На імперыялістычнай вайне
Шрифт:
Смяротная нуда… Сястра спыталася ў мяне, ці хачу я вярнуцца на пазіцыю. Ад гэтых разумных сёстраў жыцця няма. Здаецца, у газетах, праклятая, піша. Ваяўніча настроена… Ну, ідзі сама, ваюй.
А ў другой палаце гаманлівая няня распусціла язык аб некім: «Памрэць… Няма што гаварыць. У гарачую ваду доктар пасадзіў».
Суседу майму сёння рабілі аперацыю: адрэзалі руку. Усю ноч не даваў спаць, а перад тым ляжаў цэлы дзень як мёртвы. А цяпер: «Братцы!.. За родзіну!.. Асцярожна!.. Кінем ранцы!.. Камандзір палка… братцы!..»
I калі ён крычыць, мне сніцца: страшны грукат ад разрыву снарадаў. Кулі сыплюцца ў нагу, як іголкамі хто коле…
Потым сніў хворую маму. Прачнуўшыся, не мог стрымаць слёз.
Дзесяткі раз сняцца белыя гнілыя яйцы, зялёныя дулькі, чырвона-чорныя сліўкі. Рана яшчэ гнаіцца.
Ездзіў з сястрыцаю ў рэнтгенаўскі кабінет. Свежае марознае паветра ахмяліла мяне.
Людзі бягуць і едуць па вуліцы, там дзесь пяюць, іграюць, спраўляюць каляды. Цяжка тут уявіць батарэйнае жыццё.
Мой аўчынны кажушок такі брудны і, галоўнае, страшна смярдзючы.
Мяне адпускаюць дамоў! Далоў нуду! Хай красуе жыццё!
Не… нудна. Рана не гоіцца, асколак сядзіць у назе, а я мушу сядзець у шпіталі… Будзь проклята, вайна!
Пяты месяц вайны. Людскі статак не паспеў яшчэ ацверазець ад патрыятычнага чаду, і шыкарныя N-скія фабрыканціхі і самавітыя купчыхі навыперадкі бавяцца ў дабрадзейнасць. Частуюць «бедных салдацікаў» гасцінцамі з сваіх уласных фабрык і пытаюцца ў іх аб вайне. З асабліваю прыемнасцю слухаюць пераказы аб штыкавых баях. Малапісьменным і бязрукім пішуць лісты. З далікатнаю на выгляд пакораю адукаванага чалавека спісваюць яны салдацкімі паклонамі ажно чатыры старонкі…
Ціха і супакойна ў палатах перад самым вечарам, — такім часам, калі з мутнага зімовага надвор'я паўзе ўжо скрозь падвойныя рамы нявідны сумны змрок.
Раненыя спяць або ляжаць бязмоўна ў думах. Прыгожая пустэча ахінае чалавека.
Але паляць электрычнасць, і знікае панурая цямнота, і ў светласці ажываюць гукі. У зале — галасы, і нават смех, і размова аб калядных падарунках.
Зялёная пахучая хвойка ад самага рання стаіць у зале, ды яе не прыбіраюць, бо яна не ёсць дазволена, хоць і не ёсць забаронена нейкім цыркулярам духоўнага ведамства, як звычай, пераняты ад немцаў.
Сёстры бегаюць з кісетамі, падобнымі да тых, што ў іх носяць мужыкі табаку і прылады курыць: крэсіва, смолку і трут. Кісеты сцягнуты шнуркамі, у іх уторкнуты невялічкія хваёвыя лапкі, і бакі вабліва распіраюцца.
Як толькі я выкалдыбаў на сваіх трох скрыпучых кастылях з палаты ў залу, дык і мне сястрычка Пудра паднесла кісецік. I я браў яго, аглядаючы фальшыва-безуважна, а з праўдзіваю цікавасцю да таго, што ў ім ёсць, і дзякаваў для прылікі.
Пакруціўшыся ў зале, я незабавам закульгаў у сваю блізу пустую пасля апошняй эвакуацыі палату. I сеў сабе на сваё ложка, хоць і балела троху нага, калі сядзеў. I адчыніў кісет. Наверсе ляжала кніжачка запісваць, а ніжэй — яблык, салодкія асушачкі, цукеркі і арэхі.
Як заядлы смакунец, зараз узяўся есці. Еў-еў, і ўсё карцела есці. I думаў: «У мяне такая благая натура, што як бачу ля сябе салодкае, дык ніяк не ўцерплю, пакуль не з'ем усяго чыста».
I так праходзіў той дурны святочны вечар: у пустых размовах і ў паяданні салодкага і запіванні вадою.
А потым балеў жывот. I я аддаўся сумным разважанням, што не кожны можа дастаць сёння кісет такі, як гэты, што на пазіцыях сцюдзёна, што край наш бедны, край наш цёмны — хвойнік, мох ды верасок, што ў гэту проклятую нешчаслівую гадзіну заліт ён скрозь слязьмі, спавіт галечай, абязвечан, абяздолен.
Я думаў аб сваіх братах-сялянах.
— Што вы гэтак засмуціліся? — спыталася сястрыца Пудра, і той жа час пачырванела, і ў дол утупіла свае вочкі, абпушаныя стральчастымі расніцамі. Яна сентыментальная і часта чырванее, і часта абпраўляе сваю белую намітачку, і, мусіць, хоча замуж.
— Не кожны можа дастаць сёння кісет, а на пазіцыях сцюдзёна, — адказаў я і зморшчыўся і скорчыўся ад болю ў жываце.
— Так… вайна, вайна… жах, — уздыхала і сястрыца Пудра, а я няўважна слухаў, бо ўсё чакаў і думаў, калі ўжо яна выйдзе з гэтае палаты ў якую другую, а я таксама выйду за патрэбай, каб перастаў балець жывот.
А сястрыца Пудра прыхінулася на ўскрайчык майго ложка, паглядзела на мяне смяшлівенька-прычэпліва, гуляючы са мною вочкамі, і паважна заўважыла:
— Вы павінны цяпер запісаць у гэтай кніжачцы фаміліі ўсіх нашых сёсцер.
— Ведаеце, кніжачка такая элеганцкая, што неяк шкода яе пэцкаць… — бухнуў, не падумаўшы, ці можна так казаць.
Сястра пакрыўдзілася дужа. I пайшла. А ў мяне і ў думцы не было яе крыўдзіць. Было прыкра за мімавольнае прастацкае слова. «А… сказаў, дык і сказаў!» Укрыўся коўдраю, падцягнуў пад саменькі жывот здаровую нагу, адвярнуўся ад святла і сцішыўся.
Выхадзіць — не хацелася ўжо турбавацца, пастанавіў, што боль і так пяройдзе, за ноч бруха памякчэе.
На тым і задрамаў, падумаўшы толькі: «А ўсё ж я дужа яшчэ хворы».
— Казак! На вайне быў? Кураціну еў?
У вялікую палату, дзе месцяцца здаравейшыя, хадзячыя, любяць усе схадзіцца з розных палат. Там часта бывае бяседа. Кожны стараецца пераказаць якую-небудзь забаўную гісторыю ці пасмяшыць усю кампанію якім-небудзь жартам. Там жа ляжыць адзін дужа тыповы служака, унтэр-афіцэр з трыма Георгіеўскімі крыжамі, якія заўсёды прышпільвае на халат, і ходзіць і ляжыць у халаце ад самае раніцы да познага вечара, аж пакуль раздзявацца нанач. У яго бравы салдацкі выгляд, валасы на галаве каротка абстрыжаныя і спераду стаяць вожыкам, а бялявыя вусы — старанна падкручаныя, быццам шыльцы. Як і ўсе такія салдаты, герой, між іншым, выстаўляецца перад другімі пехацінцамі сяброўствам з артылерыстамі і сваёй вольнасцю з казакамі.
Калі ў наш шпіталь прывезлі маладога панурага казака, віхрастага бландына з адсечанымі пальцамі на правай руцэ, і калі ён пачаў пасля аперацыі хадзіць у вялікую палату гуляць у шашкі, герой заўсёды, як толькі пакажацца ў дзвярах даўгая віхрастая постаць і перад ёю абкручаная белым рука на падвязцы, голасна і тэатральна крычыць яму:
— Казак! На вайне быў? Кураціну еў?
Казак — маўклівы, пануры дзяцюк, і гэтая акалічнасць трохі асаджвае героя назад на ложка. Аднак, усеўшыся як мае быць для даўжэйшае размовы і паправіўшы адной рукой халат свой і крыжы (другая па локаць адрэзана), ён пачынае столькі гаварыць, што паспявае і за сябе і за казака. Розных гісторый для бяседы назбіраў ён за час вайсковага жыцця вялікі запас. Праўда, некаторыя, што найболей яму даспадобы, пераказаў у гэтым шпіталі па колькі ўжо разоў, але ўмее, калі хоча, пацешыць грамаду, сплясці заўсёды што-што і новае.
— Казак! На вайне быў? Кураціну еў?
З тых слоў пачынае герой сваю размову і тады, калі ў гісторыі фігуруюць казакі.
Слухачы цясней падходзяць да паведача, асабліва апалчэнцы і наогул усякія «маладыя», «шэрыя» і «шляпы», з пачцівасцю глядзяць на героя, а ён, накруціўшы цэлаю рукою свае бялявенькія шыльцы і па-забіяцку крутнуўшы ўгору галавою, кажа сваёю маскоўскаю скорагаворкаю:
— Я бумажки в оба кармана… Казак тоже… «Много ли?» — грыт… Сочли: у меня 870, у него тоже… рублей 900.