ЖАНРЫ

Нацыянальная ідэя ў сучасным свеце

Астапенка Анатоль

Шрифт:

Прывабная ідэя яднання нацый у Хрысце, была падтрыманая ідэолагам хрысціянскага сацыялізму Сяргеем Булгакавым: «Инстинкт национальности, из слепого становясь зрячим, переходя в сознание, переживается как глубинное, мистическое влечение к своему народу, как любовь, не в скудном, моралистическом понимании рационалистической этики, как некоторый вид эроса, рождающего крылья души, как нахождение себя в единстве с другими, переживание соборности». Аднак С. Булгакаў, следам за У. Салаўёвым адрывае саборнасць нацыі і нацыяналізму ад саборнасці Царквы, лічачы першую прыкметай ніжэйшай і стыхійнай сутнасці, якая прынцыпова адметная ад «адзінай і сапраўднай» кафалічнасці Царквы.

Аб’яднанне абедзвюх праяваў саборнасці — і нацыяналізму, і хрысціянства, — магчыма з пазіцыі азначэння нацыяналізму, прыведзенага намі вышэй. Іх непарыўная сувязь становіцца асабліва відавочнай на першым іерархічным узроўні эвалюцыі па нашай класіфікацыя (раздзел 1). Такім чынам, нацыяналізм становіцца пэўнай праявай хрысціянства, уключаецца ў хрысціянскае Быццё, становіцца часткай Усяленскай Царквы. Такі падыход вядзе да аб’яднання абодзвюх прыведзеных вышэй азначэнняў саборнасці.

3.4.2. Нацыяналізм і пратэстанцтва

Праваслаўе і каталіцызм уяўляюць сабой канфесіі, галоўнай адметнасцю якіх з’яўляецца саборнасць. Вышэй гаварылася таксама і аб тым, што нацыяналізм шчыльна звязаны з артадаксальным хрысціянствам і находзіць у ім сваё абгрунтаванне. Якія ж адносіны мае нацыяналізм да пратэстанцтва?

Узнікшы ў свой час як рэакцыя на абсалютызм каталіцкай іерархіі і неабдымную моц каталіцкіх дагматаў, пратэстантызм парваў з царкоўнымі традыцыямі і звярнуўся непасрэдна да народа, да яго непасрэдных праблем. Менавіта пратэстанты першымі распачалі адукацыю грамадзян на іх роднай мове. Яскравым прыкладам з’яўляецца шырокі народны рух на чале з Янам Гусам у Чэхіі (ХІV стагоддзе), рэфармацыйны кальвінісцкі рух у ВКЛ (ХVІ стагоддзе). Кальвінізм наогул шырока распаўсюдзіўся ў сярэдневяковай Беларусі, дастаткова ўспомніць князя Радзівіла Чорнага ды і многіх іншых прадстаўнікоў беларускай шляхты, якія вядомыя таксама і сваёй асветніцкай дзейнасцю. Аднак прагматызм уласцівы пратэстанцтву, не змог завалодаць масамі, бо не нёс той духоўнай глыбіні, якoй насычаны артадаксальныя рэлігіі. Усходнія славяне — у тым ліку і беларусы, у адрозненне ад заходнееўрапейскіх народаў на ўзроўні менталітэту больш схільныя да рамантызму і больш за заходнія народы ўспрыймальныя да ідэалізму і дагматаў Святога Пісання.

Што ж тады стала прычынай, якая зблізіла пратэстанцкі Рух з нацыяналізмам? Адразу адзначым, што не рацыяналізм і не секулярная сутнасць пратэстанцтва сталася таму прычынай. Абставін тут некалькі.

Па-першае, гэта з’ява, уласцівая ўсім рэфармацкім рухам, усім схізмам і наогул розным адхіленням ад артадоксальнай рэлігіі — з’ява пераацэнкі каштоўнасцей, вобразна кажучы, пераносу цэнтра цяжару на другасны, знешні бок рэлігіі. У прыватнасці, многія пратэстанцкія плыні, кіруючыся Адкрыццём Іаана Багаслова, засяроджваюць асноўную ўвагу на будучым Страшным Судзе і наступленні тысячагадовага Валадарства Божага. Гэтая тэма, напрыклад, — галоўная для адвентыстаў 7-га дня.

Вера ў Тысячагадовае Валадарства Божае на думку многіх даследчыкаў з’яўляецца крыніцай нацыяналізму. Нацыяналізм разглядваецца як свецкі спадкаемца руху за 1000-гадовае Валадарства Божае. Не дачакаўшыся другога прышэсця Хрыста, некаторыя, а гэта большасцю людзі, хто мае вельмі павярхоўныя веды аб хрысціянстве, ці нават атэісты, ўзнёслыя мары і спадзяванні на прыход Месіі пераносяць (трансфармуюць) на сваю нацыю — тым самым замяняючы гэтыя спадзяванні нацыяналізмам. Энтані Сміт лічыць памылкай тэорыю нацыяналізму як трансфармацыю веры ў тысячагадовае Валадарства Божае і даказвае. што гэтыя рухі ў вялікай ступені незалежныя, хаця часта перакрыжоўваюцца.

У падставе канцэпцыі прыхільнікаў шчыльнай сувязі паміж нацыяналізмам і рухам за тысячагадовае Валадарства Божае ляжаць наступныя агульныя рысы гэтых рухаў: сацыяльная справядлівасць, любоў да свайго народа, спадзяванне на кардынальнасць змен, якая патрабуе папярэдняй падрыхтоўкі, выхавання новай маралі. Так, даследчык нацыяналізму Е. Кедуры сцвярджае, што толькі поўнае скасаванне старога ладу, толькі рэвалюцыйны падыход, актывізацыя чалавечай дзейнасці яднаюць нацыяналізм і Рух за тысячагадовае Валадарства Божае.

Важным пытаннем з’яўляецца аналіз сацыяльнага складу двух разглядваемых Рухаў. Не зусім можна пагадзіцца з думкай Э. Сміта аб тым, што існуе падабенства ў сацыяльным складзе нацыяналізму і Руху за тысячагадовае Валадарства Божае. Ён лічыць: ядро людзей, што прадстаўляюць абодва рухі, складаюць тыя, якія стаяць на краі грамадства — сяляне, рабочыя, і наогул пралетарыі. У дачыненнях да рэлігіі гэта ў пэўнай ступені так — успомнім хаця б евангельскую ісціну: «апошнія стануць першымі». Аднак нацыяналістычныя рухі, амаль заўсёды ўзнікалі ў выніку дзейнасці інтэлектуальнай вярхушкі грамадства. Э. Сміт сам сабе супярэчыць, сцвярджаючы трохі ніжэй іншае: «нацыяналізм звяртаецца да больш адукаваных і заможных гарадскіх колаў у адрозненне ад Руху за тысячагадовае Валадарства Божае». І далей: «…у большасці выпадкаў нацыяналізм з’яўляецца гарадскім рухам сярэдніх класаў». У пэўнай ступені гэта ўсё ж вынік уздзеяння вышэйшага інтэлектуальнага пласта грамадства.

Можна вылучыць дзве альтэрнатыўныя пазіцыі адносна абодвух рухаў. Першая: паміж рухамі існуе безумоўная сувязь, карэляцыя, якая асабліва яўна праяўляецца на ўзроўні ніжэйшага і, магчыма, часткова сярэдняга класу. Аднак, гэтая сувязь не носіць агульна гістарычны і геаграфічны характар, часта ўяўляе выпадковы характар. Аб’яднанне народа вакол нацыянальнай ідэі, што ёсць вышэйшая мэта нацыяналістаў, адрозніваецца ад аб’яднання людзей, якія вераць у надыход Валадарства Божага. У гэтым і адрозненне пратэстанцтва ад праваслаўя і каталіцызму, у якіх сувязь з нацыяналізмам уяўляе сабой глыбінную сутнасць і абгрунтоўваецца на ўзроўні ўсяленскай любові і вертыкальнага імкнення да пераходу на вышэйшы ўзровень іерархічнай піраміды тэорыі стадый.

Рознасць паміж рухам за тысячагадовае Валадарства Божае і нацыяналізмам, такім чынам, істотная і ляжыць у іх мэтах — для першых гэта вера ў лепшую будучыню, што чакае людзей ужо ў іншым свеце (пасля прыходу Хрыста); для другіх важна выхаванне і ўдасканаленне новага чалавека ў зямным быцці.

Ёсць, аднак, і другая рыса пратэстантызму, якая збліжае з ім нацыяналізм больш, чым праваслаўе ці каталіцызм. Гэтая рыса — адсутнасць у пратэстантаў неабходнасці шматгадовага ўвацаркаўлення, даступнасць яго ідэалогіі шырокім масам, прастата і яснасць падачы евангельскіх ісцін, якія не вымагаюць істотнага духоўнага подзвігу — што вельмі важна для праваслаўных, і ўвасабляецца ў жыціях святых, мучанікаў і праведнікаў.

Сакральная духоўная глыбіня праваслаўя і каталіцызму ўзрошчвалася вякамі. Яшчэ са сваіх ранніх часоў, артадаксальнае хрысціянства гартавалася ў барацьбе з рознымі адхіленнямі ад яго, ерасямі і схізмамі. Напачатку мы бачым барацьбу з гносцітызмам, які аб’ядноўвае ідэі элінізму з усходнімі рэлігіямі і спрабуе ў гэтым рэчышчы тлумачыць хрысціянства. Пратаіярэй А. Шмеман дэталёва прааналізаваў усе раннія схізмы і іншыя спробы рэфармацыі хрысціянства і адзначае следам за гносцікамі вучэнне Маркіёна, які стаяў на пазіцыі дуалізму Старога і Новага Запавету. Потым з’яўляецца монтанізм — першая ерась на базе эсхаталагічных уяўленняў. Найбольш значнай ерассю — папярэдніцай многіх сучасных пратэстанцкіх плыняў, — з’яўляецца арыянства (ІІІ стагоддзе). Арыян з’яўляўся перакананым монатэістам і зводзіў Божую вечную Сутнасць Хрыста да яго зямнога існавання ў часе, — як Сына, але звычайнага чалавека і таму не Бога. Пазней (V ст.) мы сутыкаемся з адваротным вучэннем — монафізіцтвам, што вызначае толькі Божую сутнасць Хрыста. Гэтыя ерасі, як і вялікая колькасць іншых, рана ці позна знікалі, але карысць ад іх была: вынікам стала «загартаванасць» праваслаўя і каталіцызму, вытанчанасць Сімвала Веры і іншых асноўных дагматаў, якія пратрымаліся больш за тысячу гадоў і дайшлі да нас у амаль нязменным выглядзе.

З другога боку ў XV стагоддзі ерасі, існаваўшыя ў І тысячагоддзі ад Ражства Хрыстовага, знайшлі і сваё якаснае ўвасабленне ў новай, трэцяй хрысціянскай плыні — пратэстанцтве, якое ўзнікла як рэакцыя на жорсткую іерархічную сістэму артадаксальнага хрысціянства, характэрную найперш рыма-каталіцызму. Апошняя акалічнасць тлумачыць і той факт, што пратэстанцтва сфармавалася менавіта ў каталіцкім асяродку.

Моцная духоўная арганізацыя артадоксаў служыла тормазам працэсу ўтварэння нацый і нацыяналістычнай ідэалогіі. Пратэстанты зламалі гэты бар’ер, павярнуліся тварам да народа і, як гаварылася вышэй, сталі носьбітамі нацыянальнай рэлігі ў некаторых краінах. Аднак гэты працэс ішоў побач з адмаўленнем больш чым тысячагадовай духоўнай спадчыны як Усходняй, так і Заходняй Царквы і прыўнёс непазбежную дэвальвацыю духоўнай эвалюцыі для нацыянальных дзяржаў. І нездарма пратэстанцтва існуе цяпер у выглядзе безлічы сект, розных рэлігійных арганізацый, якія хутка ўзнікаюць і гэтак жа хутка знікаюць. Як пісаў Э. Сміт: «Спроба рэфармаваць рэлігію сканчаецца яе знікненнем».

Поделиться с друзьями: