Чтение онлайн

ЖАНРЫ

На імперыялістычнай вайне

Гарэцкі Максім

Шрифт:

Дзесь далёка як бы страляюць?.. Казакі гоняць нямецкую скаціну. Яны хваляцца: «Па нас кулі ум-ум-ум! Старыя немцы просяць, а мы не кідаем, гонім». Падпаручнік Іваноў з прыемнасцю і патураннем у вачах слухае казакоў і глядзіць на гладкіх, чыстых нямецкіх кароў з вялізарным вымем.

— Ты, брат, не рыкай тут у нас! — сказаў на неспакойную карову і пачырванеў.

Следам за казакамі бягуць нейкіх два кані без сёдлаў. Аднаго, добрага, каня з-пад забітага нямецкага афіцэра казакі вядуць на повадзе з сабою. Вось яшчэ казакі — гоняць бараноў і бычка. Рабаваты, віхрасты казак падганяе бычка бізуном. Бычок задзірае галаву і раве благім матам. «Ён чуе незнаёмы гоман… Да непарадку не звычны», — жаласліва ўзіраецца на яго запасны барадаты пехацінец.

— Бу-у-ух!! — першы гарматны стрэл.

Усе троху вясёла, троху трывожна азіраюцца. Усім цікаўна. Пачынаецца нейкая нервовая беганіна. Тэлефонныя двухколкі заязджаюць за хутар. На падворку лямантуе баба хутарчыха. Стаіць, без каня яшчэ, вялікі воз, бегае заклапочаны гаспадар-жмогус. Зараз яны паедуць у тыл, уцякуць. Вержбалова нам не відаць, але дым сцелецца адтуль у наш бок. Горад запалілі немцы або казакі. Часам выбіваецца полымя. Дожджык сціх, і ледзьва відаць, як сыплецца марасіца. Гаспадар выязджае. Цямнее. Вечар. Ноч. Неспакойнае чаканне.

Роў

4 жніўня.

Добра, пагода, светла…

Ля хаты ардынарац Селязнёў падаваў камандзіру каня і нечым не дагадзіў. Камандзір тыцнуў яму ў грудзі кулаком і нервовым голасам крыкнуў: «Ёлуп!»

Капітан Смірноў кажа малодшым афіцэрам: «Дарма ноч не спалі… Вораг спалохаўся і ўцёк».

Ранне робіцца яшчэ прыгажэйшае. Зараз будзем выязджаць далей у дарогу. А начою быў страшэнны холад, на небе ззялі зоркі. Я начаваў у пуні, на ячменных снапах, пакалоўся асцюлькамі, спаў мала і трывожна.

Відаць, пойдзем у наступленне за граніцу, бо афіцэры кажуць нам, каб нічога нямецкага не елі: можа быць атручанае.

Дзесь далёка-далёка чуваць гарматныя стрэлы. Страляюць, мабыць, немцы. Перад намі на сінюсенькім краі неба хораша расплываюцца дымныя клубочкі: ірвуцца шрапнелі. Настрой падвышаецца.

Праскакаў міма нас казацкі генерал-маёр. «Гэта распуста! Тут плетухаецца гэты абоз!» — крыкнуў на ўсім скаку. А дзе гэты абоз — хто яго ведае…

Паехалі і мы.

Едзем паціху, часта спыняемся. Уздоўж усяе дарогі пяхотны ардынарац бегае, шукае нейкага батальённага.

Мы сталі з боку дарогі. Міма нас ідзе пяхота — без концу, без концу… Я ўзлез на двухколку, падняўся, паглядзеў. Штыкі, як шчэць бліскучая, даўгой змяёю ўкрылі ўсю дарогу. Там далей, наперадзе, зварочваюць убок, на поле, сыплюцца ротамі, узводамі…

Цюхае на малой кабылцы той шуканы батальённы, несамавіты пяхотны служака. Глядзіць у планы. Шрапнелі паказаліся значна бліжэй — цяпер відаць, што нямецкія. Дык зараз бой, бой!..

Недзе з бакоў патроху тахаюць вінтоўкі.

Вось першы кулямёт: тук тук-тук-тук!

«Наш, — кажа мімаезны казак, — нямецкі б'е часцей».

Раптам — наша каманда, і батарэя рухава зварухнулася і з дарогі мякка пакацілася па чорнай раллі да нейкіх кустоў. Прымчаліся к глыбачэннаму і яшчэ болей шырокаму рову. Гэта граніца: з аднаго боку стоўп з расійскім арлом і табліцаю «Расея», з другога — з нямецкім арлом і табліцаю «Нямеччына». З'ехалі ўніз, на зялёную тэрасу. Батарэя строіцца ў баявы парадак…

1 гадзіна 15 мінут дня, зараз будзем паліць «па наступаючым праціўніку»…

Як тут зацішна і прыгожа на ўлонні ў прыроды: лог, травы, кусты, ручай. Берагі рову хаваюць нас ад вока з бакоў, над намі — сіняе жнівеньскае неба. Але зараз — бой! Таварышам маім, тэлефаністам, прыкра, што я ў такі момант запісваю ў сваю кніжку. Не лайцеся, чорт вас дзяры!

* * *

5 жніўня, ранне.

Ізноў ранне, ізноў дзень… Мы наступілі і адступілі. Крыўда і здзіўленне. Ах, як ірваліся снарады па баках таго рову! Раненыя пехацінцы паўзлі а паўзлі з кустоў к ручаю. «Паганая вайна!» — з адчаем стогне адзін. «Чаму? Што ты?» — пытаецца другі з абпэцканаю ў кроў шапкаю. «Як жа, калі наша артылерыя з левага флангу палажыла сваіх казакоў і пяхоту». — «Няпраўда… Не кажы так», — сцішаў яго наш артылерыст.

Батарэя, пастраляўшы з рову, пераязджала потым на другую пазіцыю. Няслася па нямецкай зямлі наўскачка. Я бег, бег — і застаўся. Цагляныя хаты і будынкі нямецкіх хутароў, брукаваныя, абсаджаныя дрэвамі дарогі, напісы на ростанях кінуліся мне ў вочы як нешта дзіўнае, панскае. Бягу шыбчэй: збоку ад дарогі рвуцца чорным смярдзючым дымам гранаты. Спярша я не чуў страху. Джжж!!! — над самым вухам асколак. Тады я надта спужаўся, упацеў, ногі саслаблі. Прытуліўся ў канаўцы. Заўважыў у траве курапатку. Узяў яе ў рукі, бо яна не ўцякала. Сэрца яе тукае на ўсю сілу, воле цяжкое, бы камень. Здалёк прабеглі два зайчыкі. А высака-высака круціўся бусел і нічога не баяўся. Я знайшоў батарэю, калі страляніна сціхла. Ніхто не ведаў, што я быў застаўся; думалі, што я ўвесь час быў з усімі разам. Калі я сказаў, агледзеліся, што няма яшчэ двух тэлефаністаў. Неўзабаве батарэя знялася з гэтае пазіцыі, выехала на дарогу і пацягнулася назад, на граніцу. Паказалася ля нас разбітая, маленькая рота; я думаў: адзін узвод. Людзі засмучоныя, змораныя, запэцканыя. Доўга-доўга едзем назад, але ўсё яшчэ па нямецкай зямлі, — мусіць, убок куды-небудзь. Не, во той гранічны роў. Знаёмы пераезд. Ізноў у Расіі. Лягчэй зрабілася на сэрцы. Але што гэта: незадача? Адступаем?

«Тады лічыць мы сталі раны…» У нашай батарэі ўсе цэлы, толькі адзін конь падбіт — яго павялі ў роў прыстраліць. Шкада яго, як чалавека. У другіх батарэях ёсць забітыя і раненыя.

Быў позны вечар, калі мы вярнуліся на ранейшую стаянку. Гаспадар вярнуўся таксама. «Хай заб'юць усіх, нікуды не выеду», — бурчыць гэты ўпорчывы жмогус.

Афіцэры ўжо вячэраюць. «Дай каньяку!» — чуем мы скрозь акно іхную гутарку. «Калі ласка», — адказвае капітан Смірноў; потым нездаволена некаму даводзіць: «Няможна ж без патрэбы пасылаць людзей на смерць». Голасу камандзіра не чутно; ён, пэўна, маўчыць і думае сам сабе.

Вячэра наша… Порцый не хапіла. Запаснікі бурчаць, абураны. Галодны Яхімчык злосна калоціць па рэбрах свайго тэлефоннага каня і ўспамінае на прыстрэленага: «Такій гарный буў коняка, а ты… шоб ты околіў!»

Ізноў начлег на ячменных асцюльках. Сцюдзёна было страшэнна. Устаўшы яшчэ ўдосвета, я калаціўся, як у трасцы; зубы: тр-тр-тр…

Балазе ізноў вось сонейка, цеплыня, светла, прыгожа. Напіўся гарбаты і пішу. Учорашні дзень, наш першы бой — як ува сне, як у тумане.

Думкі ляцяць дамоў, да родных. А перад боем я сніў сон… Нейкія столікі, палаткі, людзі, падводы, коні. Мама крышыць мяса дробнае, чырвонае, сырое — і з гурком. I я хачу адысці ўбок і купіць ёй гуркоў. Не купіў… Не купіў дзеля свае прост недараванае неадважнасці. Мама кажа некаму: «Хваліць бога, прыждала ўжо і я помачы ад дзетак». А мне сорамна-сорамна і жаль жаль. Паводле нашых народных забабонаў, сніць сырое мяса і гуркі — дужа дрэнны знак. I я думаю: як незразумела сплятаецца ў чалавеку гэтая спадчына вякоў, перажыванні многіх пакаленняў.

5 жніўня па абедзе.

Абедалі хапаўшыся і зараз выступілі, каля першае гадзіны, у паход. 3 намі і першая батарэя ідзе разам. Сонца паліць — дождж будзе. Ідзём у Нямеччыну ізноў па той жа самай дарозе.

«Старыя» для нас месцы. Вёска завецца Плятэн. Бегаюць кіненыя гаспадарамі коні. Мы злавілі светла-гнядую кабылу на месца нашага забітага батарэйца. Яна не ўмее ісці вагам у гарматнай запрэжцы, дык яе паставілі везці кухню, а кухоннага рабога коніка запрэглі ў гарматную пару вынасам. I неяк дзіўна: злавілі чужую, сялянскую, кабылу па дарозе, і зрабілася яна нашаю.

Поделиться с друзьями: