Олівер Твіст
Шрифт:
— Дабярэшся? — завішчаў пачварны гарбун. — Калі я табе буду патрэбен, дык знойдзеш мяне тут штодня. Тырчу тутака ўжо дваццаць пяць гадоў адзін, да вар’яцтва дажыўся, а ён мяне запалохваць! Ты мне яшчэ заплаціш за гэта, заплаціш! — сказаўшы гэта, малы пачварны дэман завыў і пачаў скакаць па пакоі як ашалелы.
— Даволі прыкрая сітуацыя, — прамармытаў сам сабе доктар. — Напэўна, хлопчык памыліўся. На! Засунь сабе гэта ў кішэню і закрый рот.
З гэтымі словамі ён кінуў гарбуну манету і вярнуўся да карэты.
Чалавек ішоў за ім да самых дзвярэй карэты, асыпаючы яго самай бруднай лаянкай і праклёнамі; калі містэр Лосбэрн адвярнуўся да кучара, каб нешта сказаць, гарбун зазірнуў у карэту і кінуў на Олівера такі пранізлівы, гарачы і разам з тым злосны і помслівы пагляд, што хлопчык яшчэ некалькі месяцаў бачыў яго ўва сне так рэальна, як і тады наяве. Гарбун працягваў выкрыкваць дзікія праклёны, пакуль кучар не сеў на сваё месца; калі яны паехалі, то маглі бачыць, як ён воддаль тупае нагамі па зямлі ды рве валасы ў прыпадку неўтаймоўнага шаленства.
— Я асёл! — сказаў доктар пасля доўгай паўзы. — Ты ведаў гэта раней, Олівер?
— Не, сэр.
— Тады не забывайся на гэта ў наступны раз.
— Асёл, — паўтарыў доктар, памаўчаўшы яшчэ пару хвілін. — Нават калі б гэта было тое самае месца, і ў доме сядзелі б тыя самыя тыпы, што я мог бы зрабіць адзін і з голымі рукамі? Хай сабе ў мяне была падтрымка, цяпер я разумею, што не зрабіў бы нічога добрага, адно засвяціўся б і мог бы сам непазбежна ўляпацца, абставіўшы так рызыкоўна гэтую справу. Але, здаецца, гэта пайшло мне на карысць. Я часта дзейнічаю імпульсіўна і праз гэта маю праблемы, так што мне гэта пойдзе на карысць.
Гэты цудоўны чалавек насамрэч рабіў усё заўсёды пад уплывам імпульсу, і трэба сказаць, што ўсе ягоныя ўчынкі рабілі гонар яго імпульсам, бо ён ні разу і блізка не трапіў у якую-небудзь ліхую гісторыю, не быў няўдачнікам і карыстаўся глыбокай пашанай і прыхільнасцю ўсіх, хто яго ведаў. Сказаць па праўдзе, дык нейкі час, зусім нядоўга, доктар быў не ў гуморы, бо яго расчаравала тая акалічнасць, што ён не здабыў доказаў таго, што гісторыя Олівера праўдзівая, адразу ж, як толькі з’явілася нагода тыя доказы атрымаць. Але неўзабаве лекар супакоіўся; ён прыйшоў да высновы, што адказы Олівера на яго пытанні па-ранейшаму былі няўхілістымі і падрабязнымі, казаў хлопчык з выглядам шчырым і праўдзівым, як і заўсёды, так што містэр Лосбэрн надумаў з гэтага часу цалкам давяраць усяму, што кажа Олівер.
Хлопчык ведаў назву вуліцы, на якой жыў містэр Браўнлоў, і яны адразу скіраваліся туды. Калі карэта завярнула за рог вуліцы, сэрца хлопчыка забілася так моцна, што ён пачаў задыхацца.
— Ну, хлопча мой, каторы дом? — запытаўся містэр Лосбэрн.
— Гэты! Гэты! — адказаў Олівер, узрушана паказваючы ў акно карэты. — Белы дом. О! Хутчэй! Прашу вас, хутчэй! Я зараз памру — мяне ўсяго трасе.
— Спакойна, спакойна, — сказаў добры доктар, паляпваючы яго па плячы. — Зараз ты іх пабачыш, і яны надта ўсцешацца, што ты жывы і здаровы.
— О, я спадзяюся, што гэта будзе так! — усклікнуў Олівер. — Яны былі такімі добрымі да мяне, ну вельмі добрымі.
Карэта пад’ехала да дома і спынілася. Не, дом быў не той; наступныя дзверы. Праз колькі крокаў карэта зноў спынілася. Олівер глядзеў у акно карэты, і слёзы радаснага чакання каціліся па яго шчаках.
На жаль, белы дом быў пусты, а ў акне была шыльда: «Здаецца ў наём».
— Пастукаем у суседні дом, — крыкнуў містэр Лосбэрн, узяўшы Олівера за руку. — Вы не ведаеце, што стала з містэрам Браўнлоў, які жыў у суседнім доме?
Слуга не ведаў, але згадзіўся пайсці ў дом і спытаць у гаспадароў. Неўзабаве ён вярнуўся і сказаў, што містэр Браўнлоў прадаў усё сваё майно і з’ехаў шэсць тыдняў таму ў Вест-Індыю. Олівер сціснуў рукі і зняможана апусціўся на сядушку карэты.
— А ягоная эканомка таксама паехала з ім? — спытаў містэр Лосбэрн пасля хвіліннага маўчання.
— Так, сэр, — адказваў слуга. — Яны разам з’ехалі — і стары джэнтльмен, і эканомка, і сябра старога джэнтльмена.
— Тады варочайце назад, — сказаў містэр Лосбэрн кучару, — і не спыняйцеся карміць коней, пакуль мы не выедзем з гэтага праклятага Лондана!
— А ўладальнік кнігарні, сэр? — спытаў Олівер. — Я ведаю, як туды праехаць. Давайце заедзем да яго, прашу вас!
— Бедны мой хлопчык, хопіць расчараванняў на сёння, — адказаў доктар. — Даволі для нас абодвух. Калі мы яшчэ зойдзем да ўладальніка кнігарні, то, напэўна, высветліцца, што ён памёр, або спаліў свой дом, або ўцёк. Не, прамым ходам дахаты!
І яны ў поўнай адпаведнасці з гэтым імпульсам доктара паехалі дадому.
Гэтае горкае расчараванне прынесла Оліверу шмат смутку і журбы, нягледзячы на ўсё ягонае шчасце, бо падчас сваёй хваробы ён шмат думаў, што маглі б сказаць яму містэр Браўнлоў і місіс Бэдуін, як прыемна было б паведаміць ім, што ён шмат дзён і начэй правёў, раздумваючы пра тое, колькі многа дабра яны для яго зрабілі, і аплакваючы іх горкае растанне. Яго натхняла і падтрымлівала ў часе жорсткіх выпрабаванняў надзея апраўдацца перад імі і расказаць ім пра тое, як яго выкралі; ён не мог прымірыцца з думкай, што яны паехалі так далёка і павезлі з сабой перакананасць у тым, што ён падманшчык і злодзей, — перакананасць, якая можа так і застацца неабвержанай да ягонай апошняй хвілі жыцця.
Аднак усё гэта ніяк не паўплывала на стаўленне да яго ягоных дабрадзеяў. Яшчэ праз два тыдні, калі ўсталявалася добрае надвор’е, дрэвы зазелянелі новай лістотай, раскрылі свае бутоны кветкі, пачалася падрыхтоўка да ад’езду на некалькі месяцаў у вёску. Адаслаўшы ў банк сталовае срэбра, якое так узрушыла сквапнасць габрэя, і пакінуўшы дом на Джайлса і служанку, яны перабраліся ў вясковы асабняк, што знаходзіўся даволі далёка ад горада. Олівера яны ўзялі з сабой.
Хто можа апісаць задавальненне і радасць, спакой і ціхамірнасць духу, — усё тое, што хваравіты хлопчык адчуў у напоеным водарам траў паветры сярод зялёных пагоркаў і густых лясоў, якія акружалі вёску! Хто можа расказаць, як адбіваюцца ў душах змучаных насельнікаў людных і шумных гарадоў выявы згоды і цішыні і як глыбока кладзецца ў збалелыя сэрцы іхняя свежасць? Людзі, якія ўсё сваё жыццё пражылі ў людных, цесных вулках, цяжка працуючы, без спадзявання на перамены, людзі, для якіх звычка насамрэч стала другою натурай і якія амаль палюбілі кожную цагліну і камень, якія абазначалі цесныя межы іх штодзённых шляхоў, — нават гэтыя людзі, калі над імі ўжо навісала рука смерці, хацелі нарэшце хоць мімаходам паглядзець у твар Прыроды; калі яны аддаляліся ад сцэны сваіх колішніх перажыванняў і захапленняў, то быццам бы адразу траплялі ў іншае вымярэнне быцця. Калі яны дзень за днём выпаўзалі на якую-небудзь зялёную сонечную лугавіну, то ў іх пры выглядзе неба, пагоркаў, долаў, бляску вады абуджаліся такія ўспаміны, што нават прадвесце іншасвету злагоджвала іх шпаркае завяданне, і яны сыходзілі ў магілу гэтаксама ціхмяна, як знікала з іх цьмянага, згаслага зроку сонца, заход якога яны назіралі з акна сваёй самотнай спальні нейкія пару гадзін таму! Успаміны, якія выклікаюць мірныя вясковыя краявіды, не належаць да гэтага свету, да яго мараў і спадзяванняў. Іхні дабратворны ўплыў можа навучыць нас, як узнавіць вянкі на магілах тых, каго мы любілі, можа ачысціць нашыя намеры і знішчыць старую варажнечу ды нянавісць, але пад усім гэтым нават у душы найменш сузіральнай дрэмле няпэўнае, напаўсфармаванае ўсведамленне таго, што такія пачуцці ўжо былі зведаныя некалі даўно, у нейкія старыя, аддаленыя часы, і гэта абуджае ўзвышаныя думкі пра кругаварот часоў, суцішае свецкую мітусню і пыху.
Месца, куды яны пераехалі, было вельмі прыгожым. Для Олівера, які вырас пасярод бруднага натоўпу, шуму і лаянкі, тут пачалося, здавалася, новае жыццё. Ружы і бружмель туліліся да сценаў асабняка, плюшч абвіваўся вакол камлёў дрэў, садовыя кветкі насычалі паветра тонкім водарам. Зусім побач месціліся маленькія вясковыя могілкі, на якіх не было звыродлівых высокіх помнікаў, а віднеліся толькі капцы, пакрытыя дзёрнам і мохам, пад якімі спачывалі вясковыя старыя. Олівер часта гуляў тут; часам ён згадваў убогую магілку сваёй маці, сядаў і, схаваўшыся ад усіх, плакаў, але калі ён падымаў вочы да глыбокага неба над галавой, то ўжо не мог уявіць, што яна ляжыць у зямлі, і аплакваў яе з жалем, але без надрыву.
Гэта былі шчаслівыя дні. Надвор’е стаяла яснае, спакойнае, ночы не прыносілі ні страху, ні клопатаў — ні гібення ўмярзотнай турме, ні ўзаемінаў з мярзотнымі людзьмі, нічога, акрамя прыемных і шчаслівых думак. Кожны ранак ён ішоў да сівагаловага старога джэнтльмена, які жыў паблізу маленькай цэркаўкі, і той вучыў хлопчыка лепш чытаць і пісаць; стары джэнтльмен гаварыў так лагодна і так шмат улучаў яму ўвагі, што Олівер з усіх сіл стараўся дагадзіць яму. Потым ён з місіс Мэйлі і Роз выпраўляўся на шпацыр і слухаў, як яны размаўляюць пра кнігі, або сядаў побач з імі ў якім-небудзь цяністым месцы і слухаў, як маладая лэдзі чытала які-небудзь твор. Ён гатовы быў слухаць, пакуль не станавілася так цёмна, што нельга было разабраць літар. Потым ён мусіў выконваць заданні на заўтра; над імі ён зацята працаваў у маленькім пакойчыку з акном на агарод, пакуль паціху не апускаўся вечар. У той час лэдзі зноў выходзілі на шпацыр, і ён шпацыраваў разам з імі, з задавальненнем слухаючы ўсё тое, пра што яны размаўлялі, і вельмі радаваўся, калі ім хацелася мець кветку, і ён мог яе сарваць, або калі яны нешта забывалі дома і прасілі яго, каб ён збегаў і прынёс, — яму проста хуткасці не хапала, так ён хацеў ім услужыць. Калі рабілася зусім цёмна, і яны вярталіся ў дом, маладая лэдзі сядала да піяніна і наігрывала прыемныя мелодыі або спявала ціхім, лагодным голасам якую-небудзь старабытную песню, чым вельмі дагаджала сваёй цётцы. У такія вечары свечак не запальвалі, і Олівер у поўным захапленні сядзеў ля аднаго з вокнаў і слухаў цудоўную музыку.