Чтение онлайн

ЖАНРЫ

На імперыялістычнай вайне

Гарэцкі Максім

Шрифт:

Дзед-жмогус, з сівенькаю няголенаю шчацінаю на твары, дастаў капшук, скруціў дзве цыгаркі, закурыў спярша адну, потым другую і даў закураную ўжо. Той узяў яе слабою рукою і панёс у вусны. — Калі ласка, і мне скруціце, — папрасіў я такім капрызным, хворым голасам, што аж самому было сорамна. Дзед, нічога не кажучы, скруціў і мне, я ўзяў і прыкурыў ад яго папяроскі сам. Паехалі, курачы, але той не многа курыў і кінуў недакураную. Праехалі яшчэ трошку, і я ўбачыў, што ён пераксціўся белаю рукою, нямытаю з таго часу, як ранілі, з гразёю між пальцаў. Я глядзеў на яго з нявераю: ці ён даедзе і не памрэ ў дарозе, ці ён і дужа слабы? Дзед часцей аглядаўся на яго.

— Пастойце… Пастойце… — ізноў папрасіў.

Дзед спыніў фурманку, а я кінуў папяроску ў поле.

— Паміраю, братцы… — сказаў, і горкая грымаса з'явілася на сінім, худым, валасатым твары.

Я нахмурыўся на яго і з жалем і з прыкрасцю, што ён так кажа.

А дзед-жмогус глядзеў спагадна, але не дужа трывожна, як пабочны добры чалавек.

— Даруй мне, браце! — сказаў той, скасіўшы вочы да мяне.

— Бог даруе… — прашаптаў я без ахвоты тое, што зазвычаена казаць, калі так просяць перад споведдзю або перад смерцю. Мяне цікавіла глядзець на сіні твар, і ён лічыў патрэбным усё ж адвесці вочы.

— Даруй мне, дзед! — звярнуўся вачмі і да жмогуса.

— Бок даруйт… — прашамкаў жмогус, і паплыла сляза па яго маршчыне на няголеную шчэць, аж я здзівіўся.

— Санітары! Хадзіце сюды, санітары! — крыкнуў я раптам голасна і ўзняў галаву.

А іх трэба чакаць яшчэ.

Падышоў адзін, падышоў другі з насілкамі, зусім не хапаліся, паглядзелі, ці варта здымаць, а тады знялі, палажылі на насілкі і паняслі назад, дзе ішла лазарэтная лінейка, палатняная буда з чырвонымі крыжамі па баках.

Дзед жмогус узяў у рукі лейцы і ізноў сеў спераду, а на вольнае месца паказалі санітары лёгкараненаму, і той сеў з прыемнасцю пасля хадзьбы — барадаты рыжы здаровы салдат, толькі рука падвязана і на канцы забінтована, што як падушка.

Я адвярнуўся ад яго і маўчаў. Боль прытупеў, было ўсё роўна як баліць. Заплюшчыў вочы, бо рэзала вочы святло з высокага шэрага неба. Здавалася, што гэта Стахван вязе мяне ў школу, нага мерзне, і брат сеў на яе, каб сагрэць. Патроху разлівалася цяпло па ўсім целе.

I было добра, толькі ўсё змагаўся з нейкімі перашкодамі, ніяк не мог мець поўнае ўдачы, каб было зусім добра, некуды ехаў і не мог даехаць, бачыў, што матцы не падабаецца, але яна толькі маўчыць, а я і не хацеў таго, ды калі ж так выйшла… То лягчэла, я бачыў перад сабою неба, вечар, то ізноў горшала, і я не хацеў глядзець. Пакорна чакаў, хоць і марудна цягнулася падарожжа, непрыемна было так доўга чакаць. На ўхабах кідала, баяўся вываліцца — і спамінаў, што я ранены, што мне сніцца, нага ные болем, і лепей спаць, каб не чакаць, калі ўжо-ткі прыедуць на станцыю.

Прахапіўся я ў чорнай цямноце. На твар сыпаліся дробныя капачкі дажджу. Не толькі млела цела, а страшэнны холад забраўся пад коўдру, скрозь па ўсёй спіне было сцюдзёна.

Транспарт стаяў у нейкай вялікай вёсцы ці ў мясцечку.

З левага боку ад фурманкі было святло ў вялікіх вокнах, спераду таксама свяціліся далёкія акенцы, а то ўсё было чорна.

Нікога блізка не было, далей недзе гаманілі, і конь порскнуў там. Нехта пайшоў на ганак, у гэтую хату з асветленымі вокнамі, але не адгукнуўся мне.

Я гукаў, прасіў, стагнаў, каб мяне ўзялі ў хату пагрэцца, бо мяне трасло, як асіну ветрам-холадам.

Ніхто не чуў, транспарт стаяў, ішоў дождж, было цёмна… Дзесь далёка і глуха, як ліхая і мінулая здань, пачуліся гарматныя стрэлы, а можа, толькі здалося?

Я не помніў і не ведаў, якім дзівам злез з фурманкі, узабраўся на высокі ганак, прапоўз у цёмныя сенцы і адчыніў дзверы ў цёплую і светлую кухню. Там гарэлі дровы ў пліце, ляжалі на падлозе салдаты, і я лёг з імі. I хацеў бы ляжаць так вечна, каб толькі транспарт не пайшоў без мяне…

А калі неяк дужа скора прыехалі на станцыю і наяву засвяціліся агні, сінія і жоўтыя, і крыкнула машына, я дзівіўся і не цяміў, быў сапраўды ў кухні ці не, і хто мяне адтуль пасадзіў ізноў на фурманку. Тут дожджык ішоў парадачны, і так хацелася скарэй быць у вагоне-цяплушцы, дзе суха, цёпла, гладка на нарах і дзе так даўно-даўно я не быў. I калі машына ізноў крыкнула і прашумеў міма паравоз, — радасць ахапіла. Нарэшце адсунуліся дзверы, з святла ў цямноту паказалася ў белым халатоне міласэрная сястра, падышлі санітары з ліхтаром і з насілкамі. Знялі, палажылі, падалі ў вагон. Троху таўханулі, і болем рэзнула ў паху, але што ж: некалі ім, колькі яшчэ там чакае на фурманках. I сорамна трошку, што так шмат са мною клопату, але ж заслужыў. Толькі нашто, нашто ўсё гэта? Колькі дарма траціцца часу, сіл, грошы! Не трэба вайны…

Якая радасць ляжаць у цёплым вагоне! Мяне паклалі на верхнія нары, ля сценкі, як на палаці ў хаце, і было чуваць, як па крышы вагона барабаніць дождж.

Тут ужо ляжала чалавек дзесяць. Сястра была не маладая і не дужа прыгожая, але ласкавая. Два санітары — апалчэнцы.

Раздзелі, накрылі, далі гарбаты ў белым кубку і цвёрды кухан.

Так хацелася — і не елася…

Прыемна пацягнуцца і заснуць. А цягнік пойдзе — і закалыша… Канец мучэнню.

Шпіталь

Нага сагнута дугою, няможна ёю крануць, каб страшэнна не забалела. Пісаць забараняюць. Дый рукі не слухаюць. Нудна ляжаць у шпіталі, хоць і добра пасля пазіцыі. Вечная памяць нашаму слаўнаму камандзіру-герою. А хто ж то цяпер камандуе батарэяй? Мусіць, капітан Смірноў.

Так было першыя дні ў шпіталі.

А потым — божа, як не хацелася паміраць! Чаму ад мяне хавалі, што могуць адрэзаць нагу? Што такое — глыбокая флегмона? Дагэтуль жа ўсё было добра. Чаму цяпер так скача тэмпература?

I сорам — гэты вечар перад аперацыяй… Дзікі боль і дзікі плач, і крыкі дзяціныя, няшчырыя, хваравітыя:

— Дайце мне цыяністага калію. Я не магу так мучыцца! Я не магу! Я не хачу! Ратуйце!

I слёзы пад нацягненаю на голаў коўдраю. Далі не цыяністага калію, а брому. Потым старшая сястра ласкава саромела:

— Эх вы, інтэлігенты!

Праўда, сорам: мог бы болей быць цярплівым.

I аперацыя… Страшна. Будуць рабіць пад хлараформам. А што, як сэрца не вытрымае? Слухаюць — адзін доктар, другі доктар… Чаго яны маўкліва перакідаюцца вачмі? Сястрыца бразгае аперацыйным начыннем, раскладае нейкія бліскучыя ножычкі і ўсякія штукі. I яна ж нервуецца… дура!

Поделиться с друзьями: