Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Паміж "А" і "Б"

Машков Владимир Георгиевич

Шрифт:

Усе пераменкі я хадзіў задумлівы і горда трымаў ношу сваёй славы, пакуль не наляцеў на Іру.

Я ветліва пакланіўся ёй.

— Як маецеся, графіня?

Але ў Іры не было настрою жартаваць.

— Чаму ты не сказаў нікому, што я і іншыя таварышы з нашага класа цябе дапамагалі?

— Ці не ўсё роўна, — прымірэнча сказаў я. — Усе дапамагалі. Ты, канешне, больш за ўсіх.

– І яшчэ, як ты размаўляў з маёй мамай? — гнеўна сказала Іра. Яе вочы выкідалі маланкі.

— Нармальна размаўляў, а што?

— Нармальна? — Іра ўся булькатала. — Дык вось, больш я з табой не размаўляю і не займаюся. Усё. Досыць з мяне. — Яна рэзка павярнулася і зацокала абцасікамі ў свой клас.

Я панура глядзеў ёй услед. Вось дзяўчаткі, думаў я, шкодныя істоты. Калі ў цябе добры настрой, яны яго абавязкова сапсуюць. Не могуць без гэтага жыць.

Ну і што, калі я не сказаў нікому, што двойкі я выправіў дзякуючы Іры? Сам жа я добра гэта ведаю. Ах, малайчына, перавыхавала хулігана Карабухіна”.

Змрочны, я ішоў дамоў разам з Сёмкам.

— Дык што мы зробім з плотам? — спытаў я ў майго сябра.

— Можа, не варта, Валерка? — жаласна сказаў Сёмка. — Як яны ўсе працавалі! І дзядзька Кузьма, і…

— Але ў сярэдзіне дваццатага века.

— Ясна, — уздыхнуў Сёмка. — Але толькі я нічога не прыдумаў.

Моўчкі мы дацягнуліся да нашага дома. І тут я скеміў, што трэба рабіць.

— Сёма, бачыш?

Я паказаў на экскаватар, што працаваў адразу за нашым плотам. Там на пустцы капалі катлаван для новага дома.

І зямлю экскаватаршчык звальваў у розныя бакі. Плот яму моцна перашкаджаў.

— Ну і што? — спытаў Сёмка.

— Зараз усё зразумееш.

Мы пералезлі цераз плот і сталі перад экскаватаршчыкам. Ён якраз выключыў сваб машыну і корпаўся ў маторы.

— Вось, мусіць, даміна будзе, — зацягнуў я і падштурхнуў Сёмку.

— Паверхаў пятнаццаць, а можа, і больш, — даўжаў за мной Сёмка. Ён быў выдатны хлопец, мой сябар, і ўсё разумеў з паўслова.

— Чалавеку трэба капаць катлаван, а тут плот замінае, — працягваў я, хітра пазіраючы на экскаватаршчыка.

— Зямлю няма куды дзяваць, — падтрымаў мяне Сёмка.

— Зусім няма куды, — уступіў у размову экскаватаршчык. Ён быў вельмі высокі, як і яго машына. — Круцішся, быццам у малагабарытнай кватэры.

— Мы толькі што былі ў дамкоме, — зманіў я, сумленна пазіраючы парню ў вочы. — Дамком сказала, хай руйнуе плот, калі іншага выйсця няма.

— Ну няма ж выйсця, — развёў рукамі экскаватаршчык. — Вы ж самі бачыце.

Мы кіўнулі.

— Ну, дзякуй, хлопцы, — белазубая ўсмешка заззяла на твары экскаватаршчыка. — Цяпер і норму выцягну.

Ён улез у машыну, а мы адправіліся на паддашак. Па лесвіцы мы выбеглі стрымгалоў і прыпалі да акна.

Экскаватар урачыста нёс коўш, набіты зямлёй і нейкімі жалязякамі. Вось ён замёр проста над плотам. Коўш раскрыў сваю пашчу, і забор застагнаў пад ударамі зямлі і камянёў. Але выстаяў. Пасля другога заходу ён пакасіўся. Трэці і чацвёрты каўшы яго дабілі.

Пакуль гэта ўбачылі жыльцы, пакуль яны паведамілі Ірынай маме, большая частка плота была паламана і засыпана зямлёй.

Мы назіралі з акна, як на беднага экскаватаршчыка наляцелі Ірына мама ды іншыя жанчыны, як ён ім намагаўся нешта тлумачыць і, напэўна, усё зваліў на нас. Таму што жанчыны сталі азірацца па баках — яны яўна некага шукалі.

— Спектакль скончаны, — сказаў я. — Цяпер трэба падумаць, як выкруціцца.

Ірына мама, канешне, здагадалася, што гэта наша з Сёмкам штукарства. І мы чакалі ладнага прачуханца. Але пярун не ляснуў. Напэўна, таму, што назаўтра ў нашым доме будавалі новы плот. Яго будавалі ўжо не жыльцы, а рабочыя. І ўзняўся ён амаль пасярэдзіне нашага двара, значна бліжэй да дома, чым ранейшы. Малады інжынер, што прывёў рабочых, сказаў, што гэты плот часовы, пакуль новы дом пабудуюць, а потым яго зруйнуюць і пасадзяць тут кветкі і дрэвы.

— А платы, грамадзяне, — састарэлая справа, — сказаў малады інжынер.

Разам з раочымі ахвотна завіхаўся і дзядзька Кузьма.

Ён пакрыквыаў нават, калі што не так было. Яго слухалі ўважліва і не пярэчылі яму.

Усе былі задаволены.

Мы з Сёмкам — таму што стары плот быў разбураны.

Дзядзька Кузьма — таму што зноў знайшоў працу для сваіх умелых рук.

Ірына мама — таму што які-ніякі, але плот стаіць. “Калі плот у двары, адразу ўтульней робіцца”, -казала яна.

Жыльцы таксама былі задаволены. Таму, што не трэба было зноў узводзіць плот, — яны і так стаміліся.

Толькі Іра хадзіла надзьмутая, яна злаваоася на мяне.

Я чалавек незлапомны, і мне ўжо хацелася як-небудзь памірыцца з Ірай. але пакуль нічога не атрымоўвалася.

Паміж “А” і “Б”

Як памірыцца з Ірай? Ад гэтай простай думкі мая галава проста расколвалася. Але тут адбылося нешта такое, што я забыўся пра нашу сварку.

На адной пераменцы Віцька Мелюх увайшоў у клас з надта ўжо кіслай фізіяноміяй. Віцька быў наогул мямля і ледзьве рухаўся. Я проста дзівіўся, за што яго абралі старшынёй рады атрада? Хіба можна яго параўноўваць з нашай Галкай? Галка — агонь, а Віцька — гэта суцэльная недарэчнасць. Але таварышы мне сказалі, што класная за яго. Ён ёй вельмі даспадобы — ціхі, спакойны і добра вучыцца.

Дык вось, Віцька, ледзь перастаўляючы доўгія ногі, увайшоў у клас і сеў за парту.

— Сябры, — жаласна працягнуў ён, — нам зноў не пашанцавала. І ўсё з-за Карабухіна.

— Што такое? — крыкнуў я.

— 6 “А” пратэстуе, быццам нам няправільна далі першае месца. Карабухін, маўляў, ужо паспеў усе двойкі ў нас выправіць, а вы паквапіліся на гатовенькае, — перадражніў Віцька Галку і яшчэ ніжэй апусціў галаву: — Не, сябры, не відаць нам першага месца. Ведаеце, якія ў 6 “А” гарлапаны. Адна Наважылава чаго вартая.

Таварышы абамлелі. Такога крутога павароту ніхто не чакаў. А здавалася, першае месца ў нас у кішэні разам з паездкай у Белавежскую пушчу.

Усе паглчдзелі на мяне як на пракажонага. І ніхто нават не захацеў успамінаць, што гэта я прывёў старога-чапаеўца, што з-за мяне прызначылі адзінаццаціметровы.

Поделиться с друзьями: