Меч князя Вячкі
Шрифт:
— Князь! — паклікалі яго раптам. — Князь! Вячка ўсхапіўся, як шалёны тур, цяжка тупнуў нагою, закрычаў:
— Хто пасмеў парушыць маю размову з богам? Ён шумна дыхаў, шукаў рукою на поясе меч.
— Гэта я — твой старшы дружыннік, — дрогкім голасам сказаў Халадок, набліжаючыся з цемры да князя.
— Пёс! Галаву адсяку! — махнуў кулаком раз'юшаны Вячка.
— Бяры маю галаву, але спачатку выслухай мяне, — Халадок спыніўся насупраць Вячкі, глянуў яму ў твар. — Ля варот горада чакаюць твайго слова мечаносцы. Яны прывезлі князёўну Соф'ю.
— Прывезлі дачку? — Вячка нейкі час няўцямна стаяў на тым самым месцы, дзе заспела яго навіна. Твар ягоны то бляднеў, то чырванеў, быццам то заходзіла, то ўзыходзіла ў душы сонца.
— Кажаш, прывезлі дачку? — зноў перапытаў ён, потым левай рукою схапіў старшага дружынніка за грудкі, бліскаючы вачамі, прашаптаў: — Ну, Халадок, глядзі — калі не да дабра твая вестка, возьме цябе Карачун 94 .
— Не баюся я Карачуна, — ціха сказаў Халадок і з нейкім шкадаваннем паглядзеў на Вячку, быццам развітваўся з ім назаўсёды. Яны выбеглі з царквы на вуліцу, дзе ўжо ярка ззяла ранішняе неба. Вячка бег наперадзе, прытрымліваючы рукой похвы з мячом.
94
Карачун — бог смерці ў старадаўніх беларусаў.
— Я — князь Кукейноса Вячаслаў Барысавіч! Што трэба вам, людзі з Рыгі?! — зычным голасам закрычаў Вячка, ускочыўшы на самую высокую пляцоўку надваротнай вежы. Вецер адразу ўдарыў яму ў грудзі, раскрыліў чырвонае карзно, якое было накінута на плечы. Збоку здавалася, што князь ахоплены полымем.
Гарольд-мечаносец на белым кані зноў затрубіў у рог, рыцар у епанчы расхінуў вопратку, і ўсе, і ў тым ліку Вячка, убачылі Соф'ю.
— Я — рыцар Данііл з Леневардэна! — крыкнуў мечаносец, паклаўшы руку на плячо Соф'і.— Прывітанне табе, князь Вячка з Кукейноса, ад епіскапа Альберта! Адчыні вароты, пусці нас у горад і вазьмі сваю дачку!
Позіркі ўсіх, і мечаносцаў, і вояў-дазорцаў, скіраваліся на Вячку. Усе чакалі ягонага слова. Усе чакалі, што зробіць князь.
Ён зняў з галавы шлем, доўгімі смуглымі пальцамі пагладзіў лоб, заплюшчыў вочы. Ён пакутліва думаў. Дзве сілы, дзве страсці ярасна змагаліся ў ім.
Раптам на пляцоўку, дзе стаяў князь, узбег Халадок, упаў перад князем на калені, загаварыў:
— Загадай, князь, калёнымі стрэламі заткнуць раты чужынцам. Загадай ліць смалу на тэўтонскіх псоў. Чуеш — святая Сафія ў Полацку званамі грыміць! Гэта нашы прадзеды ў магілах варочаюцца, меч шукаюць, каб ударыць у грудзі заморскаму цуду-юду.
— Устань, Халадок, — ціха сказаў Вячка.
Старшы дружыннік устаў, з надзеяй глянуў на князя.
— Ці ёсць у цябе дзеці, Халадок? Няма? А ў мяне ёсць дачка. Вунь яна, — Вячка рукою, з якой зняў баявую пальчатку, паказаў уніз, туды, дзе рыцар Данііл насцярожана сядзеў на кані.— Ідзі, Халадок, да Клімяты. Ён піша полацкі летапіс. Хай напіша там, што я, кукейноскі князь, люблю сваю зямлю, дужа моцна люблю і пакладу за яе галаву. І напіша хай там, што я дужа люблю сваю дачку. Зямля, Халадок, будзе пустою, ледзяною, калі няма на ёй роднай душы. Хай напіша ў летапісе, што я бяру на сябе ўсю адказнасць перад богам за тое, што адбудзецца. Адчыніце вароты! Апусціце мост!
Адкінулі жалезныя брусы-завалы з варотаў. З цяжкім рыпеннем апусціўся пад'ёмны мост. Рыцар Данііл смела накіраваў на яго каня. Халадок з глухім стогнам выцягнуў з похваў і зноў загнаў у похвы меч.
Тэўтоны адзін за адным уязджалі ў горад. Воі князя Вячкі з нянавісцю глядзелі на белыя плашчы з чырвонымі мячамі і крыжамі, але маўчалі. Толькі чуўся глухі грукат конскіх капытоў.
Данііл пад'ехаў да Вячкі, злез з каня, сказаў, пакланіўшыся:
— Вітанне табе і твайму гораду, князь, ад рыжскай царквы.
— Вітаю цябе, высакародны рыцар, — спакойным роўным голасам прамовіў Вячка. — Дзе мая дачка?
— Князёўна Соф'я пад аховаю графа Пірмонта, — адказаў Данііл. Перад тым як уехаць у Кукейнос, ён перадаў дзяўчынку на рукі Пірмонту.
— Ці не той самы Пірмонт, якога я адпусціў жывым, хоць мог кінуць разам з Брацілам у Дзвіну? — спытаўся Вячка.
— Той самы, князь, — выгукнуў Пірмонт і здалёку пакланіўся Вячку.
— Не баішся ў скураным мяшку, як Браціла, на рачное дно легчы?
— Не баюся.
Вячка ўважліва паглядзеў на Пірмонта, павярнуўся да рыцара Данііла.
— Аддай маю дачку.
— Дачку я табе аддам, князь, — зноў пакланіўся рыцар Данііл. — Але епіскап Альберт хоча, каб на тым месцы, дзе суседзяць нашы землі, мы з табой пацалавалі святы крыж на вернасць і на дружбу.
— Добра, тэўтон, — згадзіўся Вячка. — Паехалі на тое месца. Няхай бог прымірыць нас.
— Не едзь, князь! — адразу ж закрычала некалькі вояў.— Не вер псам! Як сокала ў клетку цябе заманяць, і складзеш галаву ў тэўтонскай цямніцы!
— Не едзь, князь Вячаслаў,— са слязамі на вачах папрасіў Халадок і схіліў калені перад Вячкам. Яго шырокая, абвітая кальчугай спіна ўздрыгвала.
Вячка маўчаў, глядзеў на свой горад, на сваіх вояў. Потым спытаўся ў рыцара Данііла:
— Скажы, тэўтон, ці добры ваш бог?
— Наш бог добры, — з годнасцю адказаў Данііл. — За нас, рабоў сваіх, ён прыняў святыя раны.
Вочы ў Данііла былі вялікія, светлыя, з калючай іскрынкай. Вячка паглядзеў у гэтыя вочы, загадаў Халадку:
— Няхай ойча Сцяпан вынесе з царквы святы крыж.
Прыйшоў заспаны поп Сцяпан з крыжам. Разгублена глядзеў на князя, на мечаносцаў.
— Ці можаш ты, рыцар, пацалаваць святы крыж і паклясціся святым імем, што мяне з маёй дачкой Соф'яй адразу ж адпусцяць назад пасля таго, як на мяжы ўладанняў Рыгі і Кукейноса мы змацуем нашу дружбу і наша перамір'е? — спытаўся Вячка ў Данііла.
— Цалую крыж. Клянуся, — адказаў Данііл і пацалаваў крыж.
— Усе бачылі? Усе чулі? — гучна сказаў Вячка. — І неба таксама бачыла. І неба таксама чула. І бог ведае пра ўсё. А вам, воі,— ён нізка пакланіўся, — дзякуй за клопат пра мяне. Усюды я быў, з сямі печаў хлеб еў, шмат што бачыў і з божай дапамогаю думаю вярнуцца назад. Едзем.
Зрабілася так ціха, што было чутно, як вадзяныя кроплі падаюць на пясок. Гэта з дрэў, з дахаў скочвалася ранішняя раса. Вячка лёгка сеў на Печанега і, узяўшы з сабой трох вояў (першых, што трапіліся пад руку), узяўшы папа Сцяпана з крыжам, паехаў паперадзе мечаносцаў насустрач свайму лёсу. Ніхто з людзей — ні тыя, што калісці жылі, ні тыя што сёння жывуць, — не ведае свой лёс…
На беразе пагранічнай рачулкі злезлі з коней. Рыцар Данііл і князь Вячка апусціліся на калені. Кляліся зямлёй, вадой і крывёю. У вогнішча, якое хуценька расклалі мечаносцы, кінулі злепленыя з зямлі невялікія шары. Перад гэтым поп Сцяпан кароценькім кордам зрабіў надрэз на вялікім пальцы левай рукі ў князя і ў рыцара, кроплямі іхняй крыві расчырвоніў земляныя шары.