ЖАНРЫ

Памалюся Перуну, пакланюся Вялесу…

Наварыч Алесь

Шрифт:

— Мёд!

— Дайце папіць, вады дайце… У мяне язык у роце сухі, як трэска…

Лена ў адзін міг збегала на падворак да Колбаў, было чуваць, як яна выкруціла калаўротам вядро вады, неўзабаве прынесла цэлы трохлітровы слоік.

Манаху далі напіцца, крыху абмылі. Ён пажвавеў, заварушыўся, павярнуўся ў бок ракі, з цяжкасцю стаў на калені і стаў нешта шаптаць, час ад часу кланяючыся і дакранаючыся лобам да зямлі.

— Моліцца, — ціха сказала Лена. — А ледзь не голы, адзенне на ім распаўзаецца. Сатлела.

— Угу, — мыркнуў Пятрук. — Дзе ж не сатлее. Гэтулькі гадоў праляжаць. Бачыш, які я кій ягоны знайшоў… Ён з дупла тырчэў. Пэўна, гэты во згубіў. З рук выпусціў…

Але Лена не паспела глянуць на хлопцаву знаходку, бо манах раптам заплакаў. З яго вачэй не цяклі слёзы, бо ён сам быў яшчэ сухі, усё адно як егіпецкая мумія. Адзіная вільгаць, якая была ў ім — гэта вільгаць вачэй, бо яны блішчэлі ў святле поўні месяца.

— Хвала… Хвала Табе, — гучна вымавіў праз сухія, даўкія рыданні манах, — Кгоспадзе Ісусе Хрысце, Сыне Божы, Ратавацель мой, упаванне маё, надзея мая, Кгасподзь мой, што паказаў мне кгэтае святло, хвала Табе!

І манах працягнуў да серабрыстай поўні худыя, як два кіі, рукі.

Лена з крыкам кінулася ў бок сяла.

— Людзі, людзі! — крычала дзяўчына. — Манах з дуба выпаў!

Яна бегла, крычала і не азіралася. Яна баялася азірнуцца — да яе нарэшце дайшло, што здарылася.

На крык Лены ёй насустрач ад вясковага клуба прыйшлі хлопцы. Гэта былі і Леніны аднагодкі, і хлопцы з меншых, і зусім малыя, якіх не пускалі ў клуб на танцы, або яны яшчэ самі не адважваліся туды заходзіць.

Юнакі і хлапчукі не беглі, а проста ішлі, нават уразвалачку. Палкія і блытаныя тлумачэнні ўсхваляванай дзяўчыны прывялі да нечаканага для яе выніку. Замест таго, каб кінуцца следам за ёю, як яна прасіла, амаль усе схапіліся за жываты і сталі рагатаць. І так рагатаць, што аж поўзаць.

— Манах?! У чырвоных штанах? — перапытвалі хлопцы і зноў заходзіліся ад рогату.

— Я на свае вочы бачыла, — пераконвала Лена недавяркаў, — ён там ляжыць: чорны і страшны.

— Увесь у валасах, — перапытвалі малыя, — манах у мадняцкіх штанах. Гэта дзіва? Гэта тое дзіва, што гісторык вам расказваў?

— Ідзёмце, ідзёмце за мной, прашу вас… — ледзь не ўкленчвала дзяўчына.

Ёй ніхто не верыў. Сама атмасфера таго вечара не дазваляла і старэйшым хлопцам, і падшыванцам паверыць у цуд: ужо колькі яны адзін аднаго падманвалі розной лухтой, кляліся і бажыліся страшнымі клятвамі, прыдумляючы розную лухту, што ўжо зняверыліся да бясконцасці. І тут ім прапануюць чарговы падман, як казалі — падколку. Была ў той час такая мода, калі хто-небудзь выдумляў якое несусвецце, і так мондра і ўмела пераказваў-пераконваў сяброў, што тыя верылі. А як выкрываўся падман — падымалі на смех. Падняць на смех было адной з любімых забаў. Адзін з малых ці не ўчора павёў старэйшых есці вінаград, які выспеў на гародзе ў адной цёткі. Паверылі, схадзілі, але знайшлі толькі зялёную завязь. І гэта толькі адзін прыклад, самы прыстойны.

— Ды ну цябе, з тваім манахам, — не вытрымаў урэшце смеху Ленін аднакласнік Міхась Сінчук. — Ідзём лепш танцаваць. А то вы ўсё са сваім Пятром па завуголлях аціраецеся.

— Тады я пайду дзяўчат паклічу, — рашуча сказала Лена і накіравалася ў клуб. Нікога са сваіх сябровак, якія маглі б паслухацца, яна там не знайшла. Дзяўчына ў роспачы выскачыла з будынка клуба. Няўжо будзіць каго з дарослых?

— Ну пайшлі, сходзім, — урэшце злітасцівіўся Міхась. — А то, бачу, аж счарнела, бедачына.

За імі ўвязаліся яшчэ пару малых.

Ён адчуваў сябе жывым, і гэта было галоўным. Дзе ён быў, у якім месцы знаходзіўся, сярод якіх людзей ён апынуўся, ён яшчэ не азадачваўся, гэта яму яшчэ не прыходзіла ў галаву. Тое, што былі яшчэ, аказваецца, людзі акрамя яго, моцна яго ўразіла. Яго здзівіў сам факт існавання іншых чалавекаў. У сваім бяспамяцтве, бясконцым летаргічным сне ён забыў пра саму магчымасць іх існавання! Ён нават не дапускаў у думках, што іншыя людзі маглі быць. І думка, што могуць на свеце існаваць яшчэ такія істоты, як ён сам, што яны могуць адчуваць тое самае, што і ён, была радаснай і салодкай.

Чалавек, надзвычай высокі, спакойны хадзіў наўкола яго, вохкаў і ўсё прапаноўваў яму ваду. І яшчэ адзін чалавек хадзіў побач і таксама вохкаў. І гэтыя два чалавекі, аказваецца, былі розныя. І толькі тады ён успомніў, што на свеце ёсць мужчыны, і ёсць жанчыны. І гэтае маленькае, але такое важнае адкрыццё спачатку абрадавала, але потым адразу ж і засмуціла. Вельмі хутка, ці не ў адно імгненне перад ім прайшоў той доўгі і пакутлівы працэс, калі таму, хто выракаецца свету і пастрыгаецца ў манахі варта помніць толькі тое, што жанчына для яго можа з’яўляецца толькі сястрой, а мужчына братам.

І яшчэ ён раптам успомніў, што яму надзвычай важна некуды ісці. Ісці і несці той кій, які ён не адчуваў у руках. Ён турбаваўся пра свой кій, і турбаваўся моцна, і ўрэшце высокі малады чалавек, які таптаўся побач, уклаў той кій яму ў рукі. Адкуль ён яго ўзяў? Але наяўнасць кія заспакоіла яго. І ён падняўся на ногі, зрабіў крокдругі, а потым пайшоў, яшчэ не ведаючы, куды ён ідзе, куды накіраваўся, але пайшоу, выправіўся ў дарогу, у шлях, які яму абавязкова трэба было завяршыць.

Калі ён адчуў пад нагамі ваду, пачуўся голас:

— Ты куды? Там жа рака?!

Рака? Вада? Трэба ўлезці ў ваду, каб змыць гэтую ліпкую, нібы дзёгаць, нейкую смалу… І што гэта за людзі, чаго яны крычаць?

4

Міхась і Лена ў атачэнні чародкі дзяцей перайшлі гароды і берагам рэчкі накіраваліся да канца Колбавага гарода. Дзяўчына не пераставала расказваць пра ўбачанае.

— Ён забраў той посах. Кажа — дзе ён, мой посах.

— А што, у тым посаху змяшчалася сакрэтнае данясенне? — іранізаваў Міхась.

— Ён посах забраў, і адразу заспакоіўся. Нібы той кій для яго ёсць неацэнная каштоўнасць. Посах ён забраў і давай маліцца…

Неўзабаве паказаўся цёмны сілуэт бярвенняў, на якіх Лена нядаўна сядзела з Пецем. Вакол іх і каля дубовай калоды, якая нібы тулава нейкай дагістарычнай жывёлы ляжала на схіле да ракі, нікога не было.

— Ну дзе твой кавалер? Пеця! Пятрук, — гукнуў Міхась. — Во справы: ні жанішка, ні манашка…

З-за бярвенняў з’явіўся спакойны Пятро.

— Што тут здарылася? — спытаўся ён.

— Як што тут здарылася? Ну і флегма! Гэты я ў цябе павінен спытаць — што тут здарылася. Чаму вы ўвесь канец вёскі паднялі на ногі сваім крыкам?

— Я не крычаў…

— Глядзіце, глядзіце! — ледзь не заверашчала Лена. Усе глянулі туды, куды яна паказвала. На сярэдзіне ракі ў слабым свеце поўні, якая час ад часу затуманьвалася рэдкімі хмаркамі, рухалася постаць чалавека. Здавалася, нехта ідзе проста па вадзе, праз раку, амаль пасярэдзіне яе.

— Гэта ён? — ашаломлены, прамармытаў Міхась. — Вачам не веру!

Поделиться с друзьями: