ЖАНРЫ

Нацыянальная ідэя ў сучасным свеце

Астапенка Анатоль

Шрифт:

3.1.3. Бюракратычны нацыяналізм

Бюракратычны нацыяналізм узнікае там, дзе існуюць вялікія карпарацыі прадпрыемстваў з вялікім апаратам планавання. Калі гэтай бюракратычнай арганізацыяй з’яўляецца дзяржава, то бюракратызм уздымаецца на вельмі высокі ўзровень. Бюракратычная дзяржава забяспечвае грамадзянам роўныя правы і абавязкі, стабільнасць і парадак жыцця. Стварэнню краіны такога тыпу спрыяе навукова-тэхнічны прагрэс і, асабліва, рост сучасных кампутарных тэхналогій. Хаця бюракратычная дзяржава абыякавая да асобы, яна прываблівае сваіх грамадзян, фарміруючы іх нацыянальныя пачуцці праз дзяржаўную моц і дабрабыт народа. Бюракратычны нацыяналізм мае даўнія традыцыі ў такіх еўрапейскіх краінах як Англія і Францыя, а таксама ў ЗША. Ва Усходняй Еўропе ён меў месца ў ХІХ ст. ў Грэцыі і Румыніі. Пасля 1848 г. ліберальны рух у Румыніі прышоў у заняпад, а раздрабленне краіны прывяло да адзінства ў адным — жаданні нацыянальнага аб’яднання, якое паспяхова і завяршылася пасля 1859 г.

3.1.4. Папулісцкі нацыяналізм

Папулісцкі (народны) нацыяналізм, ці яшчэ, як гавораць, эгалітарны — ураўняльны нацыяналізм праяўляўся ў Сербіі і Балгарыі. Гэты тып нацыяналізму зыходзіць з ніжэйшага духавенства і вялікай колькасці сельскіх мас. Ва ўмовах Атаманскай імперыі, да якой належылі гэтыя краіны, ніжэйшыя пласты грамадства здолелі зберагчы родную мову і нацыянальныя традыцыі, Элементы эгалітарнага нацыяналізму прысутнічалі і ў Беларусі ХІХ ст., якая ўваходзіла ў склад Расійскай Імперыі. Як паказвае гістарычны вопыт, ён з’яўляецца, з аднаго боку, ніжэйшай формай нацыяналізму, але, з другога боку, нацыя абавязана яму сваёй захаванасцю і грунтуецца на ім як першай фазе свайго фарміравання.

Дэмакратызм і ліберальная ідэя вельмі блізкія эгалітарнаму грамадству. Небяспека такога сінтэзу без паслядоўных змен у бок крышталізацыі нацыі, вядуць да пераходу ў касмапалітычную дзяржаву. У сувязі з гэтым яшчэ ў ХІХ ст. К. Лявонцьеў папярэджваў, што ў дзяржаў Заходняй Еўропы вызначылася тэндэнцыя ператварэння ў аднародныя грамадствы. Ён шчыра перажываў, што заходнееўрапейскія краіны губляюць сваю самабытнасць, набліжаюцца да нейкага сярэдняга ўзроўню.

3.2. Формы нацыяналізму новых краін ХХ стагоддзя

Існуюць іншыя класіфікацыі нацыяналізмаў, якія, напрыклад, вылучае Л. Снайдэр.

Ірэдэнтысцкі. Уласцівы народам, якія імкнуцца да нацыянальнага вызвалення ад панавання іншага народа.

Паперажальны. Выклікаецца спаборніцтвам паміж паміж сучаснымі нацыянальнымі дзяржавамі.

Прэстыжны. Падкрэслівае славутае мінулае сайго народа. Напрыклад, у аснове літоўскага нацыяналізму ляжыць як раз прэстыжны нацыяналізм. Літоўцы атаясамліваюць усё Вялікае княства Літоўскае з сучаснай этнаграфічнай Літвой, залічваюць усе гістарычныя набыткі ВКЛ на свой рахунак — хаця ВКЛ на 5/6 складалі русіны — продкі сучасных беларусаў і ўкраінцаў.

3.3. Дыхатамія культурны і палітычны нацыяналізм

Найбольш распаўсюджаная тыпалогія нацыяналізму — дзяленне на культурны і палітычны нацыяналізм.

3.3.1. Культурны нацыяналізм

З пачаткам эпохі нацыяналізму — з канца ХVІІІ ст. пачалося стварэнне нацыянальных дзяржаў. Працэс станаўлення нацый парадзіў, як галоўную ўмову, нацыянальную адукацыю і нацыянальную літаратуру. Паэты і вучоныя сталі першымі выразнікамі культурнага нацыяналізму, які патрабуе захавання адметнай культурнай нацыянальнай спадчыны, адказнымі за стварэнне нацыянальнай літаратурнай мовы. Яны абапіраліся на сваю гісторыю і традыцыі. Адна з галоўных задач культурнага нацыяналізму — абарона нацыі ад асіміляцыі яе з іншымі. Апошняе вельмі актуальна для малых народаў, якія працяглы час жывуць разам з пануючай нацыяй у адной дзяржаве. Гэта тыпічна, напрыклад, для шматлікіх народнасцей, што існавалі ў складзе СССР, у тым ліку і для Беларусі.

3.3.2. Палітычны нацыяналізм

Палітычны нацыяналізм ставіць сваёй першаснай мэтай стварэнне незалежнай дзяржавы на падставе агульнанацыянальнай еднасці. Па сваім часе ўзнікнення — гэта самая ранняя форма нацыяналізму. Першымі сапраўднымі нацыямі — дзяржавамі сталі Англія і Францыя. Германія і Італія, якія сфарміраваліся ў ХІХ стагоддзі праз аб’яднанне шматлікіх раздробленых княстваў, сталі дзяржавамі дзякуючы менавіта палітычнаму, а не культурнаму нацыяналізму.

Культурны і палітычны нацыяналізм — два бакі адной з’явы — нацыяналізму ў яго поўным аб’ёме. Яны адзіны ў сваёй антыпатыі да бюракратычнай дзяржавы, і іх ідэал — грамадзянскі дзяржаўны лад для адукаваных грамадзян, аб’яднаных агульнымі законамі, якія забяспечваюць правы грамадзян. К. Лявонцьеў бачыў у палітычным нацыяналізме адваротны бок медалю — за імкненнем да еўрапейскага стандарту нацыі-дзяржавы хаваецца небяспека дэвальвацыі нацыянальнай самабытнасці, што звязана з модным у сярэдзіне ХІХ ст. ліберальнага накірунку развіцця грамадства. І сапраўды — лібералізм сцвярджае эгалітарнае грамадства і эгалітарны нацыяналізм, якому абыякава нацыянальная адметнасць народа.

У сувязі з еўрапейскім аб’яднаўчым працэсам К. Лявонцьеў перасцярагаў і ад пагубнай ідэі панславізму, быў праціўнікам палітычнага панславізму: «Я нападаю на идеал всеславянского объединения когда бы то ни было и во чтобы то ни стало; я считаю этот последний идеал (чисто политический) для первого (для идеала самобытности духовно-культурной) весьма опасным уже по одному тому, что большинство образованных не русских славян слишком привыкло к европейским формам свободы и равенства».

Ідэі панславізму ў наш час існуюць у форме «славянскай еднасці». Перасцярога К. Лявонцьева адносна небяспекі панславізму, якая прагучала сто гадоў таму, цалкам стасуецца з цяперашняй сітуацыяй на Беларусі. ХХ ст. вылучыла на пярэдні план асноўны працэс: фарміраванне нацый, ўтварэнне незалежных дзяржаў і ўсталяванне ідэалогіі нацыянальнай дзяржаўнасці. Пакуль такі працэс яшчэ не скончыўся. Магчыма ХХІ ст. стане эпохай стварэння аб’яднанняў дзяржаў, блізкіх па гістарычных шляхах, культуры і агульнасці эканамічных інтарэсаў. Але ўсё гэта адбудзецца толькі пасля завяршэння нацыянальнага фарміравання. І можа не абавязкова ствараць аб’яднанне па этнічнай прыкмеце, напрыклад, саюз усходніх славян. Можа быць больш выгадным атрымаўся б саюз Беларусі не толькі з Расіяй, а з Літвой (як гэта было ў ВКЛ), ці з Польшчай.

На нашу думку, хаця нацыяналізм на Беларусі не сфарміраваўся як дзяржаўная ідэалогія, як масавая свядомасць народа, ён мае перспектывы стаць такім у недалёкім будучым.

Такім чынам, нацыяналізм — гэта ёмкае па змястоўнасці паняцце. Формы праяў яго вельмі розныя. Тыпалагізацыя нацыяналізму магчыма па самым розным асаблівасцям. Існуюць дастаткова вызначаныя метадалагічныя прыёмы для вылучэння тыпалагічных форм нацыяналізму ў еўрапейскім кантэксце. Крытэрыямі такой тыпалагізацыі могуць служыць і палітычныя каштоўнасці, культура і палягаючыя на іх палітычныя арыентыры вялікіх сацыяльных груп грамадзян той, ці іншай краіны.

3.4. Хрысціянскі нацыяналізм

Вышэй мы паказалі, што нацыяналізм знаходзіць сваё абгрунтаванне ў хрысціянстве. У залежнасці ад канфесіі змянеецца і тып нацыяналізму. Мы разгледзім цяпер як ў суадносіцца нацыяналізм з аноўнымі хрысціянскімі канфесіямі: праваслаўем, каталіцызмам і пратэстанцтвам.

3.4.1. Нацыяналізм і артадаксальныя хрысціянскія рэлігіі

Артадаксальнымі хрысціянскімі веравызнаннямі я буду называваць такія канфесіі, пачатак якіх вядзецца ад апостальскіх часоў. Гэта — праваслаўе і каталіцызм. Адзначу: у грэчаскай мове артадаксальны азначае праваслаўны, у англійскай мове тэрмін orthodox church служыць для абазначэння толькі праваслаўнай Царквы. Вышэй ўжо гаварылася аб асэнсаванні нацыяналізму ў хрысціянстве. Пры аргументацыі мы выкарыстоўвалі спасылкі на праваслаўных аўтараў, але можна сцвярджаць, што і ў каталіцызме нацыяналізм знаходзіць сваё абгрунтаванне. Гэта бачна на прыкладах дзяржаў, дзе маюцца моцныя каталіцкія традыцыі — Італіі, Іспаніі, Францыі і іншых. Кожная з гэтых дзяржаў характарызуецца і моцнымі нацыянальнымі адзнакамі. Характэрна, што нацыянальныя традыцыі пачалі ўхваляцца католікамі, як адказ на пратэстанцкі раскол у царкве і вядуць свой пачатак недзе з Венскага Сабора 1311–1312 гг. На Пізанскім саборы 1409 года адзінства каталіцкай царквы было дасягнута менавіта паводле нацыянальнага фактара. Канчаткова пазбавіўшыся схізмы і вылучыўшы з сябе непакорных пратэстантаў, каталіцызм канчаткова аформіўся як саборны рух. Яшчэ раней у Візантыі ўтварылася і саборная праваслаўная Царква. Пад саборнасцю, ці інакш яшчэ кажуць — кафалічнасцю, звычайна разумеецца ўсяленскасць Царквы, аб’яднанне хрысціян як у часе, так і ў прасторы. Саборнасць азначае таксама паўнату, цэльнасць Царквы, якая не патрабуе дапаўненняў. Менавіта гэтае апошняе азначэнне выкарыстоўваецца звычайна ў дачыненні да Хрыстовай Царквы. Аднак у шырокім значэнні, слова «саборнасць» выкарыстоўваецца не толькі ў адносінах да Царквы, абазначаючы еднасць у прасторы і ў часе і для іншых сутнасцей.

Саборнасць (кафалічнасць) Царквы бярэ свой пачатак яшчэ з апостальскіх часоў — у цэрквах таго часу існавала ўсё галоўнае, што адлюстроўвае сутнасць сапраўднай Хрыстовай Царквы. Сем усяленскіх сабораў распрацавалі і зацвердзілі дагматы саборнасці. Аднак сапраўднага размаху саборны рух як на Захадзе, так і на Усходзе дасягнуў недзе ў сярэднія вякі (Пізанскі і Базельскі Саборы ў католікаў, утварэнне незалежных Маскоўскай і Наваградскай мітраполій у ВКЛ).

Такім чынам, пасля 1054 года (года царкоўнага падзелу) і на Захадзе і на Усходзе ўтвараюцца незалежныя царкоўныя арганізмы, якім уласціва саборнасць. Агульнасць крыніц саборнасці адзначаў выдатны рускі філосаф ХІХ стагоддзя Уладзімір Салаўёў. Ён пісаў: «нет никокого принципиального и справедливого основания для антагонизма между папским единовластием и соборным началом Восточной Церкви. Правильная соборность, как адна из существенных форм церковного действия, не исключает никакого иного начала и никаким другим началом не исключается. В этом смысле соборность признавалась и представителями церковного единовластия — римским папом». У адрозненне ад свайго сучасніка М. Бярдзяева, У. Салаўёў не бачыць у нацыяналізме жыватворнага пачатку, пэўнай стадыі ўсяленскай хрысціянскай любові і лічыць яго адвольным паняццем, што зацвярджае нацыянальнае як процілегласць універсальнаму (касмапалітызму). Хаця ў адносінах да патрыятызму Салаўёў мяняе свае меркаванні на процілеглыя і сцвярджае, што сапраўдная ідэя патрыятызму выводзіцца з сутнасці хрысціянскага пачатку на падставе натуральнай любові і маральнага абавязку да сваёй Бацькаўшчыны. Тут мы бачым амаль поўнае супадзенне з прапануемай намі канцэпцыяй (раздзел 1), калі замяніць слова «патрыятызм» у Салаўёва на «нацыяналізм» і лічыць патрыятызм вытворным ад апошняга. Зноў сутыкаемся з неадназначнасцю у фармуліроўках тэрмінаў.

Поделиться с друзьями: