Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Пад сінім небам

Арсеньева Наталья

Шрифт:

Жыцьцё

Клічуць вечарам зоры ў сусьвету прасторы… Поўны нейкае зморы ці прыгноблены, хворы — не ідзе чалавек… Ночкай месяц варожа так прынадна, прыгожа… Гэй, паслухаеш, можа, кінеш жыцьце, нябожа? Не, ня йдзе чалавек… Не, ня йдзе, хоць паволі сэрцам рвецца да волі, штодня нудзіцца болей — і жыве мімаволі, несьвядома амаль, Хоць да самага раньня лёс ягоны — змаганьне, сумаваньне па шчасьці ці па долю сяганьне, неакрэсьлены жаль…

Шчасьце

Шчасьце — як сонца: маленькая хмарка пройдзе па небе ціхім сярод дня, — сонца ўжо сьвеціць так жутла, няярка, момант — і сонца няма. Шчасьце — як вішняў вясьняныя краскі: вецер павее, заплача вясна, — сыплюцца сьнегам на дол яны гразкі, момант — і красак няма. Шчасьце — як сьветлыя, ясныя мары: рэзкае слова, заўвага адна, — і дагараюць яны у пажары, момант — і мараў няма.

Нядасяжнае

Мая душа ад скраю і да дна наліта сьветлай нейкай сілай. Мне ўсё здаецца ясным, мілым: і неба сіняе, і хвалі тумана, і ніў далечыня, і залатыя клёны, і хвояў баравых убор чорна-зялёны. Здаецца, шчасьце дзесь каля мяне, так блізка, здаецца, я магу узяць яго рукой. Ды не сягну… Вось так, як над ракой схінаюцца гальлём вярбіны нізка, нізка, а ўсё ня здолеюць напіцца тэй вады, што надзіць іх і дні, і тыдні, і гады.

Чаму?

Чаму у сім жыцьці нямілым Няпраўда, дзе вокам ня кінь, Чаму адным славу і сілу I шчасьце жыцьцё аддзяліла, Другім — толькі гора, хоць згінь Чаму гэта ў полі няроўна Пад сонейкам краскі цьвітуць? Чаму адны вабяць чароўна Сваім хараством нявыслоўным, Другія, схаваўшысь, растуць? Ніхто й ня шукае іх, сьпячых Між мяккай шаўковай травы, Ім ласкаў шкадуе гарачых I сонца і вецер, што плача, Над імі ў васеньнія дні. Чаму нават ніваў палоскі Няроўна на сонца глядзяць? Чаму адны ліпкі, бярозкі Шумяць, шэлясьцяць каля вёскі, Другія ў гушчары маўчаць? Чаму гэта ясныя зоры Парознаму ў небе блішчаць: Рассыпаўшысь дзесьці ў прасторы, Адны ткуць са срэбра вузоры, Другія — дык ледзьве гараць? Чаму адна песьня аб долі, Аб шчасьці прыгожым пяець, Другая, губляючы ў полі Свае пералівы — ніколі Да шчасьця душу не завець? Чаму ёсьць няроўнае гора На сьвеце халодным, благім? Адно — забываецца скора, Другое, — глухое, як мора, Ўвесь час раніць смуткам сваім? Чаму адны вечна працуюць, Іх век — няпрыхільная ноч, Другія — жыцьцё ўсё сьвяткуюць, Іх сны і надзеі гадуюць, А гора — хаваецца проч! Чаму штось вялікае доля Стварыць наказала адным, Іх знаюць і шчасьце, і воля… Другіх — няпрыметна ніколі. Пакрыўджаных богам самым? Ня ім клікаць, цёмным і кволым, Да новага жыцьця людзёў: Ніхто й не пачуець іх мовы, А вецер разьвеець іх словы Між сіняй імглы небясоў. Чаму? Мо’ няроўна вясною Для ўсіх зьзяе сонца зь нябес? Мо’ толькі для моцных душою Вясна луг акрыла травою I сьвежай зяленінай лес? Не, ласкі свае падзяліла Нам сонейка роўна… Усё Праменьнямі густа пакрыла І толькі у сьвеце нямілым — Няпраўда, і зьдзекі, і зло…

Калі людзі пакрыўдзяць цябе…

Калі людзі пакрыўдзяць цябе, калі хочацца плакаць, маліцца, — ты ідзі вузкай сьцежкай у лес, там так лёгка на крыўды забыцца! Быццам прыйдзеш ты ў хорам дзіўны, дзе няма ані сьлёз, ні маны, дзе пачуеш у шэптах лісьця: «Ты даруй неразумным, як я…» I адыдзе туга, шугане ў вышыню, бы ўстрывожаны рой. Зразумееш, што ўсё праміне у жыцьці, нават гора зь бядой…

*** Выйдзі ўночы у чыстае поле…

Выйдзі ўночы у чыстае поле I зьлічы ў небе сьвечачкі зор… Не зьлічыць іх ніколі, ніколі, Бо ўсё болей іх знойдзеш і болей, Асыпаючых з Божае волі Неабсяжны нябесны прастор. Выйдзі ўраньні на бераг лясісты Адбіваючых сонца вазёр, I знайдзі у іх хвалях празрыстых Хмарак будучых пыл сэрабрысты Ці жамчуг дробных кропляў расістых, Іх — ня знойдзеш у хвалях вазёр… Выйдзі ўдзень ты у гай нерухомы I услухайся ў шэпты галін. Сум пачуеш у ім ты знаёмы. Дык скажы, чаму гай той зялёны Такі сумны, лістоў жа мільёны Плачуць, плачуць усе, як адзін? Выйдзі ўвечары к ніве нясьпелай I зірні на чырвоны заход. I душой папрабуй ты збалелай Разгадаць, скуль той ветрык нясьмелы, Нівы, неба, дым хмарачак белы, Тыя самыя з года у год. Скуль усё: ўночы смутныя зоры, Ўраньні золата сонцавых кос, Ўдзень ціхія лясоў разгаворы, На заходзе — хмар яркае мора, А ў душы вечна дзіўнае гора, Горкі смутак нявылітых сьлёз? Скуль усё, хто стварыў нашу долю, I каму нам маліцца уноч? Ды й ці трэба маліцца? — Бяз волі Не здабудзецца шчасьце ніколі: Будзеш плакаць, як вецер у полі, Грудзі рваць будзе сум без патолі, — Й без адказу адыдзеш ты проч!

На матыў хаўтурнага маршу

Гукі ўрачыстага маршу хаўтурнага ціха ў паветры імглістым плывуць. Сэрцы ад сьвету няветлага, хмурнага ў сьвет неспазнаны, таёмны вядуць. Гукі трымцяць, наплываюць, зьліваюцца, плачуць, растуць, ад зямлі адрываюцца. Зь імі — і сэрца дрыжыць: досі ўжо, досі ўжо жыць! Што нам з жыцьця недарэчнага, сумнага, зь лішняга дня, што, як рэшта, ня згас? Ляж адпачні, дзіцянё неразумнае, з доляй змагацца ня моц і ня час. Гукі хаўтурнага маршу зь ёй, доляю, добрай, благою — ня хочуць гуляць. Чуеш? Ціхой заліваюць патоляю сэрца, і восень, і жальбы гальля… Досі ўсьцяж шчасьця шукаць па аселіцах, шчасьце ж людское, як казкі, — мана. Ледзьве, бадзяжнае, недзе аселіцца, — нехта парупіцца ўраз адагнаць… Досі ж… А гукі трымцяць, разьліваюцца, плачуць, растуць, ад зямлі адрываюцца… Зь імі і восень дрыжыць: досі ўжо, досі ўжо жыць… Што ў той нязнанай краіне за хмарамі можа сыноў чалавечых зьлякаць? Мала іх пошасьці, войны з пажарамі білі, аж сьлёзы плылі, як рака? Там жа — ні сьлёзаў няма, ні гарачага болю, калі — няма як памагчы. Там, як калісьці гадамі дзіцячымі, возьмуцца сны нашы душы лячыць. Чуеш… як пошчакі маршу хаўтурнага ціха ў паветры імглістым плывуць? Сэрцы ад сьвету няветлага, хмурнага недзе ў нязнаную далеч вядуць? Гукі трымцяць, наплываюць, зьліваюцца, плачуць, растуць, ад зямлі адрываюцца… Зь імі і сэрца дрыжыць: досі ўжо, досі ўжо жыць!

Ты спытайся

Толькі ў час, калі сьмерць твая прыйдзе і ўстане, Калі холад пачуеш адвечны ў душы, — Зразумееш жыцьцёвае шчасьце… Скажы, Ці шкада табе жыцьця, што ў сэрца загляне З ласкай шчырай апошні ўжо раз? Пачакай… Яшчэ маеш ты час… Пачакай… Ці ты жыў і змагаўся зь бядою, Каб загінуць, прапасьць, ня прыйсьці на зямлю, Ня зірнуць, што зрабілі з старонкай тваёю, Ці разьвеяла, родная, гора-нуду Між палёў, між людзёў хоць на час?.. Ты спытайся… пакуль не загас… Ты спытайся, што там, дзе багаты і бедны Маюць роўную долю і роўны спакой, Дзе шчасьлівых няма, дзе няма горкіх, бледных, Тых, што змучаны вечнай жыцьцёвай тугой. Ты спытайся… ў апошні ўжо раз Дасьць жыцьцё табе, пэўна, адказ… Ты спытайся, ці ёсьць што ў блакіту бяздонным, Чым там душы жывуць і шукаюць чаго? Бо калі ўсе там роўны, ў тым царстве бяссонным, — — Там няма і змаганьня, навошта яно? Там ні злобы няма, ні пытаньняў гарачых, Там і мэты няма, там — нічога няма! Як жыве там душа адыйшоўшых і сьпячых У халоднай зямлі, ў змроку цішы і сна… Як там жыць, чым там жыць?.. Там і сэрца ня б’ецца, Ня сьціскаецца сумам прыемным яно. Там — шырокай крыніцаю гора ня льлецца, Не гарыць там і дзіўнага шчасьця сьвятло… Ты спытайся, ў чым шчасьце там душы знаходзяць, I ці ёсьць яно, шчасьце, ці гэта мана? Мо’ дарма нас жыцьцё снамі вечнымі зводзіць, Сьмерць… ці дасьць табе долю і шчасьце яна? Ты спытайся… пачуеш адказ, Бо ў апошні пытаешся раз…

Пытаньне

Даль, нябёсаў туманная даль тае, гасьне над ліпаў калёнамі, што усталі суценьмі зялёнымі паміж доляй ды много, на жаль, і зьвіняць пад дажджом, як крышталь. Цішыня… цішыня над старонкаю. Ў срэбнай золкасьці травы дрыжаць. Нат жаўронак ізь песьняю звонкаю ў гэткі дзень не ўзьляціць — сенажаць срэбрам гукаў зь нябёс бласлаўляць, ані з зоркай рамонкавай тонкаю летні вецер ня прыйдзе гуляць… Божа! Дні мае, хіба што шчасныя, ціха сходзяць, сплываюць удаль, па сабе пакідаючы жаль, па мінулым — тугу перадчасную, што зьвініць, быццам кропляў крышталь. I пытаюся з болем міжвольным я: што ж ты робіш з душою, з сабой, як праходзіш жыцьця пуціной, што ты робіш із воляю вольнаю, бо мінуць — і ня вернеш, на жаль.

Бесканечнае

Насьлядаваньне
Калі ў першы я раз абыйшоў гэты край, Вечна жыці прыстаўшы, магілай забыты, Я убачыў тут горад, прыгожы, як рай, Ўвесь зімовымі косамі сонца абліты, Быццам срэбнаю рызай акрыты сьнягамі, З сваёй верай, законам, з сваімі багамі. Пасярэдзіне князевы хорам стаяў І вузорамі дзіўнымі, золатам зьзяў. Званы хваляй нясьліся з высокіх званіц, Нібы краскі у полі ці бліск зараніц — Так гарэлі агнямі апраткі людзёў, Што па вулках да князя йшлі з розных бакоў… І калі я спытаўся, праходзячы там: “Ці ўжо многа гадоў гэтым вулкам, сьцянам?” Адказаў мне адзін з гордым бліскам вачэй: — “Вечна быў ён, наш горад, за ўсё прыгажэй!” Час ішоў, ішлі гады, Я ізноў, прышоў туды. Ўсё прапала… I хорам, званьніцы, равы, Ўсё прапала і толькі лугі ды палі Я убачыў бяз конца, бяз краю ўдалі, Асыпаныя ласкаю косаў-вагнёў, Што нас будуць ласкаць яшчэ сотні гадоў… Лёгкі ветрык да ног пахіляў мне траву, Вочкі сініх званочкаў глядзелі ўгару, Там — стакраткі бялелі густою сьцяной, Гудзеў бас залацістых сярдзітых шмялёў, Там — сінелі бы неба вясной, васількі, Ды круцілісь над краскамі іх матылькі. Захацеў я разьведаць, дзе горад стары, Як даўно у траве ад вячэрняй зары Толькі краскі шапочуць адны між сабой, Заварожаны ночнай таемнай цішой. Сьцеп маўчаў… Толькі ветрык, што твар мне ласкаў, Адлятаючы ўдаль, ледзьве чутна сказаў: – “Як даўно тут няма ні людзей, ні дарог, Як даўно тут палі, — знае вечнасьць, ды бог!” Час ішоў, ішлі гады, Я ізноў, прыйшоў туды… Абярнулісь палі ў цёмны лес векавы, Дзе галінкі нібы-то скляпеньне сплялі, Дзе зялёныя мхі заляглі пеляной, Чырванелі суніцы пад стромкай сасной, Дзе вяршыны дубоў заглядалі ў блакіт, Над стаўком пахілялася вецьце ракіт, Дзе русалкі ўноч косы часалі свае, Дзе пясьняр-салавей вітаў песьняй мяне. Я сказаў шэрым птушкам, прысеўшы на мхі, – “Вы скажэце, даўно тутка бор стаў глухі?” – “Мы ня скажам, зь бярозаў сплылі галасы! Бо за вечнасьць старэйшыя, нашы лясы!” Час ішоў, ішлі гады, Я ізноў, прышоў туды. Срэбра хваляў спакойных, бы люстра лягло, Пакрываючы сосны, і хвойкі, і ўсё. Каля берагу плесьня вяночкам ішла, А далей без канца ўдаль, ушыркі, ўбакі, Шалясьцелі сьцяблы нягустой асакі, Ды блішчэла, іскрылася ў сонцы вада. У прыбярэжных заросьлях, у чоўне старым Рыбака я убачыў з начыньнем сваім. У пляцёнай кашолцы ўжо білісь аб дно Шмат сярэбраных рыбак, — дабыча яго. Падыйшоў я бліжэй і спытаўся: “скажы, Ці даўно ужо возера бачыш тут ты?” Аглядзеўся стары, усьмяхнуўся чагось: — “Яно вечна было, як і сёньнейка ёсь!” Час ішой, ішлі гады, Я ізноў, прыйшоў туды. Замест хваляў ціхіх зь пены белай каймой Я убачыў балоты зь іржавай вадой… Пуста, глуха і нудна… Ні дрэўца ўдалі, То — балоты, вада, то — пяскі ды пяскі… Хмарны дзень мне у вочы маркотна глядзеў, Казкі травам пажоўклым казаці ня сьмеў. Верас ссушаны, — й той свае краскі хаваў, Толькі вецер над мейсцам праклятым стагнаў. Я прыслухаўся к жаласным стогнам яго I пачуў ў іх адказ на пытаньне сваё: – “У гэтым краю балоты, вада ды пяскі Заляглі з утварэньня Прадвечным зямлі!” Час ішоў, ішлі гады, Я ізноў прышоў туды. І спаткаў я на месцы балотаў глухіх Зноў прыгожае места… Шмат вулак крывых Там з шырокімі, сьветлымі сетку плялі, Белых хорамаў цені на хвалі ляглі Ціхаводнай ракі, што празь места плыла, Аб ім славу далёка па сьвеце нясла. Закрычаў я тады: “дзе палі, дзе лясы, Люстра возера, мгла між пяскоў паласы? Дзе усё?” І пачуў я спакойна адказ: — “Горад наш быў і ёсьць, што пытаешся нас?” Хай ідуць вякі, гады, Я ізноў прыду туды…

IV. Настроі й лятуценьні

Увечары

Не ўцячы ад тугі. (Залацістыя сеці ясны вечар накінуў на нівы й лугі.) Затрымаліся, ў вышу ня хочуць ляцеці мае думкі крылатыя, дзеці тугі. Жаль чагосьці, чаго? (Сіняватыя сьцені праз дарогу ляглі, і сьцямнела ў лагох.) Абудзіліся казкі душы — летуценьні, штось шапочуць, і надзяць, і плачуць, чаго? Нешта ў сэрцы расьце… (Па-над срэбрам абпокаў моўчкі ўзьняў маладзік свой заплаканы твар.) Яшчэ момант… і рыне паводкай шырокай мая песьня — натхненьне, жыцьця майго чар!
Поделиться с друзьями: