На імперыялістычнай вайне
Шрифт:
— Гм-му-у…
— Ты ранен, Шалапутаў?
— Нікак нет… у мяне нага…
— Што нага-а? — і схапіў яго цягнуць.
— Баліць дужа… Ударыў неяк.
— Вот яшчэ, задрыпанец, — з глыбокай і сарамлівай пагардаю сказаў герой-камандзір і шыбка, як ад чагось брыдкага, выйшаў.
3 афіцэраў у нас ранены яшчэ штабс-капітан Дамброўскі, але астаўся ў страі. А ў трэцяй батарэі забіты камандзір. Здаецца, я яго бачыў; гэта здаровы, дабрадушны мужчына-русак, з вялікімі рыжымі вусамі, на прозвішча Шылаў. Кажуць, канаючы, перад вечарам, ён пажартаваў з сваімі афіцэрамі, абступіўшымі яго: «Вот табе і Георгіеўскі крыж… Пастаўце хоць драўляны…» Трэба паясніць, што ён сваёй батарэяй нарабіў немцам такой шкоды, што яшчэ ў часе бою генерал па тэлефону сказаў яму: «Віншую вас, палкоўнік, з Георгіеўскім крыжам». Калі памёр, адзін салдат кінуўся яму на грудзі, цалаваў і плакаў. Ніводзін з бачыўшых гэта таксама не мог утрымацца ад слёз. А забіла яго куля скрозь акно на вышках, калі ён схапіў нейкія дзверы і загараджваў акно, робячы сабе наглядальны пункт. Забіты быў пад вечар, у канцы бою.
Думаю: вось і мяне магло так забіць на вышках, на доміку, што цяпер згарэўшы.
Не маю болей часу пісаць, і галава баліць ад учарашняга грукату і яшчэ болей ад маёй уласнай нервацыі.
Пішу па абедзе, паправіўшы акопчык. Ціха, спакойна. Сядзім удваіх з Воранавым на тым самым наглядальным пункце пад дрэвам, ля згарэўшага дому. Смярдзіць ад пажарышча, вецер узнімае залу і пясок і сыпле на нас. Спаць хочацца, бо цэлую блізка таго ноч, пасля ўчорашняга бою, сядзеў я з Воранавым на гэтым пажарышчы. Ах, як холадна было нам. I скрозь цэлую ноч нямецкія пражэктары свяцілі на нас і сеялі неспакой.
9 жніўня.
Канец учорашняга дня быў для мяне горкі. Старшы, смеючыся, скалоў мяне: «Вы таксама ў хаце хаваліся». Так, хаваўся… Няма як бараніцца. Я пачырванеў і маўчаў. Сёння мне весялей. Сон вярнуў мне сілу, і нейкі голас супакойвае мяне: ну і добра, што хаваўся, — ты яшчэ спатрэбішся для сваёй роднай справы.
Дык у нас, значыцца, сур'ёзная перамога. Немцы адступілі, кінуўшы многа забітых, раненых і зброі.
Сёння я прачнуўся на батарэі, каля ямы тэлефаністаў, ад светлага, цёплага жніўнага сонейка і шумнай спрэчкі ў хаце між афіцэрамі 1-га і 2-га дывізіёнаў аб трафеях.
Нож мой прапаў, і няма чым алавік застругаць для апісання афіцэрскае спрэчкі. Яна ідзе аб тым, хто збіў нямецкую 12-арудзійную батарэю, шалёна выехаўшую на голую пазіцыю, відную ад нас простым вокам. Наўкол пазіцыі гэтай няшчаснай і геройскай батарэі цяпер валяюцца парэзаныя шматы коней і людзей, кучы забітых снарадамі і задаўленых гужамі коней, агідныя і страшныя груды людзей з адарванымі рукамі, раскіданыя рэчы. Зарадныя скрынкі паўзарваны, пагнуты, пакамечаны, як папера ў жмені, некаторыя раскрэмсаны літаральна ў шчэпкі.
Прадстаўнік першага дывізіёну, худы і чорны, вусаты капітан, як відаць, новы, камандзір 3[-й] батарэі, са слязьмі на вачах клянецца, прысягаецца, што батарэя збіта ім, не паспеўшы выехаць і зрабіць 3–4 стрэлы з 2 аруддзяў.
Афіцэры 2-га дывізіёну, прыйшоўшы ў госці к нашым (я служу ў першым дывізіёне), спіраюцца… Іхныя батарэі стаялі далёка справа і ззаду ад нас, і нават я, нічога не цямячы ў артылерыйскай справе, дзівуюся, як маглі яны, а не мы, разбіць тую батарэю.
Час, лік выехаўшых адначасна нямецкіх аруддзяў, запісы камандаў, пасведчанні пехацінцаў і іншае, усе довады — горача разбіваюцца, і спрэчка схіляецца на карысць першага дывізіёну, страляўшага 13 гадзін узапар!
Даслухаўшы спіранне да канца, пайшоў я мыцца, але доўга-доўга шукаў вады і нідзе не знайшоў. Войска ўсю выпіла. У калодзежах на дне засталася адна гразь. Калодзежы тут найболей зачыненыя, з помпамі. Насілу выпрасіў вады напіцца ў камандзірскага ардынарца. Сёння і абед спозніцца, бо паехалі па ваду на рэчку, за колькі вёрст. Хадзіўшы па полі, бачыў многа забітых кароў і коней. Чаму іх не закапваюць? На дарозе бачыў цэлую гару сабраных пехацінцамі вінтовак, шынеляй: светлых, сініх — нямецкіх, і шэрых, грубейшых — нашых; ранцаў касматых, бурых — нямецкіх, і палатняных — нашых; шашак, кулямётных стужак, чаравікаў і іншага. I ўсё нясуць і нясуць…
Раптам пачуўся «венскі» гармонік! Звонкія, вясёла-гуллівыя гукі заліхвацкай полечкі скаланулі мяне. Не магу выразіць таго заблытанага клубка пачуццяў, які падкаціўся мне пад грудзі. Я пачуў мімавольныя слёзы на вачах. Думкі мае паляцелі ў ціхамірнае даўнейшае жыццё ў мілай, роднай Магілёўшчыне. Святочны дзень, скачуць, гуляюць… А тут я бачу жудаснае поле смерці пад сінім, цёплым, безмяцежным небам.
Дый раптам жа гармонік абарваўся. Можа, не даў хто іграць перад памеркшымі вачмі забітых таварышаў… А хай бы іграў перамогу жыцця над смерцю! Не ўсё роўна, што тут рабіць: плакаць ці смяяцца?
Ігранне было чутно з недалёчкага хутара, дужа вялікага, занятага пехацінцамі. Я пайшоў туды. Там на падворку і ў стадоле, на пасцеленай жоўтай саломе, поўна было раненых, абвязаных белым і акрываўленым бінтам, — немцаў і расійскіх. Там-а-там паміж раненых ляжалі непарушныя фігуры памёршых ад ран. Выскаленыя зубы, тусклыя, мятыя вочы, зблытаныя абмусоленыя вусы, — страх глядзець.
Тут і штаб. У садзе я пачуў размову начальніка нашага атраду па тэлефону з некім:
— Няма сілы сабраць. Можа, тыл падбярэць. Не меней як 700 вінтовак. Болей як 2000 чалавек… Але! Ляжаць ланцугамі, калонамі. Бог ведае, ці яны раненыя спаўзліся і памёрлі кучамі, ці так разам пабіты. Артылерыя і кулямётчыкі работалі на славу! Рад старацца, вашадзіцтва!
Міма нашага наглядальнага пункту па дарозе шмат праходзіць і праязджае розных вайсковых. Нядаўна ехаў п'яны казак. Баўтаецца на сядле. Пад адною рукою пабіты тэлефонны апарат, а ў другой — бутэлька з наліўкаю. Ён папрасіў мяне падаць яму галавешачку прыкурыць і пасуліў мне пацягнуць «трошкі» нагбом з бутэлькі. У яго, п'янога, гора: кажа, быццам «вольныя» немцы (мірныя жыхары) забілі двух яго станічнікаў, а сам насілу вырабіўся з небяспекі.
Прывалы
10 жніўня.
Мы ў далейшым паходзе. Пішу на крутым беразе нешырокай, але паўнаводнай і глыбокай рэчкі. Мост разбіт. Сапёры наводзяць пантоны. Наўкол мяне — і драцяныя загарадкі, і воўчыя ямы. Дзівуюся, чаму немцы пакінулі іх без усякага бою.
Пераехалі. Мястэчка. Разумеецца, бязлюднае. Кірха (а можа, — касцёл). Нашы каталікі забягаюць і кленчаць. Ля самай кірхі, на адчыненым акне пустога дому, грамафон, заведзены рукою ворага, пахабным дысанансам у абставінах вайны і смерці раве мірнага «пупсіка». Маладыя пехацінцы сабраліся там, смяюцца, рагочуць, і некаторыя падпяваюць па-расійску:
— Пуп-сік, мой мі-лы-ы пу-упсі-ік!..
Потым завялі неспанараўную мне нямецкую «польку», пабраліся парамі і круцяцца, як дурныя. Старэйшыя невясёла паглядаюць на іхняе выраблянне, абтрахаюць з сябе пыл, абціраюць пот, пераабуваюцца.
У другім доме знайшлі раяль. Бязмальна кожны пабарабаніў пальцамі. Урэшце, дакучыла. Наш ездавы трахнуў шашкаю ўздоўж па ўсіх пішчыках. Пехацінцы адкінулі крышку і паабдзіралі струны. Калі падходзіў нейкі афіцэр, усе ўцяклі хто куды. Забыўся адзначыць: учора нам абвясцілі, што за п'янства будуць розгі, а за грабежніцтва і разбой — расстрэл.