Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Шрифт:

Пытаўся ва ўсіх, каго сустракаў, дзе знайсці Вялікага і Мудрага, але ўсе адказвалі яму аднолькава:

— Не ведаем.

І потым сам усё зразумеў: дзівак, ён жа не там шукае — хіба ж Вялікі і Мудры будзе сядзець на перадавой, дзе сыплюцца на галаву бомбы, а вочы слепяць атамныя ўспышкі? Канечне ж, ён знаходзіцца не тут, а недзе далёка-далёка, у глыбокім тыле, дзе не чуваць выбухаў і нішто, апрача сонца, не слепіць вочы.

У глыбокі тыл яго вывезлі на ваенным верталёце.

Ляцелі доўга, пакуль не завіслі над нейкім лугам. Суправаджальнік няпэўна махнуў рукою: «Недзе там. Шукайце!», спусціў вераўчаны трап, па якім ён і злез на траву.

Калі верталёт, падняўшы трап, паляцеў, той, хто шукаў Правадыра, не сыходзячы з месца, агледзеўся.

Справа была рэчка, наперадзе, на колькі брала вока, зелянеў луг, а злева шумеў крыху змрачнаваты лес. Паколькі нідзе не было відаць ніякіх пабудоў, ён, крыху пастаяўшы, паволі пайшоў у бок лесу — мусіць, і праўда, пошукі лепш за ўсё трэба пачынаць з лесу: якраз там, каб схавацца, мог выбраць сабе месца пад жытло Вялікі і Мудры.

І ён не памыліўся. Яшчэ здалёку ўбачыў высокі плот, якім быў абгароджаны ўвесь лес, а падышоўшы бліжэй, разгледзеў і калючы дрот, які ішоў паўзверх дошак.

Знайшоў дзверы ў плоце і вельмі доўга грукаў у іх. Але, на жаль, ніхто не адклікаўся яму, не падаваў голасу. Не было чуваць ніякага гуку, ніякага шолаху, і яму ўжо здалося, што ўвесь гэты вялікі, акальцаваны плотам лес мёртвы.

Аднак праз нейкі час з таго боку, за дзвярыма усё ж пачуліся крокі, і веснічкі адчыніў нейкі заспаны, няголены і непрычасаны чалавек. У прачыненыя дзверы ён убачыў у глыбіні лесу вялікі белакаменны шыкоўны палац, які вельмі ж хораша ўпісваўся ў зеляніну дрэў і травы, і спытаўся:

— Ці магу я пабачыць Вялікага і Мудрага?

— Яго тут няма, — адказаў Заспаны.

Яму ж здавалася, што яго падманваюць, — якраз тут і павінен быў бы схавацца Правадыр — у гэтым лесе, у гэтым палацы.

— А вунь тая святліца не яго?

— Не, не яго.

— І лес не яго? І плот не яго?

— Не яго. Наш Вялікі і Мудры нікога не баіцца і ні ад кога не хаваецца. Ён жыве на адкрытай прасторы, яму не патрэбны парканы і калючы дрот — ён ненавідзіць агароджу.

— А тут хто жыве?

— Тут жывуць тыя, што ўсяго баяцца і ад усяго хаваюцца.

Ён паверыў чамусьці ў словы Заспанага — той, здаецца, не маніў. Спытаўся:

— А дзе мне шукаць Правадыра?

Заспаны вельмі ўважліва, прыдзірліва, неяк пільна і ўчэпіста паглядзеў на яго і, быццам бы ўжо даверліва, адказаў:

— Недзе там шукайце.

І зноў жа невыразна махнуў рукою ў бок лугу і паўтарыў:

— Недзе там…

І адразу зачыніў дзверы.

Толькі цяпер у глыбіні ляску вякнуў сабака — дзіўна, чаму той маўчаў, не азываўся, калі ён малаціў кулакамі ў дзверы і размаўляў з Заспаным?

З гэтаю невыразнаю і непатрэбнаю думкаю ён, угнуўшы, унурыўшы галаву, ішоў па вялікім і, здаецца, несхадзімым лузе. Ніякіх арыенціраў на ім не было, пабудоў — таксама, луг быў чысты і бязмежны, і таму спадзявацца тут на сустрэчу з Правадыром не даводзілася.

А ён ужо нават падрыхтаваўся да высокай, інтэлектуальнай размовы з Вялікім і Мудрым і ўжо ўяўляў, як у белакаменным палацы яны сядуць дзе-небудзь ля каміна і будуць доўга гаварыць пра тое, што адбываецца ў іхнім Сузор'і, і чамусьці верыў, што пераканае Могуча і нешта зменіць.

Задумаўшыся, ён спачатку і не зразумеў, што гэта з ім хтосьці размаўляе. Але ўсё ж спыніўся, агледзеўся — не, здаецца, нікога нідзе не відно. І тады той, хто гаварыў да яго, зноў спытаўся:

— Ты шукаеш мяне?

Чалавек яшчэ раз пільна азірнуўся навокал, але і на гэты раз нікога не ўбачыў.

— Я шукаю Вялікага і Мудрага, — адказаў ён і дадаў: — Таго, хто кіруе нашым Сузор'ем.

— Я і ёсць Вялікі і Мудры, — з гонарам адказаў нехта. — Я кірую ўсімі Сузор'ямі.

— А дзе ты? — гледзячы сабе пад ногі, спытаўся чалавек.

— Ты на мяне глядзіш.

Чалавек уважлівей прыгледзеўся да травы пад нагамі і тады на крыху палыселым, нібы аб'едзеным авечкамі, грудочку ўбачыў чарвяка.

— Ты — чарвяк?! — уражаны, здзівіўся чалавек і не ўтрымаўся, зарагатаў: — Ты — чарвяк!

— Я — Вялікі і Мудры Правадыр! — яшчэ з большым гонарам, нават неяк фанабэрыста адказаў Чарвяк.

Чарвяк! Дык вось хто кіруе ўсімі войнамі ў Сузор'ях! Дык вось хто забівае суродзічаў, разбурае гарады, сутыкае мацерыкі і планеты! Чарвяк! Самы звычайны чарвяк! Пачакай, а які ж ён звычайны? Такі маленькі… Ды гэта ж абрубак, уцінак! Так і ёсць, абсяканец! Хутчэй за ўсё нехта лапатаю перасек яго напалам. Чарвяк! Кавалак чарвяка! Сляпы, пачварны вырадак!

Чалавек, хуценька нагнуўшыся, хацеў схапіць чарвяка за хвост, але той паспеў ужо ўтачыцца ў зямлю. Чалавек пачаў разграбаць, шырыць дзірачку, аднак гэта была марная праца: чарвяк пайшоў у глыбіню і невядома ў які бок.

Аднекуль з глыбіні, нібы з якога чэрава, пачуўся здзеклівы, пераможны рогат.

— Каго ты хочаш перамагчы? — пацяшаўся з зямлі чарвяк. — Ка-го-о-о?!

Той жа час здрыганулася зямля — мусіць, ад недалёкага атамнага выбуху. Вайна набліжалася і сюды — чарвяк, пэўна, помсціў камусьці і за гэтую сустрэчу з нармальным чалавекам.

Атамная бомба ў любую хвіліну магла разарвацца і над непрыкметным, нібы аб'едзеным авечкамі, грудком зямлі. Над якім стаяў чалавек і ў які схаваўся чарвяк.

Сад

Кожную раніцу ён прыходзіў сюды з лапатаю. Але брацца за працу не спяшаўся. Уторкваў лапату ў зямлю, садзіўся каля яе на камень, даставаў кісет з табакаю, крэсіва, скручваў цыгарку, прыкурваў яе і, пра нешта думаючы, доўга і зацята курыў — ці то яму адразу не хацелася пачынаць працу, ці то наадварот хацелася аднаму даўжэй пасядзець на камені. Цыгарка колькі разоў тухла, ён, цмокаючы губамі, раскурваў яе наноў, і ўсё сядзеў, курыў, думаў. А можа, і ўвогуле нічога не думаў — проста радаваўся асалодзе вось так сядзець, курыць і маўчаць.

Потым падымаўся, не спяшаючыся здымаў пінжак, акуратна клаў яго, выбраўшы чысцейшае месца, на камень, павольна закасваў рукавы ў сарочцы, падкасваў калашынне штаноў, даставаў з зямлі лапату, прыдзірліва глядзеў на бліскучае, высліжанае аб дзірван лязо, праводзіў па ім пальцам і, пераканаўшыся, што яно вострае, што лапата добра наточана, ціха, павольна ішоў у сад. Там ён таксама доўга, заклапочана выбіраў месца і нарэшце пачынаў капаць.

Капаў ён старанна і рупліва.

Калі яма была гатовая, ён мераў цаўём яе глыбіню, раўняў беражкі і зноў закурваў. Затым браў лапату падпаху і нетаропка ішоў у бліжэйшы лес. Там ён затрымліваўся надоўга, а калі выходзіў з лесу, на плячы ў яго ўжо ляжала прыгожая купчастая яблынька з вельмі густым, жыццядайным карэннем, — ён зноў жа спакваля, рупліва выбіраў яе сярод лясных красунь.

Поделиться с друзьями: