Меч князя Вячкі
Шрифт:
— Мір зямлі, вадзе і чалавечым душам, — сказаў Вячка.
— Мір зямлі, вадзе і чалавечым душам, — паўтарыў Данііл.
І ў гэты час граф Пірмонт з перакошаным ад нянавісці тварам схапіў загадзя падрыхтаваную вялікую палатняную торбу, у якую насыпаюць коням авёс, падбег да Вячкі ззаду, ускінуў яму на галаву торбу, рэзкім рыўком паваліў князя на спіну.
— Здрада! — закрычалі кукейноскія воі і адразу ж упалі пад мячамі тэўтонаў.
— Малайчына граф, — сказаў Пірмонту Данііл, узнімаючыся з зямлі.— Лёгка ж мы з табой упалявалі гэткага звера.
Поп Сцяпан стаяў побач. Крыж дрыжаў у ягоных руках. Вочы заліваў халодны смяротны пот.
— Клятваадступнік! — тонкім голасам закрычаў поп. — Ты цалаваў святы крыж! Бог пакарае, страшна пакарае цябе!
Ён замахнуўся крыжам, хацеў ударыць Данііла, але рыцар спрытным рухам заламаў яму руку, сказаў:
— Дзе ты бачыш святы крыж? Гэтыя дзве жалезкі, якія ты звязаў конскім воласам?
Ен наступіў нагою на крыж, усміхнуўся:
— Вось і ўсё. І няма твайго крыжа, дзікун. Ісцінны і адзіны крыж — у Рыме. Запомні гэта назаўсёды. А зараз я, рыцар Данііл, дарую табе жыццё. Ідзі, вяртайся ў свой Кукейнос.
І тут Данііл уздрыгнуў, міжволі зрабіў крок назад — на ягоных вачах доўгія, цёмныя валасы айца Сцяпана зрабіліся белымі-белымі, як студзеньскі снег.
Вячка ляжаў з торбаю на галаве. Рукі і ногі ягоныя ўжо закоўвалі ў кайданы. Потым Данііл наступіў правай нагою князю на грудзі, урачыста абвясціў:
— Кароль Кукейноса, я, рыцар Данііл з Леневардэна, аб'яўляю цябе сваім палоннікам.
…Гэта ўжо калісці было… Нага на грудзях… Лапа на грудзях… Гэта было так даўно, што цяжка паверыць… Яму было сем сонцаваротаў, ён быў яшчэ не Вячка, а Вячачка. «Вячачка — весела, замілавана крычала маці-княгіня. — Вячачка! Сонейка ты маё!» Яна выглядвала ў акно церама, прыгожая, сінявокая, а ён бег па вясновым лузе, і кожная кветка, кожны матылёк былі вострай незвычайнай радасцю, былі таямніцай. З шумлівых зялёных лясоў, якія абступалі церам і луг, нёсся сакавіты нястомны голас какошкі 95 . А потым была ноч, цішыня… І дзікі крык пачуўся ў цёмным яловым лесе.
95
Какошка — зязюля.
— Хто гэта? — увесь скалануўся, прытуліўся да карміцелькі Маланкі Вячка.
— Спі, дзетка. Гэта — ваўкалак.
Ваўкалак! Зверачалавек. Сын цемры. Воўчае калматае тулава і чалавечая галава з пранізлівымі журботнымі вачамі. У яго зялёная і сіняя поўсць. Іскры сыплюцца з гэтай поўсці, калі ў змроку ночы шалёна імчыцца ваўкалак. Мільгаюць чорныя лясы, туманныя балоты. Там, дзе моцна ўдарыць аб зямлю кіпцюрыстая лапа, за ноч вырастуць воўчыя ягады — чорныя, горка-кіслыя, з цягучай слізістай макрэчай, з маленькімі зярняткамі-каменьчыкамі ўсярэдзіне. Да трэціх пеўняў, да сонечнага святла і бляску можна бегаць ваўкалаку. І ён бяжыць, кідаючы ў цемень лясоў свой дзікі голас. Куды бяжыць? Навошта?
— Мне страшна, Маланка, — шаптаў хлопчык.
— Спі, дзетка, — цалавала яго карміцелька. — Хочаш, казку табе раскажу? Слухай:
За борам баранскім, За лесам лесанскім, У зялёнай ціне, У жоўтай гліне Сядзіць чорт-балацюк.Колькі страхоццяў ведае старая карміцелька! Колькі іголак упіваецца ў сэрца, калі слухаеш яе!
А потым зноў была ноч, і дзікі крык у лесе. Вячка спаў у святліцы і раптам прачнуўся. Паставіўшы лапу яму на грудзі, на яго ва ўпор глядзеў ваўкалак. Іскры сыпаліся з поўсці, пранізліва і журботна глядзелі вялікія разумныя вочы.
— Мама! — закрычаў малы і страціў прытомнасць:
— Гэта ж твой сабачка быў, твой Уюн, — засмучана казала назаўтра Маланка. — Прылашчыцца хацеў да цябе… Камень на шыю, і ўтапілі пса ў Друці.
Нага на грудзях… Лапа на грудзях… Гэта ўжо калісьці было…
«Як я мог паверыць ім? — думаў Вячка, лежачы з торбаю на галаве на зямлі, у той час як мечаносцы, смеючыся, падсілкоўваліся. — Пэўна, стаміўся я. Рашыў трошкі перадыхнуць, сабрацца з сіламі, заключыўшы перамір'е. Дапамогі з Полацка няма, бо князь Уладзімір Валадаравіч ніяк не можа прымірыцца з вечам, якое то выганяе яго, то зноў запрашае на сталец. Ліваў епіскап Альберт паставіў на калені, плоцяць лівы Рызе царкоўную дзесяціну. Старэйшыны лэтаў чакаюць, хто пераможа ў барацьбе за Дзвіну. Ноўгарад і Пскоў таксама чакаюць. Іхняму купецтву нават выгадна, што тэўтоны закаркавалі вусце Дзвіны. Яны і без Дзвіны могуць абысціся — плывуць па рацэ Вялікай, па Чудскаму возеру, па рацэ Амоўжы, ці, як называюць яе эсты, Эмайыгі — Мацерцы вод і далей — да Варажскага мора.
А Рыга ўсё мацнее. Плывуць і плывуць у яе пілігрымы з усёй Еўропы. На вайну, у бой ідуць, як на свята, спяваючы святыя псалмы, апранаючы самае дарагое адзенне. За іхняй спінаю — Рым, папа Інакенцій, феадалы, бюргеры, купцы…»
У той самы час, як рыцар Данііл, парушыўшы хрэснае цалаванне, закоўваў князя Вячку ў кайданы, на адным з ліўскіх гарадзішчаў, якое цудам ацалела ў дрымучых лясах, сівы стогадовы старэйшына гадаў на агні і вадзе аб лёсе і будучыні свайго народа. «Бачу вялізную чорную курыцу, — шаптаў ён пустым бяззубым ротам. — Яна выходзіць з марскіх хваль. Яна вышэй за самую высокую сасну нашых лясоў. Вось прыпынілася, села ў пясок, закудахтала… І нясецца… Не яечкі выкочваюцца на пясок, а тэўтонскія рыцары. Іх не злічыць! Іх як пяску на марскім беразе! Гора лівам! Дзе нашы багі? Дзе нашы героі? Бачу бераг… Туман… Чайкі плачуць… Шэпчацца пясок у дзюнах… Бачу мужчыну і жанчыну… Дзяцей няма… Хто гэта? Гэта — лівы. Гэта ўсё, што засталося ад шматлікага магутнага народа. Гора лівам!» І сівы старэйшына патушыў святы агонь, выліў святую ваду і заплакаў.
Князь Вячка не ведаў пра гаданне старога ліва. Князь Вячка не плакаў. На руках і на нагах у яго былі жалезныя кайданы. Ён сядзеў у павозцы на клубку злямчанай мокрай травы. Яго везлі ў Рыгу.
Шэрае мокрае неба плыло над галавой. Блішчалі латы і мячы кнехтаў рыцара Данііла, якія ахоўвалі палоннага.
На мокрым кані пад'ехаў да Вячкі граф Пірмонт, запытаўся:
— Можа, князь, хоча папіць вады?
— Браціла, твой хаўруснік, усю ваду выпіў у Дзвіне, — адказаў Вячка і замоўк да самай Рыгі.
У ланцугах яго везлі па той самай зямлі, дзе ён нядаўна з мячом у руцэ на хутканогім войскім кані імчаўся штурмаваць Гольм і Рыгу. «Чаму тут, на гэтых берагах, шмат бурштыну? — падумаў раптам зняволены князь. — Гэта слёзы людзей, якія запякліся пад ветрам і сонцам».
Зноў дзяцінства прыгадалася яму. Успамінамі пра дзяцінства ахоўваў, адгароджваў ён сваю душу ад жорсткай скрухі і знявагі палону.
…Страшныя казкі расказвала карміцелька Маланка. Нахілялася над хлапчукоўскім ложкам і пачынала, прыглушваючы голас:
Прыйдзе Кокаць — Барада з локаць, А вочы па яблыку.— Хто такі Кокаць? — спалохана шаптаў Вячка, і сэрца аж разрывалася ад прадчування нечага незвычайнага, нечага жахлівага, пра што ён зараз даведаецца.
— Спі… Не ведаю, — ціха адказвала Маланка. — А заўтра з табою махалку зробім, каб ваўкалак да церама не падбягаў.
І раніцою, як толькі княжыч прачынаўся, яна знаходзіла стары біты гаршчок, насыпала ў яго гарачага вуголля, Вячка прывязаў гаршчок да вяроўкі. Яны, маленькі княжыч і старая карміцелька, чакалі, як змоўшчыкі, вечара, цемры, і потым Вячка, уздрыгваючы ад нецярплівасці і хвалявання, выходзіў на цёмны пустынны двор, моцна сціскаў у руцэ вяроўку і пачынаў шырока размахваць сваёй махалкай-жароўняй. Здавалася ў змроку, над зямлёй са свістам праносіцца вогненны іскрысты твар страшыдлы. Аднойчы гэтую іхнюю забаўку высачыў князь Барыс.
— Церам спаліць хочаце? — грозна закрычаў ён, моцнай бацькоўскай рукою схапіўшы Вячку за вуха.
— Мы ваўкалака адганяем, — зморшчыўся ад болю Вячка.
— Ваўкалака? Якога ваўкалака? Гэта ты, трухлявая калода, падвучваеш малога?!
І князь, не раздумваючы, адважыў старой карміцельцы звонкую аплявуху. Усю ноч Маланка праплакала, потым з невялічкай карчагі выпіла хмельнага мёду з макам, заружовілася, павесялела, даверліва сказала Вячку:
— Добры мёд. Выпіла, і быццам святы божачка басанож па душы прабег…