Паміж "А" і "Б"
Шрифт:
Нарэшце, знясілены, я куляюся на траву і ляжу некалькі хвілін, раскінуўшы рукі, і гляджу на неба. І ў мяне такое пачуццё, быццам я абдымаю ўвесь свет, і что бы ні здарылася зараз, я ўсё зраблю.
Я прыўзнімаюся і бачу, як зусім побач, дзесятку крокаў, віецца дымок.
“Можа, паляўнічыя вогнішча распалілі і зайца смажаць, — думаю я. — Трэба падысці паглядзець, — рашаю я. — А то ўсё ідзеш, ідзеш, а самае цікавае прапускаеш”.
Я выбягаю на палянку і ахаю — пажар! Лес гарыць!
Некалькі секунд я стаю ў здранцвенні і не ведаю, што рабіць.
Потым кідаюся на зямлю і пачынаю рваць мох і кідаць у агонь, топчучы полымя кедамі. Пажар не сціхае.
“Трэба скакаць у канаву, каб агонь далей не перакінуўся, — думаю. — А чым рыць? Трэба прыдумаць. Не бегчы ж за таварышамі. Абыдуся без іх. Пратруць вочкі, а я ім: “Я пажар пагасіў. Выратаваў ад гібелі зялёнага сябра”. Яны знячэвяцца: “Дзе?” Могуць не паверыць. Тады я ім пакіну кавалачак пажару, каб пераканаліся”.
І тут, не ведаю чаму, мае ногі самі паварочваюць да палатак. Назад я лячу яшчэ хутчэй. У мяне ў галавен мільгае: “Сюды б суддзю з секундамерам, пэўна б зарэгістраваў чарговы сусветны рэкорд”.
Канешне, нашы яшчэ не прачнуліся.
Я катурхаю Барыса Міхайлавіча і крычу яму ў вуха: “Пажар!”, буджу дзяўчатак, што вішчаць ад страху, выцягваю за ногі з палатак хлопцаў.
“Пажар!” — крычу я. — Лес гарыць! За мной!
І, не спыніўшыся ні на секунду, бягу тыду, дзе палае лес. Я не абарочваюся, але адчуваю, што за мной нясуцца таварышы. Мяне даганяе і бяжыць побач Барыс Міхайлавіч. На хаду мы перакідваемся з ім кароткімі фразамі. Вось так прыблізна:
Барыс Міхайлавіч: — Далёка яшчэ?
Я: — Хутка.
Барыс Міхайлавіч: — Вялікі?
Я: — Здаравенны.
Барыс Міхайлавіч: — Ты малайчына.
Я: — Ага.
Барыс Міхайлавіч: — Ты — герой!
Я раблю выгляд, што не расчуў.
Я вельмі люблю агонь. Люблю неадрыўна глядзець, як трашчыць у печы паленне. А што можа быць цудоўней, чым яркае, шумнае вогнішча!
Але тут агонь быў страшнай бядой, якую трэба адолець. І мы закасалі рукавы! Я не памятаю яшчэ, каб у нас калі-небудзь усё так атрымлівалася. Ніхто не гультаяваў. Мішка Зайцаў забыўся на свае мазалі і штосілы махаў сякеркай, прарабляючы прасеку, каб спыніць агонь.
Барыс Міхайлавіч паслаў Віцьку Мелюха і Толіка Дашкевіча па лесніка. Успомніў, што ўчора мы праходзілі міма лесніцтва.
Барыс Міхайлавіч аднойчы тушыў недзе пажар і камандаваў намі хутка і рашуча. Калі на палянку прыбеглі задыханыя дзядзькі разам з лесніком, агонь ледзьве тлеў і трошкі змяіўся.
Ляснік радасна ляпаў нас па плячах.
Героі! — казаў ён. — Малайцы. Юныя ленінцы! Наша надзея!
Барыс Міхайлавіч выступіў уперад і сказаў:
— Я прашу вас асабліва адзначыць учынак Валерыя Карабухіна. Ён первым заўважыў пажар і падняў трывогу.
— Дзе ён? — шумна выдыхнуў леснік.
Ён аглядваў нас, мурзатых, падсмаленых, але вельмі шчаслівых. Лесніку хацелася абняць нас усіх, такі ў яго быў радасны і ўсхваляваны твар.
Мяне падштурхнуў важаты, і я зрабіў паўкроку да лесніка.
Дзякуй табе, таварыш Карабухін Валерый, добрага бацькі і маці сын, — сказаў леснік і патрос маю руку.
Потым з той жа паспешлівасцю палез у сумку і выцягнуў кніжку.
Дару табе. Выбітная кніга. Сам не дачытаў. Усё часу няма.
Я ўзяў кніжку і паглядзеў на вокладку: І адзін у полі воін.
Мы дапамаглі лесніку датушыць пажар і накіраваліся ў палаткавы лагер.
Мішка Зайцаў выстукваў на жываце вясёлы марш. Яму дапамагалі хто як: адзін шчоўкаў языком, другі прысвістваў.
Але Барыс Міхайлавіч астудзіў наш запал.
Цяпер нам да Белага возера своечасова не дабрацца, — сказаў важаты, — абгоніць нас 6 “А”.
— А можа, у іх таксама трапіўся пажар на дарозе? — уявіў я. — Лесніку вунь кнігі няма калі чытаць — лес гарыць.
Барыс Міхайлавіч нахмурыў лоб.
— Адпачыць трэба. Паесці трэба.
— Ды мы зусім не стаміліся, — сказаў Толька Дашкевіч.
— А у мяне мазалі не баляць, — сказаў Мішка Зайцаў. — Глядзіце. — І Мішка пачаў скакаць і тупаць нагамі. І праўда, ён усміхаўся. Але самае дзіўнае, што ён быў не ў сваіх дзіцячых чаравіках, а ў нейчых кедах.
— Гэта ж мае кеды! — закрычаў Толька Дашкевіч.
Яны так спяшаліся тушыць пажар, што пераблыталі абутак. Толька нацягнуў Мішкавы чаравікі, а Мішка Толькавы кеды.
— Ладна, — сказаў Толька. — Мне твае чаравікі самы раз.
— Тады хутчэй снедаць і наперад, — сказаў Барыс Міхайлавіч. — Можа, і абгонім нашых праціўнікаў.
А я падумаў, што нам вельмі дапамог гэты пажар. Не падумайце, што я за пажары, за тое, каб лес гарэў. Не, але іншым разам людзей неабходна нечым узрушыць. А то ідуць, лаюцца, адзін на аднаго касавурацца, а тут — пажар, лес гарыць. І вось можна праверыць, чаго яны ўвогуле вартыя.
Пакет з сямю сургучнымі пячаткамі
Больш прыгодаў у нас не было. Мы ішлі хутка і весела. І ногі самі неслі нас да мэты — Белага возера.
На трэці дзень дарогі вялізнай талеркай жоўта-зялёнай вады перад намі паўстала Белае возера.
— А чаму яно зусім не белае? — спытаў я.
— Таму, што канчаецца на “у”, - сярдзіта абарваў мяне Барыс Міхайлавіч. Ён быў яўна не ў гуморы.
— Прайгралі мы, сябры! — з адчаем усклікнуў Мішка Зайцаў і паказаў на процілеглы бераг. Там палалі вогнішчы і каля іх завіхаліся хлопчыкі і дзяўчаткі ў пярэстых каўбойках. То быў, канешне, мой былы клас. Я пазнаў укормленага Сёмку, што сядзеў на камені і філасофскі пазіраў на возера, разгледзеў акуляры Лёнькі Аляксандрава і каснічкі — два рухавыя мытылі — на галаве Галкі Наважылавай.
— Усё прапала, — сказаў Віцька Мелюх і паваліўся на траву. Чалавека, больш нуднага за Віцьку я не сустракаў яшчэ ні разу ў сваім жыцці. Як што, адразу лапкі дагары і здаецца.
— Не ный ты, — крыкнуў я і павярнуўся да Барыса Міхайлавіча. У нашага важатага быў такі твар, як быццам ён толькі што атрымаў моцны ўдар па сківіцы.
— Барыс Міхайлавіч, — спытаў я, — хіба яны нас абагналі?
— Амаль, Валера, — задумліва сказаў важаты. — Праўда, яшчэ засталася адна перашкода. Трэба адшукаць у лесе пакет з пяццю сургучнымі пячаткамі. Ён схаваны ў поліэтыленавы мяшэчак. У гэтым пакеце — віншаванне з перамогай, з першым месцам.