Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Пад сінім небам

Арсеньева Наталья

Шрифт:

Уначы

Ноч спакоем чаравала, сьцені ціхія сплятала у бярозах, апавітых срэбнай, сьнежнаю імглой. Зьнекуль думак, сноў забытых, іх, штодзёньнем скутых, зьбітых, нечаканы выплыў рой… Аджылі ўспаміны, здані дзён калішніх, сны, жаданьні, неба весьняга павець… Захацелася уночы ў змрок зімовы не глядзець, а, спусьціўшы твар і вочы, не любіць і не цярпець.

У клясе

Шумна у клясе, шумна і нудна, Сьцены шырокія душаць мяне. Словы вучыцеля ціха, марудна Льюцца, іх слухаць ня хочацца мне. Там, ля дзьвярэй, так вясёла сьмяюцца, Тыя — чытаюць, другія — крычаць, Я… я гляджу на праменьні, што йрвуцца Ў цёмную клясу і у шыбах гараць. А з-за вакна мне шапочуць таполі, Неба сінее, прыветная даль, Даль, што ня зьведаць яе нам ніколі, Сьветла-празрыстая, быццам крышталь, Дыхае сьвежасцяй сад пажаўцелы, Ў залі «Адвеку мы спалі» пяюць… Нудна сядзець мне у клясе дзень цэлы, Як цераз вокны нячутна, нясьмела Восені гукі плывуць…

Толькі ўчора

Толькі ўчора, здаецца, плылі ручаі і вясьнянае сонца зямлю цалавала, а сягоньня ўжо жутла жаўцеюць лісты, а сягоньня ўжо восень бязмала. Толькі ўчора, здаецца, пралескі цьвілі і ў шаўкі прыбіраліся цішкам бярозы, а сягоньня ўжо яблыкі з дрэваў зьнялі і па шкле плывуць восені сьлёзы. Толькі ўчора, здаецца, над змрочнай ракой салавей заліваўся, мы ж — дыхаць ня сьмелі, а сягоньня ўжо поўніцца сэрца тугой, быццам шчасьця й тады мы ня мелі…

Калыханка

Ноч рассыпала зораў агні, ў сінім небе яны патанулі. Вее сон над прасторам зямлі. Люлі, люлі, сыночак мой, люлі. З гэтых зорных чырвоных агнёў я спляту прамяністы вяночак. Над галоўкай павешу тваёй, люлі ж, люлі, засьні, мой сыночак. Будуць зоры маленькаму зьзяць, будуць сьветлыя сны пасылаць. Ціша ўсюды і сонны спакой… Вербы гнуткае вецьце схінулі над сьцюдзёнаю, зьмерзлай ракой. Люлі, люлі, сыночак мой, люлі. Я падслухаю шэпты вярбін, я падслухаю шэляхі ночкі і ў напеў пазьбіраю адзін. Люлі ж, люлі, засьні, мой сыночак. Будуць вербы шасьцець, шапатаць, будуць снамі цябе асыпаць. Як бы плачучы, ў кропельках сьлёз прыгажуні бярозы паснулі. Гэта ў перлы прыбраў іх мароз. Люлі, люлі, сыночак мой, люлі. Тыя перлы-сьлязінкі зьбяру, наніжу зь іх пацёркаў шнурочак і на шыйку завешу тваю. Люлі ж, люлі, засьні, мой сыночак. Будзе зь імі малы засынаць, ручкай пацеркі-сьлёзы кранаць. Ноч рассыпала зораў агні, ў сінім небе яны патанулі… Сьпіць усё, й ты, маленькі, засьні. Люлі, люлі, сыночак мой, люлі.

Адыйдзі-ж ты, гора

Не заўсёды неба хмарамі пакрыта, Не заўсёды смуткам сэрцайка спавіта. Адыйдзі-ж ты, гора, адыйдзі, благое, Бачыш, там ясьнее небачка ціхое. Не хачу я плакаць: сьветла ўсё і міла, Што было — мінула, я усё забыла, Бо ня вечна неба хмарамі пакрыта, Як ня вечна смуткам сэрцайка спавіта.

*** Ночкай сягоньня мне ў самыя вочы…

Ночкай сягоньня мне ў самыя вочы месяц зімовы глядзеў і сьмяяўся: — Сумна табе? — ён як быццам пытаўся, — праўда, ня сьпіцца у сьветлыя ночы? Ўстань і зірні на вакно, што адзета тонкаю сеткаю з рож серабрыстых, пэўна, як глянеш, прыпомніш ты лета, яркія красак у садзе маністы. Пэўна, прыпомніш ліпнёвыя ночкі, зорак узор, прыгажэйшы за сонца, сонна прыціхлыя ліпкі, дубочкі, цёмнае неба бяз краю, бясконца. Ўспомніш, як ціха бывала ў пакоі, ўсе ужо спалі, а ў вокны глядзела мляўкая цемра, паўночча глухое. Ўспомніш, аб чым ты тады летуцела, ўспомніш, як бралася плакаць парою, ўспомніш, як сэрца чагосьці шукала, ўспомніш, аб чым гэткай ночкай з сабою, толькі з сабою адной гаварыла. Ўспомніш, як глянеш на срэбныя краскі, ўсе свае думкі, надзеі дзіўныя, сумныя, быццам зімовыя казкі, ясныя, быццам вясьнянкі лясныя. Ўспомніш пра ўсё, што тады ты хацела, ўсё, што ў жыцьці ты яшчэ не пазнала, твары няясныя тых, што нясьмела толькі у снох, у лятунках кахала… Ў снох… а ня сьпіцца у сьветлыя ночы, сон мой сягоньня так рана парваўся, бо цераз вокны мне ў самыя вочы месяц прыгожы глядзеў і сьмяяўся.

У клясе

Нудна, нудна у клясе сягоньня, Неяк цёмна і ціха зусім. Імжыць дождж, а ў вакно аднатонна Ясакор лісьцем б’ецца сухім. Дахі мокрыя зьзяюць, як з сталі, Нейкім бліскам халодным, цяжкім. Імжыць дождж, а ў вакно перасталі Біць лісьцём ясакоры сухім. Каля дошкі высокай і чорнай Стаіць Люба і піша, маўчыць. Ціха ўсё, а ў вакно аднатонна Зноў лісьцё ясакора гучыць. Неяк дзіўна, так ціха сягоньня, Ані сьмеху ня чутна, ні слоў. Ўсе маўчаць, а ў вакно аднатонна Ясакор перастаў біцца зноў. Доўга, доўга я ў кнігу глядзела, Слоў ня бачыла толькі, чаму? Мо’ затое, што ў вокны нясьмела Ясакор шаптаў казку сваю? Як далёка мне ўсё, што балесьне Адчувала я ночкай і днём! Мо’ затое, што лепшыя песьні Ясакор мне пяе за вакном? Ён пяе не аб тым, што мінула, Старадаўным, далёкім, сівым. Не, аб будучай долі, я чую — Ён лісьцём сваім шэпча сухім. I нясьмелыя, смутныя словы Непакояць, трывожаць душу. Ціха ў клясе, бо ціхую мову Абарвалі таполі сваю. I ўзноў нудна так, нудна, халодна, Неяк цемна і ціха зусім. Імжыць дождж, а ў вакно аднатонна Ясакор лісьцем б’ецца сухім.

Ночы і думкі

Ёсьць ночы белыя, ёсьць цёмныя, глухія. Ёсьць гаманлівыя — і ёсьць зусім ціхія. Іх — больш за ўсё люблю зь лядзяным зьзяньнем зор, што на шаўкох нябёс празрысты ткуць узор. Люблю за супакой, хоць сонны, а чароўны, люблю за сіні змрок, за смутак невыслоўны, што на душы ляжыць, калі сяджу адна і ў шыбіню гляджу нябёсную бяз дна… Ёсьць думкі сьветлыя, ёсьць чорныя, благія, ёсьць думкі, як і ноч, зусім-зусім ціхія. Іх — больш за ўсё люблю, з манлівасьцяй надзей, з усім, што лекам тут зямной душы людзей. Люблю за цішыню дзіўную ў сэрцы, тую, зь якою я нідзе й ніколі не сумую, за тое, што гарыць ізь імі дух, расьце і кажа жыць ня так, як тут жывуць усе!

*** Я люблю песьні ветра у полі…

Я люблю песьні ветра у полі I вясёлых сьняжынак гульню, Калі ў хаце ня хочацца болей Мучыць думкамі душу сваю. Я люблю выйсьці ў час, калі хмары Дагараць, калі захад загас, Калі цені агорнуць абшары I зьмярканьня зімовага час… Ў вёсцы ціха — ўсё сьнегам адзета, Ў белай рызе рабіны стаяць. Ў вокнах зоркі чырвоныя сьветла Тут і там, загарэўшысь, дрыжаць. Засыпаючы сад каля школкі, То баржджэй, то паціху ізноў Пылам сыплюцца лёгкім іголкі Зь неабсяжных нябесных палёў. Густа, густа лятуць яны, йрвуцца, Мчацца зь ветрам у белы прастор, То — рассыплюцца, ў вольхах саб’юцца, То — хаваюць агеньчыкі зор… Ўсё зьмяшалася ў полі, здаецца, Віхор круціцца, б’ецца, пяе. Мо змагаецца з кім, мо сьмяецца? Мо хавае надзеі свае? Лес, дзе хвойкі, сасонка ў сасонку, Ў ясны дзень вырасталі сьцяной, — Мглы агорнуты белай пялёнкан, Мглы, што неба зьмяшала зь зямлёй. I ўсю ноч у бялеючым полі Карагоды сьняжынкі вядуць, То баюкаюць песьняй аб долі, То хаўтурныя гімны пяюць.

Памяці Ядвігіна Ш

Ціха з шэрых нябёс белы падае сьнег, А учора сьмяялась вясна, Сонца першыя косы так сьветлы былі, Усьміхаючысь, хмаркі ў блакіце плылі, I ласкаў, і звадзіў гэты сьмех. Вецер — той нават дыхаў у твары вясной, Ўжо чарнела дзе-недзе зямля, Ўсюды з грукатам срэбным плылі ручаі, Ты памёр, не прыждаўшы чароўнай вясны, Сьпі жа з чыстай, спакойнай душой. Тут, на шумнай зямлі, ты і жыў, і цярпеў, Ты народ свой гаротны кахаў, Ты да мэты ішоў без пуці, без дарог, Працаваў, не шкадуючы сіл, пакуль мог, Не прыждаўшы вясны, дагарэў. Дагарэў… але сьветлая памяць твая Не разьвеецца лёгка, як дым. Не забудуцца простыя словы твае, I, як сына найлепшага, прыме цябе Беларусі пакутнай зямля.

V. Зачарованы кут

З крыніцы народнай

Зачарованы кут

Ой вы, казкі, казкі-чары! Із надзённаьсцяй зударыць вас — і трэскі палятуць! Каб ня вы, ці мала ўбогіх, нехлямяг, у паўдарогі пазрывалі б каліту, завярнулі, не дапялі, патапіліся б у жалі, зьвягай сьцятыя, зьляглі? А пад вашаю атрутай хоць навомірг скінеш путы, ўбачыш казку й на зямлі! Дрэмле багна… На балота ўжо кладзецца пазалота, зырка чыркае ваду — месяц гэта ўзьняў павекі, на бары зірнуў, на рэкі, на дуброваў чараду. Там, дзе згрудзіліся ў змроку вербалоз, трысьцё, асокі, качкі б’юцца на начлег, млын ляжыць, як воз паловы, і вачмі сьляпымі ловіць тую зорку, што сьпялей. Млын — ня млын… Страхі — нізваньня, ветругі зьмялі, ня сяньня учарнеў, прыгнуўся зруб, і даўно здубела кола, ўжо ня сноўдае наўкола, каб надраць на кашу круп. Ды ня сьпяць у сенцах сьцені: ўночы ў поўню хтосьці пеніць пену ў заставе сухім, нехта іскры ў цемры крэсіць і рагоча ў цёмным лесе, насыпаючы мяхі… Ды ня годзе, на заходзе ўлетку, ў лётным карагодзе ймкнуць туды русалкі — піць, а напіўшыся удосыць, чэшуць хмель зялёны косаў, аж, як шоўк той, зарыпіць… Ноч насоўваецца з бору, жабы рыпу ўтораць хорам, гостра тхне багіньне, тхля… I тады вось тамка зводы, здані, страхі з-пад калодаў выпаўзаюць спакваля! Кажаны тапыраць вушы: ці ня рой шуміць дзе мушы, крылаў стрымліваюць гон, совы вухкаюць панура зь вершалінаў дрэваў бурых на загубу, на праклён… Там, апоўначы бяззорнай вадзянік вылазіць чорны, бруха мокрае скрабе і рукой сьлізкой, зялёнай вее жвір на хлеб надзённы вадзянісе і сабе. Там… сам сьлівень, у кароне залатой на сьлізкай скроні з багны, скрут у скрут, паўзе, спорнік зьмеем прамяністым зносіць грошы ды маністы, знае сховы, балазе. Там лясун ідзе у скокі зь лесавіцай крутабокай, векавечны маладзён! Маладзік там ведзьмы сочаць, зельле йрвуць па роснай ночы, чорны, злы, атрутны плен… Ды, калі пявун гарласты прапяе у вёсцы, — шастаць у бары сьціхае ўсё. Ціха зноў… I толькі зоры гладзь балотную сузораць ды калышыцца трысьцё.
Поделиться с друзьями: