Новая зямля (на белорусском языке)
Шрифт:
Мiнута важна i вялiка;
Глядзяць на дзядзьку i чакаюць
I дзядзьку поглядам пытаюць:
"Ну як? цi смачны? цi салодкi?"
У зубы клёцку, бы ў ляшчоткi,
Зацiснуў дзядзька i губамi
Варушыць борзда, як часамi
Трусок цi зайчык над капустай,
Каб лепш дазнацца смаку-густу.
Пацмакаў дзядзька i ўсмiхнуўся,
Зiрнуў на хлопцаў, адвярнуўся
I тут, нiчога не сказаўшы,
Як плюне дзядзька, пажаваўшы!
Трах у чыгунчык ён нагою!
I так абцёрся ён рукою,
Што губы й нос чырвоны сталi
I нават вусы затрашчалi.
А хлопцы проста збiлiсь з тропу
I ў нейкiм страсе i ў захопу
На дзядзьку-кухара глядзелi,
Як бы яны аслупянелi.
Быў смешны дзядзька той часiнай
З пустою лыжкаю, з тычынай,
Якою трэскi ён варочаў.
А тут Алесь як зарагоча!
За iм адзiн, другi паехаў.
Такiх было тут жартаў, смехаў,
Што ўсiх трасло i калацiла
I дзядзьку смехам захвацiла.
– Ну, дзядзька, як на смак, прызнайся?
– Пакудства, брат, i не пытайся!
VIII. СМЕРЦЬ ЛЯСНIЧАГА
– Мiхал! Мiхале! О, Мiхале!
Пачуўся голас як бы здаля
Каля зямлянкi ранiчкою
I часты стук у шкло рукою.
– Ўставай, Мiхале, адзявайся!
– А хто там?
– Я! хутчэй збiрайся:
Памёр ляснiчы наш!
– Да можа?!
Мiхал ускочыў - моцны Божа!
I хто б мог думаць, спадзявацца!
Ўжо стаў ачуньваць, папраўляцца...
Каб хто сказаў - не даў бы веры,
Ды то аб'ездчык, пан Ксавэры,
Прынёс навiну гэту, смуту!
– Няхай пан зойдзе на мiнуту!
Сказаў Мiхал, адмкнуўшы дзверы.
Цераз парог ступiў Ксавэры,
Вайшоў у хатку i спынiўся,
Бо зразу ў ёй ашаламiўся,
I дальш не ступiш нi на крок:
Не хатка - проста катушок,
Няма дзе нават павярнуцца,
Як у сабачай цеснай будцы.
– Сядайце дзе-небудзь, сядайце!..
Эх, хата наша, выбачайце...
Мiхал калодку падстаўляе.
Уздыхнуў Ксавэры i сядае.
То быў мужчына ўжо паджылы.
– Ах, мой ты Божа добры, мiлы!
Ото ж як выбраўся ён скора!
Яшчэ не дальш як пазаўчора
Са мною гутарыў, смяяўся
I аба ўсiм мяне пытаўся,
Мiхал гаворыць i ўздыхае.
– Ох, браце: смерць не разбiрае
I не глядзiць нiкому ў зубы:
Гадзюкаю, брат, з-пад падрубы
Знячэўку ўсадзiць сваё джала,
Цi многа жыў, цi жыў ты мала,
Цi ты багаты, цi ты бедны,
Цi ты зайздросны, ненаедны.
Жывём, клапоцiмся, i дбаем,
I ўсе нарэшце паўмiраем,
У нейкiм згаснем летуценнi,
Сказаў Ксавэры ў засмучэннi.
– Так, гэта так, пане Ксавэры!
Ўжо загатованы паперы
Для часу нашага сканання
Рукою божага ўзыскання.
I ходзiць смерць, як цень, за намi,
Сказала Ганна са слязамi...
– Ну, я гатоў!
– то пойдзем, браце,
Паплачам хоць па сваёй страце.
Мiхась з Ксавэрам выйшлi з хаткi.
Свiтала ўжо. Дзесь каля гаткi
У гэтым досвiтку маўклiвым
Крычалi гусi праразлiва,
Нястройным хорам гергеталi,
Ды качкi з шумам праляталi,
I кнiгаў нёсся плач з лукi,
Ў глыбi лясоў цецерукi
Ўжо зачыналi свае токi,
Усход вiталi агнявокi,
Вiталi шчыра i натхненна.
Мiхал з Ксавэрам задуменна
Iшлi праз лес, iшлi маўклiва.
I толькi зрэдку сiратлiва
Па слоўку ўроняць два служакi.
– Няма ў нас пана, небаракi!
Мiхал гаворыць.
– Так, няма.
Жывi ўдава цяпер сама,
Сказаў Ксавэры задуменна.
– Ну, пане, будзе цяпер змена,
I пойдуць новыя парадкi,
Мiхал выказвае дагадкi.
– А пэўна: будзе талачэча,
Не без таго ўжо, чалавеча!
Ўздыхнуў Ксавэры.
– Шкода пана!
Ох, бедны: выбраўся зарана!
А жыць бы мог, такi здаровы,
Ну, чалавек, як корч дубовы...
Пажыць бы трохi яму трэба,
Пакой душы яго i неба.
Так гаманiлi, йшлi прасткамi
То праз лужок, то хвайнiкамi
Ўсяе дарогi на паўмiлi,
Iшлi, нябожчыка хвалiлi,
Як чалавека й служку князя,
Як i вядзецца ў такiм разе.
– Не кепскi быў: i распытае
(Хай са святымi спачывае),
Як ты жывеш, цi ты галодны,
Цi ты спачыў, - як бацька родны,
Але, сказаць, яшчэ й не ўсякi!
А прынясеш што - без падзякi
Ужо не выпусцiць, заплацiць,
А на дарэмшчыну не квапiць.
– Быў чалавек ён справядлiвы,
Не фанабэрысты, праўдзiвы!
Ксавэры так жа пацвярджае.
На тым гаворка iх змаўкае.
Iдуць маўчком яны; заняты
Сваiмi думкамi з iх кожны.
"Так. У ляснiцтве кут парожны,
Куток паквапны i багаты,
Не застаiцца, не згуляе,
Паноў к сабе ён прыцягае,
Як рыб гарох у азярыне,
I кожны ў замку службу рыне,
Сюды пацiснецца з ахвотай,
I не прыедзе, а пяхотай
За душу мiлую прычхае,
Мiхал з сабою разважае.
Але хто ж гэта месца зойме?
Яно-то праўда: ў панскай плойме,
Сказаць, не будзе недастачы,
Ды гора ў тым - адзiн лядачы,
Другi без клёпкi, трэцi злосны,
Несправядлiвы, безлiтосны,
Як вось, напрыклад, Табартоўскi
Або падлоўчы, пан Бялоўскi.
Назначаць гэтакага ката,
Тады запахне свая хата.
Набыць дабра не надта лёгка,
Яно, як шклечка тое, крохка:
Чуць да яго не так кранешся
I з чарапкамi астанешся,
А лiха прыйдзе без падмогi,
Бо лiху - бiтыя дарогi
I ўсюды сцежкi яму вольны,
То роўна-гладкi, то вакольны,