Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Меч князя Вячкі

Дайнеко Леонид Мартынович

Шрифт:

— Ніякага ваўкалака няма, — назаўтра, палагаднеўшы, навучаў князь Барыс маленькага сына. — Не княжая справа слухаць казкі смердаў. Яны, цёмныя смерды, выдумалі ваўкалака.

Але Вячка цвёрда ведаў — ваўкалак ёсць! Гэта князь Усяслаў Полацкі, Усяслаў Чарадзей, які некалі жыў і ваяваў на тутэйшай зямлі, прымае воблік ваўкалака, бегае ўсю ноч ад Полацка да Кіева, ад Дзвіны да Варажскага мора, ахоўвае ад чужынцаў сваю дзяржаву. Пакуль бегае, пакуль не спіць, пакуль крычыць пад небам ваўкалак — будуць стаяць і Полацк, і Друцеск, і Менск.

Аднойчы старэйшы Вячкаў брат княжыч Васілька пачаў усім казаць, што яго, Васільку, укусіў у лесе ваўкалак. Выскачыў з-за куста, зваліў з ног і хапануў зубамі за левую пятку.

— Не верыце? — пытаўся Васілька у баярскіх дочак Васіліны і Дабраславы. — Зараз я вам пакажу.

Ён паказаў дзяўчынкам пятку — на ёй і сапраўды была невялікая крывавая ранка. Васіліна з Дабраславаю бляднелі ад страху.

— На мяне цяпер іншы раз нешта находзіць, — таямніча шаптаў Васілька. — Іду ці ў цераме, ці ў лесе і раптам адчуваю, нібы іклы ў мяне ў роце вырастаюць, нібы даўжэзныя кіпцюры на пальцах праклёўваюцца, і так хочацца завыць, закрычаць, некага ўкусіць.

Яны ішлі лугавой сцяжынкаю непадалёку ад гарадскога вала. Звінелі чмялі… Пырхалі стракозы… Пасля нядаўняга дажджу былі рассыпаны па лузе невялікія лужынкі, быццам кавалачкі блакітнага шкла…

Раптам Васілька грозна ашчэрыў зубы, упаў на зямлю і, стаўшы на чацвярэнькі, загаўкаў, завыў. Васіліна з Дабраславаю абамлелі. Потым іх адлівалі вадою, а князь Барыс уласнаручна сек Васільку па голай скуры лазою і прыгаворваў:

— Будзеш хлусіць? Будзеш баярскіх дочак палохаць? Кажы — хто цябе ўкусіў?

— Ой, татачка, ніхто мяне не кусаў,— прасіўсявішчаў Васілька. — Гэта я пятою на драўляны калок наступіў.

Ішло лета за летам, падрастаў Вячка і больш не баяўся ваўкалака. Наадварот — шукаў з ім сустрэчы. Любіў ускочыць на каня і, без сядла, імчаўся ў лугі, на лясныя паляны. Змрок стукаўся ў грудзі. Кажаны віліся над галавою. Спалоханыя зайцы і казулі ратаваліся, хто як мог. Кіпеў над галавой нябесны блакіт. Уздрыгвала зямля. Чулася бушаванне ветру ў далёкіх лясах. А ён імчаўся, імчаўся…

Ён рос і пачынаў разумець сваю зямлю, свой край, людзей гэтага краю. Працавіты, мужны, цвёрды народ бачыў ён вакол сябе. Чалавек да чалавека падбіраўся тут, як каменьчык да каменьчыка. Нязломнай сцяною ўставаў полацкі люд на шляху прыблудаў-тэўтонаў, хцівых ненажэрцаў, якія чорнымі вужакамі хацелі прапаўзці на Усход па берагах Дзвіны. І калі споўнілася Вячку шаснаццаць сонцаваротаў, пакляўся ён у Полацку, у святой Сафіі, што да апошняга дыхання будзе бараніць сваю зямлю.

У Рызе Вячку павезлі на епіскапскае падвор'е. Выйшлі з капэлы Альберт з Генрыхам, і Альберт, наліваючыся жорсткай чырванню, закрычаў кнехтам:

— Раскаваць!

Падбег да князя, сам паспрабаваў зняць з яго ланцугі, але жалеза ёсць жалеза, і давялося чакаць каваля. Тоўсты нетаропкі каваль прыйшоў з усім сваім інструментам, выцер мяккім кулаком бліскучы ад поту лоб, ні разу не глянуўшы Вячку ў твар, раскаваў яго.

Кукейноскага князя павялі ў пакоі епіскапа. Вячка расціраў знямелыя ад халоднага жалеза рукі, у якіх, здавалася, спынілася кроў. Ён быў як у нейкім сне, ішоў, дыхаў, бачыў людзей і бачыў Бінтавую лесвіцу перад сабою, бачыў высокія дзверы, на якіх былі выразаны крыжы і анёлы. Ён бачыў, як нямы служка епіскапа нялоўка спатыкнуўся на парозе, ледзьве не ўпаў, і епіскап так глянуў на служку, што той пабялеў, змізарнеў ростам.

Вячка сеў на мяккі пуф. Альберт, Генрых і тлумач Фрэдэрык стаялі насупраць. Свечак не палілі, бо яркае дзённае святло шырокімі струменямі ўрывалася ў пакой праз вокны, зашклёныя каляровым венецыянскім шклом. Толькі там, дзе на глухой сцяне вісела распяцце Хрыста ў цярновым вянку, было змрачнавата, бо промні сонца не даляталі датуль, расквечвалі бліскуча нацёртую воскам дубовую падлогу.

— Рыцар Данііл горш за язычніка, — сказаў епіскап. — Парушыў клятву, дадзеную на святым крыжы. Наш капітул пакарае яго. Мы адбяром яго лен 96 , які ўручыла яму рыжская царква.

96

Лен — зямельнае ўладанне, якое пажыццёва ўручалася васалу за ягоную службу.

Генрых і Фрэдэрык згодна кіўнулі галовамі. Вячка маўчаў.

— Кароль Кукейноса, пэўна, стаміўся? — падышоў да Вячкі Альберт і паклікаў: — Імануіл!

На парозе з'явіўся нямы служка.

— Дзе мая дачка? — глянуў у шэра-сталёвыя вочы епіскапу Вячка. Гэта былі першыя ягоныя словы за доўгі час палону.

— Няхай манашка Эльза прывядзе князёўну, — загадаў Альберт Імануілу.

Цяпер ужо Генрых адчуў, як падступае да сэрца нясцерпнае хваляванне. Хутка павінны былі прывесці Соф'ю. Як сустрэне яна бацьку? Як гляне на яго? Што скажа?

Больш года выкарчоўваў ён, Генрых, з дзіцячай няспелай душы валуны язычніцтва, святым словам здзіраў, выпальваў з яе каросту крывіцкай мовы. Не толькі пра Соф'ю думаў, аддаючы ёй столькі сіл, часу, крыві. Пра сябе думаў. Думаў пра таго маленькага дурненькага лэта, якога калісьці завезлі ў Тэўтонію і кінулі, як у мора, у інакшае жыццё, у інакшую мову. Ён, дзякуй богу, не ўтапіўся, выплыў на паверхню, хоць і наглытаўся напачатку горкай вады. Але ці трэба было ратавацца тады, у тым моры? Ці трэба было выплываць? Вось якія думкі праколвалі душу апошнім часам. Галасы мёртвых лэтаў крычалі ў ім па начах. Голас юнай Убеле, што загінула ад ягонага мяча, голас Вардэке. Ці трэба было тады выплываць? А ці не лепей было б пайсці на дно, назаўсёды застаўшыся маленькім лэтам?

«Ёсць адзін бог, адна дзева Марыя, адна мова — латынь, — горача маліўся ён, калі бяссонніца халоднымі пальцамі хапалася за горла. — Усё іншае — непатрэбнае. Усё іншае — ад нячысціка. Род людскі толькі аслабляе сябе, разбіваючыся на плямёны, народы, мовы. Толькі рымскі народ павінен жыць пад сонцам, вялікі, недзялімы рымскі народ».

Будзе Соф'я той, якую ён ляпіў у сваіх штодзённых справах і марах, забудзе мову крывічоў, павернецца ўсёй душой, усім сэрцам да рымскай царквы, як кветка да сонца, будзе шчаслівы ён, Генрых з Лэціі, і будзе гэта апраўданнем ягонага жыцця, няпростага і нялёгкага.

Увялі Соф'ю. Манашка Эльза і абаціса Марта стаялі побач з дзяўчынкай.

— Дочачка мая, — парывіста ўзняўся Вячка. Соф'я паглядзела на яго, потым на абацісу Марту, потым на Генрыха.

— Я твой бацька, — падышоў да яе, пагладзіў доччыны светлыя валасы Вячка. — Хіба ты не пазнала мяне? Хіба не помніш?

Ён з такой надзеяю, з такім болем пазіраў на дачку, што ў абацісы Марты нечакана павільгатнелі вочы. Генрых нешта шапнуў Соф'і, і маленькая князёўна, гледзячы паўз бацьку ў вузкае, асветленае жоўтым сонцам акно, сказала некалькі незразумелых слоў. Голас быў роўны і сухі, быццам драўляны.

Поделиться с друзьями: