Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Пад сінім небам

Арсеньева Наталья

Шрифт:

Завець мяне

Завець мяне сіняе неба, Завець мяне вольны прастор, Дзе месяц між хмарак гуляець, Дзе вочы празрыстыя зьзяюць Нясьмелых сярэбраных зор. Завець мяне сьветлае сонца, Я ласкам яго аддаюсь. Хацела-б на сонца глядзець я Гадзіны, гады, і сталецьці, Хачу — ды асьлепнуць баюсь. Ня нам яго, яснае, бачыць, Ня нам яго ласкі пазнаць: Магутным арлом яно сьвеціць I іх толькі ў небе прымеціць, А нам — дык чаго нам жадаць? Для нас ўся зямля зь яе крыўдай I сумныя далі палёў, I песьні жальбы і пакуты, I жыцьця туга і атрута, І шчасьця нядоўгае сноў!

*** Сьветлы дзень дагараець над сумнай зямлёю…

Сьветлы дзень дагарае над сумнай зямлёю… Ліпаў лісьцейка фарбай гарыць залатою, сад пажоўклы цямнее, маўчыць. Каля яблынак сьцені кладуцца густыя, пацямнелі ігрушы й кляны маладыя, зараз ясны заход дагарыць. Аджываюць нячутна жаданьні ў гэты час, час маўклівы зьмярканьня. Я хачу на часінку забыцца аб горы і глядзець, як у рожавым захаду моры сонца косы бярэцца тапіць. Я памерці хачу вось такою парою, хваляй сонца залітая ўся залатою, больш каб слова ня чуць: «Пацярпі!» Аджываюць нячутна жаданьні ў гэты час, час маўклівы зьмярканьня. Я хачу ў гэты момант пазнаць сваю долю, я хачу зьведаць шчасьце, хачу я на волю, ў далі родных, шырокіх палёў! Я хачу, я хачу… Ды няма ў мяне сілы, каб ня думаць аб тым непрыхільным, нямілым, сумным часе апошніх гадоў! Аджываюць нячутна жаданьні ў гэты час, час маўклівы зьмярканьня. Сад маўчыць… Не пяе, як раней, як вясною, аб тым шчасьці, жыло што калісьці са мною, сад маўклівы і цёмны стаіць. Каля яблынак сьцені кладуцца густыя, пацямнелі ігрушы й кляны маладыя, зараз ясны заход дагарыць. Засынаюць нячутна жаданьні ў гэты час, час маўклівы зьмярканьня.

Люблю я сонца залатое

Люблю я сонца залатое, люблю прыгожаю вясной, калі ўсё новае, сьвятое сьмяецца радасна са мной. Люблю нябёс вясьняных ласкі, цалункі цёплых ясных кос, што песьцяць дрэвы без падказкі, што грэюць лісьцейка бяроз. Аджыў наш сад. Да сонца дрэвы галінкі цягнуць, бы ў паўсьне. Направа сіні сьцень, налева — усё ўсьміхаецца вясьне! Цьвіце чарэмха і чарэшня, паненкай яблынька стаіць, зь ёй ветрык песьціцца, і песьня сьвятлу, вясьне ўвушшу зьвініць! Вясна, вясна, дачка лятункаў, нясі ж сьвятло, нясі жыцьцё, нясі атруту пацалункаў, красуй, вясна, кахай усё! Любі, тулі, сагрэй каханьнем, жыцьцё зямлі, жыцьцё людзей! Табе адкажа сад пяяньнем, Дый сэрцу будзе весялей. Цалуй лясы, ідзі гуляці ў палі, ў лясы пагодным днём. Кахай, кахай зямліцу-маці, палі яе, палі агнём!

Вясною

Ізноў вясна… Блакіту зьзяньне, I сонца ласкі, й фарбы раньня, I ветру ў вочы пацалункі, I чар увесь зямлі-пястункі, Што, прабуджаючысь паволі, Яшчэ праз сон сьмяецца ў полі, Сьмяецца ў мглістых пералесках, У сініх зорачках-пралесках, Сьмяецца ў месьце нават чорным, Сьмяецца сьмехам ясным, зорным, — Усё, усё даўно знаёма, Ўсё перажыта мною дома… Але душа дрыжыць, вітае Вясну, што вечна парывае. Вясну, што будзіць сны, жаданьні, Няясны сум — натхненьня раньне, Што нават тутка, у чужыне, Прамень ясьнейшы ў сэрца кіне.

*** Калі у сэрцы сум ціхі ўсплывае…

Калі у сэрцы сум ціхі ўсплывае І хочацца маўчаць, — Здаецца, цішыня душы тады спрыяе, Лагодны сонца бліск, што ў хмарах дагарае, Палі, што сьняць… Калі душа баліць, гарыць і несьвядома К няведамаму йдзе, — Тады ціхая ноч паволі, пакрыёма Зыходзіць на зямлю і зораў міліёны З сабой вядзе… Калі душу сьвятло і радасьць агартаюць I хочацца пяяць, — Ўзыходзіць сонейка і мглы начныя таюць, Правідную расу жыта ў палёх страсаюць I жаўранкі зьвіняць… Калі-ж ня хочацца ні плакаць, ні маліцца, Забыць усё, — Гарачы поўдзень-жар над нівамі кладзецца, Ў бары і у палёх нішто не зварухнецца, Сном робіцца жыцьцё.

Шэпты ночы

Што сумна шэпчуць мне тыя ночы, калі на краскі кладуцца росы, губляе месяц між цемры косы, як быццам срэбрам праліцца хоча… Калі з душою душа гавора аб вечных болях, аб вечных муках і пад цяжарам бязьмерным гора губляе голас у ночных гуках, калі здаецца, вось-вось уцяміш, пазнаеш тайны жыцьця і Бога і пойдзеш новаю дарогай; калі ўжо золак далечы пляміць, а сэрца плача і сьмерць прароча… Што сумна шэпчуць мне тыя ночы?

У сэрцы няма болей песьняў вясьне

Мінулі дзянёчкі той раньняй вясны, Калі яшчэ сьнілісь зімовыя сны, А неба ўжо дыхала ласкай, I пахпа ў паветры нязнанай вясной, І сонца сьмяялась нябеснай вышой, І ўсё нам здавалася казкай… Асталіся толькі жаданьні і сны, Мінулі дзянёчкі той раньняй вясны. Сіней стала неба. Пралескі цьвітуць, У сэрцы і думкі й пытаньні ўстаюць, Настала вясеньняе сьвята, Прыгожае сьвята сапраўднай вясны, Сапраўдныя сьветла-вясеньнія дні, Ды шчасьце кудысьці узята. У сэрцы і думкі й пытаньні ўстаюць, Сіней стала неба… Пралескі цьвітуць. Ясьней стала сонца. Ўсё верыць, жыве, — А ў сэрцы няма болей песьняў вясьне. Нядаўна ў ёй дзіўна парывы расьлі, Хацелася верыць, кудысьці ісьці, Настрой той прапаў, абарваўся… У сэрцы няма болей песьняў вясьне. Ясьней стала неба, ўсё верыць, жыве…

*** Недаверчыва ноч падыходзіць…

Недаверчыва ноч падыходзіць, Штосьці слухае… дух пераводзіць… Цішыня… цішыня… цішыня… Лёгкай мглой абвязаліся вулкі, Гоман места вялікі і гулкі, — Зьнік з апошнімі косамі дня. У небе зоры сьмяюцца празь сьлёзы, I хоць ліпы дрыжаць на марозы, А сьмяюцца чагось і яны… Дык няўжо-ж нас жыцьцё так зваліла, Што ня знойдзем хаценьня і сілы Усьмяхнуцца празь сьлёзы і мы?..

Восень

Хай жаўцее, сьціхае сад з кажнай гадзінай, сонца косы гарачыя ўсюды ня сее, хай гарыць, як агонь, ліст чырвонай асіны, хай апошнія кветкі у садзе жаўцеюць, — будзем чакаць вясны! Хай паўзуць над зямлёю калматыя хмары, хай цямнее рака, хай жыцьцё замірае, не агорнуць нас восені горкія мары, кажны з нас яшчэ сьветлае шчасьце пазнае, — будзем чакаць вясны! Хай у душах надзея на долю канае, зло мінецца, бы летнім дзяньком навальніца, прыйдзе час — сонца ў сініх нябёсах зазьзяе, закрасуе вясновай красою зямліца, — будзем чакаць вясны!

Увечары

Смутак няясны зышоў на душу… Кленчыць, маліцца? Чаго я хачу? Лёгкія хмары плывуць спакваля, мглою чырвоны ўбіраючы шлях… Гукі і гоман нясуцца здалёк, быццам хто гора задзержаць ня ўзмог і закрычэў, застагнаў на ўвесь сьвет… Не, гэта места шуміць так… і сьлед гукі глухія кладуць на душу. Сонца заходзіць… Чаго я хачу? Хочацца любасьці нечай да мукі, хочацца сьціснуць халодныя рукі, хочацца кінуць усё і пайсьці, думкі разьвеяць мне хочацца… ці ўзяць і заплакаць, каб сьцішыць душу. Цемра надходзіць… Чаго ж я хачу? Можа, хачу я таго, што ўжо маю, можа, хачу недасяжнага раю? Не, не зямных я хацела б уцех, радасьцяў дробных празь сьлёзы і сьмех… Я… я б раззорыць хацела душу. Цемра надходзіць… Чаго я хачу?

*** Я ішла… Нада мной разгараўся вузор…

Я ішла… Нада мной разгараўся узор Сьветлых, сумных жамчужынак-зор. I хоць неба паволі рабілась цямней, — Зоркі зьзялі ярчэй і ярчэй… Вось сарвалась адна, паляцела стралой I загасла, зацягнена мглой… I хоць яркай яна, гэта зорка, была, Не прымеціць, што зьнікла яна… Я ішла… Прад вачмі рад таполяў цямнеў I аб нечым таемным шумеў… I хоць слоў я пачуць, зразумець не магла, Іх душа зразумела мая. Раптам вецер шугнуў угары галіны, Чорны цень перабег па зямлі. I хоць вецер той зараз далей паляцеў, Доўга ліст на таполях дрыжэў. Я ішла… Ціхі месяц глядзеў з вышыны, Рассыпаючы ласкі і сны. I хоць прыкра ў той вечар балела душа, Я глядзела у неба і йшла… Ціша, неба і зоры, і сад у паўцьме, — Ўсё вітала ласкава мяне. Й хоць балюча ў той вечар на сэрцы было, Іх таксама вітала яно…
Поделиться с друзьями: