Памалюся Перуну, пакланюся Вялесу…
Шрифт:
— Ён, — махнуў рукой Пётра. — Я ўжо даўно гляджу.
Нейкі час усе: і Міхась, і дзяўчына, і падшыванцы як аслупянелыя глядзелі на загадкавую постаць.
— Гэта ж па вадзе, як па сухім… — мармытаў Міхась.
— А хто гэта? Хто? — здзіўлена перапытвалі дзеці.
— Як хто? Манах…
— А як гэта ён па вадзе ходзіць?
— А што тут такога, — выскірыўся адзін з малых. — Там вярбіна, на якой мы купаемся. Ён і стаіць на ёй, што тут дзіўнага.
— Вярбіна? — перапытаў Міхась. — Так, так. Напраўду тая вярбіна, якая і не тоне, але і не ўсплывае. Яе ад пляжа, ад першай купалкі, прынесла сюды, так, Пеця?
— Не ведаю, — перасмыкнуў плячамі Пётра. — Можа і вярбіна.
— Тады што гэта за прынц такі на ёй стаіць. Глядзі, чуць не ўпаў, рукамі ўзмахнуў. Точна вярбіна. Гэ-й! Шалапут!
Дабраватае воблака насунулася на месяц, і зрабілася цёмна. Ад ракі быў толькі чуваць плёскат рыбы, якая як нічога і не было, працягвала гуляць.
— Вось тут мы яго і ўбачылі. Праўда, Лена?! — сказаў Пятрук, паказваючы рукой на дубовую калоду.
— Праўда, — як заварожаная, адказала Лена. — А як ён можа проста так па вадзе ісці.
— Бярыцеся за лодку, мы зараз яго дагонім, — прапанаваў Міхась, пыдходзячы да берага.
— Цябе Колб як устане, ды як дагоніць, — адказаў адзін з малых. — Глядзі ўжо — акно ў хаце свеціцца. Точна ўстаў. Ён не паглядзіць, што вы вялікія.
Сапраўды, звязвацца з Колбам было справай рызыкоўнай. Як гаспадар, уласнік, ён надта раўніва адносіўся да сваіх сотак, да свайго агарода, нават да свайго ўчастка берага ракі. Нікому з хлопцаў не хацелася лішніх клопатаў, як бы яны не былі ўражаны ўбачаным. Пеця, дык той увогуле стараўся трымаць месца сваіх спатканняў з Ленай у сакрэце, а таму хацеў як мага хутчэй сысці адсюль.
— Мы заутра яго знойдзем, — упэўнена сказаў ён, але ў голасе ягоным прагучаў фальш. — Куды ж ён дзенецца.
— Я ўпэўнена — манаху патрэбна медыцынская дапамога! — хвалявалася Лена.
— А ты ўпэўнена, што гэта манах? — з насмешкай сказаў Пеця.
— А хто ж гэта тады? — задалася пытаннем дзяўчына.
— Нейкае боўдзіла з суседняй вёскі, вось хто гэта! — заявіў Пеця.
— Дык чаго вы мяне сюды звалі? — абурыўся Міхась. — Ты што, не мог з ім разабрацца? На дапамогу паклікаў?
— Ён не клікаў, — расчаравана сказала Лена.
— Ну, ты клікала. А чаго?
Рыпнулі дзверы ў хаце, на ганку з’явіўся стары Колб. Малыя сцішыліся і адзін за адным, як цені, падаліся прэч. Так ім было цікава сустрэцца са звяглівым і ўпартым, як баран, Колбам. Ён праганяў ад свайго участка берага ўсіх. Затое і бераг рэчкі ў яго быў чысцейшы — ніякіх табе сметнікаў.
Колб пастаяў на ганку, відаць, убачыў на беразе людзей і накіраваўся да рэчкі.
— Ідзём, — Пятрук узяў Лену за руку. — А то будзе крыку.
У клубе ўжо ведалі пра здарэнне, і як толькі Пеця з Ленай і Міхась з’явіліся ў святле вулічнага ліхтара, які свяціўся над будынкам клуба, пачуліся крыкі, свіст і паддражніванні. Міхась кінууся за малымі біцца.
— Міхась, не звяртай увагі, — супакоіў яго Пятрук. — Ідзі сюды, вось што я табе пакажу.
Пятрук падышоу да большага святла і працягнуу Міхасю невялічкі скрутачак.
— Гэта што, скурка нейкая?
— Скура. У тым то і рэч.
— А дзе ты ўзяў? Ці не манах табе падарыў?
— Не ведаю, ці манах гэта, але я дастаў гэтую рэч з таго кія, які я потым яму аддау.
— Што ты зноў вярзеш? — абурыўся Міхась, але прапанаваны яму скрутачак разглядваў уважліва. — Скура нейкая далікатная і не па-нашаму напісана.
— Як не па-нашаму? — здзівілася Лена, таксама ўважліва разглядваючы скуру. — Тут па-царкоўнаму напісана…
— Гэта пергамент, на якім колісь пісалі кнігі. Бачыце, і па форме рыхтык табе кніжная старонка.
— Ну, дык дзе ж ты узяу?
— Там і узяу, дзе узяу. Што мне па два разы паутараць.
— Дык яна можа мець гістарычную каштоунасць, — выказау меркаванне Міхась.
— Можа. Думаю, ці не схадзіць нам да гісторыка. Калі ён не спіць.
— О, Мікалай Лявонавіч не спіць. Я з танцаў позна іду, так у яго рэдка калі лямпа не гарыць, — знізіўшы голас на паўтона, сказаў Міхась. — Толькі ціха. Каб малыя не увязаліся. Ідзём па аднаму. Спачатку ты, Лена…
Урачыста панеслі трафей да Мікалая Лявонавіча, настаўніка гісторыі. Жыў ён недалёка ад школы, а гэта быу другі канец вёскі.
Настаўнікава хата была звычайным цагляным дамком, праўда, новым, бо нядаўна настаўнік пабудаваўся. Раней ён жыў у самой школе, у прыбудоўцы, разам з сям’ёй — жонкай, таксама настаўніцай, і двума яшчэ малымі дзецьмі.
— Ён не спіць, я ж казаў, — задаволена прамовіў Міхась, калі яшчэ здалёк яны ўбачылі жоўтае ад каляровых фіранак святло. — Ён рэдка калі спіць, усё нешта чытае, а то нават у мікраскоп глядзіць.
— А ты ўсё ўбачыш… — не адобрыла дасведчанасць Міхася Лена. — Цікаўнік гэткі…
Было душнавата, таму акно, якое выходзіла ў гародчык, зарослы буйнымі вяргінямі і касачамі, было праадчынена. Фіранкі звісалі ў гародчык, лёгкі ветрык час ад часу развейваў іх, і тады можна было ўбачыць твар чымсьці заклапочанага гісторыка, схіленага над кнігамі.
— Мікалай Лявонавіч! — асцярожна, каб не пабудзіць дзяцей, якія спалі недзе ў глыбіні дома, у іншых пакоях, паклікаў Міхась. Настаўнік адарваўся ад кнігі, нават крыху трывожна глянуў у акно.
— А, гэты вы? — абрадавауся настаунік, пазнаушы сваіх вучняу. — А чаму вы не спіцё? Позна ўжо… Што здарылася?
— Мікалай Лявонавіч, паглядзіце сюды. Што мы вось здабылі.
Дзяўчына і хлопцы зайшлі ў гародчык і падышлі да акна, больш рашучы Міхась узяў з Пецевых рук кавалак скуры і падаў настаўніку.
У гэты момант у гародчык нашылася падлеткаў. І адкуль яны толькі ўзяліся! Відаць, яны адчулі, зразумелі, куды падзеліся хлопцы і Лена, і пайшлі за імі, сталі сачыць. Тут, пры настаўнікавай хаце, асмялелі, бо ведалі, што настаўнік надзвычай добры, і не стане іх праганяць. Мала таго, старэйшыя не адважацца ў прысутнасці настаўніка чыніць над імі свой самасуд.