Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Млын на Сініх Вірах

Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч

Шрифт:

Каляда. Ну вось, здаецца, і ўсё. Млын пусты. Як у гасцях: накурылі, талеркі пустыя, час і гаспадарам. Марыська, Андрэй, мы ўжо з вамі да таго часу, як будзеце вы тут гаспадарыць, не пабачымся. Нічога, дзеці, вакол родныя лясы. Будзьце толькі асцярожнымі. Ну што ж, пайду папярэдзіць хлопцаў, хай адыходзяць. (З ненатуральнай бадзёрасцю.) Як калісь часопіс “Жорны” пісаў:

“Ой ты гой-ясі ўвесь рабочы люд,

Ад сахі, ад сярпа і ад молата”.

Як гэта далей?.. Ат, забыў... Бывайце, дзеці...

Цалуюцца. Каляда пайшоў.

Цыкмун. Асцерагайцеся, дзеці. Разыходзяцца нашы шляхі. Можа, калі з’едлівым быў – даруйце. Пра цябе, Марыська, няма чаго казаць, а цябе, Андрэй, любіў, як роднага сына. (Адышоў з Марысяю.)

Лаўрановіч (да сына). Бывай і ты, Андрэй.

Андрэй. Толькі б ты быў жывы, татка.

Лаўрановіч. Гэта ты пакінь. У старых раны не зажываюць так лёгка, як у маладых. Сын пра гібель бацькі з часам забудзе, бацька – ніколі. Бывай, сынок, будзь сапраўдным чалавекам. “Жонку” сваю шануй, беражы. Чую сэрцам, што, можа, прыйдзе і твой час. Яна пачынае разумець цябе. Ну вось і ўсё. Бывай, сынок. Моцныя твае рукі, добрае сэрца – з сапраўднай чалавечыны ты зроблены.

Цалуюцца, пасля Цыкмун і Лаўрановіч ідуць у адзін бок, Марыся з Андрэем бяруцца за рукі і ідуць у другі. Сцэна пусцее. Выбухі ўсё бліжэйшыя і бліжэйшыя.

Заслона

Дзея чацвёртая

Карціна сёмая

Прайшоў месяц. Вялікі завозны пакой у млыне на Сініх Вірах. Пад падлогаю боўтае моцна і віруе вада. Сцены моцныя, з тоўстых бярвенняў. Злева, ля самага краю сцэны, ляжыць стары жарон, за ім ложак, засланы самаробным тканым пакрывалам. Далей – столік. 3 правага боку ляжаць мяшкі жыта, вядуць сходы на гару, ляжыць чамусьці вялікі абярэмак сена. Столь над сенам шчалястая, і сонца б’е стуль на сена светлымі палоскамі. Проста перад гледачамі шырокія, як у пакгаўзах, адчыненыя дзверы. Праз іх відаць далёкі лес, вербы над люстэркам вады, частка грэблі. Толькі што прайшоў дождж, са страхі падаюць кроплі. Вечарэе. У млыне поркаецца Марыся. Віктар сядзіць на ложку.

Віктар. Чамусьці ты мяне нават не пацалуеш.

Марыся. Часу няма. I капрызы твае мне апрыкралі.

Віктар. Я сёння не буду. Я хачу спытаць: ты мяне кахаеш?

Марыся. Ну, кахаю.

Віктар. Тады ты павінна пайсці са мною, тут небяспечна. Мне апрыкраў твой фіктыўны шлюб, гэты дурань, які жыве тут. Кінем усё гэта. Зямля ўся крывёю залілася, нашы на поўдні бягуць. Планета звар’яцела, усё гіне. Пойдзем проста ў лес і там, у нетрах, збудуем хату. Няхай б’юцца, няхай глоткі грызуць – што нам да гэтага залітага крывёю, знявечанага сметніка. I не торкай мне, як панацэю ад усіх няшчасцяў, свой народ. Я кажу, зямля звар’яцела. Разумныя павінны пайсці ад вар’ятаў.

Марыся. Ведаеш, мне здаецца, што ты тады, падчас замаху на Трубайлу, не дарэмна захварэў. Мужны такога не скажа, ён застанецца апошнім і будзе біцца, бо пакуль існуе і б’ецца ён – існуе гонар яго народа.

Віктар. Ты... Ты... Разумееш, што ты такое сказала?!! Ты думаеш ці не? Я па-ранейшаму да Дзюбкі хаджу, я аціраюся тут, хаця тут, на млыне, часта бываюць Швальбе, Ільзенвельдэ, Ранцоў, хаця тут іхніх дзотаў, як грыбоў. I ты мне кідаеш такі дакор!

Марыся (спакойна). Не крычы, давай пагаворым. Я кахаю цябе, але ты мучыш мяне. Я вельмі няшчасная. Думаеш, мне не хацелася б кахання, не хацелася мець дзяцей? Я год марыла пра тое, каб проста паплысці з табою некуды на чаўне і не думаць, не думаць пра ўсё, толькі пра цябе. Але нельга, сорамна глядзець у вочы галодных, у вочы страчаных, сорамна глядзець на знявечаны лес у дратах. А ты арганічна не разумееш гэтага. Месяц таму я думала, выцягні з мяне душу, мучай, зневажай, але будзь чалавек. Будзь чалавек, і тады я хоць на край свету за табой. А потым нешта памёрла ў душы. I ты мне дарагі, але чужы. Андрэй лепшы, ён не крычыць, а робіць сваю справу. I хоць я не пакахаю яго, я, здаецца, кіну і цябе кахаць.

Віктар. Та-ак, бачу да чаго яно хіліцца.

Марыся. Не плявузгай! Сам вінаваты. Мог бы пашкадаваць хоць раз тое, што, як святыню, насіла ў сэрцы, – каханне да цябе. Не пашкадаваў. Ты заўсёды быў жорсткі, як маланка. I вось, здаецца, прытупілася каханне маё. Падумай, Віця, дарагі мой, падумай, да чаго ты ідзеш, пашкадуй хаця мяне, калі сябе не хочаш!

Паўза.

Пацалуй мяне. Можа, хоць тады растане сэрца тваё.

Віктар. Прабач, мне здаецца, што ты памылілася, я не льдзіна. Я і адзін пражыву. Але думаю, што ты яшчэ пашкадуеш. Я зраблю так, што ты пашкадуеш. Шчасця з ім не зведаць табе.

У дзвярах з’яўляецца сілуэт чалавека. Гэта Каляда.

Марыся. Таварыш Каляда!!!

Каляда. Я. Вырашыў наведацца, як вы тут маецеся. Што чуць?

Марыся. У сваім краю, як у раю. Але вам тут нельга! Тут немцы, сёння нават камендант прыехаў.

Каляда. Ат, нічога, мне неадменна трэба было. Вы памятаеце, мы закапалі ва ўрочышчы хлеб і зброю. Зараз прыйшла крайняя патрэба. Добра, што вы тут, Віктар. Трэба праверыць, ці можна туды будзе пад’ехаць заўтра з вазамі, ці няма там нямецкіх пастоў.

Віктар. Добра, я пайду.

Марыся. Толькі будзь асцярожным.

Віктар пайшоў.

Каляда (сеў на жоран). Уначы вывезем, калі ўсё будзе добра. А вам трэба будзе сапсаваць млын і – прэч... Сігнал яшчэ не забыла? Калі небяспека – кугакай савою... Наш чалавек будзе спяваць жаўруком, гэта значыць, хутка дапаможам. Ціха тут. Я калісь у такіх мясцінах на глушцоў любіў паляваць. Змрочны лес, павуцінне, спявае глушэц. Так ціха, толькі кроплі падаюць... Не, нашу лясную волю не прадамо.

Марыся. Ціха! Не, гэта Андрэй.

З’яўляецца Андрэй, здароўкаецца з Калядою, сеў.

Ці еў ты хаця, Андрэйка? Зусім ты сябе не шкадуеш.

Каляда. Ну як, муж з жонкаю? Як жыццё?

Андрэй. А, дрэнь жыццё. Налезла іх тут. Ва ўрочышчы як мурашнік ад іх.

Каляда. Як ва ўрочышчы? Туды толькі што Сміхальскі пайшоў.

Андрэй. Ат, д’ябал! Гэты абавязкова напорацца. Будзе ісці, як на парадзе.

Каляда. Швальбе не вельмі дакучае.

Андрэй. Швальбе – жывёла. Жыве і помсціць сабе і іншым за тое, што паслужыў таму, у што не вельмі верыць.

Каляда. А ты, я чуў, таксама добры, ніколі перад ім шапкі не знімеш. Вераб’і ў тваёй шапцы, Андрэй, ці што?

Андрэй. Гэта яму занадта добра будзе.

Каляда. I то праўда. Значыцца, жывеце зараз поруч з фашызмам. Ну і як?

Андрэй. Брыдка. Некаторыя з іх прыгожыя словы кажуць, а на самай справе...

Поделиться с друзьями: