Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Млын на Сініх Вірах

Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч

Шрифт:

Лаўрановіч. Я і сам хацеў пагаварыць з ім. Пашлі яго сюды, я на лаўцы пачакаю. (Дзюбка пайшоў, выходзіць з крамы Андрэй.) Сядай, сынок. Ды смялей. Добра ўсё ж, што нас у горадзе тут не ведаюць. Каляда вось так не можа прыйсці і сесці. Ты з Віктарам знаёмы па вобласці?

Андрэй. Так. Па інстытуту. Цікава, як там зараз?

Лаўрановіч. Штосьці ты мне, сынок, не падабаешся. Што з табою сталася?

Андрэй. Цяжка мне, адпусці ты мяне з млына, дай цяжкую справу. Іншыя хлопцы б’юцца, падрыўнікамі работаюць, адзін я...

Лаўрановіч. Ты ведаеш, Каляда не хоча. Ён кажа, што млын, калі ты там, у добрых руках. Ён табе верыць. Ды і ў камсамол ты менавіта дзеля такой справы паступаў, а не дзеля таго, каб на зборах алоўкам па графіну лупіць. Так што будзь мужным.

Андрэй. Усё ж я не магу. Ты ведаеш, я нікому не скажу, але цяжка мне там...

Лаўрановіч. А я лічу, што тут не справа. Ты такі, што паўсюль будзеш рабіць так, што лепей нельга. Тут іншае. Табе цяжка глядзець на Віктара і Марысю, сынок? Ты яе кахаеш?

Андрэй (ціха). Так.

Лаўрановіч. Я гэта сэрцам ведаў. Ты, як нябожчыца-маці, адналюб. Што ж паробіш? Віктар бліскучы, на ім рамантычны арэол, а ты ў мяне пакуль што брыдкае качаня, такіх, як ты, адразу не заўважаюць, бо ты паўсюль, нават у цяжкім месцы, толькі са сваёй сціплай усмешкаю. Можа, яно і лепей, не наскочыць на цябе нейкая фіцюлька, ажэнішся на добрай, простай дзяўчыне. Ці мала іх на свеце, прыгажунь, добрых, разумніц?

Андрэй. Мне лягчэй, калі я паразмаўляў з табою, даўно гэтага не было. Але не магу, не магу я яе забыць. Пячэ ў сэрцы.

Лаўрановіч. Та-ак. Значыцца, як у песні:

“I чарка мала, I гарэлкі няма, Люба, люба, не цячэ, Каля сэрца пячэ”.

Не паробіш тут нічога, сынок. I лепей за ўсё забыць. Не руш сэрца сваё. Ну, дай я цябе пацалую. Час “да дому”. Цыкмуну перадай, што мы за апошнія дзесяць дзён высадзілі на трох чыгунках у паветра чатыры саставы.

Пайшоў.

Андрэй. Марыська, чуеш? Цяжка мне... На плошчы шум. Самагоншчыца, баба Ерэтычка крычыць, махаючы кулакамі.

Баба Ерэтычка. Падла ты, злодзей, паліцайская твая душа!

Дзюбка (падышоў да Андрэя). Баба Ерэтычка разараецца.

Баба Ерэтычка. Людзейкі добрыя, а чаго ж гэта вы глядзіцё, чаго церпіцё? Прыйшла гэта паліцайская харцызяка з сябрамі, немцаў двух прывялі! Самагон палілі чысты, жытні. Выдудлілі нагбом восем кубкаў і пайшлі і грошы не заплацілі. Што ж гэта за парадачкі, якая гэта ўлада! Каб табе той самагон у глотцы стаў, каб цябе ад яго раздула, мерын! Каб цябе стацця схапіла падучая, ляк, звіх, цемяннік, верады абляпілі, лішаі. Каб табе грызь у жывот, каб табе вогнік твар сапсаваў, скула сіняя, каб табе валасень на ўсе твае члены! Каб цябе хінця трусіла! А што ж гэта такое, людзі? Самагон чысты, жытні! Бессаромная твая мыса! Казалуп ты, свіння! Каб з цябе дзеці кроў на старасці год выпілі, як ты той самагон выпіў, каб твая жонка вожыка ўпоперак шэрсці нарадзіла, каб у цябе ўсе твае сабачыя зубы выпалі і застаўся адзін для зубнога болю.

Дзюбка. Канцэрт, дый годзе. Але не ўмее яна клясці. Быў у мяне адзін знаёмы яўрэй. Той быў мастак, куды гэтай бабе. Ён рызман збіраў па вёсках, навучыўся. I свае яўрэйскія пракляцці ў яго былі: “Каб табе на язык села столькі верадаў, сколькі было дзірачак на той мацэ, якую спяклі яўрэі ўсяго свету з дзён Ісходу і да нашых дзён”. Добра кляў! (Уздыхнуў.) Забілі яго нядаўна. На вуліцы Энгельса. У гета.

З’яўляецца на плошчы стары лірнік, сядае, пачынае круціць ручку ліры, яго абступаюць бабы.

Лірнік.

Плачамся мы, узрыдаемся, На апошні час спамышляемся. Ой як прыйдзе на немцаў апошні час – Іх паставяць, як грэшнікаў, на левы бок: “Ой і прэч вы пайдзіце, праклятыя, У тыя пячоры, што агнём гараць, Забівалі вы дзетак-немаўлятачак, Кралі хлеба кавалак са старэчых рук. Ці не вы гэтыя хаты папалілі агнём? I для вас агні гараць неўгасімыя, Чэрві сіпяць неўсыпучыя. Із ныня і да веку Вам там і быць. (Людзі стаяць з сухімі, палаючымі вачыма. Лірнік запявае “Сірацінку”.) Няшчасная ў свеце гадзіна настала. Бедная сіротка ад маткі засталася. Большы застанецца, у заслугу пойдзе, Якія маленькія – прапалі навекі. Стрэў пан бог сіротку: “А куды ж ідзеш ты? – Матульку шукаці! Вярніся, сіротка, бо далёка зойдзеш. А ты сваёй маткі давеку не знойдзеш. Ужо твая маці на гары высокай, На гары высокай, у труне глыбокай”. Як пайшла сіротка над труной рыдаці, Тут абазвалася з труны яе маці: “Як жа мне цябе к сабе ўзяці? Як цяжка-важка камень узнімаці, Яшчэ цяжчэй-важчэй цябе к сабе узяці” [1] .

1

Правапіс і словы лірных спеваў не выпраўленыя, сапраўдныя.

Бабы плачуць.

Лірнік. Кінутых дзяцей шмат ходзіць па нашых дарогах, людзі. Хоць яны нашы, хоць яны яўрэйскія – бярыце іх, выдавайце за сваіх, крэўных. Усе пад богам, усе людзі, А не возьмеце – цяжка вас пакарае сумленне ваша.

Дзюбка. А гэта, Андрэй, прарок. Няхай спявае. Гэта іншы раз мацней за пракламацыю...

На плошчы з’яўляецца Адлерберг з салдатам. Лірніка штурхнулі, ён абарваў слова і заспяваў традыцыйную “Дароту”. Гучыць жудасны матыў.

Лірнік.

А Дарота, Дарота Лепша перлаў і злота. Як забачыў круль-цыган, Дык Дароту спадабаў і г. д. Вялю дробна шкла набіць I Дароту босу вадзіць.

Адлерберг. О, апошні магікан. Сфатаграфуй яго, Ганс. Якую гэта песню ты спяваеш, стары, і калі яе ў вас спяваюць?

Лірнік. Спяваюць яе, калі зваляцца халера альбо чума на нашу краіну.

Адлерберг зразумеў, пайшоў далей, са сцэны. Раптам цераз паркан сігае да Дзюбкі Віктар і шэпча яму нешта на вуха.

Віктар (голасна). Але я не паспеў забіць Трубайлу, я яго не дагнаў, хоць і бег нацянькі. I тут я даведаўся, што ён пайшоў у камендатуру, але там каменданта не было і ён пайшоў сюды, на рынак, шукаць яго. Загінуць нашы! Што рабіць, пан Дзюбка!

Дзюбка. Адлерберга ён тут не адшукае, ён толькі што быў і пайшоў. Але часу марнаваць нельга. Андрэй, ты ведаеш Трубайлу? Ідзі да гестапа і пільнуй яго там. Пабачыш – забі яго ў маю душу. Лёс атрада на яго языку. (Андрэй пайшоў.) А калі з’явіцца тут? Ты пытаешся, што рабіць? Забіць яго тут жа, на вулцы. I зробіш гэта ты.

Віктар (трохі разгубіўся). На вулцы? Але ж гэта тут, на людзях. Уцячы нельга. Гэта не ўначы, у завулку... Гэта верная смерць!

Дзюбка (з яго твару знікла ўсякая лагоднасць, зніклі адметы дабрадушнага дзівака, зараз гэта зусім другі, жорсткі чалавек).А для тых, што ў лесе, гэта не верная смерць, калі гэты ірад раскажа ўсё? Бяры пісталет.

Віктар. Д-добра. Ой, што гэта? Ой!

Ён пачынае схіляцца на траву і ўпаў бы, каб Дзюбка не падхапіў.

Поделиться с друзьями: