Новая зямля (на белорусском языке)
Шрифт:
Не абмiне яно нiкога".
Так смерць ляснiчага старога
Мiхала моцна ўскалыхнула
I ўсё ўверх дном перавярнула.
I тут у першы раз Мiхала
Вось гэта думка напаткала:
Купiць зямлю, прыдбаць свой кут,
Каб з панскiх выпутацца пут,
I там зажыць сабе нанова:
Свая зямля - вось што аснова!
Ўставала сонейка з-за лесу,
Скрозь тонкiх хмарачак завесу
Усюды косы раскiдала;
I ўсё жывенькае вiтала
Усход яго на ясным небе
I клапатком аб пiльным хлеба
Дзянёчак новы зачынала,
Калi Мiхал i пан Ксавэры
Ўзышлi маўчком на двор кватэры.
На горцы цiхай, невысокай,
Каля засценка недалёка,
У бок дарогi, ў глыбi сада
Стаяла панская пасада.
Прасторны, роўны двор, вясёлы
Заўсёды повен быў жывёлы:
Хадзiлi куры з певунамi
Ў кампаннi важнай з iндыкамi,
I, распусцiўшы хвост мятлою,
Павук пахаджываў з павою,
Як пан вяльможны, радавiты;
Ў кутку двара каля карыта
Шныралi качкi-плюскатухi;
Япрук заможны, лапавухi
Спацыраваў памiж платамi
I смешна ўскiдваў кумпякамi,
Калi часамi каля дому
Ён гукне, рохне па-свiному,
Здаецца, так, без дай прычыны,
I спрыт пакажа япручыны.
А каля кухнi пад аконцам
Сабакi грэлiся на сонцы
Таксама панскае пароды,
I iм было жыццё, выгоды.
Былi тут розныя будынкi:
Гуменцы, гумны i адрынкi,
Хлявы, i стайнi, i аборы,
Дабра, набытку былi горы.
Але ў машыне гаспадарскай,
Бы ў хiтрай штучыне слясарскай,
Згубiлась шруба - стоп, машына!
Няждана выпала пружына!
Рыгор-хурман хадзiў без дзела,
Спярша пабуркiваў нясмела,
Цяпер нiкога не баяўся,
Хадзiў i лёгенька хiстаўся:
Ён трохi стукнуў - цi не з гора?
– А ты чаго тут, мухамора?
Рыгор насеўся на кухарку.
Вось калi дам табе па карку!..
– Пайшоў! адстань! ото брыдота!
Прылез, як лысы чорт з балота!
– Эх, Наста! хочаш? ану, ў скокi!
Сказаў хурман i ўзяўся ў бокi,
Нагою тупнуў, закруцiўся,
Прысеў i ўстаў, заварушыўся
I то ўстае, то прысядае
I ногi ўперад выкiдае.
– Бадай ты спух! ото распуста!
А каб табе было, гад, пуста!
Няма нi сораму, нiчога...
Ды пашануйся ты хоць Бога.
Хоць бы граха ты пабаяўся!
Але Рыгор не сунiмаўся.
– Скачы, валяй i ты, Настуля!
Што ж? Калi гулi, брат, дык гулi!
Пан пойдзе ў рай, а мы з табою...
А мы - у букту з галавою!
– Пакiнь: нябожчык там, у доме!
Пайдзi праспiся на саломе!
I панi унь глядзiць!
– Што панi?!
А я-то хто? пане-хурмане,
Дурное заткала ты! знаеш?
Чаму Рыгорам называеш?
Завi мяне... вяльможны пане!
– Няхай цябе зямля апране!
Ото брыда, ото завала:
Яшчэ каб панам называла!
Цi чулi людзi? Налiзаўся,
Як той сабака на разнiцы!..
– Но, но! бо пойдзеш без спаднiцы.
– Адстань! слатою навязаўся.
"На палiцы сланiна,
Панi пеўня смалiла,
А ў рандэльку стаiць лой,
Але не твой, не - не твой!"
А там, у доме, было гора:
Жывы i крэпкi яшчэ ўчора,
Сягоння быў ён нерухомы,
Глухi на ўсё, чужы жывому.
З засценку шляхта пасхадзiлась
I ў тым пакойчыку таўпiлась,
Дзе пан ляжаў у дамавiне.
– Няхай з святымi апачыне!
Ўздыхалi, хрышчучысь, старыя,
Схiлiўшы голавы сiвыя.
– Не кепскi пан быў!
– гаварылi,
I цiха, стала адхадзiлi,
I доўга кучкамi стаялi.
Паны сюды з'язджацца сталi.
Ўсе леснiкi былi ўжо ў зборы,
У лепшым стражнiцкiм уборы:
У новых куртках са шнурамi,
А на грудзiнах са знакамi,
На шапках "R" было з каронай,
Каўнер стаячы i зялёны.
Яны па два, па тры стаялi
Каля паркана i чакалi,
Пакуль куды iх не паклiчуць,
Стаяць i пану рая жычуць,
Збавення вечнага жадаюць,
Гавораць цiхенька, ўздыхаюць.
Паслухаць збоку iх - здавалась,
Што ўсе яны пасiрацелi,
А што на сэрцы яны мелi,
То тое ў сэрцы i асталась.
Ды толькi мушу я прызнацца:
Як пачынала ўжо змяркацца
I пана з плачам пахавалi,
Ўсе леснiкi пiлi, гулялi,
А потым сталi барукацца.
Амброжык Кубел разгуляўся,
Са ўсiмi шчыра цалаваўся,
I кварту трэцюю ўжо ставiў,
I ўсёю выпiўкаю правiў.
– Браткi! Гуляйма! Калi свята,
Дык трэба выпiць хоць багата!
Крычаў Амброжык.
– Сцеражыся!
Кiўнуў ён носам на Мiхася,
I чарка ёмка паднялася.
– Эй, цётка Хрума! ўраз з'явiся!
Вайшла i Хрума ў старым чэпку.
– Здарова, цётка! як ты крэпка?
– От!
– кажа Хрума i смяецца,
Такою добраю здаецца,
Што наш Амброжык увесь тае
I Хруму маткай называе.
– Ах, пан Амброжык! нашто жарты?
– Галубка-мама! стаў дзве кварты!
Ўсе ажылi i разышлiся.
Такiя мовы палiлiся,
I пахвальба пайшла такая!
– Падаць мне Тэша!
– Лось гукае.
Я разарву яго вантробы,
Бо свет гарыць з яго, хваробы!
Падайце: вырву яму вусы
За ўсе даносы, за падкусы!
Абрыцкi-Тэш быў-такi з нюхам,
Ад Хрумы зызнуў адным духам.
Быў позны час, як "цётку" Хруму
З вясёлым шоламам i ў тлуму
Лясная стража пакiдала.
Ў яе вачах зямля скакала
I месяца блiскучы крайчык
Па небе пстрыкаў, як той зайчык.
Счакаўшы трохi, разышлiся,
I песнi зараз паняслiся