепшыя месцы для палатак. Рыцары, убачыўшы такую бойку, абавязаны былі надзець латы і разагнаць задзіракаў, але не мячамі, а доўгімі кіямі.
Капелан адправіў вячэрнюю месу. Паходны звон, які вісеў на шасце побач з палаткай комтура, даў сігнал — тры кароткія ўдары, — каб брацці-рыцары разам з усім войскам клаліся спаць. Лагер заціхаў. Ціха было і там, дзе сядзелі або ляжалі на голай зямлі палонныя жанчыны і дзеці. Але не-не дый чуўся адтуль плач, несуцешны, горкі. Палоска вечаровай зары, як чырвоны крывавы меч, блішчала над зямлёй.
Комтур выдзяліў для Генрыха і ягоных людзей дзве палаткі. У адной палатцы атабарыўся Генрых з трыма царкоўнымі служкамі, у другой ляглі манахіня Эльза з князёўнай Соф'яй.
Генрых ніяк не мог супакоіцца пасля ўсіх жахаў мінулай ночы, пасля лэцкага могільніку, на якім ён ледзь не развітаўся з жыццём. Ва ўсім целе ён адчуваў абрыдлівую нервовую дрыготку. Трапяталі пальцы рук і нават ног. «Не дай бог — пачнуцца Вітавы скокі 91 », — палохаўся Генрых.
Служкі, заўважыўшы, што малады свяшчэннік счарнеў, як зямля, пабеглі ў лагер да рыцараў шукаць лекара. Знайсці лекара ім не ўдалося, але разам з імі прыйшоў рыцар Вікберт. Ён сеў на край мядзведжай шкуры, на якой ляжаў Генрых, загадаў служкам:
91
Вітавы скокі — псіхічнае расстройства, хвароба.
— Ідзіце на вуліцу, паглядзіце на зоркі. Абражаныя служкі хацелі запярэчыць, але Вікберт сціснуў кулак, рыкнуў:
— Прэч адсюль, чарвякі!
Тых як ветрам выдзьмула з палаткі. Генрых закашляўся, хацеў абараніць служак, ды не было сіл на спрэчку, і ён ляжаў моўчкі, глядзеў на Вікберта, на ягоную магутную абсівераную шыю. Яшчэ зусім нядаўна ў трапезнай мечаносцаў бачыў Генрых зняважанага, нікчэмнага, слабога Вікберта. Той Вікберт сядзеў у чорным плашчы на ахапку бруднай саломы і еў драўлянай лыжкай з драўлянай міскі гарохавую нішчымную кашу — ежу палахліўцаў. Сённяшні Вікберт адрозніваўся ад таго, што туліўся на саломе, як неба ад зямлі. На Вікберту быў цудоўны, з сіняга сукна камзол з фестонным каўняром і манжэтамі. На галаве была заломленая набакір аксамітавая шапачка з шэрым жураўліным пяром. Чорныя вочы Вікберта глядзелі цвёрда і рашуча.
— Не хацеў гросмайстар Венна пасылаць рыцараў на Імеру, — не надта прыцішваючы голас, змрочна ўсміхнуўся, сказаў Вікберт. — Але брацці-рыцары запярэчылі. І я запярэчыў. І тады ён паслаў комтура Бертольда, а сам усё роўна не пайшоў у паход.
Вікберт памаўчаў, пэўна, чакаў, што адкажа Генрых. Ды той бяссільна ляжаў на старой мядзвежай шкуры, і тады Вікберт парывіста схапіў яго за руку, загаварыў, забубніў яму ў вуха:
— Падтрымае мяне рыжская царква, калі я заб'ю шалудзівага пса Венна? Скажы — падтрымае?
— Наша царква заўсёды падтрымлівае чалавечыя справы, якія ідуць на карысць госпаду, — ухіляючыся ад прамога адказу, ціха пармовіў Генрых. Жыццё навучыла яго ніколі не спяшацца ў словах. «Апярэджвай ворага ў справах, а не ў словах», — успомніў ён павучанне епіскапа Альберта.
— У мяне ёсць людзі,— рашуча працягваў Вікберт. — Шмат людзей. — Ён моцна сціснуў баявую сякеру, якую заўсёды насіў на поясе.
— Цярпенне, сын мой, і асцярожнасць — вось што заўсёды куе перамогу, — мяккім голасам сказаў Генрых. — А зараз ідзі спаць. І я лягу, бо кепска сябе адчуваю.
— Я перамагу! — сарваў з галавы аксамітную шапачку Вікберт. — Перамагу або загіну!
Вікберт, падхоплены п'янлівай і яраснай сілай, выбег з палаткі. Згусцелы змрок абступаў яго з усіх бакоў. Непадалёку ад палаткі, як скалелыя смірныя авечкі, стаялі, збіўшыся ў купку, Генрыхавы служкі.
— Ідзіце спаць, — весела сказаў ім Вікберт і закрочыў па лагеры. Жаданне дзейнічаць, нешта разбураць, нешта будаваць апякала душу. Здавалася, ён зараз мог падскочыць высока-высока над лагерам, дакрануцца да зоркі, цёплай і шурпатай, павесіць гэтую зорку сабе на пояс і адтуль, з абадзьмутай ветрам галавакружнай вышыні, вярнуцца назад, ударыцца аб зямлю і ўвайсці ў яе па самыя калені. Сіла бушавала ў ім, напаўняла цяплом і святлом кожную жылку, кожную костачку, патрабавала і шукала выйсця.
Вікберт прыпыніўся. З маленькага шаўковага мяшэчка, які на срэбным ланцужку заўсёды вісеў у яго на грудзях побач з нацельным крыжам, дастаў круглую цёплую гарошынку, паклаў яе сабе на далонь. Гарошынка свяцілася, быццам была напоўнена сонечнымі іскрыстымі промнямі. Ён узяў яе ў рот, патрымаў на языку, адчуваючы прыемную гаркавасць, праглынуў.
Вось такія гарошынкі давалі сілу і радасць. Іх прадаваў яму за срэбныя дынарыі рыжскі купец Карл. Гэты Карл разам з шасцю сынамі плаваў у далёкія цёплыя моры, прывозіў адтуль перац і слановыя біўні, яшчэ шмат усялякага дзівоснага дабра і таямнічыя гарошыны, якія там, у спякотных краінах, робяць з белага соку невядомых траў. «Тыя травы растуць у раі,— тлумачыў Карл. — Сам бог пасеяў іх там, каб ісцінныя хрысціяне, трапіўшы ў рай, маглі, пакаштаваўшы іхняга чароўнага соку, хоць на імгненне адчуць сябе багамі».
Вікберт не пайшоў у сваю палатку, а, пракраўшыся між вартавых, апынуўся ў цёмным пустынным полі. Ён нават поўз па зямлі, каб варта не ўбачыла яго. Ды як яна магла яго ўбачыць, калі ў гэтыя імгненні ён адчуваў сябе мудрым спрытным вужом, які можа прабрацца, прасвідравацца ў самую маленькую шчылінку?
Белы вялізны валун свяціўся ў змроку. Вікберт сеў на яго, падставіў ветру твар, глянуў на шырокае бязмежнае неба, і аж дыханне перахапіла. Неба здавалася пяшчотным чорным аксамітам, на які былі нашыты незлічоныя брыльянты і брыльянцікі. Неба здавалася крылатым велізарным ветразем. Якая сіла рухае, гоніць уперад праз гады і стагоддзі гэты ветразь?