Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Пад сінім небам

Арсеньева Наталья

Шрифт:

Жоўтыя клёны

Жоўтыя клёны, у фарбах асіны, Гронкі крывавыя ў вецьці рабіны, Сіняе неба… Ў начныя часіны Дождж з дагараючых зор. Ў травах пажоўклых бліскучыя ніці — Людзям ніколі танчэйшых ня зьвіці, Астры астатнія ў садзе — ня рвіце: Восені гэта убор. Восень, прыбраўшыся ў кроў і у сонца, Ў золата — лісьце, ў жамчуг — валаконцы, Зь ліры сваей здабывае бясконца Струнаў глухі перабор. Раняць душу ледзьве чутныя гукі — Самі сабой апускаюцца рукі, — Родзяць у сэрцы жальлівыя згукі, Восені песьню-жальбу. Родзіцца песьня і ў небыт сплывае Разам зь лістамі, што клён абтрасае, З сонцам, што ў чырвані дрэў дагарае, Зь першаю кропляй дажджу…

Восень

Як не любіць мне восень залатую, калі праз вопратку асін густую тон прабіваецца чырвоны, слаўны тон, і ў золаце стаіць маўклівы пышны клён? Як не любіць мне восень залатую, калі на ніву зжатую, пустую ліецца уначы, як малако, туман і павучыньне скрозь на хмызьняку палян. Як не любіць мне восень залатую, як не любіць мне частку года тую, калі я веру ўсім, калі душа гарыць і хочацца так век, хоць сумаваць, а жыць…

*** Сыплюцца з клёнаў лісты…

Сыплюцца з клёнаў лісты, сыплюцца ціха, маўкліва, крыюць зямлю і кусты пражаю жоўтай, шасьцівай. Сыплецца саду краса, кроплі дажджу, як раса, зьзяюць сьцюдзёнай палівай. Восень… дык дождж і ня дзіва. Сыплюцца з клёнаў лісты, сыплюцца ціха, маўкліва, крыюць зямлю і кусты пражаю жоўтай, шасьцівай. Сэрца і б’ецца й баліць, Плача па небе й зямлі, Тоне у сумах, сумлівах. Восень… дык сум і ня дзіва…

*** У небе палаюць чырвоныя хмары…

У небе палаюць чырвоныя хмары. Як горкія мары, на нівы, папары кладуцца вячорныя сьцені. Ад пахаў гарачых рака, бач, самлела, нячутна, нясьмела сьвятло адляцела, сплёў месяц прывідныя сеці. Ноч сонныя дрэвы прывабіла ласкай, таёмнай, нянаскай, нячутаю казкай апошнія сьцішыла гукі. Закінуў у далечы вецер жалейку, што хмару-зладзейку будзіла зьняцейку, адкінуў і ў вецьці схаваўся. Адна ноч над цёмнай зямлёй варажыла, сны-чары насіла, гальлё варушыла, і горка а дзіўна маўчала. Ды хто ж разгадаў яе сумы-трывогі — гушчары, разлогі ці месяц двурогі? Не — кволае сэрца людское!

Восень

Клёны апалі, і золата й фарбы крыюць зямлю дарагім дываном. Поўныя жмені лістоў тых узяў бы, восеньскім сплёў бы іх пышным вянком. Таюць аблокі у небе высокім, хвалі туману над Вільняй стаяць. Места мярэсьціцца ўнізе, далёка, вежы касьцёлаў у неба глядзяць, цэркваў блішчаць залатыя галовы, цёмнымі плямамі дрэвы ляглі, сіняй палоскаю бор нат хваёвы ледзьве відаць за істужкай Вяльлі… Чуюцца, чуюцца восені чары ў фарбах, у тонах лісьця і нябёс, лёгкім дрыжэньні кляноў у пагары, сьвежасьці йльдзістай, што вецер прынёс…

*** Ціха плыў месяц між хмараў празрыстых…

Ціха плыў месяц між хмараў празрыстых, зоры гублялі халодныя сьлёзы, вецер зрываўся між клёнаў бязьлістых, вецьце калышачы голых бярозаў. Таялі плямы туманныя сьценяў, срэбра сьнягоў залівалі зімовых. Сьветла было мне ад белых праменьняў, шчасна было мне ад думак тых новых. Нейкая дзіўная сіла ўставала ў сэрцы, да сяньня пакорліва-хворым, месяц, здаецца, рукою б дастала, зоры б зрывала з паднебнай прасторы. Долі пайшла б паляваць далёка я для зямліцы, што сьпіць без прасьвету, і разьліла б, як сягнуць можа вока, шчасьце над белым, асьнежаным сьветам.

Зімовы ранак

Ураньні зімовае сонца нясьмела На рожавым небе прыгожа ўзыйшло. Як быццам чагосьці стыдалась яно, Калі зь небясоў на зямельку глядзела. Пад гэтым паглядам у белых палёх, Рассыпаўшысь, іскры ў сьнягу зазіялі, А вольхі, дык тыя у шкло пазіралі Замерзшых стаўкоў, што схаваны ў кустох, На вокнах вузоры вагнём заігралі, — I ўсё гэта толькі ад сонца лучоў! Ці ў жыцьці ня гэтак нярадасных днёў Трывогі пад сонца паглядам прапалі? Ці праўда, што плакаць ня хоцацца ўжо, Што сэрца сагрэўшы надзеяй адною, Ты ціха сьмяешся з марознай зімою, Зь сьнягамі, што твораць яе прыгаство?!

Сьняжынкі

Эх, круцецесь, сьняжынкі, круцецесь Над пакорнай, маўклівай зямлёй. Прыласкайце яе, прытулецесь Да палёў, агалёных зімой. Лес, шляхі, ручаі, што сьціхаюць, Абвяжэце парчой сьнегавой, Толькі гляньце — усе вас чакаюць: Не шапочуць лісты між сабой. Не глядзіцца у лужынкі сонца I ня жаляцца вольхі яму, А з марозу гараць валаконцы Павучыньня ў заціхшым гаю. Гляньце, гляньце, як хвоі хінуцца, Як маркоцен рад тонкіх асін — Толькі грозьдзі парой зварухнуцца Счырванеўшых у садзе рабін. Над лясамі, над цэлай зямлёю, Эх, круцецесь, сьняжынкі, барджэй! Абагрэйце іх ласкай сваёю, На душы, можа, стане лягчэй…

Сьнег падаў

Сьнег падаў зь неба іскрынкамі зор… Ён крыў зямлю карункаў дыванамі. Ледзь вецер шапацеў між голымі клянамі і зноў ляцеў туды, дзе сьніў прастор, ды пасам зубчастым сінеўся бор над анямелымі даўно палямі, што скутыя ляжалі маразамі, адпачываючы ад летніх змор. Адпачывала ўсё — і лес, і поле, і неба глыбіня… Ды не людская доля. Людская доля бо — усьцяж цярпець, шукаць чагось зь няўтомнаю тугою, глядзець на крыўды, зло… і летуцець аб соладзі нязнанай супакою.

Калі ноч запануе

Любяць людзі прыгожыя песьні, любяць сумныя гукі жалейкі, як пагодныя дні напрадвесьні, як раздольле, як сьпеў салавейкі. Любяць казкі аб дзеях мінулых, аб жыцьці сваіх продкаў свабодных, аб гушчарных бароў шумах-гулах, аб прадоннасьці рэк мнагаводных. Любяць песьні аб славе, аб долі, аб асілках вялікіх, магутных, аб братох, што каналі ў няволі, аб часінах старонкі пакутных. Не было запраўды мо нічога, мо і песьні і казкі мінучы, — чуе сэрца ў іх гукі былога, а душа уздыхае балюча. Тыя ўздыхі мо ветрык падхопіць, панясе і разьвее у полі… А калі ён сканае паволі, калі ў хмарах бліск сонца утопіць і туман папаўзе над лясамі, над асінаў сям'ёй палахлівай, над зялёнай нясьпелаю нівай дарагімі, маўляў, паясамі, калі ноч запануе усюды, калі выпаўзуць ночныя чары, духі-сьцені агорнуць абшары, сны сплятуцца, сны-мары і цуды, калі смутныя ночныя гукі паліюцца з-за хваляў туману на глухую лясную паляну і замрэ ўсё ад дзіўнае мукі, як жыцьцё прыабернецца казкай, калі з казкаю сэрца зьліецца, — мо старое ў душы страпянецца і прывабіць нязьведанай ласкай? Явай стануцца гожыя песьні, явай стануцца гукі жалейкі, сьветлай явай, як дні напрадвесьні, як раздольле, як сьпеў салавейкі.

ІІІ. Жыцьцёвае

Мэта жыцьця

Мэта жыцьця, кажуць людзі бязь сілы, мэта жыцьця — дачакацца магілы. Як пражывеш ты, сумленна ці не, ці ня ўсё роўна, — бо сьмерць не міне. Мэта жыцьця, кажуць поўныя сілы, з доляй змагацца да самай магілы, веры ня траціць і страху ня мець, сьмела байцамі памерці, згарэць. Мэта жыцьця, яшчэ кажуць, ня йрвацца ў неба, а толькі зямлі прыглядацца. Зьведаць грахі ўсе, ўсяго спрабаваць, каб ня так горка было паміраць. Мэта жыцьця, ўрэшце кажуць, хавацца з сэрцам ад смутку, зь сьлязіма ня знацца. Думкі аб праўдзе? Дурное — і ўсё! Мэта жыцьця — захаваць жыцьцё!
Поделиться с друзьями: