Чтение онлайн

ЖАНРЫ

На імперыялістычнай вайне

Гарэцкі Максім

Шрифт:

Голы ляжаў на стале, у адной кашулі, без нагавіц. Тут сораму няма. Але ўсё ж брыдка… Сястра маладзенькая, харошая…

Паклалі на твар сетачку, запахла хлараформам, і ўзяла цікавасць, як гэта наступае той сон.

Мне здалося, што я апускаюся некуды, апускаюся, паляцеў…

— Лічыце да паўсотні, — кажа стары доктар.

— Адзін, два, тры, чатыры, пяць… I лічыў, і лічыў: пятнаццаць… дваццаць… трыццаць… трыццаць адзін, трыццаць два… I думаў: «Вось, можа, і не засну… Яшчэ будзе клопат…» Толькі цела некуды ўсё глыбей і лягчэй ляціць, ляціць, ляціць… Прыемны і хваравіты лёгкі туман засцілае думкі… Уніз, уніз, уніз… Сорак два, сорак тры… Шэптам: сорак чатыры… Ледзьва чуваць: сорак… пяць… Канец.

Няма прытомнасці. Налічыў да 45 — і памёр. Так, мусіць, і паміраюць людзі, з такой жа паступовай утратаю прытомнасці.

Калі цела рэзалі вострымі нажамі, калі перабіралі шчыпчыкамі жылы, калі скрозь дзірачкі ў жывым мясе працягвалі дрэнажныя трубачкі, калі забівалі ў раны тугія тампоны, — мычэў і сціхаў. I слухалі часта сэрца: ці б'ецца?

Потым белага, бескрывянога, але жывога, завезлі ў палату і палажылі на старое месца. Было мляўка, нудзіла — і лёгка прыемна. Аперацыю зрабілі.

— А дзе ж тая куля? Дасталі?

— Маўчыце, не размаўляйце! Пасля!

* * *

I так дзень па дні…

I дзень за днём.

Я лепшаю. Я дужэю. Салодкая пакута на сэрцы і ўва ўсім целе.

Прыходзяць нейкія дамы-дабрадзейкі. Прыносяць гасцінцаў: яблычка, цукерачку, Евангелле. Не, дайце газету! Сумна ў газетах. Дзе ты цяпер, дарагая батарэя? Дзе вы, мілыя таварышы? Не тут, не тут, не з гэтымі дамамі-дабрадзейкамі і сястрыцамі мая душа, а там, там, у акопах. I мімаволі выступаюць слёзы. Трэба схавацца з гэтымі слязьмі. Тут, паміж гэтых ваяўніча настроеных жыхароў тылу, ніхто не можа ўявіць сабе, што перажывае батарэя. Яны пытаюцца і пытаюцца, як там нашым бедненькім салдацікам у акопах, але брыдка гаварыць з імі пра гэта. Адчапіцеся, адчапіцеся!

З дому пішуць: трывожацца, тата хоча прыехаць у шпіталь, Стахван даўно не падае вестак аб сабе, як яго забралі і многіх забралі, многіх, многіх, рады, што аперацыя мінулася, чакаюць дамоў, на каляды… Ых!

Тэмпература дагэтуль скача. Доктар клапатліва і нездаволена аглядае кожны дзень. Нешта не так зрабілі? Асколку ў назе не знайшлі, а дзе ж ён мог падзецца? Не вылез жа сам?

Я капрызны, дрэнны хворы, але што ж я вінаваты, калі гэткі час ляжу плазам і на 19-ты дзень па аперацыі ледзьва-ледзьва магу крануць нагою?

А гэтыя страшныя мукі на перавязках, калі мне ў жывым мясе працягваюць дрэнажныя трубачкі… Ых!

* * *

Палата невялікая, і ўсе ў ёй цяжкараненыя. Якраз супроць мяне — Саксан, цяжкаранены салдат — немец з Саратаўскае губерні. Саксан усіх ненавідзіць і пасцелю сабе слаць дазваляе толькі няні ці той сястрыцы, што пісала лісты да яго родных пад яго дыктоўку. I што яму перасцілаць, і што яму падкладаць паветраныя пузыры, калі ў яго пролежань на пролежні і гніе ў яго мяса, дух цяжкі, аж дыханне сцінае, і толькі падскуранымі ўпырскваннямі, морфіем трымаецца чалавек… Ён памрэ. I ўжо перасталі шкадаваць яму морфію і даюць, абы ён маўчаў.

А ён часта не маўчыць, і як прыйдуць да яго, ён крычыць:

— Уцякайце ад мяне, а то як схаплю стул, дык усіх вас біць пачну…

Паміраў ён начою ў канцы лістападу. Гукнуў няню. I яна прыйшла.

— Што вам? — пытаецца, а сама баіцца, бачыць, што мітусяцца ў яго вочы.

— Прашчай! — хрыпла і няласкава шэпча Саксан. — Я папрашчацца гукнуў… — і падае няні руку з адных касцей.

— Не трэба рукі, — хрыпла шэпча і няня, а сама баіцца ўзяць. — Што вы выдумалі, вы яшчэ будзеце жыць.

— Не, не мані… — і дастае з-пад падушкі два срэбраныя рублі.

— Не трэба мне… Нашто вы мне даіцё?!

— Не дуры, няня… бяры. Дай піць…

— Ну, схаваю, але аддам, як устанеце на ногі, — і падае вады. Налівае з графіна, і графін барабаніць аб шклянку, трасуцца яе рукі.

Я гляджу і думаю: «I нашто яно гэта? I што ж гэта такое? Жыў чалавек — і памірае. Проста ўсё. I няма нічога вышэйшага… I вечная загадка… А я вось папраўляюся, буду яшчэ жыць». I сорамна мне. I чую: хляхоча вада ў Саксанавым горле, — памірае. Ы!

* * *

I так дзень па дні…

Прыходзіць няня, пачынае гаманіць. А на ложку, дзе быў Саксан, цяпер ляжыць хворы на грудзі, надоечы прывезлі з аўстрыйскага фронту.

Няня спамінае Саксана, спамінае два рублі, што даў ёй перад смерцю.

— Як даў, скора і памёр. А перад тым сабака на вуліцы выў. Саксан ведаў, што памрэ. Бывала, прынясуць яму падушачкі дыхаць, дык ён як кінець: «Што вы мне даіцё іх? Усё роўна я памру…» Усе яго дужа жалавалі. I ўсе сёстры дужа плакалі… У старога доктара рука цяжкая, — паніжаным голасам прызнаецца няня. — Пасля яго апярацыі то найболей паміраюць. А ў чорнага рука лягчэйшая.

— Мяне рэзаў чорны, а чаму ж няма папраўкі?

Няня смяецца.

— Цераз месяц скакаць на ігрышчы будзеце. Уся ваша хвароба ад думак. Меней думайце.

Потым уздыхае:

— Усяк бывае… Я тут ужо многа чаго нагледзелася. Адзін надоечы на вуліцы памёр, як разгружалі з вагонаў. Другога прыняслі да нас, пажыў мінуты тры, папрасіўся на басон і на басоне сканаў. Я басон дзяржала, — аж страх… Адзін во тут, побач з вашым ложкам, ляжаў. Рука ў яго. Як прысталі, як прысталі: у вас будзе антонаў агонь, ніяк няможна, мы вам адрэжам. I ўмовілі. Памёр пад нажом.

Прыходзіць сястра і далікатна высылае гаманлівую няню з нашай палаты ў «лёгкую».

I так ідзе дзень за днём, ноч за ночай. Нага сагнута дугою, і я ўсё яшчэ не магу ёю крануць без страшэннага болю.

Пісаць забараняюць, дый рукі не слухаюць.

Прыязджаў з батарэі і быў у мяне падпрапаршчык С. Камандуе цяпер капітан Смірноў. Вечная памяць нашаму слаўнаму камандзіру-герою.

Па загаду капітана Смірнова ўсе мае запісы мне з батарэі высланы. Дзякуй яму. Прывёз падпрапаршчык С.

С. мне з радасцю і шчыра пахваліўся, што заходзіў да жонкі аднаго свайго прыяцеля, таксама падпрапаршчыка, які цяпер на вайне. Яна дужа добра прыняла яго, частавала, гарбатаю паіла, прасіла, каб болей казаў пра мужа, пра вайну — і з вялікае ласкі запрасіла яго начаваць у яе і спала з ім, усё гамонячы.

— Слаўная жанчына! На рэдкасць! — казаў С.

I мне гэта не было прыкра і нават падабалася.

Кожную ноч сняцца сны, што я ў батарэі, што нас абстрэльваюць, канец, канец… Тра-та тах! — над галавою. Кідаюся ў акопчык. Чую: па спіне, па назе сыплюцца палючыя, дробненькія ўдары куль. «Раніла! Ці не ў жывот? Можа, я ўжо паміраю?..» I прачынаюся ў страсе.

Поделиться с друзьями: