Млын на Сініх Вірах
Шрифт:
Каляда. Пакуль мы не адшукаем іншых крыніц забеспячэння, млын трэба захаваць для нас месяцы на два. У нас ёсць свой чалавек у нямецкіх вярхах. I мы ведаем, што немцы прабіваюцца да млына і, захапіўшы, не спаляць. Наадварот, ён будзе працаваць на іх, тым больш што трохі паўдзённее яны будуюць лінію ўмацаванняў, каб не пусціць нас з паўдзённай часткі пушчы ў паўночную, засцерагчы ад небяспекі чыгунку, шашу і горад. I вось Марыся і ты, Андрэй, што б вы сказалі, калі б мы ўладзілі вас на работу ў гэтым млыне. Са справаю вы азнаёміліся добра, узімку лёд ледзь не зубамі счышчалі, млын і дня не стаяў. Ну як, пойдзеце?
Андрэй. Я пайду, але яна няхай ідзе з вамі. Гэта не жартачкі, сабатаж на нямецкім млыне, перадача хлеба не ў нямецкае войска, а партызанам. За гэты чуйдух на шыбеніцу можна трапіць.
Марыся. Андрэй, не вярзі глупства. I, наогул, памаўчы. (Да Каляды.) Я, вядома, пайду працаваць на млын.
Каляда. Справа вельмі небяспечная. Поруч са смерцю будзеце хадзіць кожную хвіліну.
Марыся. Хіба мы за апошнія месяцы не бачылі яе?
Андрэй. Мы пойдзем.
Каляда. I яшчэ вось што. Так проста жыць тут вам будзе нязручна. Я думаю, што вам трэба будзе ўзяць фіктыўны шлюб, павянчацца ў горадзе.
Андрэй. Не, так нельга.
Марыся. А чаму? (Падумаўшы.) Раз для справы патрэбна – няхай ужо. А Сміхальскі – па-ранейшаму будзе трымаць сувязь?
Каляда. Віктар?.. Гм... Ну няхай.
Марыся. ПІто ж, шлюб дык шлюб.
Лаўрановіч (парадзіруе). Ёсць тут бацька, матка, родныя, мужы статэчныя, бабкі запечныя: блаславіце краснай нявестцы каравай учыніць. (Галосіць.) А родная мая матка! А сама ж ты йшла за роднага татку! А мяне ж ты аддаеш за чужога мужыка.
Рогат.
Цыкмун (іранічна). З богам, Хадорка, калі людзі знайшліся.
Марыся. Татка.
Цыкмун. Ды не, я нічога.
Каляда. Вось і добра. (Усталі, пайшлі.)
Марыся. Андрусь, чаго ты такі за апошні час? Не пагаворыш, не спытаеш. Ты мне вельмі патрэбны, добры мой друг.
Андрэй. Ты ведаеш чаму. .
Марыся. Усё яшчэ?..
Андрэй. Усё яшчэ. I ніколі не кіну. Ты альбо ніхто.
Марыся. Віктар мяне за апошні час непакоіць. Паводзіны дзіўныя. То мужны, то такі знерваваны, вярзе лухту, гаворыць такое жахлівае... Гэта ўсё яго туга! А пасля просіць дараваць, гаворыць з такою сілаю, што я зноў веру. I зноў мужны і смелы. Складаны ён чалавек.
Андрэй. Я ведаю, любая, я адыду, не непакойся. Я толькі прыйду на дапамогу, калі будзе цяжка.
Цнотна і пачціва цалуе яе ў лоб, пайшоў.
Марыся (адна). Віця як разнервуецца, гаворыць проста як злачынец, а потым зноў, як герой... А ты добры, харошы, але такі далёкі.
Уваходзіць Віктар.
Віктар. Глядзеў, як нашы ўцякаюць. Што ж гэта, Марыська?
Марыся. Нічога, прыпомні Маскву ўзімку. Цяпер ужо нядоўга чакаць.
Віктар. Пакуль тое прыйдзе, мы дваццаць разоў загінем. Я людзей люблю па спенсераўскаму прынцыпу. Яны мяне добрым лічылі, а я проста ўважаў за лепшае аддаць рубель жабраку, чым купіць на яго шклянку віна, гэта больш прыемна, гэта дае мне права паважаць сябе. А атрымалася так, што паважаць людзей і сябе няма прычыны. I паляцеў мой альтруізм дагары нагамі.
Марыся. Я, Віктар, толькі пашкадаваць цябе магу, але ты на адну дошку эгаіста і альтруіста не стаў. Любоў да чалавека – гэта ўсё: знікае яна – і няма сапраўднага жыцця.
Віктар. Смерць – гэта брыдка, агідна, пачварна, абураюча, як старасць, як хвароба. Калі чалавек памірае – у яго асобе знішчаецца цэлы сусвет, і чым розум гэтага чалавека яснейшы, тым больш значны гэты знішчаны сусвет, тым больш жахлівае яго знішчэнне. Калі гіне нешта накшталт Андрэя, – гэта глупства, а калі гіне тытан – гэта катастрофа.
Марыся. Андрэя не чапай, Віктар, апошні раз прашу! I наогул, як звычайны чалавек, так і тытан толькі таму звычайны чалавек і тытан, што адзін больш карысны для людзей, а другі менш. А калі прыходзіць час выпрабавання, – кожны тытан, хто мае сілу годна загінуць.
Віктар. Дзеля чаго? Дзеля шчасця гэтага, як немцы кажуць, шайзэланда, якога я не люблю? Дзеля шчасця людзей XXX стагоддзя? Моцныя гінуць з іншымі. Меў у сабе і Дантэ і Гётэ, а тут бабахнуць, і вось у цябе дзірка ў галаве і ты здох, як кожная поскудзь. Іншыя будуць, а мяне не будзе, менавіта такога, як я, не будзе. Мяне не будзе! Ты разумееш гэта?
Марыся. Я разумею, гэта кожны чалавек разумее. Жыць хоча кожны. Але трэба біцца, пакуль жывеш. Я многа думала, і, ведаеш, што мне прыйшло ў галаву? Рай са святлом і сонцам і пекла з чарцямі і катламі кіпячымі людзі выдумалі, каб не называць звычайнага слова “сумленне”. У чалавека жывая душа, і гэтай душою пад канец разумееш, добра ці дрэнна ты пражыў. Калі добра, сумленна, – і смерць твая лёгкая, як рай, а калі не сумленна, дрэнна, не ахвяраваў за людзей, не зрабіў, што трэба, – будуць пакуты сумлення горш пекла, бо ўжо нічога не выправіш, пражыў жыццё. З-за гэтае думкі, гэтага жаху і жыве сумленнем сапраўдны чалавек, і, каб не было такіх, якія ахвяруюць за людзей, – не было б на свеце чалавека, а былі б проста сляпыя двухногія рабы. А званне чалавека кожнаму трэба заслужыць.
Віктар. Ну добра, я раб. Але калі я такі, дык і вы не лепшыя. “Народ!” “Народ!” Слінявы ружовы ідэалізм. А я гэтыя словы па праву сілы кідаю пад ногі. А я гэтым “народам” пагарджаю! Што ў яго? Самы бяздарны народ ва ўсім свеце.
Марыся. Самы малады. Ён яшчэ дзіця, але па яго сённяшняй песні я добра бачу, як ён заспявае праз стагоддзе.
Віктар. Ну й чакай таго часу, чакай груш на вярбе.
Марыся (гнеўна). Гэта не грушы, гэта вера. I ты над вераю чалавечай, над яго імкненнем здзейсніць сваю мару – не смейся. Не запэўнівай мяне занадта часта, што ты – раб, а то, глядзі, часам і паверу. Чуеш, Віктар?!
Віктар. Чую. Мучаю я цябе? Што ж, натура ў мяне такая. З таго дня, як Тэклю забілі, я, можа, дваццаць разоў на смерць хадзіў і ўсё адно... Але я сваёй галавы так дарэмна не аддам. Мы яшчэ паваюем. Спачатку ён, а потым ужо мы. Пайду... Даруй мне, Марыська.
Марыся. Ты ведаеш, я заўсёды табе дарую, абы толькі гэта былі словы, а не справа.
Віктар выходзіць, амаль сутыкнуўшыся з Калядою, Лаўрановічам, Андрэем і Цыкмунам.