Чтение онлайн

ЖАНРЫ

На імперыялістычнай вайне

Гарэцкі Максім

Шрифт:

У палатцы днём было душна і пыльна; ліплі, як злыя чэрці, конскія мухі. Начою было сцюдзёна і непакойна: увесь час на вадапоі ці на стайні хто-небудзь стукаў, бразгаў, крычаў на коні, лаяўся. Паднімалі ўсіх а пятай гадзіне раніцы, і выспацца было немагчыма.

Толькі яда была не дужа дрэнная, прынамсі, не горшая, чым у звычайнага, сярэдняга гаспадара ў нашай вёсцы. Адно што — мусіць, у цэлым свеце не было больш неахайных салдатаў, як у нашай батарэі (так мне тады думалася). I я еў з усімі разам, але не з агульнага баку, а з свае асобнае місачкі, як елі і некаторыя салдаты татары і яўрэі дзеля сваіх рэлігійных звычаяў. Бакаў ніколі не мылі; добра, калі хоць абдавалі перад ядою сцюдзёнаю вадою з калодзежа. 3 аднаго баку елі і варыва і кашу. Лыжкі толькі аблізвалі і насілі іх за халявамі ў ботах, пры потных анучах.

Час праходзіў ад каманды да каманды. Я хадзіў на малітвы і цягнуў з хрыпаватымі басамі і тэнарамі «Отча наш…» або «Спасі, госпадзі, людзі твоя…» — цягнуў ці маўчаў і горка пасміхаўся. Хадзіў у парк глядзець, як робяць гімнастыку ці вальтыжыроўку, хадзіў на абед і на вячэру, піў з Шалапутавым гарбату і ўсё дзівіўся на яго сабачую жарлівасць — так многа паядаў ён каўбасы і сітнага хлеба! — вучыўся аддаваць чэсць і чытаў нудныя статуты. I так жыў. I так, можна сказаць, жылі тут усе.

Увесь час мне было цяжка на сэрцы. Лісты ні з дому, ні адкуль не прыходзілі, і ад гэтага мне было яшчэ болей цяжка.

Газет, як прыехаў, я і ў вочы ні разу не бачыў. Я ўжо не ведаў, каторы я тут дзень і які цяпер дзень: можа, субота, можа, пятніца…

Я са страхам думаў, што мушу так жыць цэлых два гады [1] . Мне шкода было загубленага часу, загубленых маладых сіл. I калі па вечарах у пяхотнай частцы лагеру прыгожа і вясёла іграла вайсковая музыка, мяне так хапала нуда за сэрца, што слёзы мімаволі накручваліся на вачах. Я пачынаў нервавацца.

1

Звычайныя салдаты служылі на цэлы год болей, і я пайшоў вальнапісаным, каб скараціць гэты тэрмін.

Пачатак

13 ліпеня, якраз у нядзелю, гадзіне а чацвертай раніцы, калі мы яшчэ спалі, да мяне скрозь сон даляцела дужая каманда:

— Абамунічвай!

Першы крыкнуў фельдфебель Хітруноў, а потым паняслося ад дзяжурнага да дзяжурнага, ад палаткі да палаткі:

— Абамунічвай! Абамуні-і-ічвай!

Шалапутаў выскачыў з палаткі ў адной кашулі, даведацца, што такое, і вярнуўся збянтэжаны, не ведаючы, жартуюць з ім ці кажуць праўду.

— «Гарох» кажа, што вайна… — прамармытаў ён, спалоханы.

«Гарохамі» салдаты завуць звыштэрмінова служачых, укладаючы ў гэтую мянушку шмат знявагі да ахвотнікаў цягнуць вайсковы хамут за казённы гарох. Шалапутаў назваў цяпер так фельдфебеля Хітрунова, і гэта было знакам дужа папсаванага гумару, бо зазвычай у іх былі жартаўліва-прыязныя адносіны.

— Вайна? Адкуль? Якая? Мусіць, нейкае непаразуменне, — праўдзіва быў здзіўлены і я, але зараз прыпомніў сабе словы свайго віленскага знаёмага, вядомага беларускага дзеяча Я. Л., які яшчэ год таму назад казаў з пэўнасцю, што вайна будзе не пазней, як цераз год-два.

Шалапутаў не размаўляў, крактаў і злосна брынкаў банькамі [2] і шашкаю.

Калі мы выбеглі, уся батарэя збіралася на галоўнай дарожцы перад палаткамі. Адзін па адным падыходзілі афіцэры, якіх я дагэтуль і не бачыў, а цераз хвілін пяць, як усе пастроіліся, прыйшоў і камандзір батарэі. Прыняўшы ад дзяжурнага рапарт і паздароўкаўшыся з батарэяй, ён паглядзеў на выстраеных маўклівых людзей, памаўчаў, а потым сказаў сваім троху вугнавым, але гучным камандзірскім голасам:

2

Шпорамі.

— Вось, братцы! Прокляты наш вораг — Нямеччына, захацела пакрыўдзіць адзінаверную з намі, рускімі, невялічкую Сербію. Але наш бацюшка-цар гэтага не дапусціць… Мы першыя не пачнем, але калі Нямеччына палезе, мы разаб'ём ёй морду ў квас. Яна, пархатая, зажырэла, бо ўжо сорак год не ваявала. Дык мы ёй пакажам! А пакуль што, братцы, трэба пераехаць на зімовыя кватэры, каб быць бліжэй да ворага. Н-ну, р-расхадзісь!

Вось дык навіна!..

Адны маўчалі, задумаліся, другія з выгляду павесялелі, зашумелі. Але ўсё гэта было толькі звонку… А што рабілася ў сэрцы кожнага?

Я спачатку не мог сабраць думак, уцяміць усяе важнасці пачутага, але неяк мімаволі ўсцешыўся, што не трэба мне будзе цягнуць астрожнае жыццё цэлых два гады, што жыццё пойдзе ўжо цікавейшае, што я трапіў у кашу лоўка…

Потым стаў сам сябе сароміць за гэткія думкі: быццам я радуюся вайне.

I сорамна прызнацца, але мне хацелася, каб яна была, каб прыйшла нейкая перамена.

Я задумаўся і над прамоваю камандзіра. Няўжо ж можна намовіць салдата ісці на вайну з уздымам пачуцця, каб бараніць нейкую Сербію? «Адзінаверную», калі яна далёка не для ўсіх нашых батарэйцаў адзінаверная, бо ёсць мусульмане, іудзеі, каталікі. I якія непрыгожыя словы «зажырэла», «пархатая», «морду ў квас», што я нават і не чакаў ад нашага камандзіра.

Захацелася пісаць лісты дамоў і знаёмым. Сеў пісаць — і не пішацца. Лепей пачакаць яшчэ троху, пакуль справа не зробіцца святлейшаю.

Ну і трапіў у завіруху!

Цэлы той дзень і палову другога дня мы складваліся, пакаваліся, пераязджалі на станцыю і разам з другімі вайсковымі часткамі лагеру — пяхотай, артылерыяй, сапёрамі — грузіліся, суяціміліся, куламесіліся…

Цалюсенькую ноч гарэлі вогнішчы, гаманілі і крычалі людзі, тарахцелі фурманкі, порскалі коні, а па-над усім гэтым нудна-дражліва галасілі ў ядраным паветры зорнай ночкі свісткі цягнікоў.

Я пасабляў пакаваць канцылярыю, начаваў на даўгой дашчатай скрынцы з батарэйнымі паперамі. Пісары, Беленькі і нейкія мне незнаёмыя салдаты-«арыстакраты» пілі ў баковачцы гарэлку, елі мяса з гурком і сітным хлебам і гневаліся, што я не іду ў іхнюю кампанію, а лёг спаць. Яны гаманілі ўвесь час пра вайну, пілі і елі як перад вайною, нічога сабе не шкадуючы.

Доўга ў лагеры стучэла, гручэла, ляскала жалеззем, часам чулася салдацкая песня — і ўсё гэта да познай ночы, аж пакуль я не заснуў, і начою, калі будзіўся ад гоману і свае нутраное трывогі.

Эшалон наш пайшоў на другі дзень а пятай гадзіне па абедзе.

Я быў рад, што еду, — куды, усё роўна, абы еду… Цікаўней жа наглядаць, што тут творыцца навокал, чым сядзець у тым лагеры-астрозе.

Ужо з вагона, перад адходам цягніка, я бачыў, як паміж усялякага громазду, наваленага адпраўляць, там, дзе было троху вальнейшае месца, перад вакзальным будынкам прахаджвалася пара. Ён — стромкі, харошы афіцэр, з дужа крывою шабляю, што валачылася па зямлі, яшчэ зусім маладзенькі. Яна — тож маладая, ды грубенькая, мусіць, цяжарная, пані, уся чырвона-ружовенькая і з вопраткі, і з твару. Ён усё ёй нешта казаў і казаў, нахіляючыся да яе галоўкі і ізноў ідучы проста, у задуме, а яна ўзяла з яго рук хлысцік, маўчала, сціскала хлысцік і, здаецца, плакала ціхімі слязьмі. Так мне зрабілася іх шкода, хоць і не любіў я афіцэраў і паноў. Тут — шчырае каханне і разлука…

Поделиться с друзьями: