Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Паміж "А" і "Б"

Машков Владимир Георгиевич

Шрифт:

А што было б далей, я не паспеў сачыніць, таму што мне крыкнуў Барыс Міхайлавіч:

— Не адставай, Валерый! А то заблукаеш!

…Другі дзень мы прабіраліся па лесе, вылезалі на халмы, звяралі напрамак па компасе і зноў ішлі наперад.

Пачалі мы досыць бадзёра. Настрой ва ўсіх быў, як пасля шостага ўрока, — выдатны. З першых крокаў мы заспявалі. Ведаеце, вось гэтую песню — “Глобус крутится, вертится, словно шар голубой”. Добрая песенька. Я нічога супраць яе не маю. Але калі за плячыма рукзак, а ў ім спальны мяшок, кансервавыя бляшанкі, булкі, хлеб і яшчэ дзесятак розных штуковін, не надта і спяваецца. І хутка таварышы змоўклі.

На другім прывале высветлілася, што Мішка Зайцаў нацёр нагу. Барыс Міхайлавіч сказаў нам узяць у паход стары разношаны абутак. А даўганогі Мішка абуў старыя чаравікі, якія ён насіў, мусіць, гадоў пяць таму. І вось вам вынік: на Мішкавых пятках раздзьмуліся белыя вадзяныя мазалі.

— Ну што ж, — уздыхнуў Барыс Міхайлавіч, — далей ісці нельга. — Ён стаў разглядаць схему маршруту. — Мы зусім недалёка ад ракі, Пціч называецца. — Барыс Міхайлавіч абярнуўся да Мішкі: — Пару кіламетраў пройдзеш?

— Угу, — скрывіўся Мішка.

Пры дапамозе Толькі Дашкевіча ён сяк-так дакічыльгаў да ракі.

На высокім беразе Пцічы, пад залатаствольнымі хвоямі, мы разбілі палатачны лагер. Збегалі скупнуліся, вада была цудоўная і не хацелася вылазіць, але Барыс Міхайлавіч па адным усіх выцягнуў на бераг.

— Прастудзіцеся, чэрці, і не дойдзеце да Белага возера, — шумеў ён.

Адной з умоў спаборніцтваў было — усім прыйсці да возера. Хварэць не дазвалялася.

Увечары доўга не разгаралася вогнішча. Раніцай прайшоў дожджык, і хвораст яшчэ не паспеў высахнуць. Ужл цэлая гара паламаных запалак і два раздзёртых карабкі валяліся каля нашых узмакрэлых дзяжурных. Раптам адзін з іх, Дзімка Чаховіч, звярнуўся да мяне:

— Ты, здаецца, абяцаў адной сярнічкай запаліць вогнішча?

— Лёгка, — сказаў я і ўзяў працягнуты мне карабок. — Увобмірг.

Я пайшоў у лес і пад дрэвамі назбіраў сухіх галінак. Ля вогнішча я разламаў іх на невялікія кавалкі, склаў горкай. Уніз падсунуў звернутую сняжком паперу.

Таварышы, гучна пакашлівая і перашэптваючыся, сачылі за маімі маніпуляцыямі.

Я нікога не заўважаў. Я ведаў, галоўнае — уявіць сабе, што вакол нікога няма і я адзін. Інакш нічога не выйдзе. Усё атрымліваецца як быццам выпадкова, а калі ты хочаш зрабіць знарок, то ў цябе выйдзе лухта несусветная.

Я чыркнуў сярнічкай аб карабок. Параўда ж, у мяне не трэслася рука, калі я падносіў запалку да вогнішча. Але вогнішча не загарэлася.

Таварышы зарагаталі.

— Ну і хвалько ты, Карабухін. — Гэта голас Віцькі Мелюха.

— Хлусіць, як Мюнхгаўзен, — часова забыўся на мазалі і вырашыў папрактыкавацца ў дасціпнасці Мішка Зайцаў.

Я запаліў другую сярнічку. Папера трохі патлела, але вогнішча не запалілася.

Я ўжо не заўважаў граду насмешак, што сыпаўся на мяне. Я запаліў трэцюю сярнічку, і тут з’явіўся маленькі язычок полымя. Гэта вогнішча паказвала мне язык: “А вось не загаруся”. “Запаліся, запалай, затрашчы, — прасіў я вогнішча, — што табе, цяжка? Я хачу ўцерці нос гэтым дармаедам”.

І ён мяне зразумеў, маленькі і вясёлы язычок полымя. Ён паклікаў на дапамогу яшчэ адзін язычок, потым другі, трэці… І хутка вогнішча запалала, як у казцы.

Жартачкі, нібы апаленыя полымем, сцішыліся. Таварышы нешта старанна мыкалі. Дзяўчаткі паставілі на вогнішча вядро з супам і сказалі:

— Малайчына, Валерый! А вы, героі, нават вогнішча запаліць не змаглі.

Я прыўзняўся:

— Тут нядаўна нехта гаварыў яркія прамовы. А я вам скажу проста — такімі тэмпамі мы да Белага возера месяц будзем ісці. І першага месца нам не відаць. Хіба што ў сне, з зажмуранымі вочкамі.

— Гэта ты хочаш першае месца нашаму класу? — сказаў Мішка. — Ды ты ж падыгрываеш сваім сябрам з 6 “А”.

— Вельмі цікава, — нягледзячы на ўсё, я ўсміхаўся. — Значыць, гэта я, як апошні боўдзіла, абуў чаравікі пяцігадовай дпаўнасці і нацёр пухіры, пра якія толькі марыць можна? Значыць, гэта я не ўмею запаліць вогнішча і цягну час абеду?

Усчаўся страшэнны лямант. Умяшаўся ў размову Барыс Міхайлавіч. Ён сказаў, што мы дрэнна падрыхтаваліся да паходу і трэба нешта тэрмінова прыдумаць, таму што нацерла ногі яшчэ і Эма Гусак.

Увечары нас чакала новая навала. Наляцела машкара. І нейкая шкодная вельмі машкара. Кусалася так, што мы ўсе скакалі ля вогнішча і ўскрыквалі. Ну, акурат як чырванаскурыя індзейцы, толькі без убораў з пер’я на галовах.

Так сказаў пра нас Барыс Міхайлавіч, а тады некуды знік. Ён вярнуўся праз пяць хвілін з вялізным букетам рамонкаў. Барыс Міхайлавіч стаў раздаваць дзяўчаткам кветкі. Яны чырванелі і гаварылі какетлівымі галаскамі:

— Дзякуй, Барыс Міхайлавіч!

— Ой, дзякуй, Барыс Міхайлавіч!

Калі букет растаў у руках важатага, ён сказаў:

— Цяпер хай хлопцы дакажуць, што яны сапраўдныя рыцары. Тут за хмызняком лугавіна, на ёй поўна рамонкаў.

Мы хмурыліся і адварочваліся ад Барыса Міхайлавіча.

— А гэтая брыдота, як агню, баіцца рамонкаў. Кідайце іх, дзяўчаткі, у вогнішча, — скамандаваў Барыс Міхайлавіч.

Машкары адразу паменела. З віскатам і крыкам мы кінуліся па рамонкі. Нарвалі столькі, што ледзь не затушылі вогнішча.

— Гэй, асцярожней! — закрычаў Барыс Міхайлавіч.

Машкара спалохалася нашых рамонкаў і ўцякла да іншых турыстаў. Малайчына Барыс Міхайлавіч. Усё ведае!

Мы сядзелі ля вогнішча і спявалі песню. Вы яе, канешне, ведаеце: “Глобус крутится, вертится, словно шар голубой». Яе добра спяваць ля вогнішча. Але ніяке яна не атрымліваецца, калі тупаеш з рукзакамі за плячыма, — дыхання нестае.

Адзін у лесе не воін

Вы прачыналіся на досвітку ў лесе? Праўда, гэта здорава! Высунеш галаву з палаткі, і адразу пачынаецца такое, што ты ніколі не бачыў і не ўбачыў бы нізашто ў жыцці, каб не пайшоў у паход.

Усе яшчэ спяць. Калі я вылажу з палаткі, раптам ускрыквае і падымаецца Мішка Зайцаў. Ён хапаецца за нагу — мабыць, я наступіў на яго любімы мазоль. Я шапчу Мішку: “Ціха”. Ён тарашчыць вочы. Я яму яшчэ раз: “Ціха”.

І Мішка, нібы загіпнатызаваны, падае і засынае.

Я рушу па лесе. Спярша іду павольна. У лесе ціха. Хвоі дрэмлюць, бярозкі пасопваюць. І раптам я пачынаю бегчы, быццам мяне нехта падштурхнуў у спіну. Я нясуся як апантаны, пераскокваю праз пянькі, падбягаю да адной хвоі, караскаюся на яе, а затым спаўзаю ды імгненна ўзлятаю на іншую хвою.

Поделиться с друзьями: