Чтение онлайн

ЖАНРЫ

На імперыялістычнай вайне

Гарэцкі Максім

Шрифт:

Сёння прывязалі яго на ложа гарматы (без труны) і з пачэснаю вартаю павезлі ў штаб, хаваць. Каня яго вялі за ім пад сядлом, у повадзе. Вечны спакой!

22 кастрычніка.

Учора пераехалі на новую пазіцыю. Пасля смерці падпаручніка камандзіру і ўсім нам цяжка было там заставацца!

23 кастрычніка.

Агнём нашага левага аруддзя запалена пуня ў панскім двары Капсодзе (там ізноў немцы).

На батарэі — чатыры лёгкараненых.

Дагэтуль намі выпушчана 260 шрапнеляў і 301 граната. Стралялі па выязджаючай батарэі, па адступаючай пяхоце, па гаўбічнай батарэі, па пяхотных акопах. Прыцэлы нашы ад 54,5 да 150.

Сёння рваліся наўкол нас «чамаданы».

Учора ўвечары і сення ўранні быў густы сцюдзёны туман. Удзень паказалася халоднае кастрычніцкае сонца. Ногі зяблі. Купіў у падпрапаршчыка Хвёдара Смірнова, шчарбатага чалавека, няма аднаго пярэдняга зуба, смярдзючы казённы кажушок з цёплай баранняй шэрсцю. Заплаціў дорага: пяць рублёў. Цяпер маю толькі два рублі — і ўсе мае рэсурсы.

— Падпрапаршчык, герой, а казённым таргуець, — казаў Пашын і лаяў мяне, што я пераплаціў «гэтаму подламу гароху».

А мне ўсё думаецца пра смерць Сізова. Каб ужо скарэй замірэнне! Хай раняць, толькі каб жывым застацца…

Сёння з 12 гадзіны пачалося, як кажуць, наступленне 25-е дывізіі! Мы тож б'ёмся, пасабляем ёй. Гарматы грымяць, кулямёты трашчаць.

Мы страляем блізу без пярэрвы. Ды ў адной перадышцы я паспеў усё-ткі задрамаць.

Сёння і не мыўся.

Учора, калі Беленькі пайшоў стрыгчы капітана Смірнова, мы (я і Пашын) пры свечцы, якая гарыць у нас у акопе, шукалі ў вопратцы. Беленькі «шукаўся» перад вячэраю. Дужа бедаваў, што еў сваю порцыю мяса не памыўшы рук. А ў нас вады не было. «Чаму зупаю не памыў?» — жартам даў раду Пашын пасля вячэры. Беленькі яшчэ болей бедаваў. Елі ўтраіх з аднаго вядра, як заўсёды. Толькі хлеб цяпер хаваем паасобку. Захацеў так рабіць Беленькі, — не для сябе, а для мяне, бо Пашын надта многа паядаў хлеба. Я, нізкі чалавек, прыстаў на прапазіцыю Беленькага.

Ад нашае пазіцыі да граніцы цяпер і трох вёрст не будзе.

Штабс-капітан Дамброўскі ізноў захварэў. «Халуі» казалі, што першую ж ноч афіцэрам спаць не даваў. Усхопіцца скрозь сон, як закрычыць на ўсю хату: «Пара! Пара! Уставайце! Снарады валяцца на дом! Уставайце!» Усіх тармошыць — чырвоны, з вялікаю галавою, татарскім тварам. Аж страх. Ізноў адправілі быць пакуль што пры ўпраўленні брыгады. Цікава, ці робіць ён такі гармідар начою там?

За дзень выпушчана 499 патронаў.

Нягледзячы на абстаноўку, мне прысніўся распусны сон. На сэрцы — камень. Трэба дзяжурыць — і не спаць. Ай, як хочацца спаць!

24 кастрычніка.

Прыйшоў ліст ад майго меншага, майго мілага браткі. А ліст разламаны «ваеннаю цэнзураю», — гэта што за навіна? Мне прышлюць пасылку… о, радасць!

Прыехалі, палепшаўшы, два раненыя 7-га жніўня. Камандзір з імі цалаваўся. Адзін з іх, Драб, Горадзенскае губерні, заплакаў…

Учора на батарэі — 4 лёгкараненых і ездавога Кучынскага пераехала тэлефонка; скалечан надта цяжка, фельчар баіцца, што не выжыве.

Свеціць чырвонае зімовае сонца. Начою — месяц поўны, месяц ясны.

Было ціха, толькі з левага боку нейкая батарэя нашае брыгады пусціла залпам некалькі чародаў. Рэдка дзе гкрэхалі «чамаданы». Часам іграў кулямёт. Свяціліся ракеты. Ды мала. Трывогі не было.

Бамбардзір-наводчык Валодзін (кастраміч) разважае аб вайне: «Калі ўжо яна кончыцца, звязаліся з дрэнню, трэба нам было лезці за сербаў, яны там штогоду ваююць. Колькі нашага брата выйшла на вайну, а што нам: прыбавіцца хоць па дзесяціне ай што? Чаго не хапае багатым чарцям, што лезуць у вайну? Здаецца, і сыты і п'яны. З жыру шалеюць, сволачы, а ты за іх жыццём накладай». Казаў разважна і самавіта і хлябаў гарачую спітую гарбату. I мяне частаваў гарбатаю.

Катастрофа

Пішу па абедзе (24-га кастрычніка). Выехалі… бо аказалася, што нямецкія акопы — пустыя. Начою немцы цішком уцяклі.

Едзем…

Восеннае сонца спакойна гуляе. Ветракі-млыны заснулі. Пустынна. Аднак там-тут пачынаецца сонны рух. Жыхары, як пчолы вясною з вулля, асцярожна выпаўзаюць.

Во, збоку шашы, кадцыбае вольны чалавек. Падняў з зямлі каску, раздушаную колам, падзяржаў двума пальцамі і кінуў у канаву. Двое хлопцаў збіраюць гільзы. Паднялі паломаную стрэльбу, але ўбачылі саддатаў, кінулі яе і пабеглі ўцякаць.

На гаці ў яме ляжыць здохлы конь. Раздуўся, як гара, і ўжо смярдзіць. А ў багне пакінута пустая снарадная скрынка. На ўзгорку — доўгая алея старых ліпін, дзеля чагось без жаласці ссечаных.

Цягнуцца акопы немцаў. У іх — пярыны, лаўкі, сталы, бляшаныя печкі, гаршкі з літоўскіх хат. Валяюцца пляшкі, гарахвяныя кансервы, папера ад шакаладу. Пачкі патронаў. Цэлыя кучкі гільзаў. Цягнуцца рады драцяных загародак.

I… знаёмыя мясцовасці! Вось тая горка з дрэвамі, па якой мы палілі 4-га жніўня.

Засмучэнне і трывога на сэрцы. Не пацяшае перамога. Сумныя малюнкі!

Крыжы на полі, на краях лесу, ля дарогі за канаваю. Змывае дождж слабыя карандашныя напісы: «Тут пакояцца рускія воіны, забітыя пры здабыванні г. Сталюпэнену 4 га жніўня 1914 году». Відаць, у адной магіле пахаваны і немцы, бо на адной з іх стаіць другі крыж з напісам: «Тутака пакояцца германскія воіны, забітыя пры абароне места С. 4-га жніўня 1914 году». Яшчэ колькі сігоў, і дошка: «Магіла воінаў-яўрэяў».

Іншыя крыжы са звязаных кіёчкаў. I ўжо пахіліліся, і ўжо борзда заваляцца. I згубіцца месца апошняга супакаення воіна.

25 кастрычніка.

Учора заначавалі рана, яшчэ відным вечарам. Сёння выехалі ў 8 гадзін раніцы (пішу на прывале).

Прапаршчык Валк (латыш) даў мне ўчора вялікі, фунты два ці болей, кавалак беленькага хлеба. Я даў патроху кожнаму тэлефаністу, сам толькі пакушаў — і кавалачак схаваў у ранец. Цераз малы час шчупянуўся — няма. Хацеў зрабіць скандал, але раздумаўся, пакінуў так. Думаў на Яхімчыка, думаў на старшага… А хто яго ведае, хто так паджартаваў.

Адусюль на нямецкай зямлі вее на мяне нейкім мёртвым пахам. Чую мярцвячыну, хоць ты што…

Надта спакойна расселіся мы на чужой зямлі на воку ў ворага. Быць жа не можа, каб за намі не сачылі. А мы сабе — душым кур, варым парасяціну, — ой, нядобра!

— Начальства ведае лепей за вас! — скалоў за гэткія развагі старшы мяне і Беленькага, але і сам хаваў у голасе нездавальненне справамі і трывогу.

Сёння гадзіне а 10-й пачалося.

Едзем спакойна, — раптам ні з таго ні з гэтага — пу-ухсь! — лёгкая шрапнелька над самай батарэяй.

Поделиться с друзьями: