На імперыялістычнай вайне
Шрифт:
Пажарышча з краю вёскі. У пагарэлым садзе засталася зялёная дулька з багатым ураджаем фруктаў. Казакі ў часе прывалу, нягледзячы на адданую нам раней забарону, зараз абтрэслі і нас яшчэ пачаставалі, назваўшы за нясмеласць «шляпамі».
Прыкра глядзець на чорныя дымныя галавешкі — балазе выязджаем у поле. Прастор, наўпрэкі цеснай нямецкай культуры, шырокі. Тут, кажуць, і адбыўся самы бой. Поле цяпер пустое, голае, нуднае. У канаўках, з бакоў добрай брукаванай дарогі, там-а-там валяецца ўбогае шкумаццё нашых салдат, быўшых у баі. Вось нейкая ніклая кучачка ля тэлеграфнага стаўпа… Першы бачаны мною труп. Наш забіты. Ляжыць ніц. Чэрап знесены — жах!..
Ізноў кучка дамкоў пад узгоркам, захаваная здалёку ад падарожнага дрэвамі. Завецца тож — Плятэн. Дзядок-немец сядзіць на лавачцы пад домам, друзленькі, беленькі, слязлівы. Болей — ні душы ўва ўсім пасёлку. Вось — нямецкая школа. Слаўны мураваны дом. У гародзе — процьма трусікаў. Ніхто на іх, нават з казакоў, не галіцца. У сенцах валяецца паламаны веласіпед. У кватэры ўсё кінута так, як было ў звычайным жыцці. На стале стаіць недаедзены абед. На белым блюдзе многа катлет. Так хочацца іх з'есці. А што, як атручаны? Выходзім… У чародным доме чарапковая страха разварочана снарадам. У гародзе на дарожцы забітая качка, а ў кустах шныхараць белыя пушыстыя, як камочак бялюсенькай лёгкай воўны, трусікі; колькі іх тут — а-ёй! Пакажа чырвонае вока — і ўцячэ, схаваецца. На градах шмат буйных гуркоў. Не ўцерпелі — і нашчыпалі.
Направа за пасёлкам, убок ад нашае дарогі, дагарвае пуня. У ёй пагарэлі цяжкараненыя, бо там быў лекарскі прыпынак немцаў. Пагарэлі толькі нашы палонныя, бо сваіх немцы паспелі вывезці. Аб гэтым кажуць паўзучыя ракам па канаве два нашы раненыя. I яны былі ў палоне і ляжалі ў той пуні. Яны рады, што не змёрзлі і не памёрлі, кінутыя адны, за мінушчую ноч. Цяпер, калі іх падабралі на насілкі, адзін зараз самлеў, а другі, белы, як з таго свету, усё намагаецца пераказаць сваім аб мінушчай страшнай начы. Хваліць немцаў, што пакуль не кінулі, дужа добра даглядалі. «А мы думалі: прыкончаць нас», — слаба ўсміхаецца ён. Але зараз іх паклалі ў фургон з чырвоным крыжам на белым палатне і павезлі. «У Расеюшку на пабыўку!» — жартуюць нашы батарэйцы.
Тым часам спераду пад'язджае разведка, і батарэя цягнецца далей.
Толькі ўзабраліся на курганок… Груды светла-сініх нямецкіх трупаў! Расшарпаныя вопраткі, прадаўленыя каскі, паломаныя карабіны і вінтоўкі, а ля кожнага забітага — цэлыя горкі гільзаў ад выстраленых патронаў. Самыя розныя, страшней адна за адну, позы мёртвых: скручаныя, ніц, наўзнак з выстаўленымі ўгару, сціснутымі кулакамі. Вось адзін скручаны, як корч, з пышнымі вусамі, абтыканы веццем, — відаць, раненага загарадзілі таварышы ад сонца, і ён памёр у страшных муках. Ці, можа, сам закрыў сябе, страляючы. Дыханне сцінае мне ў горле, не магу глядзець… Можа, работа нашае батарэі!
Я знайшоў новенькі нямецкі бінокль; узяў, пачапіў сабе цераз плячо. Тут жа ў добрай, бліскучай, з вялікім залатым арлом, афіцэрскай касцы знайшоў я недапісаны ліст забітага… Мне запякло каля сэрца, зрабілася сорамна, цяжка. Я ўлажыў ліст у каску і скарэй кінуў яе, але абдумаўся і палажыў на грудзі трупу. I тады яшчэ бачыў, што наш батарэец Талстоў, слаўны хлопец, узяў аднаго забітага немца за руку, патрымаў яе, адубелую, і ціханька палажыў. Нашто ён гэта рабіў? Мусіць, цікавіўся, што такое мёртвы.
Другія салдаты пруць рыжыя, касматыя нямецкія ранцы, поркаюцца ў іх. Цягнуць адтуль, з нейкай радаснай прагавітасцю і быццам небяспекаю, алавяную лыжку, мыла, ручнічок, кавалачак белага хлеба. Відэльцы і сталовыя нажы выкідаюць набок, як непатрэбшчыну для салдата. Нехта знайшоў у нямецкім ранцы салодкія жоўтыя сухарыкі.
Нехта даў адзін сухарык мне. Я пакаштаваў — і мне прыкра і мляўка, як бы нешта лішняе ў роце, распірае мяне…
Варшлеген
6 жніўня.
Увесь гэты дзень былі ў паходзе. Наша батарэя ізноў у авангардзе. Дагналі абоз нямецкіх мірных жыхароў. Глядзелі на нас варожа і баязліва. Едуць найболей старыя, жанчыны і дзеці. Вазы навалены ўсякім дабром, пры возе — карова з аграмадным вымем. Кожны воз — паркаю. Кіруе коньмі стары, седзячы спераду з піпкаю ў зубах; карову даглядае, седзячы адзаду, старая. Дзеці і дзяўчаты — пасярод, з катом ці з сабачкам. Дзяўчат прыгожых мала. Увесь абоз, па загаду начальніка штабу, павярнулі назад, дамоў, адкуль хто выехаў.
Праязджалі мы пустое мястэчка. На культуру завідасць глядзець! I жаль бярэ за сэрца, што Беларусь, у параўнанні, дзікая-дзікая!
На вуліцы ляжаў у пылу труп маладога нямецкага дзецюка ў залапленым на локцях пінжаку. Пры ім — паламаны веласіпед. Кажуць, гэта — пераапрануты нямецкі разведчык, забіты казацкаю пагоняю. I ўсе мы ехалі міма так, паглядзеў і адхінуўся…
З аднаго дому выходзіць наш пехацінец. У руках банка мёду і стэарынавая свечка. Нашто яна яму? З-з ганку высунуўся стары немец, знімае перад салдатам віславухі капялюш і нізка кланяецца лысаю, з піпкаю ў зубах, галавою. Салдат гэты радасна смяецца. Агідна глядзець.
Ізноў дагналі яшчэ даўжэйшы абоз нямецкіх уцекачоў. Адна прыгожая немачка смяецца і плача на сваім возе. Старая, мусіць, маці, маўкліва аглядаецца на яе і старанна сморгае вяроўку, за якую прывязана вялікая, марудная карова.
Мы ідзём пад Кёнігсберг. Дзесь глуха аддаюцца гарматныя стрэлы. Там, кажуць, б'ецца наш 20-ты корпус. Відаць далёкае і светлае зарыва.
Павялі пад канвоем нашага пехацінца. Што такое? — Арыштаваны за грабежніцтва.
Часам вядуць палонных немцаў. Не глядзяць на нас, але на маленькім прывале я з адным разгаварыўся. Ён умее па-польску, — пазнанскі немец, а можа, анямечаны паляк. Калі яго канваір, віхрасты казак, адышоўся, ён сказаў мне:
— Вашы хахлатыя такое звяр'ё… (Так ён казаў пра казакоў.)
— А мы аб вас так думаем, — адказаў я ў тон.
— Нашто вайна? — сказаў ён, памаўчаўшы. — У Расіі і так зямлі няма куды дзяваць.
— Ваш кайзер абвясціў вайну.
— Не, ваш цар. А пан ест поляк? — з небяспекаю ў голасе дадаў ён.
— Не… Але не бойцеся мяне, бо я не хачу вайны.
— Рускі народ добры, а казак бывае розны, паправіў ён на ўсякі выпадак.
Вярнуўся казак, і я пайшоў к сваім, кіўнуўшы немцу галавою.
Прыехалі на прывал начаваць. Яхімчык раптам спомніў, што пражыў не просты дзень, а спасаўскае свята. «Жывэш, як нэхрісць, на цій войні…» Але раздабыў сабе яблык і, памаліўшыся, разгаўляецца. А Беленькі, наш бязбожны іудзей, дражніцца з ім: «Яхімчык! Ты аддавай мне свае порцыі мяса: табе ж спасаўкі, пост».
«А ты, дурныця, можэ й сала з'іў 6ы?» — агрызаецца Яхімчык. Ён яшчэ не ведае, што найсмачнейшая пажыва Беленькаму — якраз сала. «Зараз будзем есці й сала, друг Яхімчык! Зараз свінню закандрычым!» — вясёла бегае Беленькі. Салдаты ўжо ловяць кур, парасят на хутары. Нашы два тэлефаністы цягнуць добрага падсвінка, — не дарма ж мы ў авангардзе і тэлефаністы.