Падары нам дрэва
Шрифт:
І раптам ён у штосьці ўпёрся галавою: труба з таго боку ўжо была нечым заткнутая! Памацаў рукамі, натрапіў на нешта круглае, абмацаў яго з усіх бакоў, затым пальцы намацалі нібыта вуха… Яму нават здалося, што перад ім звычайная чалавечая галава! Паспрабаваў піхаць яе даланёю, яна спружыніла, але не пасоўвалася ні на грам.
Тады ён пачаў шукаць плечы — калі ёсць галава, павінны ж быць і плечы — і неўзабаве знайшоў іх. Упёрся абедзвюма рукамі, але скрануць з месца таго, каму належалі гэтая галава і гэтыя плечы, і цяпер не змог: сам ад'язджаў па трубе назад, бо там, дзе ён прапоўз, было крыху шырэй.
Але куды і навошта ён піхае тое, чым забіта труба, што замінае яму паўзці далей?!
Ну добра, скране ён гэтае заткала. А далей што? А калі і другая труба да выхада звужаецца? Гэты корак заб'е зусім выхад, і тады, як кажуць, стойце, прыехалі: ні наперад, ні назад, бо туды, адкуль прыпоўз, вяртацца няма сэнсу, а наперадзе яго таксама нічога не чакае — з чалавекам жа, тым больш з мёртвым, у вузкай трубе не размінешся. Ды і зноў жа няма надзеі, што труба на выхадзе не заварана…
І ўсё ж у яго няма іншага выйсця, як толькі піхаць гэтае заткала, што нечакана з'явілася на яго шляху. Хто заткнуў ім трубу?
Уперціся не было ў што, і таму ногі саслізгвалі ўсё часцей і часцей. Пакутаваў ён вельмі доўга, аж пакуль заткала, здаецца, ледзь-ледзь скранулася. Ён прыціх, ляжаў і не варушыўся — не верыў і сам, што яму ўдалося скрануць яго з месца.
І правільна рабіў, што не верыў: у трубе нічога не скранулася з месца, а галава чалавека хутчэй за ўсё змяла шыю і ўціснулася ў плечы — чалавек, канечне ж, нежывы, і яго шыя зусім не трымае галавы.
Гэтая думка па-новаму яшчэ болей зачапіла яго, ад яе ён увесь сцяўся, скалануўся: ён запаяны ў адной трубе з мерцвяком! І гэты мярцвяк, упёршыся з ім галава ў галаву, не дае яму выйсці адсюль, робіць усё, каб і ён неўзабаве ператварыўся ў мерцвяка.
Госць моцна ўчапіўся ў плечы мерцвяка і раз'юшана, са злосцю пачаў круціць яго, нібы вывінчваючы з трубы. Рабіў гэта так доўга, упарта, зацята, што і сам не заўважыў, калі той скрануўся. А як убачыў, што мярцвяк пасунуўся, што ў трубе папрасторнела, узрадаваўся, як малое дзіця: труба ж, на шчасце, да выхада не звужаецца, а расшыраецца!
Цяпер ужо ён паспешліва піхаў перад сабою мерцвяка, лягчэй поўз да выхада і сам. Яшчэ болей павесялеў, калі ўбачыў, што ў зазоры паміж трупам і сценкамі трубы пасвятлела, — значыць, выхад з трубы, канечне ж, не завараны!
Гэта дало чалавеку, які ўжо збіраўся і паміраць у гэтай жалезнай труне, столькі сілы, што ён у адно імгненне дапхнуў мерцвяка да выхада, выштурхнуў яго з трубы і хуценька выпаўз сам.
Падымацца не спяшаўся: ляжаў у бур'яне і радаваўся волі.
Ён яшчэ не бачыў, што яго сустракаюць, што тут сабралася дужа многа людзей, і спалохана падхапіўся толькі тады, калі зусім непадалёк ад яго грымнуў аркестр.
Госць пакуль не ведаў, што ў гэтай краіне вось так, праз трубу, выбіраюць сабе кіраўніка дзяржавы, а таму стаяў, лыпаў вачыма і, нічога не разумеючы, углядаўся ў святочна апрануты натоўп, які з вялікаю ўвагаю і павагаю пазіраў на яго.
Да госця, стомленага, запыленага, бруднага — ён жа выцер сабою аж дзве такія даўгія трубы! — падышоў нехта з тутэйшых, пакланіўся яму і сказаў:
— Мы горача віншуем вас, наш шаноўны прэзідэнт! І надзеў яму на галаву карону.
Побач беражліва, таксама з пашанаю клалі на насілкі мерцвяка, якога ён толькі што выштурхнуў з трубы.
— А гэта хто? — спытаўся Прэзідэнт.
— Ён па другой трубе поўз вам насустрач, — невыразна адказаў тутэйшы.
— Навошта?
— Таксама, як і вы, хацеў стаць прэзідэнтам…
— Ніякім прэзідэнтам станавіцца я не хацеў! — раззлаваўся Прэзідэнт. — Я проста…
— Кіньце вы! — перапыніў яго тутэйшы. — Каб не хацелі, у трубу б не палезлі… Адным словам, мы віншуем вас з перамогаю на нашых прэзідэнцкіх выбарах!
І тут падышоў народ і пачаў шчыра віншаваць свайго новага Прэзідэнта.
Вялікі і Мудры
У свеце ішла самая жорсткая, самая крывавая, самая страшная вайна. Брат забіваў брата, суродзіч — суродзіча. Краіна ваявала краіну, мацярык знішчаў мацярык, планета пляжыла планету. Усюды валяліся забітыя, ніхто не прыбіраў іх, нікому яны не трэба былі, а ваўкі і шакалы, гэтыя міжвольныя санітары, не спраўляліся ачышчаць ад іх палі — драпежнікі, рассыцелыя на трупах, хадзілі не хаваючыся, нікога не баючыся, а з клыкоў іх тырчала чалавечына, а іхнія хіжыя морды ўвесь час былі ў цёплай чалавечай крыві.
Ад бамбёжак і артылерыйскіх абстрэлаў асядалі друзам прыгожыя дамы і цэлыя гарады, на вачах у знямелых людзей ператвараліся ў руіны жытло, масты, палацы, храмы, сады.
Дыхаць не было чым — паветра загусцела, у ім намножылася, сабралася больш дыму, гару, копаці, пораху, чым паветра.
Усе ваявалі супраць усіх, і ўсё змагалася супраць усяго.
А людзі ўсюды жылі харошыя. Прыгожыя, моцныя, разумныя. Яны былі працавітыя і зычлівыя, дружныя і спагадлівыя.
Хто ж раз'яднаў іх, хто абудзіў такую зацятую злосць і нянавісць адно да аднаго? Хто іх усіх, добрых і шчырых, перасварыў і завязаў у гэтай загубнай вайне, у гэтай разніцы, якая, усе ведаюць, ніколі не кончыцца і ў якой не будзе пераможцаў?
Няўжо яны не бачаць, што той, хто ўсё гэта робіць, злы і нядобры, подлы і каварны?!
Але пра Яго ўсе гаварылі з найвялікшым хваляваннем, з пашанотаю і павагаю. Адны называлі яго Вялікім і Мудрым Правадыром, другія — Асілкам, Волатам, Могучам, а трэція проста падымалі палец угору, быццам Правадыр, дырыжор усяго гэтага, як бог, жыве на небе, і, нібы ведаючы нейкую таямніцу, казалі ўзрушана:
— Ён!
Яму ж карцела абавязкова ўбачыцца з Вялікім і Мудрым. Ён быў нармальны чалавек, разумеў усё, што вакол адбываецца, і хацеў сустрэцца з Правадыром, а калі ўдасца — дык і пагаварыць з ім. Няўжо ён сляпы? Не бачыць нічога, што робіць?
Але ўсе, з кім ён гаварыў, у каго хацеў дапытацца, дзе можна знайсці Вялікага і Мудрага, адмахваліся ад яго, як ад назойлівай мухі, і, ці то зараджаючы гармату, ці то залазячы ў танк, ці то падчэпліваючы пад крыло самалёта ракету, на хаду, паспешліва кідалі яму:
— Што вы! Гэта немагчыма!
Вялікі і Мудры жыў недзе далёка, ніхто не ведаў, дзе пэўна, але ўсе ведалі, што ён ёсць, сочыць за ўсім і кіруе ўсім.
Ніхто ніколі не бачыў Правадыра, аднак усе верылі, што ён разумны і справядлівы, ва ўсім добра разбіраецца і хоча ўсім людзям толькі дабра. «Зла!» — хацелася крыкнуць яму ў адказ, але ён стрымліваўся, бо ведаў, што яго не зразумеюць: людзі ганарыліся сваім Правадыром!
Ніхто не хацеў яму памагаць, паказваць дарогу. Усе толькі паблажліва ўсміхаліся, гаварылі:
— Марны клопат. Вы не знойдзеце яго. Правадыр нікому не паказваецца, бо, як бог, недасягальны. І ніхто не ведае, зямля ці неба яго жытло.
І ўсё ж ён вырашыў знайсці Могуча: калі ёсць Правадыр, павінна ж быць у яго і нейкая хата…
Бомбы сыпаліся як не на самую галаву яму, а ён ішоў.
Снарады разрываліся то справа, то злева, а ён ішоў.
Атамныя выбухі скаланалі зямлю не так ужо і далёка, яркія сполахі сляпілі вочы, а ён ішоў.